З кожным годам з’яўляецца ўсё больш неабыякавых людзей, якія хочуць бачыць свой двор дагледжаным, пад’езд — чыстым, а лавачкі — пафарбаванымі. Калі вышэйсказанае — гэта пра вас, паспрабуйце свае сілы ў калегіяльным органе тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (КОТГС). Не трэба палохацца мудрагелістай назвы, усё вельмі проста. Так афіцыйна называецца група людзей, якія неабыякава ставяцца да жыцця свайго раёна і ўсімі сіламі спрабуюць палепшыць навакольную тэрыторыю. Падрабязней аб тым, чым сёння жыве такая грамадская ініцыятыва, карэспандэнты «Звязды» даведаліся ў КОТГС № 120 Кастрычніцкага раёна сталіцы.
Галоўная задача калегіяльнага органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання — быць злучальным звяном паміж насельніцтвам раёна і адміністрацыяй, ЖКГ, МУС, МНС, установамі адукацыі. Акрамя гэтага, прадстаўнікі органа самакіравання ў абавязковым парадку ўдзельнічаюць ва ўсіх рэспубліканскіх акцыях, суботніках і іншых культурна-масавых мерапрыемствах.
«Сёння мы стараемся падтрымліваць у добрым, спраўным стане спартыўную пляцоўку на вуліцы Асаналіева ў двары дома № 9, — распавяла сакратар калегіяльнага органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання № 120 Яўгенія Аляксеева. — Калі нешта прыходзіць у непрыдатнасць, неадкладна рэагуем і выпраўляем пашкоджанні. Вельмі ўдзячныя ЖКГ Кастрычніцкага раёна горада Мінска. Іх супрацоўнікі ў цесным кантакце з намі. Яны заўсёды адгукаюцца на просьбы аб дапамозе і падтрымліваюць нас. Спартыўная пляцоўка — аблюбаваная лакацыя не толькі для дзяцей, але і для дарослых. Пажылыя людзі, вяртаючыся з крамы, любяць пасядзець на лаўцы ў цені, асабліва спякотным летам, і пагутарыць».
КОТГСы рэгулярна ўдзельнічаюць у штогадовым раённым і гарадскім аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю работы, ажыццяўляюць зваротную сувязь з насельніцтвам, прыцягваючы жыхароў мікрараёнаў да ўдзелу ў работах па добраўпарадкаванні тэрыторый. Ва ўзаемадзеянні з раённай адміністрацыяй і службамі раёна яны ўдзельнічаюць у культурна-масавых, спартыўных мерапрыемствах, а таксама ў рабоце з моладдзю. Прадстаўнікі калегіяльнага органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання № 120 штомесяц удзельнічаюць у савеце грамадскага пункта аховы правапарадку, працуюць з цяжкімі падлеткамі і праблемнымі сем’ямі, прымаюць актыўны ўдзел у рэспубліканскіх і дадатковых суботніках, працуюць са зваротамі грамадзян. Праз уласны тэлеграм-канал інфармуюць жыхароў раёна аб мерапрыемствах.
Дарэчы, часта ад сем’яў раёна паступаюць просьбы ўладкаваць на спартыўнай пляцоўцы невялікае футбольнае поле, усталяваць вароты для гульні ў міні-футбол. «Тут недалёка ёсць школа з вялікім стадыёнам, але дзеці баяцца самі туды хадзіць. На гэтай пляцоўцы, якая знаходзіцца прама перад іх домам, дзецям нашмат камфортней. Уся атрыманая інфармацыя была перададзена ў неабходныя інстанцыі. Наш калегіяльны орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання трымае вырашэнне кожнага пытання на кантролі. Мы стараемся пачуць усіх і дапамагчы кожнаму. Вядома, не заўсёды ёсць магчымасць выканаць просьбу аператыўна. Таму калі не адразу, то крыху пазней абавязкова рэалізуем тое, што абяцалі зрабіць», — запэўніла Яўгенія Аляксеева.
Паводле яе слоў, на тэрыторыі калегіяльнага органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання ёсць падшэфны яслі-сад, які наведваюць самыя маленькія мінчане. Але вось незадача — на ўваходзе ў дашкольную ўстанову разбіты асфальт. «З пытаннем рамонту дарогі да нас звярнулася загадчыца яслі-сада. Бруд, перамяшаны з кавалкамі асфальту, прычыняў шмат нязручнасцяў для дзяцей, іх бацькоў і супрацоўнікаў установы. Мы звярнуліся ў ДАІ Кастрычніцкага раёна — як вынік — за чатыры дні тут праклалі новы асфальт. Акрамя таго, нашымі сумеснымі намаганнямі быў пракладзены бяспечны падыход да мясцовай школы — раней школьнікі былі вымушаныя дабірацца да ўстановы адукацыі па праезнай частцы. Прыйшлося нямала папрацаваць, аднак цяпер дарога дзяцей па веды — бяспечная», — заключыла сакратар.
Такім чынам, калегіяльны орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання — гэта звычайныя людзі, нашы з вамі суседзі, якія неабыякавыя да жыцця свайго раёна яны ўсімі сіламі спрабуюць палепшыць навакольную тэрыторыю. Акрамя таго. Яны садзейнічаюць праваахоўным органам у прафілактыцы правапарушэнняў і падтрыманні грамадскага правапарадку, удзельнічаюць у вырашэнні пытанняў, звязаных з сацыяльным абслугоўваннем насельніцтва адпаведнай тэрыторыі, праводзяць культурныя, спартыўныя, адукацыйныя і іншыя мерапрыемствы для жыхароў раёна, хадайнічаюць аб заахвочванні актыўных грамадзян, якія ўносяць вялікі асабісты ўклад у развіццё грамадскага самакіравання, ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці са Статутам горада Мінска, якія не супярэчаць дзеючаму заканадаўству нашай краіны.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Лізаветы ГОЛАД
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.