«Былі ў разгубленасці, убачыўшы, што нарабіла стыхія. Але потым супакоіліся і зразумелі, што не пакінутыя сам-насам з праблемамі, што ўсю неабходную дапамогу акажуць...» Штодня дзясяткі паведамленняў з падзякамі ў гэтыя няпростыя для Гомельшчыны дні паступаюць ад жыхароў рэгіёна. «Дзякуй!» кажуць аператыўным службам, супрацоўнікам дзяржустаноў, сацработнікам, валанцёрам Чырвонага Крыжа і, вядома, мясцовым уладам, дэпутатам усіх узроўняў. Не ўсюды для пераадолення наступстваў стыхіі, якая абрынулася на рэгіён 14 ліпеня, была неабходная матэрыяльная дапамога, часам — рабочыя рукі і проста словы падтрымкі. А галоўнае — інфармацыя, як у іх раёне ідзе ліквідацыя наступстваў, калі чакаць дапамогі — чалавек разумее, што не пакінуты сам-насам з праблемамі. Пасля ўрагану працу па каардынацыі мясцовых органаў улады, усіх адказных службаў і жыхароў у населеных пунктаў узялі на сябе менавіта дэпутаты Гомельшчыны.
Аб’езд тэрыторый, падамавы абход, сустрэчы ў працоўных калектывах, асабістыя прыёмы грамадзян, пастаянная тлумачальная работа аб кампенсацыі прычыненай шкоды... Члены Савета Рэспублікі, дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў выкарыстоўваюць усе магчымыя формы работы з людзьмі на месцах і трымаюць на кантролі сітуацыю.
— Галоўная задача — забяспечыць бяспечныя ўмовы жыццядзейнасці людзей, аператыўна аказаць неабходную дапамогу, — адзначае член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч.
Парламентарый другі тыдзень працуе ў рэгіёнах, якія пацярпелі ад непагадзі, прымае ўдзел у штабе па ліквідацыі наступстваў урагану ў аблвыканкаме.
— Такой стыхіі, якая адбылася на Гомельшчыне, не памятаюць нават старажылы. Упершыню з такімі разбурэннямі сутыкнулася энергасістэма рэгіёна. Без электразабеспячэння аказаліся 1284 населеных пунктаў, пяць раёнаў цалкам. У пацярпелых раёнах людзі засталіся не толькі без святла, але і вады, сувязі як мабільнай, так і стацыянарнай. На асноўных магістралях, дарогах у населеных пунктах, дваровых тэрыторыях, падворках былі павалены дрэвы. У гэтай сітуацыі важна было не пакінуць людзей, дайсці да кожнага, хто пацярпеў, каму патрэбна дапамога, — падкрэслівае сенатар.
Як зазначае парламентарый, для ліквідацыі наступстваў стыхіі энергетыкі, спецыялісты лясной, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, МНС, усе аператыўныя службы працавалі з поўнай аддачай, у тым ліку ў начны час. Кантралявалі сітуацыю фактычна кругласутачна і старшыні сельвыканкамаў, дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў.
— Выязджалі на месцы рамонту ліній электраперадачы, размаўлялі з аварыйнымі брыгадамі, аказвалі неабходную дапамогу. І цяпер працягваецца пастаянны кантроль сітуацыі ў населеных пунктах. Дэпутаты Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў, старшыні сельвыканкамаў аб’язджаюць пацярпелыя ад стыхіі населеныя пункты, цікавяцца, чаго не хапае мясцовым жыхарам, якая дапамога патрэбна, што хвалюе вяскоўцаў. Сабраная інфармацыя аб патрэбе ў таварах ці ў аказанні дапамогі перадаецца адказным службам. Усе звароты пацярпелых фіксуюцца. Асаблівая ўвага — пажылым людзям і сацыяльна ўразлівым грамадзянам, — дадае Кацярына Зенкевіч.
Па яе словах, на тэрыторыі вобласці каля 24 тысяч валанцёраў прыйшлі на дапамогу ў распілоўванні паваленых дрэў, разборы завалаў, добраўпарадкаванні тэрыторый. Працуе больш за дзве тысячы добраахвотніцкіх брыгад.
У гэтыя дні падчас працы ў рэгіёнах член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў таксама выязджае ў населеныя пункты, якія пацярпелі ад стыхіі, размаўляе з мясцовымі жыхарамі, ратавальнікамі, якія ліквідуюць наступствы непагадзі. Сенатар наведвае аб’екты сацыяльнай сферы, вядзе маніторынг асартыменту сельскіх магазінаў.
