Нядаўна кіраўніком дзяржавы падпісаны законапраект, які прадугледжвае магчымасць аказання спецыялізаванай дапамогі дзецям, што пакутуюць ад алкагольнай ці наркатычнай залежнасці. Размова ідзе аб накіраванні іх у спецшколы па заявах бацькоў. Тэрмін знаходжання ў спецшколе можа быць ад трох месяцаў да года. Пры гэтым у любы час дзіця па заяве бацькоў можа вярнуцца дадому. Змены накіраваны на тое, каб выцягнуць падлетка з асяроддзя, дзе ён ужываў забароненыя рэчывы, і дзякуючы комплекснай рэабілітацыі даць магчымасць пазбавіцца ад залежнасці. Што датычыцца дарослых, то ў заканадаўстве таксама ёсць новаўвядзенні. У прыватнасці, цяпер наркаспажыўцы могуць быць накіраваны ў ЛПП па спрошчанай працэдуры. Пра гэтыя навелы і спосабы засцерагчы дзяцей і падлеткаў ад наркаспажывання, расказалі спецыялісты.
Па выніках пяці месяцаў бягучага года ў нашай краіне на шэсць працэнтаў знізілася колькасць выяўленых нарказлачынстваў, на 18 працэнтаў зменшылася колькасць дастаўлення ва ўстановы аховы здароўя ў сувязі з атручэннем наркотыкамі, на 30 працэнтаў стала менш смяротных перадазіровак, зафіксавана нязначнае зніжэнне колькасці нарказлачынстваў, учыненых раней судзімымі. Тым не менш супакойвацца не варта: пра наркапагрозу, якая захоўваецца, сведчыць тое, што наша краіна па-ранейшаму застаецца транзітнай дзяржавай для паставак наркотыкаў з тэрыторыі Расіі і з боку Захаду. Толькі за пяць месяцаў гэтага года праваахоўныя органы спынілі 12 каналаў пастаўкі наркотыкаў у краіну, ліквідавана дзейнасць 58 памяшканняў, спецыяльна прыстасаваных для вырошчвання раслін з утрыманнем наркотыкаў. З незаконнага абароту канфіскавана амаль 300 кг наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.
Найбольшай папулярнасцю ў наркаспажыўцоў па-ранейшаму карыстаюцца асабліва небяспечныя псіхатропныя рэчывы мефедрон і альфа-PVP, а таксама наркатычныя сродкі расліннага паходжання — марыхуана і гашыш.
— Самае дарагое, што ёсць, — гэта здароўе, самае бясцэннае — гэта жыццё. Таму дзеянні ўсіх зацікаўленых дзяржаўных органаў накіраваны ў першую чаргу на захаванне жыцця і здароўя грамадзян. Прынятымі мерамі мы захавалі дынаміку зніжэння колькасці смяротных атручэнняў наркотыкамі. Па выніках пяці месяцаў ад атручэння наркотыкамі загінуў 21 чалавек, для параўнання летась за пяць месяцаў было зафіксавана 30 смерцяў, — расказвае начальнік аддзела галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандр Хіла.
Асноўнай прычынай смяротных перадазіровак па-ранейшаму з’яўляецца спажыванне метадону ў спалучэнні з іншымі псіхаактыўнымі рэчывамі. Калі аналізаваць партрэт загінулых, то ў большасці сваёй гэта раней судзімыя асобы старэйшыя за 30 гадоў (такіх 94%), якія знаходзіліся пад назіраннем урачоў-псіхіятраў-нарколагаў у сувязі са спажываннем наркотыкаў, а таксама мелі шэраг іншых спадарожных захворванняў.
Больш за 90% усіх збытаў наркотыкаў адбываецца з выкарыстаннем інтэрнэту. Супрацоўнікі аналітычнай разведкі падраздзяленняў па наркакантролі актыўна змагаюцца з гэтай з’явай, і за пяць месяцаў бягучага года спынілі дзейнасць 20 інтэрнэт-магазінаў па продажы наркотыкаў.
У частцы прафілактыкі незаконнага абароту наркотыкаў сярод непаўналетніх праводзіцца работа інспекцыяй па справах непаўналетніх.
