Вы тут

Новы нумар «Полымя»: знаёмім з навуковымі росшукамі і дзелімся кніжнымі навінкамі


Разблытаць ніткі лёсаў герояў у аповесці, разабрацца з мінулым у новым рамане, павіншаваць з юбілеем класіка ды развеяць трывалыя міфы пра яго, аддаць даніну памяці знакавым падзеям беларускай гісторыі, пазнаёміць з навуковымі росшукамі ў галіне літаратуразнаўства, падзяліцца кніжнымі навінкамі, як звычайна, запрашае і свайго пастаяннага, і патэнцыяльнага — новага — чытача «Полымя» першым летнім чэрвеньскім нумарам.


У рубрыцы «Паэзія і проза» — завяршэнне рамана-версіі Віктара Праўдзіна «Непераможны злом». У гэтай частцы пасля развязкі трагічных паслярэвалюцыйных падзей мы «трапляем» у 1961 год, каб сустрэцца з некаторымі ўжо вядомымі героямі. А напрыканцы аўтар паведамляе, што ўвасоблены на старонках твора святар Канстанцін Жданаў з’яўляецца рэальным чалавекам, а значыць апісаныя нягоды маюць пад сабой рэальную аснову. Асоба Жданава была ўшанавана толькі ў нашым стагоддзі: у 2011 годзе ён быў кананізаваны Беларускай праваслаўнай царквой, а ў 2020 — уключаны ў Сабор навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай.

І царква, і рэлігія на працягу стагоддзяў знаходзіліся ў аснове светапогляду чалавека і выканалі фенаменальную ролю ў фарміраванні сучаснай культурнай Еўропы. У час змены фармацый пачатку мінулага стагоддзя менавіта гэтыя вызначальныя сферы жыцця як самыя кансерватыўныя зведалі на нашай зямлі жахлівую ломку. Сёння з улікам і беларускіх, і еўрапейскіх рэалій перспектыва захавання высокага статусу інстытута рэлігіі ў грамадскай свядомасці бачыцца пры ўмове самастойнага функцыянавання ў дзяржаве і своечасовай адаптацыі да сацыяльных змен.

Прозу прапаноўвае і Валянціна Драбышэўская — «кароткую аповесць» «Горкі цукар» (твор больш падобны на апавяданне, за межы якога выходзіць хіба што не зусім уласцівай гэтаму жанру «гульнёй» часавымі пластамі). У мастацкім тэксце паказваецца, якія глыбокія нашы карані на гэтай зямлі, як шмат выпадае перажыць за доўгае жыццё аднаму толькі чалавеку. Гістарычныя перыпетыі пераблытваюць-пераплятаюць, нярэдка трагічна, лёсы людзей, і часам на працягу зямнога шляху даводзіцца разблытваць гэтыя ніткі. Важна, як бачым з агульнай танальнасці аповесці, не адрачыся ад свайго мінулага і продкаў, якімі б яны ні былі, дараваць крыўдзіцелям і пазбавіцца прагі помсты — вось чаму вучыць чытачоў пісьменніца.

Людміла Лазута выступае з апавяданнем «Ты гавары, каб я ўбачыў яе зноў», якое ўяўляе сабой напачатку амаль што плынь успамінаў гераіні-апавядальніцы аб маладосці, калі былі малымі дзеці, калі была жывая маці, якую забрала цяжкая хвароба. Прыводзяцца цікавыя назіранні і маці, і самой гераіні на тэму жыцця ў гарадскіх шматпавярховых дамах, у новых умовах. Успаміны плаўна перацякаюць у апісанне паездкі да сваякоў, гасцяванне ў якіх выкрывае старыя сямейныя раны ваенных часоў — і гэтая аўтар разблытвае нейкія ніткі чалавечых лёсаў. Удумлівы, уважлівы чытач, калі сёння такія яшчэ засталіся, знойдзе ў апавяданні шэраг цікавых думак, якімі гераіня дзеліцца ва ўласцівай ёй спавядальна-інтымнай форме.

