Вы тут

Сёлета абновіцца аўтапарк наземнага аўтатранспарту краіны


Начальнік Галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Мінтранса Рыгор Глазко лічыць, што развіццё дарожнай гаспадаркі з’яўляецца неад’емнай часткай перадавога руху ўсяго транспартнага комплексу. А стан аўтамабільных дарог аказвае самы непасрэдны ўплыў на сацыяльна-эканамічныя аспекты развіцця нашай дзяржавы, аўтатранспарту, рэнтабельнасць.


Фота з адкрытых крыніц

Шчыльнасць дарог — на максімуме, цяпер справа за якасцю

Паводле яго слоў, па аўтамабільных дарогах агульнага карыстання перавозіцца больш за 40% усіх грузаў і каля 60% пасажыраў. Рыгор Глазко дадаў, што па стане на 1 студзеня працягласць аўтамабільных дарог агульнага карыстання ў Беларусі складае каля 87 тысяч кіламетраў. З іх па рэспубліканскай сетцы — каля 16 тысяч кіламетраў, а па мясцовай — каля 71 тысячы кіламетраў.

«На аўтамабільных дарогах агульнага карыстання маецца каля 5220 маставых збудаванняў. Адзначу, што шчыльнасць сеткі аўтамабільных дарог агульнага карыстання нашай краіны адна з самых высокіх сярод краін постсавецкай прасторы і ў цэлым у Еўропе. Таму ў бліжэйшы час мы будзем сыходзіць ад новага будаўніцтва, пры гэтым рэканструкцыя дарог і мастоў захаваецца. Акцэнт будзе накіраваны на захаванне і паляпшэнне існуючай сеткі дарог, прывядзенне належнага транспарта-эксплуатацыйнага стану ў рамках бягучага або капітальных рамонтаў», — запэўніў начальнік Галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Мінтранса.

Паводле яго слоў, у рамках бягучых рамонтаў будзе надавацца ўвага замене і рамонту пакрыцця. Акрамя таго, будуць павялічвацца нагрузкі на капітальны рамонт да 11,5 тоны на вось. «У рамках існуючай геаметрыі дарогі мы будзем павялічваць нагрузкі. Гэта вельмі важна. Плануецца надаваць пільную ўвагу рамонту маставых збудаванняў. Колькасць рамонтаў мастоў будзе расці з улікам павелічэння долі фінансавання. Гэта будзе адлюстравана пры фарміраванні дзяржаўнай праграмы на наступную пяцігодку 2026–2030 гадоў».

Уся грамадская тэхніка павінна прадугледжваць клімат-кантроль

Як цудоўна ехаць у новым аўтобусе па чыстых гарадскіх вуліцах. Па словах начальніка упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Мінтранса Андрэя Гладкага, за першае паўгоддзе ведамствам набыта каля 260 аўтобусаў і 29 электробусаў. Задачы на гэты год стаяць вельмі амбіцыйныя, у прыватнасці абнавіць аўтапарк парадку на 700 аўтобусаў, 100 тралейбусаў, а таксама каля 70 электробусаў. Акрамя наземнага транспарту, актыўна вядзецца будаўніцтва трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна. У гэтым годзе плануецца абнаўленне рухомага саставу метрапалітэна: будуць закуплены больш за 20 вагонаў цягніка.

Андрэй Гладкі нагадаў, што развіццё аўтамабільнага гарадскога пасажырскага транспарту ажыццяўляецца ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Транспартны комплекс» на 2021–2025 гады. Таксама ёсць асобная падпраграма развіцця аўтамабільнага гарадскога электрычнага транспарту і метрапалітэна. «У ёй закладзены асноўныя напрамкі і мерапрыемствы, якія рэалізуюцца Міністэрствам транспарту і камунікацый, мясцовымі выканаўчымі распарадчымі органамі, а таксама перавозчыкамі камунальнай формы ўласнасці. Так, з 2021 года ў цэлым было набыта больш за 1,1 тысячы новых аўтобусаў, больш за 270 тралейбусаў, а таксама 48 электробусаў», — дадаў начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Мінтранса.

