Вы тут

Якія новыя тэмы і пытанні ўзняты сучаснымі даследчыкамі?


У нашай краіне робіцца вельмі шмат для захавання памяці аб тых, хто змагаўся і загінуў на беларускай зямлі ў Вялікую Айчынную вайну. Пабудавана больш як восем тысяч помнікаў і мемарыялаў, насыпана 180 курганоў памяці. Беларускія вучоныя надрукавалі каля 12 тысяч навуковых прац. На гэта звярнуў увагу акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя падчас міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны: гісторыя і сучаснасць», прысвечанай 80-годдзю вызвалення Беларусі. Яе праводзіла Нацыянальная акадэмія навук сумесна з міністэрствамі абароны і адукацыі, грамадскімі арганізацыямі. У форуме ўзялі ўдзел больш як 400 чалавек.


У нашай краіне створана ўнікальная хроніка «Памяць», якая налічвае паўтары сотні тамоў, а таксама адзіны на постсавецкай прасторы вучэбна-метадычны комплекс «Вялікая Айчыннай вайна савецкага народа ў кантэксце Другой сусветнай вайны». За апошнія гады пабачылі свет такія выданні, як «Унёсак беларускага народа ў Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне», «Сузор’е герояў зямлі беларускай», «Твае сыны, Беларусь» і многія іншыя. Ініцыіравана ўсенародная акцыя «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны. Успомнім усіх». Яна падтрымана выканаўчымі органамі ўлады, установамі адукацыі і культуры, грамадскімі арганізацыямі. Штогод, пачынаючы з 2020-га, выходзяць кнігі, у якіх падаюцца ўспаміны ўдзельнікаў, сямейныя хронікі, артыкулы, фатаграфіі, дакументы. Тут размяшчаецца інфармацыя пра франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў, якія змагаліся на тэрыторыі Беларусі. За чатыры гады, што дзейнічае акцыя, надрукаваны матэрыялы, прадстаўленыя вучонымі, выкладчыкамі, настаўнікамі, школьнікамі. Ужо размешчана 246 публікацый.

Падрыхтавана да друку чацвёртая кніга, і праца працягваецца. Тым не менш з кожным годам даследчыкі ўзнімаюць новыя тэмы; і пытанняў, звязаных з вывучэннем ваеннай гісторыі, перадачай гістарычнай праўды не становіцца менш. Некаторыя з іх былі ўзняты падчас канферэнцыі.

Ці з’явіцца пяты штык?

З прапановай больш увагі аддаць подзвігу беларускіх партызан выступіў загадчык цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Аляксей Літвін. Ён згадаў лета 1969 года, калі ў 25-гадовы юбілей аперацыі «Баграціён» урачыста адкрыўся Курган Славы, які насыпаўся рукамі дзясяткаў тысяч чалавек, у тым ліку і студэнтаў-гісторыкаў:

— У той час ад свайго выкладчыка, былога партызана, я пачуў шкадаванне, што помніку не хапае аднаго штыка.

Глыбокае разуменне гэтых слоў, як прызнаўся вучоны, прыйшло пазней. Чатыры абеліскі ў форме штыкоў на Кургане Славы сімвалізуюць чатыры франты, якія вызвалялі Беларусь летам 1944 года. Але нельга недаацэньваць ролю, якую адыгралі ў вызваленні партызаны. 

Тым больш што тэрміны «пяты фронт», «партызанскі фронт», «фронт у тыле ворага» ўжо даўно шырока выкарыстоўваюцца ў навуковай і мастацкай літаратуры.

Да сярэдзіны красавіка 1944 года завяршыўся першы этап вызвалення тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

— Важна разумець, што адбывалася на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Да гэтага часу праціўнік быў выбіты з 36 раёнаў Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Палескай абласцей. З кастрычніка 1943-га па красавік 1944 года з часцямі Чырвонай Арміі злучыліся больш як 35 партызанскіх брыгад і 15 асобных партызанскіх атрадаў агульнай колькасцю больш чым 50 тысяч чалавек. Але на акупаванай тэрыторыі працягвала дзейнічаць вялікая армія беларускіх партызан. Пацвярджэннем гэтаму стала цудоўна праведзеная стратэгічная наступальная аперацыя «Баграціён». У шчыльным узаемадзеянні з наступальнымі часцямі Чырвонай Арміі сваю зямлю вызваляў і беларускі народ у складзе пятага фронту, партызанскага, — заўважыў вучоны.

Калі савецкія войскі актыўна рыхтаваліся да вырашальнай бітвы, для партызанаў гэты быў час, калі яны змагаліся за выжыванне.

