Вы тут

Кітайска-беларускія адносіны захоўваюць высокі ўзровень развіцця


Кітайска-беларускія адносіны ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства захоўваюць высокі ўзровень развіцця.


Важнасць гэтага адзначыў аташэ па пытаннях абароны пасольства КНР у Беларусі старшы палкоўнік Лю Чжэ на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды 97-годдзя з дня стварэння Народна-вызваленчай арміі Кітая.
— Пад стратэгічным кіраўніцтвам лідараў дзвюх дзяржаў кітайска-беларускія адносіны ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства захоўваюць высокі ўзровень развіцця. Прыемна адзначыць, што апошнія гады ваенныя адносіны паміж Кітаем і Беларуссю таксама дынамічна развіваюцца, — заявіў аташэ па пытаннях абароны. — Мы актыўна ўзаемадзейнічаем па такіх напрамках, як бесперапынны рост абмену ваеннымі дэлегацыямі на высокім узроўні, далейшае паглыбленне і пашырэнне сумесных трэніровак, вучэнняў. Наладжана цеснае супрацоўніцтва ў прафесійных ваенных сферах.

Лю Чжэ адзначыў важнасць таго, што 3 ліпеня атрад ганаровай варты НВАК прыняў удзел у ваенным парадзе, прысвечаным 80-годдзю вызвалення Беларусі. «У Беларусі паспяхова праходзіць кітайска-беларуская сумесная антытэрарыстычная трэніроўка. Гэта яшчэ раз паказвае высокі ўзровень ваенных адносін паміж дзвюма краінамі», — падкрэсліў аташэ па пытаннях абароны.

Рост ваеннай моцы КНР — гэта рост міратворчых сіл у свеце, перакананы старшы палкоўнік. «За апошнія 30 гадоў Кітай накіраваў больш за 50 тысяч міратворцаў для ўдзелу ў 25 міратворчых аперацыях ААН, — паведаміў ў Лю Чжэ. — Кітай адпраўляе найбольшую колькасць міратворцаў сярод пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН, і з’яўляецца другім па велічыні ўкладчыкам у бюджэт міратворчых аперацый ААН».

Старшы палкоўнік звярнуў увагу, што зараз адбываюцца беспрэцэдэнтныя змяненні: свет уступіў у новы перыяд узрушэння і пераўтварэнняў, перад ім стаяць новыя сур’ёзныя выклікі. «На фоне ўсяго гэтага Сі Цзіньпін вылучыў ініцыятыву па глабальнай бяспецы, якая адстойвае дух адзінства, адказвае на складаныя і ўзаемазвязаныя выклікі бяспецы з перспектывай сумеснага выйгрышу, — падкрэсліў аташэ па пытаннях абароны. — Яна накіравана на ўстараненне крыніц і прычын міжнародных канфліктаў, заахвочвае міжнародную супольнасць да аб’яднання намаганняў. Гэтая ініцыятыва не толькі дае адказ на пытанне нашага часу, якая канцэпцыя бяспекі патрэбна свету і як усе краіны могуць дасягнуць агульнай бяспекі, яна таксама прапануе новы кітайскі варыянт. НВАК будзе і надалей рабіць рэальныя крокі для рэалізацыі гэтай ініцыятывы, бесперапынна паглыбляць міжнароднае ваеннае супрацоўніцтва, каб забяспечыць стабільнасць і дакладнасць у нестабільны і зменлівы час з мэтай дасягнення трывалага міру і развіцця ва ўсім свеце».

Як заўважыў Лю Чжэ, кітайскі народ любіць і шануе мір, імкнецца да міру. «Рушыць шляхам мірнага развіцця — непахісная нацыянальная воля і стратэгічны выбар Кітая, — падкрэсліў аташэ па пытаннях абароны. — Кітай няўхільна праводзіць незалежную і самастойную мірную знешнюю палітыку і абарончую палітыку нацыянальнай абароны».

Як лічыць старшы палкоўнік, Узброеныя сілы Кітая ніколі нікому не кідалі выклік і не пагражалі іншым: «Гісторыя даказвала і працягне даказваць, што кітайская армія — гэта заўсёды цвёрдая сіла для абароны міру ва ўсім свеце. Яна поўная рашучасці і здольная абараніць нацыянальны суверэнітэт, бяспеку і інтарэсы развіцця».

Аташэ па пытаннях абароны запэўніў, што Кітай гатовы і ў далейшым умацоўваць з Беларуссю ваеннае супрацоўніцтва на карысць нашых дзяржаў і народаў і сумесна ўносіць вялікі ўклад ва ўмацаванне міру ва ўсім свеце і рэгіянальнай стабільнасці.

Як заявіў памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах—начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны генерал-маёр Леанід Касінскі, для Беларусі супрацоўніцтва з Кітаем з’яўляецца найважнейшым прыярытэтам знешняй палітыкі. Паводле яго слоў, надзейным фундаментам развіцця сувязяў служаць адносіны дружбы паміж дзвюма дзяржавамі, якія гістарычна склаліся. 

— У нашай агульнай гісторыі — гісторыя баявога брацтва і гераізму двух народаў у барацьбе з сусветным фашызмам і мілітарызмам, — падкрэсліў Леанід Касінскі. — Зараз мы вядзем даверны палітычны дыялог, узгадняем пазіцыі на міжнароднай арэне, усебакова развіваем узаемадзеянне ў розных сферах.
Памочнік міністра абароны лічыць, што ў аснове дружбы Беларусі і Кітая — сяброўскія адносіны паміж кіраўнікамі дзвюх дзяржаў Аляксандрам Лукашэнкам і Сі Цзіньпінам. «Далейшае развіццё Народна-вызваленчай арміі Кітая будзе і ў далейшым служыць умацаванню рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі, партнёрскіх адносін з дружалюбнымі Кітаю краінамі, сярод якіх і Беларусь», — перакананы Леанід Касінскі.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Культура

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.