Анатоль Зэкаў у нізцы «У хату бацькаву вярнуся» знаёміць нас з шэрагам розных па тэматыцы вершаў. У адным з іх («Піва для Караткевіча») даволі арыгінальна глядзіцца алюзія на знакаміты твор класіка літаратуры «Заяц варыць піва». У Зэкава заяц таксама гатуе гэты напой, але мэта кухарства ўжо іншая — паправіць «здароўе» і настрой Уладзіміру Караткевічу, які напярэдадні доўга сядзеў за кілішкам з сябрамі. 

А ў творы «Калі жанчына плача...» лірычны герой кранальна прызнаецца: у тых слязах, што «б’юць па сэрцы, нібы чаргою з кулямёта», ён нязменна бачыць і сваю кроплю віны.

Яўген Хвалей выступае са сваёй «дэндральнай» падборкай пад назвай «Майскія дрэвы майго двара», натхнёнай часам вясенняга цвіцення. Звычайным людзям, занятым сваімі штодзённымі справамі-клопатамі, невядома, што і між дрэвамі адбываецца нікому не бачнае, але падгледжанае чулым паэтам узаемадзеянне — сасны з дубам, алычы з клёнам, язміна з абляпіхай.

Васіль Казачок дзеліцца думкамі пра сваё жыццё ў падборцы «Мілы сэрцу кут», дзе чытач знойдзе прыемныя ўражанні лірычнага героя ад сустрэчы з бацькамі, акунецца ў адухоўленую атмасферу Вялікадня, пранікнецца ўрачыстасцю зімовага надвор’я ці чаканнем моманту сустрэчы вясны. Завяршае нізку верш цвёрдай формы — «Трыялет», які таксама нагадвае пра халодную прыгажосць зімы. Але не варта думаць, што тэма не актуальная ў цяперашнюю гарачыню: дзень летняга сонцастаяння ўжо прамінуў — і па-здрадніцку хуткі час непрыкметна павярнуў нас да восені.

Рубрыка «Спадчына» працягвае знаёміць чытачоў «Полымя» з успамінамі Георгія Марчука, названымі «Божы дар. Раман-хроніка майго жыцця». Аўтар апавядае, як жаніўся, як ездзіў на семінар драматургаў у Рыгу і які каштоўны досвед прывёз адтуль, як наведваў Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў, вымушаны пакінуць каханую жонку з дачкой. Згадвае, як вывучаў філасофію — Платона, Арыстоцеля, Гегеля, Канта, Шапенгаўэра, Фрэйда, Ніцшэ, Юма, запісваючы асобныя цытаты ў сшытак. Шмат увагі надаецца вобразу бабулі — асэнсаванню ролі, якую яна выканала ў выхаванні аўтара, і болю невыносных страт, які было наканавана спазнаць у жыцці.

У аўтабіяграфіі маладыя аўтары знойдуць і параду, якая прачыняе дзверы ў творчую лабараторыю літаратара: «Для героя дастаткова бараніць свае ідэалы. Яго душа пастаянна працуе, яму цікава жыць, ён спачувае нялёгкаму жыццю чалавека і гатовы бескарысліва пайсці на дапамогу слабаму». 

У «Навуковых публiкацыях» размешчаны два артыкулы: першы належыць Дзмітрыю Юркойцю — «Спецыфіка даследавання тэмы будучыні ў творчасці заходнебеларускіх пісьменнікаў», другі Ігару Шаладонаву — «Здзяйсненне ўчынку як жыццёвы і творчы прынцып пісьменніка Васіля Быкава».