Выкарыстоўваючы аператыўную паўзу, гітлераўскае кіраўніцтва імкнулася ўсімі сіламі ачысціць ад партызанаў не толькі прыфрантавую тэрыторыю, але і разграміць асноўныя партызанскія зоны і ў цэлым ліквідаваць партызанскі рух. Па ўсёй тэрыторыі Беларусі праводзіліся карныя аперацыі ажно да канца чэрвеня 1944 года. Акрамя спецыяльных сіл, да іх былі прыцягнуты злучэнні і часці вермахта, паліцэйскія фарміраванні Літвы, Латвіі, мясцовая паліцыя, а таксама асобныя фарміраванні беларускай краявой абароны. У красавіку—чэрвені 1944 года карныя аперацыі па выцясненні партызан з прыфрантавой паласы праводзіліся на тэрыторыі паўночных раёнаў Мінскай, Палескай, Пінскай і Брэсцкай абласцей. Калі ў студзені ў карных аперацыях з нямецкага боку было задзейнічана каля 30 тысяч чалавек, дык у сакавіку ўжо 60 тысяч, у красавіку 80, у маі да ста тысяч гітлераўскіх салдат і афіцэраў. Самая маштабная за гады вайны экспедыцыя (аперацыя «Фрулінгсфест») прайшла з 11 красавіка па 9 мая 1944 года супраць партызан Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. 60 тысяч гітлераўскіх салдат і афіцэраў, франтавыя дывізіі, ахоўныя войскі, войскі СС удзельнічалі ў ёй. І гэта супраць 17 тысяч партызан. Па даных Беларускага штаба партызанскага руху, немцы страцілі ў гэтай аперацыі да 20 тысяч салдат і афіцэраў, 50 танкаў, 116 аўтамабіляў, сем бронемашын, 22 гарматы, і два самалёты.

Карныя аперацыі працягваліся да 23 чэрвеня, калі Чырвоная Армія перайшла ў наступленне. Усяго са студзеня да канца чэрвеня было праведзена 30 буйных карных аперацый. Акрамя абароны, партызаны Беларусі вялі пастаянныя баявыя дзеянні супраць гарнізонаў праціўнікаў. За гэты час было разгромлена 150 варожых гарнізонаў, вяліся дыверсіі па камунікацыях. Са студзеня да чэрвеня было здзейснена 3730 аперацый. А яшчэ партызаны бралі ўдзел у пасяўной кампаніі, абароне партызанскіх зон. Адной з найважнейшых задач быў і збор разведвальнай інфармацыі для Чырвонай Арміі. Амаль уся тэрыторыя Беларусі была пакрыта партызанскімі зонамі і фарміраваннямі. Да пачатку аперацыі «Баграціён » на тэрыторыі Беларусі знаходзілася 150 партызанскіх брыгад і 49 асобна дзеючых атрадаў, якія налічвалі больш як 140 тысяч чалавек. Гэта ўлічыла савецкае камандаванне пры распрацоўцы аперацыі «Баграціён». Да пачатку яе была аказана вялікая дапамога савецкага тылу. Было выкінута 7832 тоны баявых грузаў, што ў 2,5 разы больш, чым за пяць апошніх месяцаў 1943 года. Партызаны атрымалі 49 тон толу, 3600 вінтовак, звыш 26 тон медыкаментаў.

Напярэдадні аперацыі партызанскія сілы раслі. Да 23 чэрвеня колькасць партызанаў павялічылася на 65 тысяч. 8 чэрвеня партызаны атрымалі канкрэтную дырэктыву Беларускага штаба партызанскага руху на правядзенне «Рэйкавай вайны». Галоўная задача, якая ставілася перад імі, — захоп і ўтрыманне перапраў, дапамога насельніцтву ва ўзвядзенні перапраў і гацяў у цяжкадаступных месцах.

Партызаны аказвалі дапамогу ў фарсіраванні рэк Пціч, Беразіна, Случ, Друць, Арэса, Шчара, Нёман. Падчас наступлення яны захапілі, ачысцілі ад ворагаў і ўтрымлівалі да прыходу Чырвонай Арміі многія райцэнтры і чыгуначныя станцыі. Прымалі ўдзел у вызваленні Мінска і трох абласных цэнтраў, больш як 40 буйных населеных пунктаў Беларусі. Даследчыкам яшчэ трэба падлічыць, якія страты панеслі партызаны падчас вызвалення Беларусі. Так, вядома, што на самым вялікім па колькасці — Першым беларускім фронце, які налічваў 1 071 100 чалавек, — страты былі каля 66 тысяч. На Другім Беларускім фронце, які налічваў 319 500 чалавек, падчас аперацыі загінула звыш 26 тысяч. Партызанскі фронт (калі ўлічваць няўзброены рэзерв і падтрымку насельніцтва) таксама меў вялікія страты, гэта магло быць каля 20 тысяч чалавек.

— На вяршыні Кургана Славы неабходны яшчэ адзін штык як сімвал існавання пятага фронту. Я не настойваю на рэканструкцыі. Важна, каб гэта было ў свядомасці кожнага школьніка. Каб на пытанне «Колькі франтоў вызвалялі Беларусь?», ён адказваў, што пяць. Я спадзяюся, у нашай краіне з’явіцца помнік, варты подзвігу партызанскага фронту, — заўважыў Аляксей Літвін.

