Вы тут

На апошніх рубяжах роднай зямлі


У пачатку месяца свабоднымі ад фашысцкай навалы былі ўжо сталіца, усе абласныя гарады, а тут працягваліся жорсткія баі, гінулі людзі. На вызваленне цяперашняй тэрыторыі Брэстчыны спатрэбілася больш чым тры тыдні. Але ж усе ведалі: Чырвоная Армія на падыходзе, вораг адсоўваецца на захад.


Помнік у вёсцы Воўчын.

Адстаяць Кобрын дапамагалі партызаны

20 ліпеня свае сцягі залуналі ў тагачасных Кобрынскім і Дзівінскім раёнах. Кобрын быў вызвалены ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі войскамі 1-га Беларускага фронту. Часці і злучэнні, якія вызначыліся пры вызваленні Кобрына — такіх было дванаццаць — атрымалі ганаровае найменне «Кобрынскія». «У вызваленні раёна ўдзельнічалі злучэнні 9-га гвардзейскага стралковага корпуса 61-й арміі — 12-я Пінская гвардзейская (палкоўнік Д. К. Малькоў) і 212-я Крычаўская (палкоўнік У. Г. Кучынеў) стралковыя дывізіі, частка сіл 271-й начной бамбардзіровачнай авіяцыі дальняга дзеяння (падпалкоўнік К. І. Расказаў) 16-й паветранай арміі», — гэта радкі афіцыйнай хронікі вызвалення, якія можна прачытаць на сайце Брэсцкага аблвыканкама.

Зранку 20 ліпеня вайскоўцы фарсіравалі раку Мухавец і з поўдня і ўсходу ўварваліся ў горад... Бой з праціўнікам працягваўся чатыры гадзіны, у выніку вораг быў выбіты са старажытнага Кобрына. А за некалькі дзён да гэтага армію пачалі актыўна падтрымліваць партызаны. Сведчаннем таму — цэлы шэраг дакументаў, якія знаходзяцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. У кнізе «Памяць. Кобрынскі раён» прыводзіцца пісьмо камандавання вайсковай часці № 91071 камандзіру партызанскага атрада імя І. П. Паставалава брыгады імя Чапаева М. Ф. Якуніну з аб’яўленнем падзякі за аказаную дапамогу воінам часці пры вызваленні Кобрынскага раёна:

«18 ліпеня 1944 г. Пры выкананні часцю 91071 баявога задання вамі і асабовым складам вашага атрада была аказана вялікая дапамога нашай часці. Пры садзейнічанні вашых праваднікоў часць па бездарожжы і балоцістых мясцінах нечакана ўвайшла ў сутыкненне з ворагам і выбіла яго з займальных пазіцый. За дапамогу, аказаную часці ў справе разгрому нямецка-фашысцкіх захопнікаў, вам і асабоваму складу вашага атрада ад імя вайсковай часці № 91071 выношу падзяку. Камандзір вайсковай часці падпалкоўнік Вячтомаў Начальнік штаба маёр Калмыкоў».

Доўгая дарога да міру ў Дзівіне

На наступны дзень часцямі той жа 212-й стралковай дывізіі быў вызвалены тагачасны райцэнтр Дзівін. Пра Дзівін (цяпер аграгарадок у складзе Кобрынскага раёна) варта сказаць асобна. Вызваленне мястэчка не зрабіла яго свабодным, як іншыя гарады і вёскі рэгіёна. Доўгачаканы мір доўга не наступаў. У мясцовых лясах заселі атрады ўкраінскай паўстанцкай арміі (УПА). Яшчэ і пасля Перамогі здараліся баі, бандыцкія вылазкі з ахвярамі.

У кнізе мясцовага краязнаўца Антона Брыштэна «Успаміны пра былое» сабраны сведчанні многіх людзей. Аўтар піша, што фронт абышоў тутэйшыя балоты. Часці Чырвонай Арміі хутка рухаліся на Кобрын і Маларыту, а невялікія населеныя пункты яны займалі без бою ды ішлі далей. Але ж, напрыклад, у вялікай вёсцы Павіцце, побач з Дзівінам, украінскія нацыяналісты стаялі да пачатку жніўня, пакуль іх не выбілі войскі МДБ і партызаны.

Паліна Васілюк з выхаванцамі каля помніка ў Высокім.