— Падчас маніторынгу аб’ектаў гандлю мы заўсёды асаблівую ўвагу звяртаем не толькі на фарміраванне цэн, але і аналізуем асартымент тавараў, іх тэрмін прыдатнасці і, што асабліва важна ў такую спякоту, умовы захоўвання прадуктаў харчавання, — адзначае Кацярына Зенкевіч. — Вядзецца маніторынг у тым ліку запасаў будаўнічых матэрыялаў у гандлёвай сетцы, іх даступнасці для насельніцтва.
З першых дзён да аказання дапамогі ў рэгіёне падключылася Гомельская абласная арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа. Быў адкрыты збор сродкаў для дапамогі пацярпелым ад урагану. Закуплена: 141 індывідуальны генератар, 360 прадуктовых набораў, 16300 тон бутыляванай пітнай вады. Актыўна дапамагалі і працягваюць дапамагаць устараняць наступствы стыхіі валанцёры каманды рэагавання абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа.
— Аказваюць дапамогу не толькі мясцовым жыхарам, але выязджаюць на месцы, дзе працуюць спецыялісты лясгасаў, камунальныя службы, энергетыкі, развозяць ваду для брыгад, якія ліквідуюць наступствы ўрагану. Валанцёры каманды рэагавання раздзяліліся па групах па розных напрамках работ — ад разбору завалаў пашкоджаных дрэў да разнапланавай дапамогі людзям. Паралельна вядзецца і інфармацыйная работа з насельніцтвам аб правілах бяспечных паводзін у непагадзь, — растлумачыла член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскай абласной арганізацыяй Беларускага Чырвонага Крыжа Ала Смаляк. — Агульнымі сіламі можна зрабіць больш. Прыемна бачыць, як людзі адклікаюцца на просьбы аб дапамозе, уносяць свой пасільны ўклад, — дадала Ала Смаляк.
Як працавалі аптэкі падчас рэжыму надзвычайнай сітуацыі на Гомельшчыне, расказала Член Савета Рэспублікі, генеральны дырэктар Гомельскага РУП «Фармацыя» Людміла Сапега.
— У пацярпелых ад урагану рэгіёнах Гомельшчыны тэрмамабільныя лекавыя сродкі былі своечасова выгружаныя з аптэк і да аднаўлення электрычнасці захоўваліся ў спецыяльных халадзільных машынах. Першапачаткова ў аптэках у пацярпелых раёнах былі праблемы з безнаяўнай аплатай, без электрычнасці лекавыя сродкі адпускалі па квітанцыях. Але, як толькі стала магчымым, гэтая сітуацыя поўнасцю выправілася. У аптэках ідзе пастаяннае папаўненне медыкаментаў, каб не ўзнікла праблем у насельніцтва, усе неабходныя прэпараты — у наяўнасці, — запэўніла Людміла Сапега, якая у тым ліку наведала аптэчныя арганізацыі ў адных з найбольш пацярпелых — Калінкавіцкім і Мазырскім раёнах.
Так, члены Савета Рэспублікі, дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў працягваюць наведваць пацярпелыя ад стыхіі населеныя пункты. Даведаюцца, якая дапамога патрэбна, дапамагаюць арганізаваць распілоўванне дрэў, вываз буралому з участкаў, рамонт дахаў.
— Асаблівая ўвага — пенсіянерам, шматдзетным сем’ям, адзінокім грамадзянам, — падкрэслівае Кацярына Зенкевіч.
Кацярына Анатольеўна адзначыла, наколькі важна, што на дапамогу адзінокім пажылым людзям у населеных пунктах прыходзяць у тым ліку навучэнцы мясцовых устаноў адукацыі, валанцёры БРСМ, актывісты маладзёжных Саветаў.
— Перапаўняе пачуццё гонару за жыхароў нашага рэгіёна ад таго, наколькі яны ва ўмовах стыхіі не ўпалі ў паніку, а да ўсяго паставіліся з разуменнем. Многія не чакалі, калі да іх прыйдуць і навядуць парадак, а самі ўзяліся за працу, пачалі ўстараняць наступствы ўрагану як на тэрыторыі сваіх падворкаў, так і ў месцах агульнага карыстання. Важна, што ў гэтыя цяжкія дні сусед працягнуў руку дапамогі суседу.