Тэма Заходняй Беларусі не губляе актуальнасці, пра што сведчыць публікацыя, дзе дэманструецца шырокі тэарэтыка-метадалагічны грунт яе распрацоўкі. А ў верасні ў сувязі з 85-годдзем з дня аб’яднання Беларусі ў Мінску адбудзецца канферэнцыя «Заходняя Беларусь (1921–1939) — гісторыя, культура, літаратурны рух — і сучасныя праблемы развіцця», да ўдзелу ў якой Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі запрашае спецыялістаў-гуманітарыяў.

Пазначаную фактам публікацыі артыкула Ігара Шаладонава вялікую для беларусаў і Беларусі дату — 100-годдзе з дня нараджэння Васіля Быкава не пакідае незаўважанай і Людміла Рублеўская. 

У рубрыцы «Юбілеі» яна прапаноўвае матэрыял пад назвай ««Як добра было б сядзець тут з мілым дзяўчом да ночы...», дзе ставіць на мэце разбіць міф пра пісьменніка як майстра выключна ваеннай прозы. Яна прыводзіць вялікія цытаты з аповесцяў і раманаў класіка з увасобленымі ў іх трапяткімі эпізодамі кахання, суперажывання, эстэтычнага захаплення, дэманструючы, як у таленавітых аўтараў кожны фрагмент можа быць незалежна каштоўным і цэласным.

У сувязі з юбілеем гістарычнай падзеі ў чэрвеньскім нумары да 80-годдзя вызвалення Беларусi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў», Уладзімір Паўлаў узнаўляе ў публікацыі «Маладая партызанская гвардыя» эпізоды летапісу Вялікай Айчыннай вайны. Размова ідзе пра змаганне спецыяльна створаных камсамольска-маладзёжных груп, узводаў, рот і атрадаў: паказваецца іх супраціўленне фашысцкай прапагандзе і вядзенне падрыўной дзейнасці. Аўтар пералічвае шмат імёнаў, суправаджаючы аповед ухвальнымі водгукамі пра патрыятычныя паводзіны маладых самаахвярных хлопцаў і дзяўчат.

У гэтай жа рубрыцы «Полымя» працягвае публікаваць успаміны пісьменніка, ветэрана айчыннай журналістыкі Міхася Шыманскага «Не пакінь нас, памяць». Тэкст здольны захапіць праўдзівасцю, шчырасцю перададзеных уражанняў — вось, напрыклад, як узнаўляецца выпадак часоў вайны: «Я падаю на зямлю і, аглушаны, паўзу на край пагорка, да густых маладых ялін. Разумею, што пад імі магу схавацца, але ці дабяруся? Бо самалёт кружыць над пагоркам, і ў небе не сціхае страшны гул, ад якога дрыжыць лес. Хто ведае, з якой мэтай так нечакана з’явіўся гэты самалёт, чаму робіць круг за кругам? А раптам кіне на нас бомбы ці разане з кулямёта...» Жахлівае здарэнне ў прыгожым урочышчы так запомнілася аўтару, што ён пасля баяўся хадзіць у гэтыя багатыя на ягады мясціны і не раз бачыў у сне самалёт, ад якога не паспявае схавацца, бо не ў стане зрушыцца з месца.

Міхась Шыманскі апісвае жахлівыя сітуацыі, як чалавек (бацька аўтара) баіцца чалавека (немца), вымушаны хавацца ва ўласным двары і хіба што цудам застаецца жывы. Галодныя гады нішчымніцы, спаленыя хаты, пасляваеннае жыццё ў бункеры — вось і ўсё, што нясе вайна простым людзям.

Кранальныя і радкі пра тое, што і ў самыя цяжкія хвіліны чалавеку хочацца жыць і атрымліваць пазітыўныя эмоцыі, нават вельмі парадаксальным спосабам: «А пакуль мы гулялі «ў сваю вайну». Прадбачу заканамернае пытанне некаторых чытачоў «Полымя»: як гэта маглі дзеці тады займацца такімі забавамі, калі ішла сапраўдная вайна — страшная, з пастаяннымі пакутамі, страхам, расстрэламі, смерцю?.. Ніякай логікі не было ў такіх дзеяннях. Я і сам цяпер здзіўляўся б тым дзіцячым гульням, калі б асабіста ў іх не ўдзельнічаў». Аўтар расказвае пра асабістае цікава, не хаваючы нічога, каб чытач атрымаў праўдзівае ўяўленне пра тое, што такое вайна.