У першых чыслах жніўня па вёсках Дзівінскага раёна жорстка прайшлася бандыцкая група УПА, якая налічвала да 400 чалавек. Бандыты былі добра ўзброены, яны праводзілі прымусовую мабілізацыю сярод мясцовага насельніцтва і папаўнялі свае шэрагі. 17 верасня нахабная выхадка бандытаў скалынула Дзівін. У кінатэатры райцэнтра паказвалі савецкую кінакарціну. І раптам над галовамі гледачоў паляцелі кулі, якія траплялі ў экран, рыкашэцілі ў розныя бакі. Гэта была акцыя запужвання. Як высветлілася потым, так забаўляліся п’яныя бандыты. Тым часам іх таварышы распраўляліся з актывістамі ў навакольных вёсках. А 21 верасня ўзброеныя бандыты моцна збілі касіра Дзівінскага райспажыўсаюза Ігната Данілюка. Праз два дні быў забіты начальнік пашпартнага стала Дзівінскага райаддзела міліцыі. Злыдні доўга трымалі ў страху мясцовае насельніцтва. Асобныя іх вылазкі на Палессі працягваліся да канца 40-х гадоў. Але ж паступова вярталіся з вайны мабілізаваныя ў 1944-м годзе дзівінцы і адбудоўвалі мірнае жыццё.

Помнік вызваліцелям  у цэнтры Кобрына.

Маларыту вораг пакінуў без бою

20 ліпеня быў вызвалены яшчэ адзін раённы цэнтр — Маларыта. Наступленне 70-й арміі 1-га Беларускага фронту, у выніку якога быў вызвалены Маларыцкі раён, пачалося 17 ліпеня. Камандзір 76-й гвардзейскай стралковай дывізіі генерал-маёр А. В. Кірсанаў пісаў у сваіх успамінах: «Ваенны савет 70-й арміі прыняў рашэнне сканцэнтравацца 114-му корпусу ў складзе 160-й і 76-й стралковых дывізій на ўсходнім беразе Прыпяці на рубяжы Паджэча — Жэчыца — Камарова. У 4 гадзіны 17 ліпеня пачалася артпадрыхтоўка, падчас якой батальёны на паромах, штурмавых мосціках і ўброд перапраўляліся на заходні бераг. Да канца дня, адбіваючы шматлікія контратакі непрыяцеля, нашы падраздзяленні прайшлі ўперад на 7 кіламетраў. Паспяхова фарсіраваўшы Прыпяць, дывізія ва ўзаемадзеянні са 160-й справа і 38-й дывізіямі злева развівала наступленне. 19 ліпеня часці сустрэлі моцнае супраціўленне ворага каля вёскі Макраны на ковельскай шашы. Іншыя падраздзяленні, перайшоўшы яе, у другой палове дня перамясціліся на правы фланг і трыма батальёнамі пад камандаваннем Г. А. Моладава, П. К. Макавецкага і Агішава атакавалі Макраны. У ноч на 20 ліпеня вораг быў выбіты з вёскі.

Працягваючы пераследаваць праціўніка, палкі дывізіі на працягу ночы прайшлі яшчэ 15 кіламетраў. Паспяховы манеўр 237-га (камандзір Ю. М. Кусенка) з поўначы ў абход Маларыты і актыўныя дзеянні 239-га (камандзір М. Г. Горб) палкоў у абход Маларыты з поўдня і паўднёвага захаду прымусілі ворага ў першай палове дня 20 ліпеня пакінуць раённы цэнтр і без бою адысці ў напрамку Гвозніцы.

Помнік у Маларыце.

Часці дывізіі, падаўляючы супраціўленне, на досвітку 21 ліпеня выйшлі да ракі Заходні Буг і адразу прыступілі да фарсіравання ракі. У Маларыцкім раёне з хлебам і соллю сустракалі воінаў-вызваліцеляў. У вёсках збіраліся людзі вакол савецкіх воінаў, салдат частавалі, чым маглі».

Гэта вытрымка з успамінаў генерал-маёра Кірсанава, камандзіра згаданай 76-й дывізіі. Ён пакінуў цікавыя і каштоўныя мемуары. Цікавая і асоба генерал-маёра, лёс якога пасля вайны звяжа з Беларуссю. Пра военачальніка-вызваліцеля захоўваюць памяць у Маларыце. Звесткі пра яго можна знайсці ў раённай бібліятэцы.

Военачальнік-вызваліцель Кірсанаў

Герой Савецкага Саюза Аляксандр Васільевіч Кірсанаў нарадзіўся ў 1898 годзе ў Казані ў сям’і кустара-рамесніка. Вучыўся ў Казанскім рэальным вучылішчы, затым у настаўніцкай гімназіі. Баявая біяграфія чырвонага камандзіра пачыналася не зусім звычайна. Выпускніка гімназіі ў 1918 годзе мабілізавалі ў артылерыю Калчака. Паваяваць на баку белых асабліва не паспеў, трапіў у палон да чырвонаармейцаў. Пасля кароткай палітпадрыхтоўкі 20-гадовага хлопца залічылі ў 29-ю стралковую дывізію Блюхера. Воінам ён аказаўся адважным, у 1922 годзе яго ўжо прынялі ў партыю бальшавікоў. У міжваенны перыяд атрымаў ваенную адукацыю, працягваў служыць.