Нават у тых населеных пунктах, дзе пражывае шмат пенсіянераў, людзі згуртаваліся, імкнуліся прыбраць паваленыя дрэвы. Талакой, яны гавораць, можна і горы перавярнуць. Але адзначаюць людзі і тое, як на належным узроўні была арганізавана праца і сельсаветамі, мясцовымі органамі ўлады, адказнымі службамі, — падкрэслівае Кацярына Зенкевіч.
Парламентарый адзначыла, што, нягледзячы на ўсю праведзеную работу, задача дэпутата па-ранейшаму — дайсці да кожнага пацярпелага жыхара, даведацца, каму і якая дапамога патрэбна. Па словах сенатара, у некаторых выпадках не патрабуецца значных матэрыяльных затрат. Людзі чакаюць добрага слова, хочуць пачуць, што робіцца па ліквідацыі наступстваў стыхіі з першых вуснаў. Пры гэтым дэпутаты не абмяжоўваюцца толькі падамовымі візітамі. Вечарам у сельсаветах праходзяць сельскія сходы, на якіх узнімаюць праблемныя пытанні.
Цяпер адна з актуальных задач для сельскіх тэрыторый — устараненне наступстваў урагану на грамадскіх могілках і памятных месцах.
Адразу пасля буры ўсе сілы і сродкі былі кінуты на аднаўленне дамоў людзей, ачыстку дарог і вуліц ад паламаных дрэў, аднак ад вяскоўцаў паступалі заяўкі аб расчыстцы буралому на сельскіх могілках. Многія жыхары самі прывялі ў парадак месцы пахавання родных, але ў пераважнай большасці выпадкаў патрэбна дапамога спецыялістаў. У населеных пунктах на дапамогу ў навядзенні парадку пасля непагадзі на грамадзянскіх могілках падключыліся добраахвотнікі, валанцёры, працоўныя калектывы, вайскоўцы і ўсе неабыякавыя людзі.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса Гомельшчыны заўважыла, што ў раёнах неабходна актывізаваць работы па аднаўленні жылля, сацыяльна значных аб’ектаў. Дэпутаты на месцах збіраюць дакладную інфармацыю, хто з жыхароў здольны паправіць жыллё сваімі сіламі, а каму патрэбна дапамога і якая канкрэтна. Дадзена даручэнне разгледзець растэрміноўку пры правядзенні рамонтных работ у дамах, якія пацярпелі. Людзі могуць самастойна набыць неабходныя матэрыялы, а дапамогуць з бягучым рамонтам ім службы ЖКГ.
— Стаіць задача скласці поўны пералік разбураных аб’ектаў з указаннем адказных бударганізацый і тэрмінаў аднаўлення. Асобны акцэнт зроблены на забеспячэнні будматэрыяламі не толькі будаўнічых арганізацый, але і, што вельмі важна, праз гандлёвую сетку — людзей ў пацярпелых раёнах, — адзначыла Кацярына Зенкевіч. — Не збаўляюць тэмпаў рамонтныя работы прыватных домаўладанняў у населеных пунктах. Ужо адноўлена звыш 80% дамоў. Страхавымі кампаніямі агледжана з выездам на месцы 80% заявак, аператыўна вядуцца выплаты страхавых кампенсацый. Набліжаюцца да заканчэння работы па расчыстцы абочын дарог, устаноўцы дарожных знакаў, бо стыхіяй было пашкоджана каля 700 элементаў дарожнай інфраструктуры рэгіёнаў.
Старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў нагадала, што да поўнага аднаўлення ўсіх разбураных аб’ектаў уся Гомельская вобласць працуе ў рэжыме жорсткага штодзённага кантролю. Сітуацыя знаходзіцца на асабістым кантролі Прэзідэнта.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Ад шквалістага ветру з навальнічнымі дажджамі пацярпелі 11 раёнаў Магілёўскай вобласці — Быхаўскі, Бабруйскі, Клічаўскі, Краснапольскі, Крычаўскі, Касцюковіцкі, Магілёўскі, Асіповіцкі, Слаўгарадскі, Чавускі, Чэрыкаўскі. У Быхаўскім, Слаўгарадскім і Чэрыкаўскім хуткасць ветру дасягала 27 м/с. Ахвярамі стыхіі сталі шасцігадовае дзіця і пенсіянер, трое чалавек атрымалі траўмы. Былі пашкоджаны дахі жылых і вытворчых будынкаў, сотні населеных пунктаў засталіся без электрычнасці, шмат павалена лесу. Тое, што адбылося на тэрыторыі Магілёўшчыны, абласная Камісія па ліквідацыі наступстваў НС назвала надзвычайнай сітуацыяй прыроднага характару тэрытарыяльнага ўзроўню.
