У ліпені сорак чацвёртага Чырвоная Армія была ўжо на подступах да Жабінкаўшчыны. Неацэнную дапамогу воінам аказалі партызаны атрада імя Міхаіла Чарнака. 20 ліпеня паблізу Мажэйкаў яны перадалі камандаванню 48-й гвардзейскай стралковай дывізіі каштоўныя звесткі пра ўмацаванні гітлераўцаў вакол Жабінкі і Брэста.
Аднак карціна баявых дзеянняў мянялася вельмі хутка, і камдыў Глеб Корчыкаў запатрабаваў неадкладна пераправерыць даныя, атрыманыя ад партызан. У штаб выклікалі шэсць разведчыкаў на чале з камандзірам аддзялення разведроты Героем Савецкага Саюза Мікалаем Пустынцавым. Адчайнай шасцёрцы было загадана неадкладна «прагуляцца» па варожых тылах. Байцы перайшлі лінію фронту, неўзабаве дабраліся да горада над Бугам і па рацыі перадалі даныя пра сілы праціўніка, каардынаты варожых пазіцый.
Патрабавалася ўзяць «языка», і ротны цудоўна ведаў, каму даручыць такое адказнае заданне, таму падазваў гвардыі старшыну Аляксея Пшанічку: «Алёшка, трэба «язык» пазарэз». І Пустынцаў паласнуў далонню па шыі. 20-гадовы юнак матлянуў віхрамі. Вочы ў яго загарэліся азартам, і камандзір зразумеў: гэты зробіць, гэты зможа, нават калі давядзецца «паляваць» дзень-ноч. Доўга чакаць не давялося: «пасланец» вярнуўся хутка, ды не сам — разам з каштоўным немцам.
Кожны дзень на працягу ўсёй вайны ў радыёэфір ляцелі аператыўныя зводкі «Саўінфармбюро», агучаныя магутным голасам легендарнага дыктара Юрыя Левітана. Кожнае паведамленне пачыналася словамі: «Гаворыць Масква! Ад Савецкага інфармбюро...» — хоць насамрэч перадачы рыхтаваліся і перадаваліся далёка ад савецкай сталіцы: у гарадах Свярдлоўску і Куйбышаве. У аўторак, 18 ліпеня 1944 года, сярод іншых населеных пунктаў, вызваленых ад захопнікаў, прагучала і назва нашай Жабінкі.
Вось урывак з таго паведамлення:
«На Брэсцкім накірунку нашы войскі, развіваючы наступленне, авалодалі раённымі цэнтрамі Брэсцкай вобласці горадам і чыгуначным вузлом Гайнаўкай і горадам Антопалем. А таксама з баямі занялі больш за 150 іншых населеных пунктаў, у тым ліку буйныя населеныя пункты Нараўка Малая, Вайноўка, Каростычы, Амялінка, Жабінка, Завершы, Запруды, Беразна, Бародычы, Асіповічы, вузлавую чыгуначную станцыю Жабінка і чыгуначную станцыю Антопаль».
І далей: «Савецкія рухомыя атрады выбілі немцаў з вузлавой станцыі Жабінка і перарэзалі чыгуначную дарогу Кобрын — Брэст. За дзень баёў знішчана больш за дзве тысячы нямецкіх салдат і афіцэраў. Захоплены трафеі і шмат палонных».
Аднак паведамленне выйшла ў эфір заўчасна: у названы дзень, 18 ліпеня 1944 года, у наваколлях Жабінкі ўсё толькі пачыналася і асноўныя баі за вызваленне краю былі яшчэ наперадзе.
Насамрэч для таго, каб ачысціць Жабінку і Жабінкаўскі раён ад ворага, спатрэбілася аж чацвёра сутак. Увогуле гэта ўнікальны выпадак, бо ні за адзін іншы раённы цэнтр Беларусі гітлераўцы не трымаліся гэтак упарта і доўга. Прычыны былі відавочныя: вельмі важная чыгуначная станцыя і буйная нафтабаза. Страта Жабінкі азначала для немцаў немінучую здачу Брэста.
