Вы тут

У Магілёве нарадзіўся генерал Бонч-Багданоўскі


Першым месцам афіцэрскай службы Аляксандра Бонч-Багданоўскага была Варшаўская крэпасць. У жніўні 1893 года ён патрапіў туды ў сапёрную роту... Што ўяўляла на той час Варшаўская крэпасць?.. Пабудаваная па загаду Мікалая I пасля паўстання 1831 года, яна ўмяшчала гарнізон да 16 000 салдат і 500 артылерыйскіх гармат. У 1832 — 1834 гг. была пабудавана цэнтральная частка крэпасці — Аляксандраўская цытадэль. У 1835 годзе насупраць цытадэлі на правым беразе Віслы быў пабудаваны форт Слівіцкі. У 1850 — 1861 гг. вакол цытадэлі ўзняліся шэраг асобных умацаванняў: Уладзімір, Аляксей, Павел, Георгій, Сергій. У 1881 годзе вырашылі яшчэ болей умацаваць Варшаву згодна зацверджанаму расійскім імператарам плана. У 1883 пачалі ўзводзіць фарты 1-й лініі, у 1886-м — фарты 2-й лініі. З 1890 года ўсе цагляныя ўмацаванні замянілі бетоннымі. З 1895 года фарты былі перабудаваны і пераўзброены. У 1893 годзе пасаду каменданта Варшаўскай крэпасці займаў герой многіх войнаў генерал-лейтэнант Канстанцін Вісарыёнавіч Камароў (1832 — 1912; дарэчы, па паходжанню — з дваран Віцебскай губерні). 


Фота з адкрытых крыніц

...Аляксандр Міхайлавіч Бонч-Багданоўскі (1872 — 1932) нарадзіўся ў Магілёве. Прыналежны быў да польскага дваранскага герба Бонча, які ўпершыню згадваецца ў 994 годзе. З кагорты, якую яднае герб, — каля двухсот прозвішчаў: Банецкія, Бонч-Асмалоўскія, Скаржынскія, Шувалавы, Тургеневы, Тамашэўскія, Яблонскія... Славутыя прозвішчы!..

За плячыма ў маладога афіцэра — вучоба ў Гатчынскім сіроцкім інстытуце імператара Мікалая I (там вучыўся і старэйшы брат Аляксандра — Іосіф), Мікалаеўскае інжынернае вучылішча, якому былі аддадзены тры гады жыцця. 

...У крэпасці наш зямляк надоўга не затрымаўся. Вядома, штоў 1898 годзе Аляксандр Бонч-Багданоўскі ўжо закончыў Мікалаеўскую інжынерную акадэмію па 1-му разраду. 17 мая 1898 года нашаму земляку прысвоілі званне штабс-капітана і перавялі ў ваенныя інжынеры — «за выдатныя поспехі ў навуках». 9 красавіка 1900 годапрысвоена новае званне — капітан. Аляксандр Міхайлавіч займае пасаду обер-афіцэра інжынернай дыстанцыі, а з кастрычніка 1902 года — выконваючы абавязкі памочніка начальніка Чарджуйскай інжынернай дыстанцыі. Гады, праведзеныя ў Туркестане, — гэта яшчэ і знаёмства з дзіўным, багатым на экзотыку краем, з насельніцтвам, якое тады яшчэ жыло па законах сваіх плямёнаў. З паселішчам Чарджоу, старадаўнім Мервам, Асхабадам (так тады называлася сённяшняя сталіца Туркменістана), Ташаўзам, легендарнай Кушкай, Ак-Тэпэ, Кызыл-Арватам звязаны ў XIX — першыя дзесяцігоддзі XX стагоддзя лёсы многіх нашых прашчураў, ураджэнцаў Беларусі... Аляксандр Ходзька шукаў у гэтым краі вершы класіка Вялікага Фрагі — Махтумкулі, Аляксандр Пацалуеўскі займаўся даследваннем туркменскай мовы, ствараў яе сучасную граматыку, а ў складзе групы дзевяці Ашхабадскіх камісараў, якія імкнуліся ўсталяваць у Туркменістане Савецкую ўладу, быў беларус ваенны камісар Закаспійскай вобласці Сяргей Малібожка, якога расстралялі белагвардзейцы 23 ліпеня 1918 года...

