У розных анталогіях паэтаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, ёсць вершы Сяргея Барысавіча Рудакова, якога варожая куля ці асколак снарада спаткалі пры вызваленні Магілёўшчыны.
Пахаваны паэт і чырванаармеец Сяргей Рудакоў у вёсцы Вусце Чавускага раёна. Сёння гэта ўжо аграгарадок, які ўваходзіць у склад Вайнілаўскага сельсавета. А раней, да 1964 года, паселішча знаходзілася ў Гарбавіцкім сельсавеце... Мясціны літаратурныя, мастацкія, калі так можна сказаць, словам, цікавыя з розных пунктаў гледжання. З Чавускага раёна — вядомы драматург Кастусь Губарэвіч (1906 — 1987), сцэнарыст кінафільмаў «Баям насустрач», «Анюціна дарога», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Паланэз Агінскага»... З Чавус родам — расійскі жывапісец, скульптар, графік-нонкамфарміст Уладзмір Андрэеенкаў (нарадзіўся ў 1930 годзе), пісьменнік-фантаст Анатоль Драздоў (нараджэннем з 1955-га)... У вёсцы Гразівец у 1788 годзе нарадзіўся славуты лексікограф, дыялектолаг, лінгвіст, спецыяліст у галіне этнаграфіі Іван Іванавіч Насовіч. Чыгрынаўка — радзіма яўрэйскага пісьменніка і драматурга Арнольда Позі (1894 — 1986). З чавускай Слабодкі — этнограф Любоў Ракава (нарадзілася ў 1948 годзе). Чавусы і ваколіцы, паселішчы гэтай прыкметнай на Магілёўшчыне і ва ўсёй Беларусі старонкі — яшчэ і радзіма доктара тэхнічных навук, паэта, празаіка і публіцыста Аляксандра Клачкова, паэта Уладзіміра Рагуцкага (1917 — 1941; загінўу у першыя дні Вялікай Айчыннай на тэрыторыі Заходняй Беларусі), паэта Андрэя Ушакова (1912 — 1941), празаіка, перакладчыка, паэта Юркі Лявоннага (1908 — 1937; разам з Сяргеем Грахоўскім пераклаў на беларускую мову раман Жуля Верна «20 000 лье пад вадою»), дзіцячага пісьменніка Івана Аношкіна (1928 — 2013), паэта і перакладчыка Ізяслава Катлярова (1938 — 2023), географа і краязнаўца Пятра Лярскага (1918 — 2013), паэта Алеся Емяльянава (1952 — 2005), мастакоў, архітэктараў, вучоных у самых розных галінах навукі... Са згаданых Горбавіч — і сакратар Саюза пісьменнікаў Расіі, паэт, публіцыст, празаік Валерый Казакоў (нарадзіўся ў 1952 годзе), чыя творчасць і грамадская, асветніцкая дзейнасць адзначана многімі ўзнагародамі...
Лёс у Сяргея Рудакова сапраўды неардынарны. Нарадзіўся будучы мастак слова ў Вінніцы, на Украіне. У сям’і камандзіра 47-га пяхотнага Украінскага палка. Легендарнае вайсковае злучэнне, сфарміраванае яшчэ ў 1798 годзе... Бацька паэта і літаратуразнаўца — Барыс Аляксандравіч Рудакоў (1857 — 1920), генерал-маёр, удзельнік Першай Сусветнай вайны. З арміі быў зволены ў 1916 годзе. Па хваробе. Жыў у Самары. Пасля звяржэння Савецкай улады ў Самары ўступіў добрахвотнікам у белую Народную армію «Комуча» («КОМУЧ — Комитет членов Всероссийского учредительного собрания»). Быў арыштаваны Новамікалаеўску па абвінавачванню ў контррэвалюцыйнай дзейнасці і следам расстраляны. У 1996 годзе Рудакова-старэйшага рэабілітавалі... Разам з бацькам былі расстраляны і старэйшыя браты Сяргея.
З пачатку 1920-х гг. Сяргей разам з маці — у Ленінградзе. У 1932 годзе Любоў Сяргееўна Рудакова памерла. З 1928 года Сяргей — ужо студэнт літаратурнага аддзялення Вышэйшых дзяржаўных курсаў мастацтвазнаўства пры Інстытуце гісторыі мастацтваў Народнага камісарыята асветы РСФСР. Сярод выкладчыкаў гэтай навучальнай установы — Юрый Тынянаў, Віктар Шклоўскі, Барыс Эхенбаўм, Барыс Тамашэўскі... Усе літаратуразнаўцы высокага гарту!.. Менавіта яны зрабілі выключна шмат дзеля сцвярджэння сапраўдных крытэрыяў у рускай літаратуры XX стагоддзя. Заўважыўшы настойлівага, цікаўнага студэнта, Юрый Тынянаў прапанаваў Рудакову паўдзельнічаць у падрыхтоўцы да выдання зборніка вершаў Вільгельма Кюхельбекера.
У 1930 годзе курсы зачынілі. Сяргей, на той час жанаты чалавек, уладкоўваецца чарцёжнікам. Некаторы час ён жыў у Керчы ў доме маці сваёй жонкі, якая раней была слухачкай курсаў мастацтвазнаўства. Але не вытрымаў без Ленінграда, без навуковага, літаратурнага асяроддзя, і ў хуткім часе пакінуў і Керч, і сваю сям’ю. У Ленінградзе другі раз ажаніўся — на Ліне Самойлаўне Фінкельштэйн...
