Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: «Кожны кавалачак тут павінен быць апрацаваны»


Жніво ў разгары і пад пільнай увагай Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. На мінулым тыдні падчас селектарнай нарады, прысвечанай уборачнай кампаніі, кіраўнік дзяржавы выказаў галоўныя заўвагі і акрэсліў ключавыя задачы на гэты найважнейшы этап сельскагаспадарчага сезону. Аднак найбольш поўную карціну ўборачнай можна ўбачыць толькі на месцах. Таму Прэзідэнт пачаў інспекцыю ўборачнай кампаніі ў рэгіёнах. Першым стаў Мінскі раён — Аляксандр Лукашэнка наведаў сельгаспрадпрыемства «Усход», размешчанае ў прыгарадзе сталіцы.


Фота БелТА

У полі зроку кіраўніка дзяржавы апынуліся і іншыя мясціны: на верталёце ён абляцеў амаль увесь Мінскі раён і ўбачаным застаўся незадаволены. «У яго палі не пераараны. У Ждановічах, пасёлках па два-тры-пяць гектараў наогул закінутыя землі. І гэта пад Мінскам. Страшэннае ўражанне. Я не скажу, што катастрофа. Але гэта не Мінскага раёна землі (размова аб патрэбным узроўні гаспадарання. — Зв.). Дрэнна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка параіў аграрыям падчас сёлятняй уборачнай кампаніі рабіць акцэнт не столькі на стратэгію, колькі на тактыку. Надвор’е патрабуе. «Трэба паглядзець з тактыкай, цяпер ужо не па стратэгіі пытанне. Да нас набліжаецца значны фронт», — заўважыў беларускі лідар. Па яго словах, трэба вызначыцца, на што ў першую чаргу трэба кінуць асноўныя сілы, каб мінімізаваць страты ці ўвогуле не дапусціць іх. Прэзідэнт заўважыў, што пасля нядаўняга ўрагану на палях ёсць шмат участкаў з палеглыми каласавымі. Іх трэба як мага хутчэй сабраць, бо, калі зноў пойдуць дажджы, ураджай там канчаткова прападзе. Разам з тым, убіраючы палегліцу, у выпадку чарговай непагоды важна не страціць ураджай з добрых палёў

З улікам усіх акалічнасцей прымаць аператыўныя рашэнні — такая парада ад Прэзідэнта. «Усё паспела адначасова. І рапс яшчэ не ўбралі», — сказаў ён аб напружаным графіку работ.

Дыктатура тэхналогій забяспечвае вынік 

Прэзідэнту паказалі рапсавае поле, на якім спецыялісты гаспадаркі «Усход» прыкладаюць шмат намаганняў. І яны апраўдваюцца. «Я такога рапсу не бачыў, шчыра кажучы: лес», — адзначыў Прэзідэнт. Ён падрабязна пацікавіўся, як дасягнуць такога выніку, якія тэхналогіі прымяняюцца, наколькі эфектыўныя ўгнаненні. На пытанні Прэзідэнта адказваў спецыяліст, які непасрэдна займаецца рапсам і іншымі культурамі ва «Усходзе», — галоўны аграном Ігар Пратасеня. «Галоўнае любіць сваю працу і строга выконваць тэхналогіі апрацоўкі. Дыктатура тэхналогій забяспечвае вынік. Гэты рапс выгадаваны і вырашчаны, дзякуючы намаганням усіх спецыялістаў, не толькі агранамічнай службы. Для такога выніку важна ўсё — пачынаючы ад навукі і тэхналогій. У нас уся тэхніка, занятая на вырошчванні рапсу, — айчыннай вытворчасці, своечасова ўносім мінеральныя ўгнаенні, якія выпускаюць нашы беларускія заводы. Вынік — гэта захаванне норм высеву, вывучэнне сартоў і гібрыдаў рапсу, пастаяннае самаўдасканаленне», — расказаў потым журналістам Ігар Пратасеня. Прынамсі, і Прэзідэнт высока ацаніў такі падыход да працы. 

Аляксандру Лукашэнкўа падрабязна расказалі пра дзейнасць «Усхода». Гэта шматгаліновая гаспадарка, якая спецыялізуецца на вытворчасці малака, мяса буйной рагатай жывёлы, кармоў, вырошчванні бульбы, збожжавых, рапсу, кукурузы, прадукцыі садаводства, сыроў. Таму сапраўды паглядзець ёсць што. 

Маршрут кіраўнік дзяржавы абраў сам, не той, які быў запланаваны. Пасля рапсавага поля Аляксандр Лукашэнка агледзеў мехдвор гаспадаркі, прыехаў на збожжаток прадпрыемства. Прыезд Прэзідэнта ход звычайнага рабочага дня супрацоўнікаў не парушыў, хіба што не некалькі хвілін адцягнуліся ад працы, каб адказаць на пытанні кіраўніка дзяржавы. 

