Вы тут

Кобрын і ваколіцы


Так склалася, што часта ў розныя часіны нешта новае (нават — з даўно забытай гісторыі) пра старажытны Кобрын я адкрываю ў Мінску. З размоў, аповедаў гісторыка Льва Раманавіча Казлова альбо — ад літаратуразнаўца і перакладчыка Івана Аляксеевіча Чароты. Дасведчаныя ў гісторыі нашай Айчыны, ураджэнцы Кобрынскай старонкі, яны і горад родны, і яго ваколіцы добра ведаюць.


Кобрын. Праваслаўны сабор (пач. ХХ ст.)

А яшчэ давайце зазірнём у адну з крыніц, прыналежную дапытліваму даследчыку замкавай гісторыі Беларусі доктару гістарычных навук Міхасю Ткачову: «...На падыходзе да ніжняга замка шлях перагароджвала Кобрынка, цераз якую быў мост. На яго траплялі праз вежу-браму. На другім канцы маста (апошні яго пралёт быў пад’ёмны) стаяла другая 2-павярховая вежа-брама. Ніжні замак ахоўваўся 5 вежамі, гароднямі і парканам. У адной з вежаў размяшчаўся млын. Шлях у Верхні замак ішоў праз вежу-браму і мост цераз абарончы роў, што раздзяляў замкі. Мост быў на палях з лазняй пасярод і ўпіраўся ў вежу-браму Верхняга замка. Размешчаны ў ёй пад’ёмны механізм падымаў перад брамай апошні пралёт моста. Акрамя брамы, тут стаялі яшчэ 4 вежы з гароднямі і парканамі, на якіх размяшчаліся баявыя пляцоўкі — бланкаванне са стрэшкамі, крытымі дранкай. Усе вежы былі накрыты гонтай. У 1597 годзе ўзбраенне Кобрынскага замка складалася з... 5 серпанцінаў, 16 гакаўніц, 17 ручніц, 2 кіёў, серы, волава і іншага рыштунку...» Такая ў самым агуле біяграфія Кобрынскага замка, які сваёй непрыступнасцю доўгі час умацоўваў Кобрын як паселішча незвычайнае, здольнае стаць у час вайны сапраўднай крэпасцю. А войнаў і самых розных бітваў на долю старажытнага горада хапала...

Асабліва моцна пацярпеў ён у час народна-вызваленчай і антыфеадальнай вайны 1648–1651 гадоў. У 1648 годзе адбыўся і славуты Кобрынскі бой…

Кобрын (1916 г.)

Але звернемся да болей старажытнай гісторыі краю... Яшчэ ў 1589 годзе Кобрыну быў нададзены разам з Магдэбургскім правам і герб горада — шчыт з выявамі святой Ганны і Маці Божай з дзіцем. Хрысціянская сімволіка не заўсёды ўратоўвала горад і яго насельнікаў ад жорсткасці акупантаў. Так было ў згаданыя вякі... А ў 1812 годзе, калі Кобрын, яго наваколлі зноўку сталі арэнай моцных выпрабаванняў, гараджанам у некаторым плане пашчасціла, ва ўсякім разе ў параўнанні з іншымі... У ліпені тут сутыкнуліся рускія дывізіі К. Ламберта і Я. Чапліца 3-й Заходняй арміі А. Тармасава і атрад саксонскага корпуса Ж.-Л. Рэнье. Аперацыю рускіх войскаў можна назваць бліскучай. Пасля штурму Кобрына перадавым атрадам Чапліца саксонцы адступілі з горада, які загарэўся, і пасля вымушаны былі здацца. Плёнам дзевяцігадзіннага бою стала паражэнне 9 тысяч саксонцаў. Рускія захапілі ў палон 76 афіцэраў, двух генералаў, амаль дзве з паловай тысячы ніжніх чыноў. Стратэгічным вынікам перамогі ў Кобрыне сталася тое, што французы павінны былі трымаць значныя сілы ў сябе ў тыле, каб супрацьстаяць арміі Тармасава. 

А гэта, у сваю чаргу, істотна паўплывала на падзеі ў час адступлення арміі Напалеона з Масквы.

Але ж калі сёння прайсціся па Кобрыне, павандраваць, агледзець блізкія ваколіцы старажытнага горада, то пачнеш разумець: славу яго стваралі не толькі бітвы і перамогі адных і паражэнні другіх. У гэтым краі — нямала памятак стваральнай працы рук чалавечых. І гэта ў першую чаргу — культавыя помнікі.

Беларусы з-пад Кобрына 1916 г.