На хвалі рэпрэсій, штуршком для якіх стала забойства Сяргея Міронавіча Кірава, Рудакоў быў высланы ў Варонеж. Жыў у гэтым горадзе з сакавіка 1935 па ліпень 1936 года. У час высылкі знаёміцца з геніяльным рускім паэтам XX стагоддзя Восіпам Мандэльштамам (1891 — 1938). Атмасфера таго часу ў Варонежы была такой, што, здавалася, аб’ядналіся разам, у адно кола аднадумцаў усе, хто быў захоплены рускай паэзіяй. Пра гэта захавалася і сведчанне Н. Мандэльштам, якая пісала, што ўсіх, хто ўваходзіў у кола паэта, аб’ядноўвала «любоў да вершаў. Відавочна, гэта патрабуе той ступені інтэлігентнасці, якая скіроўвае ў нас людзей на гібель ці ў лепшым выпадку на высылку».
Рудакоў якраз выдатна ведаў рускую паэзію, як сучасную, так і пачынаючы з XVIII стагоддзя... Адна з варонежскіх знаёмых Сяргея Барысавіча пакінула такі партрэт маладога чалавека: «Высокі, з вялізнымі цёмнымі вачыма, крыху буйнымі рысамі твару: рэзка акрэслены рот, чорныя бровы з надломам, доўгія вейкі і нейкія асаблівыя цені пад вачыма — ён быў вельмі прыгожы. Нездарма Ахматава казала пра «рудакоўскія вочы». Чалавек быў эмацыянальны, гарачы. Адразу, з першага нашага знаёмства... гаварылі пра любімых паэтаў... Ад Сяргея Барысавіча я ўпершыню пачула варонежскія вершы Мандэльштама. Ён чытаў мне іх вельмі часта. Пра Восіпа Эмільевіча Рудакоў гаварыў з захапленнем».
Рудакоў у Варонежы выступіў і як захоплены і таленавіты літаратуразнаўца. Толькі пасля некалькіх сустрэч Мандэльштам разгледзеў у асобе Сяргея магчымага каментатара свайго будучага Збору твораў. Паэт і захоплены ім Рудакоў пачалі ствараць аўтакаментарыі і біяграфічныя спасылкі да ўсяго комплекса твораў Мандэльштама... Восіп Эмільевіч пазнаёміў Сяргея і з Аннай Ахматавай, якая часам наведвалася ў Варонеж. Вядома, што Рудакоў запісаў са слоў Мандэльштама каля 20 блакнотаў. Вядомыя з таго варонежскага перыяду і зробленыя Рудаковым пяром і тушшу партрэты паэтаў — Мандэльштама, Ахматавай...
Мандэльштам прысвяці Сяргею адзін са сваіх вершаў:
Раскрутился змеистый снежок.
Путь заказан Владимиру чинный.
С двери отнят засов. Послух свечи возжег
Чистой Матери Десятинной.
Ночь стоит. По морозу полозья скрипят.
Кони глазом косят озверело:
О дощатые стены домовья не в лад
Ударяется мерзлое тело.
І ў Ахаматавай ёсць верш, адрасаваны Сяргею Рудакову:
И в День Победы, нежный и туманный,
Когда заря, как зарево, красна,
Вдовою у могилы безымянной
Хлопочет запоздалая весна.
Она с колен подняться не спешит,
Дохнет на почку, и траву погладит,
И бабочку с плеча на землю ссадит,
И первый одуванчик распушит.
Вярнуўшыся ў Ленінград, Рудакоў выкладаў літаратуру ў школе для дарослых. Удзельнічаў у працы Пушкінскай камісіі Акадэміі навук СССР. Даклад літаратуразнаўца «Новыя рэдакцыі вершаў Каценіна (па аўтарскаму экзэмпляру твораў Каценіна 1832 г.)» у 1940 годзе быў прыняты для выдання ў «Временнику Пушкинской комиссии». Але, на жаль, зборнік не выйшаў — пачалася Вялікая Айчынная... У 1941 годзе Рудакоў закончыў завочнае аддзяленне мовы і літаратуры Дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А. І. Герцэна.
З першых дзён вайны Сяргей Барысавіч — у марской пяхоце. Ваяваў на Ленінградскім фронце. У баі пад Неўскай Дуброўкай быў цяжка паранены. З лета 1942 года служыў у Маскве ў ваенкамаце. Стараўся па меры магчымасцяў займацца і літаратурнай працай. Кантактаваў з тымі навукоўцамі, гісторыкамі літаратуры, якія не выехалі ў эвакуацыю, выступаў з гісторыка-літаратурнымі паведамленнямі, дакладамі на сходах вучоных... За спробу аформіць свайму знаёмаму-«талстоўцу» адтэрміноўку ад прызыва быў арыштаваны. Тры месяцы знаходзіўся ў Бутырскім астрозе. Па ўласнай просьбе Сяргея Рудакова накіравалі ў штрафны батальён.
З верша Сяргея Барысавіча «Мне ізноў рыхтавацца ў дарогу», напісанага недзе ў лістападзе 1943 года:
... На снегу не красною, а черной
Кажется пролившаяся кровь...
...Сколько по сугробам ни броди,
Стежка оборвется где-нибудь.
Доброй памятью меня прости,
Сердцем ласковым — не позабудь.
У 1944 годзе, 15 студзеня, рускі паэт і літаратуразнаўца з няпростым лёсам быў забіты ў баі на магілёўскай зямлі...
Кастусь Лешніца
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.