Міністэрства прамысловасці плануе ў 2024 годзе забяспечыць дадатны тэмп росту экспарту, тым самым паўтарыўшы рэкорд мінулага года ў памеры $6,5 млрд. Аб гэтым заявіў міністр прамысловасці Аляксандр Яфімаў на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях развіцця беларускай прамысловасці, перадае БелТА.
Кіраўнік Мінпрама далажыў аб напрамках развіцця беларускай прамысловасці, існучых праблемах і прапановах па іх вырашэнні.
Паводле яго слоў, на працягу апошніх гадоў галіна штогод выконвае ўсе даводзімыя ключавыя паказчыкі эфектыўнасці. Так, з 2021 па 2023 год, нягледзячы на ўзрастаючыя спробы знешняга націску з боку недружалюбных краін, Мінпраму ўдалося выканаць усе даводзімыя паказчыкі бягучай пяцігодкі. За тры гады пяцігодкі рост прамысловай вытворчасці склаўся на ўзроўні 139,8 працэнта пры арыенціры 124,6 працэнта, па экспарце — 168,1 працэнта пры арыенціры 136,3 працэнта. Забяспечваецца ўстойлівая работа прамысловасці. У 2023 годзе экспарт склаў $6,5 млрд — рэкордная лічба за апошнія 10 гадоў.
«У бягучым годзе мы плануем забяспечыць таксама дадатны тэмп росту экспарту, тым самым паўтарыўшы ўжо дасягнуты рэкорд», — сказаў міністр.
Для гэтага, паводле яго слоў, максімальна выкарыстоўваецца сітуацыя, што складваецца на рынку. Так, у 2023 годзе адносна 2021-га рэалізацыя легкавых аўтамабіляў павялічылася ў 2,3 раза, у 2,8 раза — продаж тэлевізараў, у 1,4 раза — пральных машын, у 1,2 раза — грузавых аўтамабіляў, у 1,1 — кар’ерных самазвалаў, ліфтаў і гатовага пракату.
Першае паўгоддзе 2024 года прадпрыемствы Мінпрама завяршылі з дадатнымі тэмпамі росту вытворчасці — 104,1 працэнта, або Br15,8 млрд. Экспарт склаў $3,2 млрд, аб’ём вытворчасці імпартазамяшчальных тавараў склаўся на ўзроўні $3 млрд з тэмпам росту 107,1 працэнта. Удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме вырабленай склала 41,9 працэнта, інвестыцыі ў асноўны капітал накіраваны ў аб’ёме Br600 млн з тэмпам росту 151,3 працэнта. За студзень-май бягучага года сярэднямесячная зарплата склалася на ўзроўні 112,5 працэнта ад агульнарэспубліканскага ўзроўню і склала Br2384.
Пры кансерватыўным сцэнарыі развіцця Мінпрам прагназуе па выніках бягучага года дадатныя тэмпы росту і плануе выйсці на аб’ём вытворчасці больш як Br31,6 млрд. Таксама чакаюцца дадатныя рэзультаты па экспарце ў аб’ёме 102,5 працэнта. «Гэта мінімальныя лічбы, — заўважыў Аляксандр Яфімаў. — Ёсць пэўныя рэзервы, і Міністэрства прамысловасці разам з нашымі прамысловымі прадпрыемствамі будзе выкарыстоўваць максімальна рэзервы для таго, каб яшчэ больш палепшыць гэтыя паказчыкі».
Паводле яго слоў, у бліжэйшыя гады работа будзе накіравана на тое, каб не проста захоўваць экспарт у Расійскую Федэрацыю, але пры захаванні долі ў Расіі нарошчваць экспарт у краіны далёкай дугі. «Да 2030 года мы плануем да 30 працэнтаў усіх экспартных паставак арганізаваць у краіны далёкай дугі», — сказаў міністр.
У якасці ключавых краін у Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы ён назваў Венесуэлу, Кубу, Аргенціну, Нікарагуа, Калумбію, Бразілію, у Афрыцы — Егіпет, Нігерыю, Тога, Мазамбік, Экватарыяльную Гвінею, Кенію, Зімбабвэ, у Азіі — Пакістан, Індыю, В’етнам, Манголію, Іран, Турцыю, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Кітай.
«За 5 месяцаў бягучага года маем дадатную дынаміку экспарту у краіны далёкай дугі з тэмпамі 134,4 працэнта», — сказаў Аляксандр Яфімаў.
Ён растлумачыў, што бягучае развіццё прамысловасці рэалізуецца праз інвестыцыйную, інавацыйную і імпартазамяшчальнцю дзейнасць, павышэнне якасці выпускаемай прадукцыі і падтрыманне яе канкурэнтаздольнасці. Акцэнт зроблены на высокатэхналагічныя напрамкі: мікраэлектроніка, прыборабудаванне, металургія, электратранспарт, аўтамабільная, пасажырская, сельскагаспадарчая, будаўнічая, лясная тэхніка і самае галоўнае — кампанентная база для ўсёй прадукацыі. За 2021-2023 гады ўжо распрацавана больш за 900 мадэлей новай тэхнікі. Калі ў 2021-м аб’ём вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі складаў $3,8 млрд, то па выніках 2024-га прагназуецца на ўзроўні $6,1 млрд.
У 2025-2030 гадах у планах распрацоўка яшчэ больш як 2 тыс. новых мадэлей і мадыфікацый прадукцыі. «Плануем накіраваць на распрацоўку і даследаванні больш за Br1,5 млрд. Цесна ўзаемадзейнічаем з навукай, малым і сярэднім бізнесам, рыхтуем маладых спецыялістаў у 40 філіялах і кафедрах універсітэтаў», — адзначыў кіраўнік Мінпрама.
У 2024 годзе плануюцца да вытворчасці кар’ерныя самазвалы на газе, электрацязе і ў дызель-тралейвозным выкананні, электрамабіль-смеццявоз, перон-электробус, гусенічны экскаватар масай 25-27 т, нізкападлогавы трамвай, серыя оптыка-механічнага абсталявання для мікраэлектронікі, электронныя кампаненты для тэхнікі спецыяльнага прызначэння і космасу і шмат іншага. Да 2030 года ў лінейцы айчынных прадпрыемстваў з’явіцца гібрыдны кар’ерны самазвал і самазвал грузападымальнасцю 90-100 т з цягавым электрапрыводам і вадародам у якасці паліва, а таксама цяжкі кар’ерны грэйдар, збожжаўборачны камбайн з гібрыдным малацільна-сепаратарным устройствам і шмат іншага.
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.