Вы тут

Свет жанчыны з іншага ракурсу — у DK адкрылася персанальная выстаўка


У мастацкай галерэі DK адкрылася персанальная выстаўка Міхаіла Дайліды «Мяккая архітэктура» — гэта спроба аўтара выйсці за прывычныя межы, паказаць гледачам не звычайныя малюнкі з натуры, а сюррэалістычную гіпербалізаваную экспрэсію.


Міхаіл Дайліда скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (факультэт дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва) у 2014-м, а ўжо з 2022-га з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў. У сваіх работах адлюстроўвае навакольную рэчаіснасць. Аўтар аддае перавагу традыцыйным жанрам, аднак часта стылізуе звыклыя формы. Працуе ў змешанай тэхніцы. На карцінах Міхаіла Дайліды можна заўважыць і просты аловак, і гелевыя ручкі. Сам творца жартуе, што працуе ў жанры канцылярскі рэалізм.

Галоўная тэма выстаўкі «Мяккая архітэктура» — жанчына, жаноцкасць, усе віды і формы яе праяўлення ў рэальным жыцці. Важная і незвычайная дэталь, якая з’яўляецца своеасаблівай візітнай карткай мастака, —гэта адсутнасць подпісаў пад творамі. Аўтар быццам прапаноўвае пафантазіраваць, знайсці ўласныя сэнсы і новых лірычных герояў. Аднак на выстаўцы ўсе лірычныя героі аб’яднаны па гендэрным прынцыпе — яны жанчыны. Мы не ведаем іх ролі, не бачым ніякіх дэталяў, якія паказваюць іх жыццёвы вопыт, не здагадваемся пра мінулае ці будучае гераінь. Толькі яркі вобраз жаночага цела, праз які мастак адлюстроўвае сапраўдную паэзію жыцця.

Невыпадкова выстаўка называецца «Мяккая архітэктура», бо сілуэты жаночых фігур паўтараюць абрысы прыроды, якую людзі здаўна шанавалі і якая ва ўсіх легендах і паданнях паўставала перад простымі смяротнымі ў выглядзе прыгожай і моцнай багіні. Работы не аб’ектывізуюць, не сексуалізуюць жанчын, а наадварот, праз цікавыя формы і яркія колеры паказваюць розную «архітэктуру» жаночага цела, дзе амаль кожная наведвальніца можа пазнаць сябе. Мастак увасобіў розных жанчын: дужых і крохкіх, поўных і худых, маладых і сталых. Такая разнастайнасць спрыяе лепшаму адлюстраванню сапраўднага жыцця, дзе кожны чалавек — індывідуальнасць.

Неафіцыйны дэвіз выстаўкі: «Не ставіць сабе ніякіх межаў у сэнсе мастацкіх дасягненняў. Заўсёды карыстацца ўсімі сучаснымі заваёвамі і адкрыццямі ў мастацтве». І творчасць Міхаіла Дайліды цалкам адпавядае гэтаму. Работы выкананы ў змешанай тэхніцы, з дапамогай пастэлі. З-за абранага матэрыялу на паверхні карціны застаюцца лёгкія тэкстурныя штрыхі, што дадае «паветра» і аб’ём у агульную архітэктуру малюнка. Колеровая палітра пастэлі вельмі разнастайная, а пігменты застаюцца яркімі на доўгі час. Матэрыял такі ўнікальны, што з яго дапамогай можна ствараць як графічныя работы, так і жывапісныя карціны.

Такое спалучэнне графікі і жывапісу можна заўважыць у работах Міхаіла Дайліды. Багацце колераў, іх насычанасць надаюць творам яркую эмацыянальную афарбоўку, а цвёрдыя графічныя лініі падкрэсліваюць аб’ём і лёгкасць малюнка. Работы можна аднесці да экспрэсіянізму. Мастак умела эксперыментыруе з формамі і колерамі, адлюстроўваючы цесную сувязь чалавека з прыродай.

У экспазіцыі можна знайсці некалькі аднолькавых твораў, выкананых у розных адценнях. Гэта дае магчымасць паразважаць над схаванай трактоўкай, знайсці свой сэнс. Творы паказваюць, што аднаго і таго ж чалавека можна ўявіць у розных амплуа. 

Нягледзячы на выбраны мастаком жанр, характэрнай рысай якога з’яўляецца адлюстраванне самых негатыўных эмоцый — болю, страху і пакут, творы Міхаіла Дайліды нясуць аптымістычны настрой.

Прыгажосць жанчыны — дастаткова папулярная тэма ў мастацтве, аднак Міхаіл Дайліда прапануе паглядзець на яе з іншага ракурсу, убачыць нешта большае, чым проста цела, прасачыць міфалагічную сувязь паміж жанчынай і светабудовай.

Выставачны праект «Мяккая архітэктура» у DK Gallery будзе экспанавацца да 28 ліпеня.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым парадуе «Наш дом»?

Чым парадуе «Наш дом»?

Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.