Вы тут

Гэты тэатр — для маладых душой


Тэатр пачынаецца... З таго, што ў некага з’яўляецца моцнае жаданне яго ствараць. Каб узнік зусім новы тэатр, такі, якога пакуль яшчэ ў горадзе ды ў рэспубліцы не было, дзе можна было б размаўляць з гледачом на розныя, нават самыя няпростыя, тэмы, з сучасным падыходам. Такімі думкамі ў тым ліку кіраваліся асобы, якія ў свой час ухвалілі рашэнне пра стварэнне ў Мінску Маладзёжнага тэатра. Тады працавалі Купалаўскі, Рускі драматычны, Тэатр лялек, ТЮГ... Моладзь магла хадзіць у любы тэатр, на любыя спектаклі. Але чаму б ёй не ўдзяліць больш увагі і працаваць з ёй мэтанакіравана — праз тэатр?.. Гэта было крыху больш за 40 гадоў таму: 18 ліпеня 1984 года была прынята Пастанова Савета Міністраў БССР аб стварэнні Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра БССР, а першая прэм’ера адбылася амаль праз два гады дзякуючы галоўнаму рэжысёру Рыгору Баравіку. Урачыстае адкрыццё Маладзёжнага тэатра адбылося 19 лістапада 1986 года, і пачаўся першы тэатральны сезон.

Час быў няпросты, вірлівы: мянялася парадыгма існавання краіны, а ідэі, якімі кіраваліся людзі, праходзілі праверку на трываласць — адны адыходзілі, новыя авалодвалі масамі. І тэатральны глядач станавіўся іншым, асабліва малады. Ён задаваў больш пытанняў, гатовыя адказы не прымаў на веру адразу, а сам хацеў думаць, шукаць і пераконвацца, знаходзіць варыянты і аналізаваць: а што сапраўды патрэбна для чалавечага існавання? Змены ў грамадстве наспявалі паступова і адбыліся даволі імкліва — новаствораны тэатр павінен быў упісацца ў той час (разам з глядацкай аўдыторыяй, таму што моладзь больш гатовая да нечага новага). 

Як гэта тады было, маглі б распавесці артысты, якія склалі тады касцяк трупы. Нехта перайшоў з мінскага Тэатра юнага гледача, былі выпускнікі Тэатральна-мастацкага інстытута (майстэрня славутага педагога і тэатразнаўца Аляксандра Бутакова). Пачатак нейкай справы заўсёды ўтрымлівае дух рамантыкі. У дадзеным выпадку новаствораная трупа даказвала: тэатр — гэта артысты, а не будынак. Таму што рэпеціраваць даводзілася дзе толькі было можна, абы была сцэна. У свой будынак засяліліся восенню 1987 года, і насамрэч даволі доўга Маладзёжны тэатр звязваўся ў гледача з будынкам былога сталічнага кінатэатра «Спартак», дзе месціўся некаторы час. 

Шмат хто з акцёраў, якія стаялі каля вытокаў тэатра, аказаліся яму вельмі адданыя: у Маладзёжным дагэтуль працуюць Аляксандр Шароў, які за гэты час стаў заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь, Ганна Лавухіна, Раіса Сідорчык, Алена Хрысціч, Наталля Падвіцкая... Яны могуць распавесці і пра розныя этапы жыцця тэатра, падзеі, якія адбываліся не толькі пад уплывам грамадскіх працэсаў, але і са зменай творчага кіраўніцтва калектыву. Таму што першага галоўнага рэжысёра Маладзёжнага тэатра Рыгора Баравіка ўжо ў 1988 годзе змяніў Барыс Луцэнка. Ён працягнуў тую ж лінію — уключаць творы айчынных аўтараў у рэпертуар, але пашырыў яго за кошт замежнай драматургіі. А вось яго наступнік Віталь Катавіцкі паказаў магчымасці трупы працаваць не толькі з розным матэрыялам, але і спрабаваць розныя формы, эксперыментаваць. Ён прыйшоў у Маладзёжны тэатр на пачатку 1991-га і больш чым за дзесяць гадоў на пасадзе галоўнага рэжысёра здолеў стварыць адметны імідж: у гэты тэатр ішлі тыя, хто шукаў небанальнага і чакаў наватарства. Упэўнена, што ў Мінску і наогул у Беларусі знойдуцца тэатралы, якія дагэтуль успамінаюць нашумелую пастаноўку «Яго сны» паводле Сальвадора Далі. Але былі і іншыя заўважныя спектаклі, вельмі не падобныя на традыцыйныя. Праўда, гэта быў час, калі пошук сэнсаў і спосабаў выказвання стаў трэндам (але ж не кожны тэатр і рэжысёр мог дазволіць сабе рызыкаваць). Быць наватарам, быць сабой — вельмі няпроста. Асабліва, калі тэатр расце і сталее разам з публікай... 