Каб вызваліць нашы землі, чырвонаармейцам давялося заплаціць вялікую цану. Ужо першы дзень упартых баёў прынёс першыя страты. 18 ліпеня 1944 года ў баях за Жабінкаўшчыну загінулі чацвёра байцоў 61-й стралковай дывізіі. 19 ліпеня сумны спіс ахвяр папоўнілі лейтэнант Мікалай Аўчыннікаў і яшчэ шасцёра чырвонаармейцаў. Аднак самыя напружаныя бітвы былі яшчэ наперадзе.
У вызваленні Жабінкаўшчыны бралі ўдзел прадстаўнікі розных родаў войскаў. У Арэпічах ёсць вуліца Фёдара Рацюка. Яна названа ў памяць пра чалавека, які паклаў галаву паблізу гэтай вёскі, змагаючыся з ворагам.
Камандзір экіпажа СУ-152 гвардыі старшы лейтэнант Рацюк нарадзіўся на Кіеўшчыне ў 1909 годзе. Для Фёдара Яўціхіевіча вайна пачалася ў сорак першым, а завяршылася паблізу невялічкай палескай вёскі 20 ліпеня 1944 года. На досвітку «экіпаж машыны баявой» (у склад яго, акрамя камандзіра, уваходзілі радавыя гвардзейцы Васіль Паўлаў і Мітрафан Фядзюкін) атрымаў заданне разведаць мясцовасць на памежжы Камянецкага і Жабінкаўскага раёнаў. Ва ўрочышчы Моргі савецкая самаходка была падбіта немцамі, якія заселі на Арэпіцкіх могілках. Цяжка паранены Фёдар Рацюк выбраўся з баявой машыны і папоўз узлескам у бок вёскі. Яшчэ жывога, але моцна абгарэлага чырвонага камандзіра знайшлі мясцовыя жыхары Арцём Цыбуля і Рыгор Славуціч. На іх руках ён і памёр. Тут, у сасновым бары, сяляне і пахавалі воіна.
Акрамя таго, 20–21 ліпеня, вызваляючы жабінкаўскі край, склалі галовы больш за дзве сотні савецкіх афіцэраў і салдат 48-й гвардзейскай стралковай дывізіі і 20-й, 23-й, 55-й і 61-й стралковых дывізій 28-й арміі 1-га Беларускага фронту. Іх імёны ўвекавечаны на Брацкай магіле ў Жабінцы.
Пры вызваленні райцэнтра асабліва вызначыліся 67-ы, 174-ы і 265-ы стралковыя палкі Баранавіцкай двойчы Чырванасцяжнай ордэна Суворава дывізіі. За свае подзвігі больш чым трыццаць воінаў атрымалі баявыя ордэны і медалі. У напамін пра іх мужнасць і адвагу адна з вуліц Жабінкі носіць імя 67-га палка.
На змену расчараванням і няўдачам лета сорак першага прыйшлі радасць і вызваленне ў ліпені сорак чацвёртага года. Пра тое не раз згадвалі ветэраны самай крывавай вайны.
У чэрвені 1973 года Жабінку наведалі былыя камандзіры і байцы. Ветэранскую дэлегацыю, у якой былі масквічы, аранбуржцы, прадстаўнікі Сярэдняй Азіі, узначальваў генерал-палкоўнік у адстаўцы Іван Тутарынаў — чалавек легендарны. У Жабінцы шаноўныя госці выступілі перад вучнямі ды настаўнікамі сярэдняй школы № 1 і працаўнікамі цукровага завода, дзе пакінулі запісы ў альбомах ганаровых наведвальнікаў.