Супрацоўнікі ўзаемадзейнічаюць з трыма катэгорыямі грамадзян. Першая з іх — педагогі, якім даводзяць актуальную інфармацыю на педагагічных нарадах, шляхам трэнінгаў. Праваахоўнікі расказваюць аб спосабах уцягвання непаўналетніх у незаконны абарот наркотыкаў, прыкметах ужывання наркотыкаў, распаўсюджвання, аб механізмах дзеянняў пры выяўленні падобных фактаў.
Некалькі месяцаў таму быў зняты прафілактычны фільм «Наркотыкі і дзеці». Ён у першую чаргу прызначаны для бацькоў. Таксама арганізуюцца трэнінгі для педагогаў, каб навучыць іх не проста ўключаць фільм на бацькоўскіх сходах, але і ўмець растлумачыць некаторыя моманты. Напрыклад, расказаць, які пах мае псіхатропнае рэчыва, як правільна камунікаваць з дзіцем, якога падазраюць у распаўсюджванні наркотыкаў або спажыванні псіхастымулятараў.
Другая катэгорыя, з якой працуюць супрацоўнікі МУС, — бацькі.
— Трыбуна правядзення нашай інфармацыйнай кампаніі — гэта, вядома, бацькоўскія сходы. Тут мы таксама даносім сваю інфармацыю, дэманструючы прафілактычны фільм, які простай мовай расказвае бацькам аб адказнасці непаўналетніх, прыкметах ужывання наркотыкаў. Але, на жаль, не ўсе бацькі наведваюць бацькоўскія сходы. Для такіх мы выкарыстоўваем так званую агрэсіўную прафілактыку: з дапамогай педагогаў распаўсюджваем інфармацыю праз сацыяльныя сеткі, куды таксама выкладваем кароценькія ролікі пра адказнасць за незаконны абарот наркотыкаў, наступствы і спосабы распаўсюджвання. Наша мэта — давесці да кожнага з бацькоў разуменне, што незаконны абарот наркотыкаў небяспечны ў першую чаргу для здароўя і жыцця саміх непаўналетніх, — адзначае намеснік начальніка аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх ГУАПП міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Васіль Дземідовіч.
Вядзецца работа і ў частцы заканадаўчых ініцыятыў. Перапрацаваны асноўны закон аб прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, які прадугледжвае шэраг кардынальных змяненняў. У прыватнасці, магчымасць аказання спецыялізаванай дапамогі дзецям, якія пакутуюць ад алкагольнай і наркатычнай залежнасці. Гэта рэалізуецца шляхам накіравання дзяцей у спецшколы па заяве бацькоў. Для такіх падлеткаў будуць арганізоўваць мерапрыемствы комплекснай рэабілітацыі.
— Комплексная рэабілітацыя будзе ўтрымліваць медыцынскія, псіхолага-педагагічныя і адукацыйныя кампаненты. Самая галоўная мэта, якую мы імкнуліся дасягнуць, — забраць дзіця з таго звыклага асяроддзя, у якое яно было паглыбленае. Трэба адарваць яго ад сяброў, калег, таварышаў, якія зацягвалі яго ў незаконны абарот наркотыкаў. Тэрмін знаходжання ў спецшколе можа быць ад трох месяцаў да года. Пры гэтым у любы час дзіця па заяве бацькоў можа вярнуцца дадому, — праінфармаваў Васіль Дземідовіч.
Трэцяя катэгорыя, з якой у рамках прафілактыкі наркаманіі працуюць супрацоўнікі МУС, — самі дзеці. Пры гэтым банальная размова аб тым, што наркотыкі — гэта дрэнна, недастаткова эфектыўная.