Новы кіраўнік прыўнёс новыя павевы. У 2003 годзе ў тэатр прыйшоў народны артыст Рэспублікі Паўночная Асеція — Аланія Мадэст Абрамаў. Як мастацкі кіраўнік ён вызначыў курс развіцця тэатра: быць бліжэй да людзей. Гэта быў перыяд, калі Маладзёжны стаў больш глядацкім. Рэпертуар у той перыяд пашыраўся галоўным чынам за кошт класікі — рускай і замежнай, бо рэжысёр аддаваў перавагу традыцыйнаму псіхалагічнаму тэатру. 

У артыстаў з’явілася больш магчымасцей раскрыцца. Пасля сыходу Абрамава глядацкая лінія захоўвалася. І яна ўжо не абмяжоўвалася пэўнымі ўзроставымі крытэрыямі. А з цягам часу пра тэатр сталі гаварыць больш шырока — «для тых, хто малады душой». Такі — шырокі — падыход да работы з гледачом асабліва дапамог, калі пачалася рэканструкцыя будынка былога кінатэатра, дзе месціўся тэатр: і, як у пачатку, зноў былі «на выселках», па чужых кутах і сцэнах. І так некалькі гадоў. Але ж калектыў усё перажыў, працягваў працаваць і захаваўся.

Затое, калі пераехаў у новы будынак, гледачы прыйшлі ў Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр нібыта знаёміцца наноў. Былы Дом культуры Будтрэста № 1 прыняў калектыў тэатра на пастаяннае жыхарства восенню 2014 года. І гэтае памяшканне пасля свежага рамонту было зусім іншае ў параўнанні з тым, з якім асацыіравалі «маладзёжку» дагэтуль. Сціпласць і камернасць змяніліся прасторавай і знешняй пампезнасцю. Вось жа сапраўдны тэатр, тут можна правесці прыемны вечар: фае з камінам, даволі вялікая глядзельная зала з пазалочанай аздобай, крэслы, абабітыя бардовым аксамітам...

А яшчэ дадатковая сцэна — для рэпетыцый і пры неабходнасці для паказу спектакляў. Цяпер яна працуе як малая сцэна, дзе праходзяць пастаноўкі, створаныя ў іншым ключы. Бо якімі б станоўчымі ні былі паказчыкі, што сведчаць пра блізкасць да гледача і запатрабаванасць спектакляў, у творчых людзей жыве ахвота спрабаваць і дэманстраваць сваё мастацтва. Напрыклад, адна з асаблівасцей «маладзёжкі», што адрознівае ад іншых тэатраў, — гэта наяўнасць сучасных харэаграфічных пастановак, таму што ў складзе трупы больш за дзесяць гадоў існуе адметная частка, скіраваная на развіццё асобнага кірунку. Адной з прэм’ерных пастановак у гэтым ключы, напрыклад, напрыканцы тэатральнага сезона стала пластычная «Шынель» паводле Гогаля. У той час, як на вялікай сцэне прадставілі «Рок-н-рол на захадзе» — з шэрагу тых, што разлічаны на шырокую глядацкую аўдыторыю. А яшчэ на малой сцэне ставіліся спектаклі паводле беларускай драматургіі, не пазбаўленыя духу наватарства, інтэрактыву і больш блізкіх зносін з гледачом (таму што адлегласці ад яго тут амаль няма). Ну, вось у наяўнасці ўсё, што трэба для жыцця... Але ў тэатра цяпер зноў асаблівы этап, калі шмат чаго трэба асэнсаваць. Здаецца, гэта час чарговых пошукаў творчага кірунку для развіцця. 

Што ж, 40 гадоў — узрост, калі шмат ужо давялося ўсвядоміць, і пры гэтым хапае вастрыні ўспрымання і энергіі, каб узрушыць эмацыянальна (згадайма веснавую прэм’еру «Тут была Клара»). Чым здзівіць Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр, які мае званне заслужанага калектыву краіны, — пабачым ужо ў новым сезоне.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.