Вы тут

Галоўнае — ведаць сваю гісторыю


У ліпеньскія дні мы традыцыйна ўспамінаем трагічную і гераічную гісторыю нашай краіны, аддаём даніну памяці загінулым, ушаноўваем ветэранаў, удзельнікаў і дзяцей Вялікай Айчыннай вайны. Мы навечна абавязаны старэйшаму пакаленню, якое неймавернай цаной адстаяла свабоду і незалежнасць Радзімы, падарыла нам права на будучыню. Беларусь памятае іх подзвіг. Сведчанне таму — гарадская цырымонія ўскладання кветак і памятны мітынг, прысвечаны 80-годдзю парада партызан каля манумента «Беларусь партызанская». Удзел у святочным мерапрыемстве ўзяла моладзь пад эгідай БРСМ. Сярод ганаровых гасцей — старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран, першы намеснік старшыні Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў Дзмітрый Банчук, першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Раман Бандарук.


«Сёння мы разам з актыўнымі маладымі людзьмі горада Мінска, дэпутацкім корпусам прыйшлі сюды, каб пакланіцца, аддаць даніну памяці ўсім тым, хто роўна 80 гадоў таму, у такі ж летні дзень, пасля баёў, з франтоў і лясоў прыйшлі ў беларускую сталіцу, каб адсвяткаваць знамянальны дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», — адзначыў Арцём Цуран.

Адна з асноўных задач, якую ставіць перад сабой Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — гэта выхаванне ў сучасных маладых людзей пачуцця патрыятызму як найважнейшай духоўнай і сацыяльнай каштоўнасці. Менавіта таму правядзенне розных акцый, накіраваных на ўвекавечанне памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны, выказванне ім падзякі — добрая традыцыя. У год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў гэта адчуваецца асабліва моцна. Актывісты БРСМ імкнуцца аказаць належную ўвагу тым, каму давялося перажыць гады вайны, наведваюць іх, дапамагаюць, абменьваюцца ўражаннямі: ветэраны распавядаюць пра вайну, маладое пакаленне — пра падзеі са свайго жыцця.

Яшчэ адным крокам да развіцця сістэмы грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі, фарміравання ў яе нацыянальнай самасвядомасці, павагі да гісторыі, культуры і традыцый беларускага народа з’яўляецца добраўпарадкаванне помнікаў і абеліскаў.

«Больш за 370 тысяч партызан аказвалі садзейнічанне Чырвонай Арміі. І моладзь Беларусі памятае гістарычныя падзеі, — заўважыў першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта грамадскага аб’яднання „Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі“ Раман Бандарук. — Моладзь бывае розная, але нас аб’ядноўвае гістарычнае мінулае. У кожнага з нас ёсць дзед ці прадзед, бабуля ці прабабуля — тыя людзі, якія са зброяй у руках абаранялі сваіх дзяцей, адстойвалі сваю Радзіму. Беларусь вельмі моцна пацярпела падчас Вялікай Айчыннай вайны, і наша галоўная задача — памятаць сваю гісторыю. Мы павінны ганарыцца нашымі продкамі і дзякаваць ім за тое, што сёння жывём пад мірным небам».

Раман Бандарук таксама паведаміў аб тым, што зараз маладыя людзі прымаюць актыўны ўдзел у навядзенні парадку на тэрыторыі воінскіх пахаванняў. «За намі замацавана даволі шмат такіх месцаў, — распавёў ён. — БРСМ цесна супрацоўнічае з Мінскай гарадской арганізацыяй ветэранаў. Мы нярэдка праводзім сумесныя грамадзянска-патрыятычныя і культурна-забаўляльныя мерапрыемствы. Маладыя людзі прыходзяць да ветэранаў і дапамагаюць у прыборцы тэрыторый. Самае галоўнае — мы маем жывыя зносіны, гатовыя выслухаць і ўдзяляць належную ўвагу нашым ветэранам».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага

Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама — пра сям'ю, любоў да Радзімы і бацькоўскія ўрокі.

Эканоміка

Час прыглядацца да крэдытаў

Час прыглядацца да крэдытаў

Пазыковыя сродкі зноў у пашане, бо рубель стабілізаваўся і заробкі растуць.