Па інфармацыі абласнога ўпраўлення МНС, у Магілёўскім, Слаўгарадскім і Чавускім раёнах маланка справакавала пажары, у 12 раёнах назіраліся перабоі з электразабеспячэннем. Для ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі было праведзена 20 пасяджэнняў камісій па надзвычайных сітуацыях пры гаррайвыканкамах, дзе разгледжана 27 пытанняў, якія датычыліся аднаўлення ўмоў жыццядзейнасці насельніцтва і аказання матэрыяльнай дапамогі пацярпелым.
У рэгіёне пашкоджана больш за 5 тысяч гектараў лесу, каля 850 гектараў лясных угоддзяў прыйдзецца высякаць. Дагэтуль пра стыхію нагадваюць паваленыя і паламаныя як запалкі дрэвы ўздоўж трасы Магілёў — Гомель каля Быхава, у Слаўгарадскім раёне. У першую чаргу прыбіраліся дрэвы, якія падалі на дарогі.
Пра неабходнасць больш актыўна праводзіць аднаўленчыя работы нагадваў падчас знаходжання ў Шклоўскім раёне старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц. Ён сказаў, што кіраўнік дзяржавы ўзяў пад асабісты кантроль ход і тэрміны аднаўленчых работ. Людзі павінны знаходзіцца пад увагай улад, якім трэба як мага хутчэй аднавіць нармальную жыццядзейнасць.
— Сёння трэба не толькі ўзяць на кантроль ход і тэрміны ліквідацыі наступстваў навальнічнага фронту, — але і вывучыць прычыны такіх істотных наступстваў, — падкрэсліў Леанід Заяц. — Неабходна зрабіць высновы для таго, каб надалей не дапускаць падобнага або, калі гэта здарылася, выходзіць з сітуацыі з мінімальнымі стратамі.
Ён таксама паведаміў, што ў барацьбе са стыхіяй у краіне прымяняюцца цалкам аднолькавыя падыходы. У першую чаргу неабходна ў бліжэйшыя суткі пасля здарэння цалкам аднавіць электразабеспячэнне. «Прэзідэнт загадаў замяніць усе старыя электралініі на сучасныя, каб пры непрадбачаных прыродных катаклізмах не ўзнікла сітуацый, калі людзі застаюцца без святла. І ўлада павінна ўзяць гэта на строгі кантроль, — падкрэсліў Леанід Заяц. — А таксама пракантраляваць страхавыя моманты. Прыцягнуць як мага больш спецыялістаў, якія афармляюць ўсе наступствы стыхіі для таго, каб можна было зрабіць страхавыя выплаты».
Член Савета Рэспублікі, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Гарошкін паведаміў, што з самага пачатку пасля ўдару стыхіі народныя выбраннікі ўзялі на сябе абавязкі па кантролі такіх стратэгічна важных момантаў, як адвоз прадуктаў харчавання, вады і прадметаў першай неабходнасці ў пацярпелыя раёны.
— Дэпутаты сельскіх Саветаў правялі падваровы абход і аказалі дапамогу ў рабоце камісій па ацэнцы ўрону, нанесенага жылым дамам і гаспадарчым пабудовам, — паведаміў ён. — Там, дзе доўгі час не было святла, старшыні сельсаветаў арганізавалі падвоз вады, дапамагалі зарадзіць мабільныя тэлефоны. Работа працягваецца — адсочваецца працэс забеспячэння пацярпелых будматэрыяламі, арганізавана ўборка вуліц і навядзенне парадку. Істотна пацярпелі ад урагану сельскія могілкі, асабліва ў Быхаўскім раёне. Арганізоўваюцца суботнікі па іх расчыстцы ад паваленых дрэў з асабістым удзелам дэпутацкага корпуса. У гэтыя і наступныя выхадныя дэпутаты аблсавета будуць выязджаць на могілкі, каб з удзелам жыхароў наводзіць там парадак. Прыкладзем усе намаганні, каб сумесна з выканаўчай уладай, работнікамі сістэмы ЖКГ, лясгасаў ліквідаваць наступствы стыхіі ва ўстаноўленыя Прэзідэнтам краіны тэрміны.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Рамонт катлоў, замена сетак і запас паліва
Навошта навукоўцы вывучаюць трапічныя культуры?
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.