Чэрвеньскія памятныя даты рускіх пісьменнікаў — Аляксандра Пушкіна і Ганны Ахматавай — падахвоцілі больш уважліва прыгледзецца да аркушаў раней перагорнутай, але на нейкі час пакінутай без увагі архіўнай спадчыны. Без замаху на пафаснае, хоць і пастфактумнае, прысуседжванне да літаратурнай класікі — з мэтай выявіць штосьці новае ці прапанаваць свежы ракурс погляду на эпізоды ўласна беларускай юбілеяны.
У фондзе старадрукаваных выданняў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі звяртае на сябе ўвагу рэдкі мініяцюрны зборнік (11,3×8,5 см) прадстаўніцы Сярэбранага веку рускай паэзіі — «Anno domini MCMXXI», які засведчыў не толькі вехавы этап у творчасці аўтара, але і злом гістарычных эпох (выразная скіраванасць на малітоўнасць еўрапейскага Сярэднявечча і Адраджэння), зафіксаваны нават у выхадных рэпрэзентацыях кнігі.
Месца выдання — Пецярбург (а не Петраград); да таго ж выдавецтва «Petropolis». На вокладцы 1922 год, на тытульнай старонцы 1921-ы. На дзень мінулы ківаюць нават змененыя адрасы друкаванага слова Паўночнай сталіцы: «Отпечатано в 15-й Государственной типографии (бывш. Голике и Вильборг) в октябре 1921 года под наблюдением В. И. Анисимова...»
Першы вопіс фонду № 17 «Максім Лужанін» налічвае 2577 адзінак захавання. Паэт, празаік, публіцыст, сцэнарыст. Лужанін-перакладчык агучыў па-беларуску асобныя творы Гогаля, Грыбаедава, Радзішчава, Шолахава, Буніна, Маякоўскага.
У ранейшым прыватным зборы зберагаліся газетныя выразкі, часопісныя старонкі з майскіх і чэрвеньскіх нумароў «ЛіМа», «Звязды», «Полымя» за
1949 год — пераклады з А. Пушкіна. Пачытаем некалькі хрэстаматыйных строф у выкананні прызнанага майстра слова:
«Да А. П. Керн»
Я помню дзіўнае імгненне:
Перада мной паўстала ты,
Як пралятаючае сненне,
Як геній чыстай пекнаты.
Праз боль і смутак невымоўны
За безразважнай мітуснёй
Мне чуўся голас твой чароўны
І мілы воблік сніўся твой. <...>
* * *
Я вас кахаў; быць можа, мімаволі
Кахання жар у сэрцы не пагас;
Няхай яно вас не трывожыць болей;
Я не хачу нічым засмучваць вас.
Я вас кахаў бязмоўна, адзінотна,
То боязь чуў, то рэўнасць зазнаваў;
Я вас кахаў так шчыра, так пяшчотна,
Як дай вам бог, каб іншы пакахаў.
Перастварэнне славутага верша «Помнік» пасля публікацый 1949 г. на старонках «Звязды» (5 чэрвеня) і «Полымя» (№ 6) праз дзесяць гадоў прагучала на біс у беластоцкай «Ніве» (7 чэрвеня 1959 г.).
Да фонду № 17 ЦНБ НАН Беларусі далучаны матэрыялы Яўгеніі Пфляўмбаўм, спадарожніцы жыцця Максіма Лужаніна. Два пераклады з Ахматавай («***Вее вецер лебядзіны...», «***Мы з табою, друг мой, не падзелім...») — сведчанні яе творчай лепты ў юбілейную скарбонку 1964 года:
Вее вецер лебядзіны,
Неба сіняе ў крыві,
Надыходзяць гадавіны
Першых дзён тваёй любві.
Ты мае раскідаў чары.
Як вада, плылі гады
Ды цябе яны не стараць,
Ты такі, як быў тады.
Толькі даўнасці крыло —
Супакойнае чало.
Паводле архіўных сведчанняў, да ахматаўскага слова звяртаўся і Максім Лужанін:
* * *
Па-над кузняй за ваколіцай
Уздымаецца дымок.
Зноў са мной, тваёй нявольніцай,
Ты ніяк пабыць не мог.
Не рвануся наўздагонку я,
Загусае змроку цень,
І кладуцца промні тонкія
На нязмятую пасцель.
Вынікі праверкі гатоўнасці перастваральнага пяра суправаджаюць каментарыі, якія выходзяць на значна большы творчы абсяг: «Гэта, як гавораць зараз, у першым чытанні, пераклад радкоў Ахматавай. Блок, Гумілёў, Ахматава так і не перакладзены ў нас. Толькі паварушаны няўмелымі рукамі. А да Цвятаевай падступіцца страшна. Але і на яе знойдуцца Спрынчаны і Паповы. Як на Багдановіча».
У біяграфіі Я. Пфляўмбаўм вядомы факт, што ў 1935–1945 гг. яна працавала ў Маскве рэдактарам Абароннага дзяржаўнага выдавецтва («Оборонгиз»). Але зместавага напаўнення гэтая канстатацыя практычна не мае.
Чатыры моцна пажоўклыя аркушы з рукапісамі вершаў Г. Ахматавай 1924–1945 гг. з абодвух бакоў не могуць не прыпыніць увагу і спарадзіць шэраг пытанняў. Вядома, сенсацыйнай была б прыналежнасць аўтографаў самому аўтару. Зрэшты, не зашкодзіла б тэксталагічная экспертыза.
Некаторыя тэксты закрэслены, ёсць рукапісныя паметкі, дапіскі і заўвагі неўстаноўленых асоб. Відавочна, вялася рэдактарская падрыхтоўка нізкі вершаў да друку. Нешта выкасоўвалася (любімае слоўка М. Лужаніна) сінім алоўкам. Можна меркаваць, да гэтай працы так ці інакш была далучана рэдактар Я. Пфляўмбаўм. А што гэтыя аркушы, захаваныя праз многія дзесяцігоддзі, былі вельмі важныя для яе — тут і сумнявацца не даводзіцца...
Творчыя крылы судакранаюцца: праз пераклады, працу з рукапісамі, чытацкі дотык да друкаванага тэксту. Таму і літаратурная класіка нас нязменна кранае і заахвочвае да ўласнага палёту.
Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук
Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.
Рэктар БДАТУ — пра тое, якія метады і тэхналогіі навучання зробяць выпускнікоў ВНУ запатрабаванымі на вытворчасці?
Настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага — пра тое, што здольная даць споведзь кожнаму з нас.