У 1904 годзе Бонч-Багданоўскі — ужо падпалкоўнік. 24 жніўня 1904 г. яго прызначаюць штаб-афіцэрам для даручэнняў акруговага ўпраўлення ваенных сувязяў Маньчжурскай арміі. З 1 ліпеня 1906 года наш зямляк — штаб-афіцэр для справаводства і даручэнняў пры ўпраўленні начальніка ваенных сувязяў тыла войск Далёкага Усходу. А праз тры месяцы — начальнік ваенных сувязяў тыла войск Далёкага Усходу. Пасада адказная, асабліва на час ваенных дзеянняў. Пра тое, як ставіўся да сваіх абавязкаў Бонч-Багданоўскі, сведчаць дзяржаўныя узнагароды Расійскай імперыі, атрыманыя ім у гэты час... У 1905 годзе — ордэн Святой Анны 3-й ступені, у 1906-м — ордэн Святога Станіслава 2-й ступені. Яшчэ раней. У Туркестане, афіцэр быў узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава 3-й ступені і ордэнам Залатой зоркі 3-й ступені (Бухара, 1902 год). 

У 1907 годзе ўпраўленне расфарміравалі. Некаторы час афіцэр знаходзіўся за штатам. А 2 чэрвеня 1907 года Аляксандра Міхайлавіча прызначылі начальнікам штаба Туркестанскай чыгуначнай брыгады. Адпаведна — ужо і залічылі ў чыгуначныя войскі... У студзені 1909 года Бонч-Багданоўскаму прысвоілі воінскае званне «палкоўнік». 

Першую Сусветную палкоўнік сустрэў памочнікам камнадзіра 102-га пяхотнага Усцюжскага палка. Паказаў сябе ўжо ў першых баях. Быў узнагароджаны Георгіеўскай зброяй. У студзені 1915 года Бонч-Багданоўскі атрымлівае пад часовае камандаванне 220-ы пяхотны Скопінскі полк. Загад аб зацвярджэнні камандзірам выйшаў 22 лютага 1915-га... У 1916 годзе Аляксандра Міхайлавіча ўзнагароджваюць ордэнам Святога Георгія 4-й ступені. У гэтым жа годзе Бонч-Багданоўскі становіцца генерал-маёрам... Наступныя пасады — камандзір брыгады, камандуючы 27-й пяхотнай дывізіі. Дарэчы, начальнікам штаба дывізіі ў гэты ж час (дакладней — выконваючым яго абавязкі) служыў ураджэнец Магілёўскай губерні палкоўнік Рыгор Кірылавіч Ерафееў... Але ўжо ў хуткім часе прыйшла Кастрычніцкая рэвалюцыя, наперадзе — грамадзянская вайна... Царскі генерал Бонч-Багданоўскі перайшоў на службу ў Чырвоную Армію, але неўзабаве быў зволены ў адстаўку. 

Вядома, што Аляксандр Міхайлавіч напрыканцы 1920-х гг. жыў у Маскве, працаваў памочнікам начальніка будаўніцтва Мыцішчанскага завода N 8. У 1930 генерала арыштавалі, абвінавацілі ў контррэвалюцыйнай дзейнасці і прапагандзе і асудзілі да 10 гадоў выпраўленча-працоўных лагераў. Рэабілітавалі 27 сакавіка 1989 года... Існуюць звесткі, што памёр Аляксандр Міхайлавіч у 1932 годзе. Пахаваны генерал на Смаленскіх праваслаўных могілках у Санкт-Пецярбургу. У 1930 годзе разам з бацькам былі арыштаваны і дочкі Бонч-Багданоўскага — Ганна і Марыя. Як склаўся іх лёс, якая памяць і кім захоўваецца пра генерала — ураджэнца Магілёва, чалавека, які разумеў, што значыць доўг, абавязак перад Радзімай, на вялікі жаль, невядома?.. Значыць, наперадзе павінен быць гісторыка-краязнаўчы пошук дзеля таго, каб адказ на такое важнае пытанне...

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Культура

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.