Паглядзеў Аляксандр Лукашэнка і на жывёлагадоўчы комплекс прадпрыемства. Нягледзячы на тое, што ўдоі тут прыстойныя — гадавы ўдой ад каровы каля 9, 4 тысячы кілаграмаў малака, паляпшаць умовы ўтрымання жывёлы неабходна, комплекс не адпавядае сучасным патрабаванням. Гэта пытанне ўжо адпрацоўваецца. Зараз разглядаюцца два варыянты: рэканструкцыя комплекса ці перанос яго ў іншае месца. Другі варыянт ускладняецца тым, што комплекс знаходзіцца ў межах населенага пункта і санітарныя нормы не дазваляюць разгарнуцца, а забяспечыць «жылой плошчай» трэба нямала галоў. «Трэба будаваць сучасны комплекс. Трэба кудысьці выносіць», — заўважыў Прэзідэнт.

«Ніжэй сярэдняга» — такую адзнаку кіраўнік дзяржавы даў цяпершаняму комплексу. «Добра, што ён тут мае тое, што не маюць іншыя. Па ўраджайнасці, па ўдоях», — адзначыў і станоўчы бок кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт даручыў прапрацаваць рашэнне па комплексе, сыходзячы яшчэ і з таго, што займаць землі сельгаспрызначэння — гэта няправільнаа.

«Трэба вызначыцца. Або аднаўляць і рэканструяваць, або будаваць штосьці новае. Хаосу і неразбярыхі тут шмат. Тут трэба проста навесці парадак», — падкрэсліў беларускі лідар. — Кожны кавалачак тут павінен быць апрацаваны, і да восені павінен быць наведзены ідэальны парадак. Трэба даводзіць да розуму гаспадарку. Паглядзець, што тут неабходна, што трэба«, — даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Часу на падрыхтоўку не было ўвогуле

Ад’язджаючы, Прэзідэнт расказаў, што яшчэ раз з паветра азнаёміцца з сітуацыяй на палях у Мінскім, Дзяржынскім і шэрагу іншых раёнаў. У цэлым, раптоўная інспекцыя сельскагспадарчых работ у самую іх гарачую пару закране не толькі «Усход». Гэта паездка не была запланавана ў прэзідэнцкім графіку. І такая практыка будзе прадоўжана. 

Як расказаў журналістам Віктар Сулім, дырэктар прадпрыемства, аб прыездзе Прэзідэнта даведаліся толькі вечарам напярэдадні, падчас уборкі рапсу. «Часу на падрыхтоўку не было ўвогуле, ды і працу трэба было скончыць. Ну, і сёння працоўны дзень пачаўся крыху раней, чым звычайна», — падзяліўся ён з журналістамі. Што тычыцца вытворчага аспекту работы прадпрыемства — тут нараканняў няма, ураджаі, надоі і іншыя вынікі прыстойныя. Па гэтых паказчыках гаспадарка можа лічыцца перадавой. Але для таго, каб яна была такой, трэба вырашыць арганізацыйныя праблемы. «Практычна ўсе кірункі, якія ёсць у сельскай гаспадарцы, у нас развіваюцца. Але ёсць куды імкнуцца, каб гэта была перадавая гаспадарка. Мы будзем над гэтым працаваць», — адзначыў Віктар Сулім. 

У тэму 

Гаспадарка невялікая, але эфектыўная

У размове з журналістамі Юрый Назараў, кіраўнік спраў Прэзідэнта заўважыў, што прадпрыемства невялікае, а статак кароў вялікі, што прымушае займацца інтэсіфікацыяй раслінаводства. Каб атрымаць добры вынік ад жывёлагадоўлі, трэба накарміць скаціну, для гэтага атрымаць добрыя кармы. У цэлым з гэтай задачай прадпрыемства спраўляецца, укладвае шмат і атрымлівае добрыя ўрадажі. 

«Гаспадарка актыўна займаецца бульбай і прадае ў асноўным насенную бульбу, ёсць некалькі бульбасховішчаў, пераабсталявалі складскія памяшканні. Але для таго, каб займацца бульбай, трэба мець добрае бульбасховішча, а гэта цягне за сабой перапрацоўку бульбы. Тут такі ў добрым сэнсе гэтага слова клубок пытанняў. Закранулі тэму меліярацыі. У гэтай гаспадарцы невялікія плошчы меліяраваныя. Але гэта той шлях, калі кожны кавалак зямлі трэба выкарыстоўваць. Прэзідэнтам пастаўлена задача — на прыкладзе такіх гаспадарак вельмі эфектыўна выкарыстоўваць кожны кавалак зямлі». — расказаў Юрый Назараў. Таксама, па яго словах, у гаспадарцы сур’ёзна заняоіся лічбавізацыяй сельскагаспадарчых працэсаў, укаранілі тры праграмныя прадукты. Як адзначыў Юрый Назараў, грошай укладзена нямала, але гэта дае і эканамічны, і вытворчы эфект. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага

Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама — пра сям'ю, любоў да Радзімы і бацькоўскія ўрокі.

Эканоміка

Час прыглядацца да крэдытаў

Час прыглядацца да крэдытаў

Пазыковыя сродкі зноў у пашане, бо рубель стабілізаваўся і заробкі растуць.