Упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы па Гомельскай вобласці — кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў азнаёміўся з ходам ўстаранення наступстваў урагану ў Гомельскай вобласці. З выездам на месца ён ацаніў аднаўленчыя работы на лесасеках ў раёнах вобласці.
Штаб па ліквідацыі наступстваў стыхіі з удзелам Юрыя Назарава распачаў сваю работу на базе Светлагорскага раёна. Як паведаміў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Андрэй Бараноўскі, на тэрыторыях, якія пацярпелі ад стыхіі ў рэгіёне працуюць 280 аднаўленчых брыгад, дадаткова прыцягнуты 130 чалавек з іншых абласцей. Але па-ранейшаму ёсць патрэбнасць у працоўных рэсурсах. Пастаўлена задача да канца тыдня вызначыцца з прыцягненнем дадатковых сіл і сродкаў для ўстаранення наступстваў стыхіі.
У рамках рабочага візіту Юрый Назараў азнаёміўся з ходам аднаўленчых работ у дзяржаўнай лесагаспадарчай установе «Васілевіцкі лясгас», які размешчаны на тэрыторыі Рэчыцкага, Калінкавіцкага і Светлагорскага адміністрацыйных раёнаў. Як зазначыў міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік, на Гомельшчыне, якая аказалася ў эпіцэнтры стыхіі, суцэльнай санітарнай рубцы падлягае звыш 10 тысяч гектараў лесфонду. Але даныя па маштабах пашкоджанняў яшчэ ўдакладняюцца. Для гэтых мэт у лясной гаспадарцы ў тым ліку задзейнічаюць квадракоптары, праводзіцца ацэнка непасрэдна пры абходзе тэрыторый леснікамі.
Галоўная задача — аператыўна распрацаваць пашкоджаныя ўчасткі, выканаць санітарныя рубкі ў тэрмін, не дапусціць страты тэхнічных якасцей драўніны, вызначыцца па ўсіх катэгорыях драўніны, яе захоўванні, размеркаванні і транспарціроўцы. У гэтай дзейнасці будуць задзейнічаны ў тым ліку прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам».
— У прыватнасці, на прыкладзе Светлагорскага ЦКК, — канцэрн далажыў, што гатовы штомесяц забіраць плюс 100 тысяч кубічных метраў балансавай драўніны. Так, разумеем — ёсць пэўная фінансавая нагрузка на прадпрыемствы, таму на ўзроўні міністра лясной гаспадаркі разгледзелі магчымасць адтэрміноўкі плацяжу. Прапрацавана тэма кошту драўніны, якая будзе адгружацца з пашкоджаных лесасек. Прынята правільнае, на мой погляд, рашэнне адпускаць яе па прэйскурантных цэнах — не больш як 5 працэнтаў, — падкрэсліў Юрый Назараў.
Упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы па Гомельскай вобласці — кіраўнік спраў Прэзідэнта падкрэсліў, што падчас ліквідацыі наступстваў стыхіі на лесасеках асаблівая ўвага пытанням бяспекі. Бо распрацоўка ветравальнага буралому — найцяжэйшая і небяспечная праца.
— Машынамі і тэхнікай замяняем небяспечную ручную працу. У раёнах працуюць сотні харвестараў і форвардэраў. З небяспечнай зоны мы прыбіраем вальшчыкаў, якія працуюць з бензапіламі. А на такой спецтэхніцы аператар працуе ў бяспечных умовах — гэта спецыяльная сканструяваная машына. Акрамя таго, пры ветры і дажджы вальшчык спыняе працу, харвестэр — не. Таму сілы мы разлічваем па колькасці механізмаў. На такой машыне па графіку працуюць два аператары. Чым больш у нас будзе задзейнічана механізмаў, тым менш спатрэбіцца брыгад у традыцыйным разуменні — з бензапіламі. Калі тэмпы работ будуць недастатковыя, то проста перакінем гэтую тэхніку з іншых рэгіёнаў, у нас іх дастаткова, — зазначыў упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы па Гомельскай вобласці.
Юрый Назараў нагадаў, што сітуацыя па ліквідацыі наступстваў і аднаўленні аб’ектаў і тэрыторый пасля стыхіі застаецца на асабістым кантролі кіраўніка дзяржавы.
— Немалаважнае пытанне — правільна размеркаваць сілы і сродкі, каб выканаць даручэнне Прэзідэнта і справіцца з пастаўленымі задачамі ў названыя тэрміны, — дадаў Юрый Назараў.
Падчас работы штаба па ліквідацыі наступстваў стыхіі на Гомельшчыне былі таксама абмеркаваны пытанні энергазабеспячэння. Работы па аднаўленні электрасетак вядуцца кругласутачна і да 1 жніўня будуць завершаны. У сваю чаргу міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч звярнуў увагу на падрыхтаваны галіновы план мерапрыемстваў па павышэнні надзейнасці работы электрасетак.
Так, у адпаведнасці з дакументам да канца года будзе праведзены маніторынг электрасеткавай інфраструктуры, выпрацаваны меры па павышэнні надзейнасці электрасетак, а таксама найбуйнейшых энергавузлоў краіны, якія забяспечваюць электразабеспячэнне прамысловых прадпрыемстваў. Падрыхтаваны праект указа па будаўніцтве новай высакавольтнай лініі электраперадачы Мікашэвічы — Петрыкаў — Мазыр, які цяпер праходзіць узгадненне з зацікаўленымі дзяржорганамі і ведамствамі. У рамках плана будзе таксама ацэнены тэхнічны стан рэзервовых ліній электраперадач і прааналізаваны магчымасці іх аднаўлення. Дакументам прадугледжаны і дадатковыя меры па пашырэнні прасек, якія прылягаюць да паветраных ліній электраперадачы 35-330 кВ, што дасць магчымасць звесці да мінімуму рызыкі аварыйных адключэнняў у час моцных ветравых нагрузак.
— Толькі ў Гомельскай вобласці плануецца дадаткова прадугледзець да 2029 года пашырэнне прасек уздоўж электрасетак сумарнай працягласцю 1,1 тысяч кіламетраў, — абазначыў Віктар Каранкевіч.
Наталля КАПРЫЛЕНКА,
фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.