— Дзеці камунікуюць са сваімі аднагодкамі, якія ім кажуць, што іх ніхто не затрымае, што ім абсалютна нічога за гэта не будзе. Таму адназначна гутаркі неэфектыўныя. У гэтым выпадку адным з дзейсных спосабаў данясення інфармацыі з’яўляюцца круглыя сталы з удзелам людзей, якія знаходзяцца ў стойкай рэмісіі на базе ўстаноў аховы здароўя. Такія мерапрыемствы праводзяць усе супрацоўнікі органаў унутраных спраў сумесна з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі. Акрамя таго, мы праводзім стрым-семінары з тымі, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, хто даходліва тлумачыць дзецям, да чаго прыводзіць гэты злачынны шлях, а падлеткі на свае вочы бачаць вынікі ўсіх гэтых дзеянняў. Акрамя таго, для тых, з кім праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, мы арганізуем экскурсіі ў месцы пазбаўлення волі. Праводзім і адкрытыя судовыя пасяджэнні, куды запрашаем дзяцей. Вельмі актыўна выкарыстоўваецца такая форма прафілактыкі, як абранне меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту непасрэдна падчас правядзення прафілактычных мерапрыемстваў. Акрамя таго, праводзім акцыі, флэшмобы. Апошні флэшмоб «Горад без трафарэтаў» праходзіў у Гомелі: дзеці самастойна шукалі рэкламу наркамагазінаў і паведамлялі пра гэта ў праваахоўныя органы. Нельга забываць і пра інтэрактыўныя формы работы. У нас ёсць цэнтры нагляднай прафілактыкі, цэнтры бяспекі МНС, у якіх маюцца інтэрактыўныя пляцоўкі па прафілактыцы наркаманіі з муляжамі ўнутраных органаў, што пацярпелі ад уздзеяння алкаголю і наркотыкаў, — расказаў прадстаўнік МУС.
Самы дзейсны метад засцерагчы дзіця ад дрэннай кампаніі — зацікавіць яго любымі спартыўнымі секцыямі, гурткамі, а таксама забяспечыць магчымасць працаўладкавацца.
— Так, тут не атрымаецца той касмічнай заработнай платы, якую абяцаюць наркамагазіны, але мы прапануем рэальны заробак 500–700 рублёў. Дзіця зможа іх зарабіць абсалютна законна, — дадаў Васіль Дземідовіч.
Для дарослых асноўным прафілактычным метадам наркаманіі з’яўляецца накіраванне ў лячэбна-працоўны прафілакторый. У бягучым годзе ўжо 150 нарказалежных грамадзян накіраваны ў гэтыя ўстановы, больш як 300 вынесена афіцыйнае папярэджанне аб магчымасці накіравання.
Згодна з перапрацаваным законам, які датычыцца ЛПП, цяпер гэта катэгорыя грамадзян можа быць накіравана ва ўстанову па больш спрошчаным парадку. Калі паўналетні грамадзянін упершыню звярнуўся ва ўстанову аховы здароўя з перадазіроўкай наркатычных сродкаў, ён атрымлівае афіцыйнае папярэджанне аб магчымым накіраванні ў ЛПП. Калі ж на працягу года ён зноў туды трапляе, то праводзіцца медыцынская камісія з мэтай накіравання яго ў ЛПП, затым адпаведнае рашэнне прымае суд.
Прафілактычныя мерапрыемствы сярод дзяцей і падлеткаў праводзяцца і ва ўстановах адукацыі. Як расказала загадчыца сектара каардынацыі і метадычнага забеспячэння прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў сярод навучэнцаў Цэнтра сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Акадэміі адукацыі Маргарыта ТОЎКЕС, адным з крокаў па канцэнтрацыі намаганняў на прафілактыцы распаўсюджвання наркаманіі сярод непаўналетніх з’яўляецца наведванне на сістэмнай аснове антынаркатычных пляцовак — цэнтраў прафілактыкі наркаманіі, якія прысвечаны негатыўным сацыяльным і медыцынскім наступствам наркаманіі, а таксама барацьбе з распаўсюджваннем наркотыкаў. 3 2023 года іх наведалі больш як 20 тысяч навучэнцаў. Немалая частка з іх — малодшыя школьнікі.
Акрамя таго, на класных, інфармацыйных гадзінах разглядаюцца тэмы па прафілактыцы ў адпаведнасці з узростам дзяцей. Акцэнт пры гэтым ставіцца на ўменне сказаць «не».
Як вядома, прафілактаваць залежнасць нашмат прасцей, чым ад яе пазбавіцца. Як адзначае ўрач-псіхіятр-нарколаг, загадчык 18-га наркалагічнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя Сяргей Марчук, наркатычная залежнасць з’яўляецца адной з самых складаных.
— Асобы з наркатычнай залежнасцю, як правіла, маюць нізкі ўзровень матывацыі на збаўленне ад захворвання і прывядзенне яго у стан рэмісіі і кантролю. Яшчэ адзін важны момант — пры гэтым захворванні больш, чым пры іншых, уплывае знешняе асяроддзе. Нізкая матывацыя і высокі ўплыў навакольнага асяроддзя з’яўляюцца тымі фактарамі, якія абцяжарваюць работу ўрачоў, — падкрэслівае Сяргей Марчук.
