Вы тут

Больш за тысячу прафсаюзных актывістаў дапамагаюць устараняць наступствы стыхіі


Большая частка прафсаюзнага актыву, безумоўна, задзейнічана ў найбольш пацярпелай вобласці — на Гомельшчыне. Пры гэтым сотні чалавек ад прафсаюзаў розных узроўняў працуюць і ў іншых рэгіёнах краіны, дзе надвор’е таксама нарабіла бед.


Фота БелТА

Напрыклад, у Брэсцкай вобласці прафактыў сумесна з працоўнымі калектывамі з першых дзён стыхіі актыўна наводзіў парадак на прадпрыемствах і ў арганізацыях: займаліся ўборкай тэрыторый, распілаваннем паваленых дрэў, разборам завалаў, аднаўленнем агародж і абшыўкай будынкаў. Да добраўпарадкавання тэрыторый, а таксама аказання дапамогі членам прафсаюзаў у аднаўленні дамоў аператыўна падключыліся і прафсаюзы Міншчыны. Расчыстка ад паваленых дрэў, вываз смецця і аднаўленне пашкоджаных будынкаў — вялікая частка работ па ўстараненні наступстваў ужо выканана. На суботнікі выходзяць і прафсаюзы Магілёўшчыны. Гэта навядзенне парадку не толькі на тэрыторыях арганізацый вобласці, але і дапамога ў добраўпарадкаванні населеных пунктаў, памятных месцаў і месцаў пахаванняў, расчыстка лясоў.

Трэба адзначыць, што прафсаюзнымі арганізацыямі падтрымка аказваецца там, дзе яна найбольш неабходная.

— Гэта адрасная дапамога пацярпелым сем’ям і работнікам. Напрыклад, Брэсцкая абласная арганізацыя прафсаюза работнікаў АПК толькі ў аграгарадку Лапаціна Пінскага раёна аказвае матэрыяльную падтрымку больш як 20 сем’ям работнікаў сельгасарганізацый. Фінансава дапамагае і прафсаюз работнікаў адукацыі Брэстчыны. Абласной арганізацыяй галіновага прафсаюза прынята рашэнне аб выдзяленні кожнаму члену прафсаюза, які пацярпеў ад стыхіі, дапамогі ў памеры 10 базавых велічынь. А Гомельская аб’яднаная прафсаюзная арганізацыя ААТ «Белаграпрамбанк» аказала матдапамогу ў памеры 3000 рублёў аднаму са сваіх работнікаў, у якога з-за ўрагану сур’ёзна пацярпеў дом, — расказалі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў. 

Таксама не засталіся ўбаку і першасныя прафарганізацыі філіялаў РУП «Брэстэнерга» — за кошт прафсаюзных сродкаў набыты прадуктовыя наборы, вада, тавары асабістага і бытавога прызначэння для брыгад, якія ўдзельнічалі ў аднаўленні энергазабеспячэння і ліквідацыі наступстваў урагану. У цэлым прафсаюз Белэнергатапгаз на гэтыя патрэбы накіраваў больш за 30 тысяч рублёў. Неабходную матэрыяльную падтрымку аказаў і прафсаюз работнікаў аховы здароўя — выдзелены сродкі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы Лунінецкай ЦРБ і Пінскай ЦБ.

Акрамя матэрыяльнай дапамогі, якая працягвае аказвацца і работнікам, чые дамы маюць патрэбу ў аднаўленні і рамонце, і арганізацыям, якія пацярпелі ад урагану, прафсаюзы падключаюцца да вырашэння і іншых пытанняў. Так, першасная прафсаюзная арганізацыя Рэгіянальнай дырэкцыі па Гомельскай вобласці ААТ «Белаграпрамбанк» перадала бензагенератар у Мазыр ў той час, калі там яшчэ вяліся экстранныя работы па аднаўленні энергазабеспячэння. У няпростых умовах сёння працуюць і аграрыі, у якіх уборачная кампанія ў самым разгары. Па хадайніцтве прафкама ў адной з гаспадарак Лунінецкага раёна было прынята рашэнне аб павелічэнні расцэнак для камбайнераў, занятых на ўборцы на палях з высокай палегласцю збожжа пасля ўрагану.

Прафсаюзы і надалей будуць падтрымаць людзей, якія апынуліся ў складанай сітуацыі, і аказваць ім пасільную дапамогу.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Культура

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.