У рубрыцы «Памяць» Дзмітрый Радзівончык публікацыяй «Светлы дзень паэтэсы Ірыны Данік» знаёміць чытача з малавядомай пісьменніцай, якая пайшла з жыцця шэсць гадоў таму, пакінуўшы адзіны зборнік вершаў «Мой светлы дзень». Звернута ўвага на кантраст, які ўтвараюць сама паэтэса як светлы і жыццярадасны чалавек і яе лірычная гераіня са сваімі трывогамі, сумневамі, якімі шчодра дзеліцца, блукаючы ва ўнутраным космасе. Недзе на перасячэнні вобліку рэальнай паэтэсы і створанага ў рыфмаваным слове вобраза, відаць, і варта шукаць сапраўдную асобу.

Рубрыка «Спадчына» працягвае знаёміць чытачоў «Полымя» з успамінамі Георгія Марчука, названымі «Божы дар. Раман-хроніка майго жыцця». Аўтар апавядае, як жаніўся, як ездзіў на семінар драматургаў у Рыгу і які каштоўны досвед прывёз адтуль, як наведваў Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў, вымушаны пакінуць каханую жонку з дачкой. Згадвае, як вывучаў філасофію — Платона, Арыстоцеля, Гегеля, Канта, Шапенгаўэра, Фрэйда, Ніцшэ, Юма, запісваючы асобныя цытаты ў сшытак. Шмат увагі надаецца вобразу бабулі — асэнсаванню ролі, якую яна выканала ў выхаванні аўтара, і болю невыносных страт, які было наканавана спазнаць у жыцці.

Часопісная «Кнiгарня» ў чэрвені, як звычайна, таксама поўная навінак, з адной з якіх знаёміць чытача Алесь Карлюкевіч. Размова ідзе пра манаграфію гісторыка Аляксандра Бараноўскага «Віцебская губерня ў дзяржаўным будаўніцтве Савецкай Беларусі». Рэцэнзент прызнаецца: «Звяртаючыся да іх біяграфій, усведамляючы, хто, з якім палітычным, дзяржаўным, жыццёвым вопытам стаяў за прыняццем тых ці іншых рашэнняў, быў іх выканаўцам, глядзіш на гісторыю зусім іначай, дадаеш пэўных уяўленняў і вобразнасці». На думку аўтара публікацыі, мастацкія творы 1920-х і тым больш пазнейшых гадоў не адлюстроўваюць усёй складанасці працэсу фарміравання тэрыторыі Беларусі, таму кніга здольна стаць апорай для сучасных пісьменнікаў, якіх цікавіць гісторыя. Між іншым, мяркуючы па апошніх мастацкіх творах у «Полымі» ў жанрах буйной прозы, ахоплены ў кнізе даследчыка перыяд якраз карыстаецца папулярнасцю ў аўтараў, якія спрабуюць разгледзець у ім паралелі з днём сённяшнім.

Васіль Шырко ў рэцэнзіі «Пакручастыя дарогі кахання» на кнігу Яўгена Хвалея «Даруй, каханая» робіць спойлер сюжэта, цікавага і займальнага, — гэта заўсёды было вызначальным для пісьменніка. Рэцэнзент прызнаецца ў нечаканасці здзейсненага Хвалеем пераходу да прозы — «чорнага хлеба» літаратуры, але радуецца, паколькі менавіта гэтая дзялянка аказалася настолькі паспяховай, што асобныя з кніг перавыдаваліся да пяці разоў.

Наталля БАХАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Медыя

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.

Гандаль

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.