Вы тут

У Кітаі актываваны рэжым экстранага рэагавання


Міністэрства па кіраванні надзвычайнымі сітуацыямі КНР паведаміла аб актывацыі рэжыму экстранага рэагавання чацвёртага ўзроўню ў сувязі з пагрозай паводак у правінцыях Гуйчжоў і Юньнань на паўднёвым захадзе Кітая, перадае «Сіньхуа».


У заяве міністэрства адзначаецца, што па 31 ліпеня ў большасці раёнаў правінцый Гуйчжоў і Юньнань пройдуць моцныя дажджы, якія месцамі пераходзяць у ліўні экстрэмальнай інтэнсіўнасці. Ведамства папярэдзіла аб тым, што залевы створаць высокія рызыкі паводак на малых і сярэдніх рэках, горных патокаў, геалагічных бедстваў і моцнага падтаплення ў гарадскіх раёнах.

У правінцыі Хунань уведзены рэжым экстранага рэагавання на геалагічныя бедствы. Міністэрства па кіраванні надзвычайнымі сітуацыямі КНР накіравала каманду ратавальнікаў у гарадскую акругу Хэн’ян правінцыі Хунань (Цэнтральны Кітай) пасля таго, як выкліканы дажджом апоўзень знёс вясковы дом, што прывяло да чалавечых ахвяр. Паводле апошніх звестак з правінцыйнага ведамства па кіраванні надзвычайнымі сітуацыямі, колькасць загінуўшых у выніку апоўзня, які адбыўся ўчора ў вёсцы Юэлінь гарадской акругі Хэн’ян, узрасла да 15 чалавек, яшчэ шасцёра атрымалі траўмы.
Як паведамілі ў Міністэрстве па кіраванні надзвычайнымі сітуацыямі, у правінцыі ўведзены рэжым экстранага рэагавання на геалагічныя бедствы. Накіраваная міністэрствам каманда спецыялістаў будзе на месцы даваць указанні, якія датычацца правядзення пошукава-выратавальных аперацый, маніторынгу надвор’я і абвесткі, рэагавання на надзвычайныя сітуацыі.

Восем вёсак у правінцыі Хунань Кітая не выходзяць на сувязь з-за ліўняў, паведаміла Цэнтральнае тэлебачанне Кітая. Восем населеных пунктаў, з якімі няма сувязі, размешчаны ў горнай мясцовасці. Па даных крыніцы, выратавальныя каманды рушылі ў зону бедства пешшу. Яны маюць намер найперш разабрацца ў сітуацыі. Дарэчы, ліўні, якія прайшлі, ужо прызнаны рэкорднымі ў гісторыі гэтага рэгіёну.

28 ліпеня Кітай адмяніў папярэджанне аб тайфуне «Гаемі», пасля таго як ён аслабеў да ўзроўню трапічнай дэпрэсіі. Аднак у міністэрстве адзначылі, што рэшткавыя вятры тайфуну па-ранейшаму нясуць моцныя дажджы ў некалькі правінцый, уключаючы Хунань, Цзянсу, Хубэй, Гуандун, Ляанін і Цзілінь.
У нядзелю міністэрства павысіла да 3-га ўзровень экстранага рэагавання на паводкі ў правінцыі Цзылінь (Паўночна-Усходні Кітай) і ўвяло рэжым экстранага рэагавання 4-га ўзроўню ў горадзе цэнтральнага падпарадкавання Чунцын (Паўднёва-Заходні Кітай). 

Міністэрства зноў заявіла аб неабходнасці своечасовага абнаўлення прагнозаў і ранніх абвестак, устаранення схаваных пагроз і рызык бяспекі ў ключавых раёнах, дбайнага маніторынгу тэрыторый, схільных да паводак і падтаплення. Таксама трэба ўдзяліць асаблівую ўвагу гасцявым дамам у горных раёнах, турыстычным славутасцям, вясковым дамам адпачынку і будаўнічым лагерам, указалі ў міністэрстве, дадаўшы, што пры неабходнасці належыць звярнуцца да такіх мер, як спыненне работы прадпрыемстваў і эвакуацыя насельніцтва.

Як вядома, у Кітаі дзейнічае чатырохузроўневая сістэма рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, звязаныя з паводкай, дзе першы ўзровень з’яўляецца найвышэйшым.

Тайфун «Гаемі», які абрынуўся 25 ліпеня на ўзбярэжжы кітайскай правінцыі Фуцзянь, нанёс эканамічны ўрон у памеры 1,6 мільярда юаняў (каля $224,3 млн). Як паведаміла «Сіньхуа», ад стыхіі пацярпелі 766,9 тысячы жыхароў правінцыі. Да раніцы 28 ліпеня ўлады Фуцзянь былі вымушаныя эвакуіраваць з патэнцыйна небяспечных раёнаў 312,7 тысячы чалавек. Для аказання дапамогі і правядзення аварыйна-выратавальных работ былі прыцягнуты 2763 выратавальныя атрады, у склад якіх увайшлі 69,4 тысячы чалавек і 15,6 тысячы адзінак тэхнікі. Тайфун «Гаемі» выклікаў моцныя дажджы ў многіх раёнах правінцыі Фуцзянь, у выніку чаго ў перыяд з 25 па 28 ліпеня адбыліся разлівы 17 рэк.

Тым часам, Нацыянальная абсерваторыя Кітая аб’явіла аранжавы ўзровень небяспекі з-за ліўняў, другой па велічыні ў чатырохузроўневай сістэме папярэджанняў, у некаторых частках краіны. Паводле яе прагнозу, 29 і 30 ліпеня ў многіх рэгіёнах чакаюцца моцныя дажджы, уключаючы сталіцу Пекін і суседнія правінцыі Хэбэй і Цяньцзінь, а таксама Гуандун, Гуансі, Юньнань, Гуйчжоў, Сычуань, Хубэй і Хунань. Паводле даных абсерваторыі, у некаторых рэгіёнах на працягу 24 гадзін выпадзе да 28 сантыметраўм ападкаў.

Мясцовым уладам рэкамендавана падрыхтаваць меры рэагавання на надзвычайныя сітуацыі і захоўваць павышаную гатоўнасць да стыхійных бедстваў, такіх як паводкі і апоўзні. Цэнтр таксама аб’явіў сіні ўзровень небяспекі з-за моцнага канвектыўнага надвор’я ў некалькіх рэгіёнах краіны з поўдня 29 ліпеня да поўдня 30 ліпеня. Паводле яго даных, навальніцы, штармы і град абрынуцца на некаторыя раёны Унутранай Манголіі, Цзілінь, Ляанін, Хэбэй, Цяньцзінь, Шаньсі, Шэньсі, Нінся, Ганьсу, Чунцын і Хунань.

Мікалай ЛІТВІНАЎ
Фота: Сіньхуа

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Культура

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.