Вайну сустрэў камандзірам 422-га гаўбічнага артылерыйскага палка 157-й дывізіі Паўночна-Каўказскай ваеннай акругі. З верасня 1941 года ваяваў на Паўднёвым, Сталінградскім, Цэнтральным і Беларускім франтах. Удзельнічаў у бітвах пад Адэсай, у Крыму, на Курскай дузе. У 1943 годзе Кірсанаву прысвоена званне генерал-маёра за тое, што 76-я гвардзейская дывізія пад яго камандаваннем вызваліла горад Чарнігаў. Героем Савецкага Саюза стаў у 1944 годзе. А 24 чэрвеня 1945 года ўдзельнічаў у Парадзе Перамогі. У 1949 годзе таленавіты ваеначальнік накіраваны ў ваенную акадэмію Генеральнага штаба, але яе выпускнік у 1951 годзе едзе ўсяго толькі кіраваць курсамі ўдасканалення каманднага саставу паветрана-дэсантных войск у Рыбінску. А ў 1955 годзе атрымлівае накіраванне ў Беларусь, становіцца начальнікам ваеннай кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. З 1963 па 1974 год Аляксандр Кірсанаў працуе прарэктарам БДУ. Памёр ён 16 лістапада 1994 года. Пахаваны на Усходніх могілках Мінска. На доме па вуліцы Старажэўскай у Мінску, дзе пражываў герой вайны, адкрыта мемарыяльная дошка.

Храм у Амелянцы, на званіцы якога  сядзеў савецкі карэкціроўшчык агню.

Жорсткія баі за Высокае і навакольныя вёскі

А вось невялікі горад Высокае вызвалялі з вялікімі баямі і вялікімі стратамі. Тады Высокае таксама было райцэнтрам, цяпер гэты пяцітысячны населены пункт у Камянецкім раёне мае статус горада. У Высокім шануюць памяць сваіх вызваліцеляў. Матэрыялы захоўваюць у музеі Высокаўскай сярэдняй школы, іншых установах. Шмат гадоў даследчую краязнаўчую работу са сваімі выхаванцамі праводзіць педагог Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Высокае Аліна Васілюк.

Педагог расказала, што ў вызваленні горада ўдзельнічала нават конна-механізаваная групоўка войск: «17-23 ліпеня паласа ўздоўж шашы на ўчастку ад Пружан да Высокага стала эпіцэнтрам бесперапынных атак. Конна-механізаваная група генерала І. А. Пліева пачала сваё імклівае наступленне. 18 ліпеня яна выбіла гітлераўцаў з вёскі Відамля, гэта ў 28 кіламетрах ад Высокага, і заняла важнае скрыжаванне дарог (Пружаны — Высокае, Брэст — Белавежская пушча). У той жа дзень чыгуначныя пуці Брэст — Беласток былі перарэзаны 9-й і 30-й кавалерыйскімі дывізіямі, якія ажыццявілі моцны рывок на захад і дасягнулі ракі Заходні Буг. Часці пад камандаваннем генерала Пліева з поўначы абышлі брэсцкі ўмацавальны раён і першымі на заходнім напрамку выйшлі на дзяржаўную мяжу. Але вораг не спяшаўся здавацца, германцы кінулі сюды аператыўныя рэзервы. У выніку 18–21 ліпеня конна-механізаваная група трапіла ў акружэнне і вяла цяжкія баі на плацдарме недалёка ад вёскі Ставы.

Праз тры дні цяжкіх баёў 21 ліпеня конна-механізаваная група, якая знаходзілася ў тыле ворага на левым беразе Заходняга Буга, выйшла з акружэння. Генерал Пліеў павёў падраздзяленні на прарыў без артылерыйскай падрыхтоўкі цёмнай дажджлівай ноччу. Апошняе стала поўнай нечаканасцю для гітлераўцаў.

Тым часам злучэнні 65-й арміі паспяхова вялі баі паблізу ад вёсак Вярховічы, Амельянец, чыгуначнай станцыі Высока-Літоўск. Вораг чапляўся за кожны рубеж, тым самым стрымліваў наступленне Чырвонай Арміі, уводзіў новыя рэзервы. Але ў выніку сумесных удараў 28-й і 70-й арміі, а таксама 1-га механізаванага корпуса войскі 1-га Беларускага фронту 28 ліпеня дасягнулі Заходняга Буга, акружылі і ліквідавалі магутную групоўку праціўніка. У гэты ж дзень 54-я стралковая дывізія пад камандаваннем генерал-маёра М. М. Данілава і 152-я стралковая дывізія пад камандаваннем палкоўніка А. Ц. Кузіна ачысціла ад ворага горад Высокае і найбліжэйшыя вёскі Агароднікі, Воўчын, Макарава, Залессе, Мачулішчы, Навасёлкі і іншыя населеныя пункты. Такім чынам завяршылася вызваленне Высокаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

Генерал-маер Кірсанаў,  камандзір 76-й гвардзейскай стралковай дывізіі, якая вызваляла Маларыту.