Памяць дзеля гонару

Дацэнт кафедры гуманітарных навук Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, кандыдат гуманітарных навук Сяргей Васовіч узняў пытанне: якіх крытэрыяў трэба прытрымлівацца пры ўзнагароджанні населеных пунктаў вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны»? Такі знак быў прыняты загадам Прэзідэнта ў 2004 годзе. Сёлета да 80-годдзя вызвалення падобным чынам былі адзначаны дзевяць населеных пунктаў, усяго ж іх ужо 36.

Самым першым населеным пунктам, якому ўручылі памятны вымпел, быў Брэст — у жніўні 2009-га.

Сяргей Міхайлавіч упэўнены, што горад сапраўды заслужыў такое званне. На жаль, сёння мала хто ведае, што акрамя Брэсцкай крэпасці ў пачатку вайны тут былі і іншыя месцы супраціўлення. Цэлы тыдзень змагаліся чыгуначнікі, міліцыянеры, а таксама чырвонаармейцы, якіх вайна на той час заспела на вакзале. Яны стралялі па пероне і перашкаджалі немцам скарыстацца чыгункай. Захопнікам удалося выцесніць абаронцаў у падвалы. Там іх сталі затапляць вадой. Абаронцы спрабавалі вырвацца і схавацца сярод рабочых. Але іх адразу вылічылі па знешнім выглядзе — схуднелых, са скурай, зморшчанай ад доўгага знаходжання ў вадзе.

Яшчэ адзін населены пункт Брэсцкай вобласці, адзначаны вымпелам, — Пінск. Афіцыйна лічыцца, што тут быў створаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны першы на тэрыторыі Савецкага Саюза партызанскі атрад, хоць краязнаўцы іншых населеных пунктаў спрабуюць аспрэчыць званне «першага». Падчас канферэнцыі разгарнулася дыскусія, ці настолькі істотна вызначаць, хто быў першым ці ў які дакладна час прагучаў залп гарматы, бо падобныя ўдакладненні адбіраюць у вучоных вялікую колькасць часу. Некаторыя дэталі могуць быць незаўважнымі ў маштабах краіны, але яны важныя для кожнага канкрэтнага населенага пункта, для патрыятычнага выхавання, бо любоў да малой радзімы можна прывіваць, калі ёсць чым ганарыцца. Сяргей Васовіч упэўнены, што для кожнага населенага пункта важна знайсці свой брэнд, адметныя старонкі гісторыі, асоб. Як, напрыклад, абарона таго ж вакзала ў Брэсце, першы партызанскі бой пад

Пінскам ці подзвіг падлетка, які завёў акупантаў у балота.

Гумар як зброя

Некалькі дакладаў падчас пасяджэння першай секцыі былі прысвечаны выданням часоў вайны, сярод якіх рукапісныя часопісы беларускіх партызан, баявыя лісткі, што выходзілі ў тыле. Намеснік дырэктара Дзяржархіва Віцебскай вобласці Таццяна Буевіч паведаміла, што ва ўстанове ў асабістым архіве мастака Сямёна Далматава, франтавіка, танкіста, захоўваюцца копіі карыкатур ваеннага часу. Архівісты ўжо рабілі выстаўкі па гэтых работах, знаёмілі з імі дзяцей. Таццяна Буевіч расказала, як гумар і сатыра выкарыстоўваліся ў якасці інфармацыйнай зброі:

— Ёсць выраз, што ўпэўненасць у перамозе — 50 працэнтаў перамогі. Асабліва востра барацьба за розумы і эмоцыі людзей стаяла ў 1941–1942 гадах. Карыкатура, нягледзячы на сваю прастату, — вельмі сур’ёзнае мастацтва, якое заклікана ненавязліва стварыць эмацыянальны фон у чалавека, прыбраць негатыў. У той час яна набірала абароты.

Узнікалі новыя выданні, подпісы да малюнкаў маглі рабіць не толькі мастакі, але і паэты. Тут падбіраліся цікавыя вобразы. Напрыклад, праз малюнак падаваліся паралелі Гітлера і Напалеона, у складаны час людзям нагадвалі пра непазбежнае паражэнне ворага. Папулярнымі былі серыі малюнкаў, падобныя на коміксы. Там маглі быць выкарыстаны як вобразы акупантаў, так і чырвонаармейцаў, якія знаходзілі выйсце ў складаных сітуацыях. Адзін з такіх герояў ваенных савецкіх «коміксаў» — Фядот Снароўкін, па меркаванні некаторых даследчыкаў, стаў правобразам славутага героя А. Твардоўскага Васілія Цёркіна. На канферэнцыі было ўзнята пытанне аб стварэнні выдання, дзе б маглі быць пададзены такія карыкатуры.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.

Кіно

Аўтарскі погляд на чалавека і яго лёс праз дакументальнае кіно

Аўтарскі погляд на чалавека і яго лёс праз дакументальнае кіно

У Мінску завяршыўся фестываль «Еўразія.DOC».

Спорт

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.