Вы тут

У ліпені дзелім касачы


Пасля цвіцення ў касачоў барадатых карэнішча інтэнсіўна расце ў даўжыню і адначасова патаўшчаецца. Новае звяно адрозніваецца ад старога больш светлай афарбоўкай кары і адлучаецца ад яго «перацяжкай». Калі новае звяно ўтварае карані і пачынае самастойна развівацца, на старой частцы карэнішча карані паступова адміраюць. Гэты час з’яўляецца найлепшым для размнажэння касачоў і прыпадае на ліпень.


Фота pexels.com

Стандартная дзялёнка касача ўяўляе сабой гадавое звяно карэнішча (даўжынёй 3-4 см, з 7-8 лістамі), адрэзанае секатарам або адламанае рукамі.

Каб хутчэй атрымаць пышны квітнеючы касач, выкарыстоўваюць двайныя і трайныя дзялёнкі, якія маюць па дзве-тры разеткі лісця. Aпошнія, як правіла, зацвітаюць ужо наступнай вясной.

Лісты дзялёнак пакараціце да 15–20 см, а карані — да 10 см і старанна адмыйце ад зямлі. Пры гэтым будзе зразумела, ці ёсць на іх ачагі захворванняў. Пасля цалкам выдаліце адмерлыя і падгнілыя карані, а таксама ўчасткі карэнішча да здаровых тканак.

Затым дзялёнкі замачыце ў ярка-ружовым растворы марганцоўкі на 15–20 хвілін, змясціўшы туды карэнішчы з каранямі і каранёвую шыйку (месца мацавання лісця). Гэтыя часткі найбольш схільныя да бактэрыёзу.

Пасля прасушкі зрэзы і ўсе пашкоджанні апрацуйце зялёнкай.

Падзеленыя касачы высаджвайце толькі праз 5–10 дзён, калі зрэзы падсохнуць. Пры прасушцы ў яснае надвор’е дзялёнкі з раніцы да вечара трымайце на адкрытым сонцы. За падсохлыя карані не хвалюйцеся. Калі рассаджваеце ў аптымальны перыяд (у ліпені-жніўні), то на ніжнім боку ўжо павінны прабівацца грудкі маладых карэньчыкаў. Пасля пасадкі яны хутка пойдуць у рост.

Для пасадкі дзялёнкі лапаткай выкопваюць лунку глыбінёй 4-5 см. На дно насыпаюць зямлю, ставяць дзялёнку на ўзгорак і, раўнамерна расправіўшы карані, прысыпаюць. Зямлю вакол расліны ўшчыльняюць рукамі і паліваюць. Сачыце, каб «спінка» карэнішча размяшчалася на ўзроўні паверхні глебы, а дзялёнка ні ў якім разе не завальвалася: веер лісця павінен заставацца ў вертыкальным становішчы.

Вакол пасаджаных дзялёнак уладкоўваюць невялікі борцік з зямлі, які перашкаджае разліву вады. Пры сухім надвор’і паліў трэба паўтарыць праз 4-5 дзён. Пасля дажджоў трэба праверыць, ці не вымыла дзялёнкі з глебы.

Для пасадкі касачоў падбірайце толькі адкрыты сонцу (не меней шасці гадзін у дзень) участак. Для здароўя і закладкі кветкавых пупышак карэнішчу важна добра і доўга прагрэцца на працягу папярэдняга лета.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Як трапіць у студатрад і атрымаць там новую спецыяльнасць?

Як трапіць у студатрад і атрымаць там новую спецыяльнасць?

Аб усіх тонкасцях працаўладкавання моладзі расказалі спецыялісты.

Грамадства

Чым захапіў патрыятычны форум «Калі мы адзіныя»

Чым захапіў патрыятычны форум «Калі мы адзіныя»

Сімвал яднання і незвычайны падарунак для Прэзідэнта.

Сям'я і дэмаграфія

Алеся Кузняцова: Любыя падзеі — гэта вынік выбару

Алеся Кузняцова: Любыя падзеі — гэта вынік выбару

«Калі людзі кажуць: „У мяне няма часу, каб займацца любімай справай“, мне хочацца запярэчыць, што хутчэй няма жадання».