Вы тут

Брэст — адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі — адзначыў сваё 1005-годдзе


На гэтыя выхадныя Брэст — адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі — адзначыў сваё 1005-годдзе. Цэнтральнымі мерапрыемствамі святочных дзён сталі акцыі, прымеркаваныя да вызвалення абласнога цэнтра ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якое адбылося 28 ліпеня 1944 года. У нядзелю ва ўрачыстай абстаноўцы адкрылі помнік «Жывая памяць удзячных пакаленняў». У цырымоніі прыняла ўдзел першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Пяткевіч.


Фота БелТА

Помнік «Жывая памяць удзячных пакаленняў» устанавілі на тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці, па суседстве з Рэспубліканскім цэнтрам патрыятычнага выхавання моладзі. Гэта другі помнік з трох. Першы быў устаноўлены ў 2022 годзе ў Мінску. Трэці з’явіцца ў Маскве. Збор манет для рэалізацыі праекта арганізаваны па ініцыятыве беларускага паралімпійца і грамадскага дзеяча Аляксея Талая. Ідэю падтрымалі сотні тысяч сем’яў з Беларусі і замежжа. Помнік складаецца з дзвюх частак. Каменны ліст-трохвугольнік — даніна мінуламу, бронзавае дрэва — увасабленне будучыні. У Брэсце права адкрыць манумент далі тром пакаленням адной сям’і: ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Аляксандру Грыгор’еву і яго нашчадкам.

Наталля Пяткевіч адзначыла, што беларусы шчаслівыя людзі, бо ўмеюць шанаваць памяць і не баяцца гэтага рабіць, нягледзячы ні на што. Беларусь сур’ёзна пацярпела ў гады Вялікай Айчыннай вайны, кожная сям’я панесла страты.

«Унікальна тое, што прайшло 80 гадоў, але новыя аб’екты стварае моладзь. Гэта значыць, што памяць захавалася, што захавалася падзяка, пакланенне перад героямі-пераможцамі. Значыць, гэта трэба», — падкрэсліла першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Яна прывяла ў прыклад Аляксея Талая, які ініцыіраваў стварэнне памятнага знака «Жывая памяць удзячных пакаленняў».

Адкрыццё помніка стала часткай акцыі «Дарогамі славы», прысвечанай 80-й гадавіне Беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён». Прысутныя ўсклалі кветкі да падножжа манумента, ушанавалі памяць абаронцаў Айчыны хвілінай маўчання. Таксама падчас цырымоніі была закладзена памятная капсула з пасланнем нашчадкам. Жадаючыя змаглі апусціць у колбу свае манеткі, далучыўшыся да стварэння трэцяга манумента — у Маскве.

Наталля Пяткевіч азнаёмілася з ходам будаўніцтва патрыятычнага цэнтра. «Абсалютна глабальны праект, вельмі цікава задуманы. Выдатна, што ён здольны ахапіць вельмі вялікую колькасць хлопчыкаў і дзяўчынак. Упэўнена, ён будзе запатрабаваны не толькі ў плане нейкага навучання па лініі Міністэрства адукацыі, такога сістэмнага. Даю гарантыю, што гэта будзе абсалютна запатрабаваны і з камерцыйнага пункту гледжання праект», — пераканана першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. На яе думку, патрыятычны цэнтр у Брэсцкай крэпасці будзе прыцягальны і для дзяцей з краін СНД.

«Думаю, наша краіна сёння — сапраўдны маяк міралюбнасці і міралюбівай палітыкі, якая павінна мець месца. На жаль, тыя «настаўнікі», якія спрабуюць нас вучыць іншаму, — як у песні Beatles The Fool on the Hіll («Дурань на ўзгорку»). У сваім навучанні яны часам выглядаюць не маяком, а менавіта як дурань на гары. Тое, што робіцца тут, і ёсць тыя апоры, якія могуць прынесці на зямлю мір: наша памяць, канкрэтныя дзеянні па правядзенні міралюбівай палітыкі і галоўнае — выхаванне людзей і дзеянні людзей у гэтым напрамку», — рэзюмавала першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Фінальным акордам рэспубліканскай акцыі «Дарогамі славы» стаў святочны канцэрт у Брэсце, прысвечаны 80-годдзю вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Пяткевіч выказала падзяку штабу патрыятычных сіл за правядзенне інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Дарогамі славы».

Паводле БелТА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Культура

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.