Памяць жыве ў кожнай вёсцы

За гэтымі сціслымі радкамі дакументальнай хронікі трагедыі, смерці, шчаслівыя лёсы і радасць вызвалення. Як ужо гаварылася, вораг чапляўся за кожны рубеж. Жорсткія, кровапралітныя баі вяліся за вёскі Вярховічы, Амелянец. Мужныя пехацінцы 65-й арміі адстойвалі гэтыя вёскі. У Амелянцы да гэтай пары жыве памяць пра адважнага карэкціроўшчыка агню, які сядзеў на званіцы храма, а кулі і снарады праляталі міма. Аўтару гэтых радкоў пра яго год таму расказвала стараста вёскі Ніна Васілюк. Успаміны сталых людзей яна захоўвае ў адмысловым сшытку. А вось прозвішча байца не захавалася, старажылы толькі добра запомнілі, што савецкі карэкціроўшчык агню хаваўся на званіцы, лінія фронту праходзіла паблізу. Яго нейкім чынам немцы заўважылі, хацелі ліквідаваць, старанна абстрэльвалі храм.

Але — цуд: усё навокал разбілі, толькі ніводная куля, ніводзін снарад не даляцелі да цэлі. Казалі нават, што той салдат спусціўся ўніз пасівелы.

— Яно і зразумела, — разважае Ніна Паўлаўна, — тут жа ўсё як на далоні, любы снарад мог разнесці драўляную званіцу на дробныя кавалкі. А яны ўсе ляцелі міма, адно тлумачэнне засталося — Бог збярог.

Яшчэ больш сталі шанаваць вяскоўцы свой храм пасля таго, як напісалі ліст маршалу Жукаву, а той у адказ перадаў вясковаму прыходу званы, якія ўжо без малога 80 гадоў склікаюць сваіх вернікаў, абвяшчаюць пра святы.

А ў згаданай вёсцы Мачулішчы ўсе гады вайны жыла сям’я лейтэнанта Чырвонай арміі Рыгора Папова, які загінуў у першыя дні фашысцкай агрэсіі. Праскоўя Папова з дзецьмі хавалася ў сям’і беларусаў Абрамчукоў. Сем’і савецкіх афіцэраў акупанты не шкадавалі. Для іх вызваленне азначала жыццё і вяртанне на радзіму, у Ніжні Ноўгарад. Падобных альбо іншых гісторый хапае ў кожнай вёсцы высокаўскай зоны.

У цэнтры Высокага ў гарадскім скверы знаходзіцца брацкая магіла. Там знайшлі спачын 40 воінаў і тры партызаны, якія загінулі ў баях за вызваленне Высокага. У 1955 годзе на магіле ўстаноўлены абеліск. Ёсць падобныя помнікі ў навакольных вёсках. Іх жыхары шануюць памяць сваіх вызваліцеляў. З кветкамі і вянкамі прыходзяць сюды ў Дзень Перамогі і ў дзень вызвалення 28 ліпеня. Кожны год прыходзіць са сваімі выхаванцамі да помніка і педагог Аліна Васілюк. Наведвалі юныя краязнаўцы і помнік вызваліцелям у вёсцы Воўчын.

Высокае, як і Брэст, было вызвалена 28 ліпеня. Гэта стала часткай паспяховай Люблінска-Брэсцкай аперацыі, якая праводзілася войскамі 1-га Беларускага фронту пад камандаваннем генерала арміі Канстанціна Ракасоўскага. Вынікам аперацыі стала вызваленне паўднёва-заходняй часткі Беларусі і ўсходніх раёнаў Польшчы, захоп плацдармаў на Вісле і стварэнне ўмоў для далейшага наступлення на варшаўска-берлінскім напрамку. 47 часцей і злучэнняў, якія асабліва вызначыліся, атрымалі ганаровае найменне — Брэсцкія.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара і з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага

Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама — пра сям'ю, любоў да Радзімы і бацькоўскія ўрокі.

Эканоміка

Час прыглядацца да крэдытаў

Час прыглядацца да крэдытаў

Пазыковыя сродкі зноў у пашане, бо рубель стабілізаваўся і заробкі растуць.