Іван Тутарынаў распавёў, як 22 чэрвеня 1941 года быў сярод тых, хто прыняў першы ўдар пад Брэстам і Жабінкай, а ў 1944-м вызваляў гэтую зямлю: генерал і яго сябры-аднапалчане двойчы бачылі наш край у агні. Іван Васільевіч прамаўляў: «Мы сабраліся тут, на месцы першых, самых цяжкіх баёў з ворагам, каб пабачыць, як расцвілі гэтыя мясціны за пасляваенны час, каб сустрэцца з людзьмі, якія тут жывуць і працуюць».
Франтавік меў багатую біяграфію. Ён нарадзіўся ў сям’і астраханскага казака. Таму з маленства ўмеў трымацца ў сядле і 19-гадовым юнаком быў залічаны ў кавалерыйскую школу. Упершыню патрапіў у нашы мясціны восенню 1939-га, калі Чырвоная Армія рушыла у паход па Заходняй Беларусі. Удзельнічаў і ў савецка-фінскай вайне. Затым палкоўнік Тутарынаў служыў пад Кобрынам, дзе сустрэў пачатак Вялікай Айчыннай.
22 чэрвеня сорак першага ён удзельнічаў у контрудары Чырвонай Арміі ў раёне Жабінкі. А затым са сваім 14-м механізаваным корпусам з цяжкімі баямі адступаў на ўсход. Ужо ў званні генерал-маёра ў 1942–1944 гадах Іван Васільевіч кіраваў 9-й гвардзейскай Кубанскай казацкай кавалерыйскай дывізіяй, якая змагалася за Каўказ, вызваляла Украіну і Беларусь.
Жабінкаўская зямля стала вольнай, а вайна пакацілася далей на Захад. Заставалася яшчэ 292 дні да пераможных салютаў. І як заўсёды, шлях да вызвалення гарадоў і вёсак, канчатковай перамогі над лютым ворагам першымі адольвалі разведчыкі.
Просты сялянскі хлопец з мілагучным прозвішчам Пшанічка, якому споўнілася толькі дваццаць, вызначаўся адчайнай смеласцю і адвагай, хутка стаў камандзірам узвода. Больш за дзве сотні разоў Пшанічка і яго «каласкі» пераходзілі лінію фронту, здабыўшы каля 60 палонных. Аляксей Лявонцьевіч меў два медалі «За адвагу», стаў кавалерам ордэнаў Славы ІІІ і ІІ ступеняў, Айчыннай вайны ІІ ступені і Чырвонага Сцяга. Яшчэ — ордэн Леніна і Зорка Героя, якія ён ніколі не насіў. Паколькі высокія ўзнагароды былі атрыманы за бой, з якога юнак не вярнуўся жывым.
Гэта адбылося ва Усходняй Прусіі. Разведчыкі пад камандаваннем Аляксея адбілі чатыры атакі, пакрашылі да сотні варожых салдат, трымаючы абарону. У крытычны момант Аляксей Пшанічка ўзняў сваіх байцоў у контратаку, здабыў перамогу — коштам уласнага жыцця. Заставалася зусім недалёка да Перамогі. На календары была пятніца, 16 лютага 1945-га. У гэты самы дзень Алёшы споўніўся 21 год. Сумным быў той дзень нараджэння, які стаў і днём смерці...
Герою не пашчасціла дажыць да заканчэння вайны. У адрозненні ад яго, генералу Тутарынаву было наканавана доўгае жыццё. У 1959–1961 гадах ён з’яўляўся камандуючым паветрана-дэсантнымі войскамі СССР. Парадны кіцель Івана Васільевіча ўпрыгожвала мноства ўзнагарод: два ордэны Леніна, шэсць — Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», а яшчэ — палкаводчыя ордэны: Суворава, Кутузава, Багдана Хмяльніцкага ды шматлікія медалі. Военачальнік памёр 19 чэрвеня 1978 года — у дзень, калі яму споўнілася 74 гады.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота з архіва аўтара
Ад распрацоўкі лекаў да беспілотных аўтамабіляў.
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.