Паводле яго слоў, перавозкі пасажыраў ажыццяўляюцца па больш чым 4,5 тысячы прыгарадных маршрутаў і парадку 650 міжгародніх маршрутаў. У цэлым у Беларусі больш за 700 перавозчыкаў усіх формаў уласнасці. Акрамя таго, у грамадскім транспарце буйных гарадоў Беларусі хутка з’явіцца магчымасць аўтаматызаванай аплаты праезду, заявіў спікер. «У рамках падпраграмы аўтамабільнага гарадскога пасажырскага электрычнага транспарту актыўна ідзе развіццё сэрвісаў па аплаце праезду пасажыраў. У Мінску ўжо досыць даўно функцыянуе сістэма аўтаматызаванай аплаты праезду. Аналагічныя сістэмы ў бліжэйшым часе будуць запушчаны, у прынцыпе, ва ўсіх буйных гарадах Беларусі».

Андрэй Гладкі дадаў, што актыўна мадэрнізуюцца сістэмы аплаты праезду праз мабільны дадатак. «Усе арганізацыі і аблвыканкамы арыентаваны на тое, каб максімальна стварыць камфортныя ўмовы для перамяшчэння і паездак пасажыраў. Так, з улікам існуючых умоў надвор’я ўся закупачная тэхніка, якая выкарыстоўваецца для гарадскіх перавозак, прадугледжвае наяўнасць сістэм кандыцыяніравання», — падкрэсліў начальнік упраўлення.

Чыгунка звяжа Смаленск і Віцебшчыну, а сярод новых авіярэйсаў Барнаул і Цюмень

Прыгранічныя пасажырскія чыгуначныя зносіны паміж Смаленскам і Віцебскай вобласцю Беларусі арганізуюць гэтым летам, паведаміў намеснік начальніка пасажырскай службы — начальнік аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак Беларускай чыгункі Сяргей Шэмет: «У завяршальнай стадыі рэалізацыі знаходзіцца кірунак Смаленск — Асінаўка, да Оршы, і Смаленск — Заольша, гэты кірунак да Віцебска.

Ужо гэтым летам будзе рэалізаваны праект». Беларускія цягнікі рэгіянальных ліній эканомкласа будуць рухацца да Асінаўкі і Заольшы, а затым пасажыры будуць перасаджвацца на цягнікі Расійскай чыгункі да Смаленска. Начальнік аддзела нагадаў, што з 5 чэрвеня Беларуская чыгунка і РЧ арганізавалі прыгранічныя прыгарадныя пасажырскія чыгуначныя зносіны ад станцый Вялікія Лукі і Новасакольнікі (Пскоўская вобласць) да станцыі Алешча ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці. Далей гэтыя цягнікі стыкуюцца з цягнікамі з Алешчы да Полацка. Ён адзначыў, што гэты напрамак набірае папулярнасць.

У сваю чаргу намеснік дырэктара Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Аляксандр Апет расказаў аб прапрацоўцы пытання па адкрыцці новых авіярэйсаў, якія звяжуць нашу краіну і расійскія гарады: «З улікам кантактаў, якія пастаянна развіваюцца з рознымі рэгіёнамі РФ, прапрацоўваюцца пытанні адкрыцця авіязносін з такімі гарадамі, як Барнаул, Уладзікаўказ, Валгаград, Омск, Цюмень у найбліжэйшай перспектыве.

Авіякампанія «Белавія» здзяйсняе палёты ў 22 замежныя аэрапорты 10 дзяржаў. У Беларусь лятаюць дзевяць замежных авіякампаній, уключаючы Расію, Узбекістан, Кітай і ААЭ. Намеснік дырэктара таксама нагадаў, што адкрыты рэгулярныя напрамкі палётаў з беларускіх рэгіёнаў — Брэста, Гомеля і Віцебска ў Маскву і Санкт-Пецярбург. «Нават ва ўмовах тых эканамічных санкцый, якія ўведзеныя ў дачыненні да грамадзянскай авіяцыі, яна працягвае дынамічна развівацца і падтрымліваць свой міжнародны ўзровень і аўтарытэт, забяспечваючы адпаведны ўзровень авіяперавозак і авіяцыйнай бяспекі палётаў», — адзначыў Аляксандр Апет.