Сапраўдную радасць, захапленне талентам простых майстроў адчуеце, угледзеўшыся ў кобрынскую Мікалаеўскую царкву. Пабудавана яна ў 1750-я гады. 

З таго часу і радуе вока, сагравае душу праваслаўных вернікаў. Нараджэннем з 1868 года — сабор Аляксандра Неўскага. У пачатку ХХ стагоддзя ў горадзе вырасла Петрапаўлаўская царква. Дарэчы, аб’яднаўшы ў адзін маршрут знаёмства з культавымі будынкамі і наведванне парка, можна цэлы дзень вандраваць па горадзе. Парк увогуле стварае асаблівае ўражанне прасторай, адметным ландшафтным дызайнам. У ім расце каля 70 парод дрэў і дэкаратыўных кустоў. Трапляюцца і ўнікальныя экзоты, чыё паходжанне мае вытокі ў Лацінскай Амерыцы альбо Азіі.

...Мне асабіста колькі разоў даводзілася вандраваць, падарожнічаць па кобрынскіх вулачках з дасведчанымі гісторыкамі і краязнаўцамі. Адзін з іх некалі заўважыў: «За памяткамі-камяніцамі стаяць людзі розных пакаленняў. Яны — слава і гонар Кобрына, Кобрынскай зямлі...» І называў далей імёны многіх і многіх сваіх славутых землякоў. Радзімай стаў Кобрынскі край для паэта Дзмітрыя Фалькоўскага (нарадзіўся ў 1898 годзе). У шэрагу яго кніг — і вершаваны зборнік «Палессе». Дарэчы, на Кобрыншчыне пралегла і яшчэ адна літаратурная сцежка. 

У вёсцы Хабовічы ў 1897 годзе нарадзіўся этнограф і паэт Іван Хмель. А з Кулігоўшчыны родам — сябра Адама Міцкевіча, сакратар зялёнага (матэматычнага) саюза філаматаў Адам Сузін (адзін з герояў паэмы «Дзяды»)...

А Кобрын — яшчэ і радзіма дзяржаўнага дзеяча Расійскай імперыі, генерал-лейтэнанта Калікста Віткоўскага (1818–1877), палкоўніка Савецкай Арміі, Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Кірмановіча (1919–2001; адна з вуліц Кобрына носіць імя славутага земляка), расійскага фізіка і метэаролага Яўгена Аляксандравіча Рагоўскага (1855–1912), рускага архітэктара Сямёна Сідарчука (1882–1932), яўрэйскага драматурга Якава Прэгера (1887–1942), мастацтвазнаўца, рэктара Свята-Філарэтаўскага інстытута ў Маскве Аляксандра Капіроўскага (нарадзіўся ў Кобрыне ў 1951-м), амерыканскага матэматыка Аскара Зарыскага (1899–1986; аднаго з найболей вядомых алгебраічных геаметраў XX стагоддзя)... А ў вёсцы Хадынічы на Кобрыншчыне нарадзіўся вядомы беларускі мовазнаўца, доктар філалагічных навук Віктар Іўчанкаў. Чаравачыцы — радзіма святара Рускай Праваслаўнай Царквы, літаратара, даследчыка старажытнасцяў Іаана Катовіча (1839–1911). З Овадаў — савецкі і расійскі вучоны-медык, доктар медыцынскіх навук Мікалай Юшчук (1940–2023)... Багаты на яркіх асоб Кобрынскі край. І калі будзе ў вас болей часу, то ў сваёй вандроўцы, акрамя Кобрына, зазірніце ў Чаравачыцы, дзе ў 1995 годзе на месцы разабранага ў 1970-я старажытнага храма ўзвялі царкву Іаана Прадцечы; у Тэўлі, каб пазнаёміцца з праваслаўнай Успенскай царквою, адкрыць іншыя цікавінкі гэтай мясціны... 

Кобрын. Помнік рускім воінам у гонар стагоддзя перамогі над Напалеонам (1916 г.)

А яшчэ — у Стрыгава, дзе ўстаноўлены помнік у гонар 38-га егерскага палка, які 13 жніўня 1912 года каля дадзенай вёскі спыніў наступленне напалеонаўскай кавалерыі. Некалі ў гэтым паселішчы была сядзіба Пузынаў. Дарэчы, сляды старадаўняй сядзібы Навамейскіх ёсць у вёсцы Імянін…

Кобрын. Мост праз Мухавец (1916 г.)

А ў віртуальным падарожжы па Кобрыне і Кобрыншчыне вам дапамогуць старыя паштоўкі з калекцыі члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Ліхадзедава, які нядаўна, дарэчы, за сваю асветніцкую, грамадскую працу адзначаны Прэміяй Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Старыя паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Культура

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.