Лячэнне нарказалежных базіруецца не толькі на медыцынскім кампаненце, але і на сацыяльным і рэабілітацыйным. Шырока развіваюцца новыя формы медыцынскай і рэабілітацыйнай дапамогі.
— Папярэднія формы медыкаментознай дапамогі, лячэння ў межах закрытых наркалагічных, псіхіятрычных аддзяленняў давалі выражаны фізічны эфект для пацыентаў, але гэта не мяняла сацыяльнага кампанента захворвання. Яны паляпшалі якасць жыцця неадкладна, але, вяртаючыся ў ранейшае асяроддзе, аднаўлялі ўжыванне, — кажа ўрач.
Сярод сучасных тэндэнцый дапамогі пацыентам з наркатычнай залежнасцю — праграма апіёіднай замяшчальнай тэрапіі, якая цяпер шырока распаўсюджана. У краіне 21 кабінет замяшчальнай тэрапіі.
— У пацыентаў з наркатычнай залежнасцю заўсёды ёсць альтэрнатыва: замест таго каб ужываць наркатычныя рэчывы вулічнага паходжання і мець шэраг праблем псіхічнай і саматычнай якасці, крымінальныя наступствы, ёсць магчымасць пад кантролем урачоў-псіхіятраў-нарколагаў ужываць бяспечнае наркатычнае рэчыва. Гэта ў значнай ступені змяншае верагоднасць учынення крымінальных правапарушэнняў. Людзі на апіёіднай замяшчальнай тэрапіі пастаянна знаходзяцца пад назіраннем урачоў-псіхіятраў-нарколагаў, маюць пастаянны доступ да медыцынскай дапамогі, рэгулярна здаюць аналізы, каб пацвярджаць сваю цвярозасць ад наркатычных сродкаў вулічнага паходжання, атрымліваюць антырэтравірусную тэрапію, што ў значнай ступені паляпшае якасць жыцця пацыентаў, якія маюць ВІЧ-інфекцыю. Праграма замяшчальнай тэрапіі дапамагае сацыялізавацца. Гэта працаўладкаваныя асобы, якія сябе рэалізуюць як паўнацэнныя грамадзяне. Яны аднаўляюць сем’і, нараджаюць дзяцей, што сацыяльна паляпшае іх якасць жыцця, — расказвае Сяргей Марчук.
Другі важны пласт сучаснай работы з нарказалежнымі — пераход на новы фармат і праграму даўгачаснай рэабілітацыі. З 2019 года такая створана на базе 18-га аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя. Эксперыментальная праграма даўгачасная, гэта значыць пацыенты могуць быць пад назіраннем урачоў і пад пастаяннай рэабілітацыйнай работай са спецыялістамі цягам 1,5 года пасля выпіскі са стацыянара. Комплексны падыход прадугледжвае не толькі рэабілітацыю, але і аказанне медыцынскай дапамогі ад моманту дэтаксікацыі, стацыянарную рэабілітацыю цягам 28-30 дзён ва ўмовах закрытага наркалагічнага аддзялення, дзе ёсць магчымасць штодзённа наведваць групавую тэрапію, 2-3 разы на тыдзень індывідуальна працаваць з псіхолагам і псіхатэрапеўтам, пастаянна прымаць падтрымлівальную лекавую тэрапію. Цягам 1,5 года пасля выпіскі са стацыянара пацыенты могуць рэгулярна наведваць рэабілітацыйныя мерапрыемствы, у прыватнасці групавую і індывідуальную псіхатэрапію, атрымліваць кансультацыю ўрача-псіхіятра-нарколага.
Комплексны падыход падразумявае і сацыяльны кампанент — дапамогу ў аднаўленні дакументаў, сацыялізацыю, суправаджэнне ў пошуку работы, у выніку чаго пацыент не адчувае сябе кінутым. У 2023-м на базе 18-га аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя каля 145 чалавек прайшло этапы дэтаксікацыі і стацыянарнай рэабілітацыі і на сёння атрымлівае дапамогу на амбулаторным этапе.
Алена КРАВЕЦ
У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.
Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.