Раней паведамлялася, што «Белавія» ажыццяўляе палёты ў Расію, Казахстан, Грузію, Азербайджан, Арменію, Туркменію, Егіпет, Турцыю, ААЭ, Індыю. Таксама Мінск звязаны авіязносінамі з Чарапаўцом, Калугай, Ніжнім Ноўгарадам, Уфой, Самарай, Ульянаўскам, Архангельскам, Чэлябінскам, Мінеральнымі Водамі і іншымі гарадамі суседняй краіны..

Экспартныя грузы і новая лагістыка

Наша чыгунка актыўна задзейнічала для перавозкі экспартных грузаў, у тым ліку і з расійскіх партоў. Намеснік начальніка службы грузавой работы і знешнеэканамічнай дзейнасці ўпраўлення Беларускай чыгункі Ірына Каплеўская лічыць, што адпрацаваная ў апошнія гады лагістыка дастаўкі беларускіх экспартных грузаў зведала істотныя змены. «Цяперашняе становішча спраў у галіне характарызуецца трансфармацыяй устояных лагістычных ланцужкоў і пераразмеркаваннем транспартных патокаў пераважна на ўсход і поўдзень. Гэтая акалічнасць змяніла адлегласць дастаўкі грузу. Раней адлегласць дастаўкі была прыкладна 600–700 кіламетраў, цяпер для нашых экспарцёраў яна складае тысячу кіламетраў і больш», — адзначыла Ірына Каплеўская.

Яна дадала, што экспартныя патокі былі пераарыентаваны на іншыя напрамкі: «Прынятыя меры дазволілі задзейнічаць для перавозкі нашых экспартных грузаў 14 расійскіх партоў. Таксама праводзім сумесную работу з расійскімі калегамі па развіцці ўчасткаў інфраструктуры чыгуначнага транспарту агульнага карыстання 9-га агульнаеўрапейскага транспартнага калідора».

З павелічэннем далёкасці перавозак правазныя плацяжы таксама былі істотна павялічаны. Таму ў кожнай чыгуначнай адміністрацыі дзейнічае свой унутраны парадак разгляду зваротаў па пытанні зніжэння тарыфаў на перавозку грузаў гэтым транспартам.

«Беларуская чыгунка праводзіла велізарную работу з чыгуначнікамі іншых адміністрацый, каб прымаліся станоўчыя рашэнні і ўлічваліся пытанні пераарыентацыі патокаў на чыгуначную інфраструктуру іх краін. Тарыфныя прэферэнцыі дадзены Расійскай Федэрацыяй, Казахстанам, Туркменістанам, Узбекістанам. Мы таксама трымаем руку на пульсе і вядзём адпаведную работу па новых напрамках перавозак», — дадала Ірына Каплеўская.

Акрамя таго, асноўныя патокі беларускіх экспартных грузаў пераарыентаваны на маршруты з задзейнічаннем транспартна-лагістычнай інфраструктуры дружалюбных краін. Дзякуючы супрацоўніцтву з чыгункамі Расіі, Кітая, Казахстана, Ірана, Азербайджана і Туркменістана сфарміраваны новы транспартна-лагістычны каркас перавозак беларускага экспарту ў рамках маршрутаў «Усход — Захад» і «Поўнач — Поўдзень».

Па словах Ірыны Каплеўскай, сёлета беларускія грузы экспартуюцца па чыгунцы ў больш чым 90 краін свету. У параўнанні з мінулым годам дадаліся такія краіны, як Сенегал, Перу, Малі, Уругвай, Эфіопія і іншыя. «Працягваецца выбудоўванне лагістыкі са стварэннем інфраструктуры міжнароднага транспартнага калідора «Поўнач-Поўдзень». Ствараюцца неабходныя ўмовы для нарошчвання аб’ёмаў экспартных паставак прадукцыі айчынных прадпрыемстваў кантэйнерамі на рынак Кітая», — заключыла намеснік начальніка службы грузавой працы і знешнеэканамічнай дзейнасці.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым парадуе «Наш дом»?

Чым парадуе «Наш дом»?

Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.