Гераіня тыдня. Аліна Гарнасько стала абсалютнай чэмпіёнкай міжнароднага турніру па мастацкай гімнастыцы «Хрустальная ружа», які прайшоў у Мінску. Спаборніцтвы сабралі каля 200 грацый з дзесяці краін, якія вызначалі наймацнейшых у некалькіх узроставых катэгорыях. Не засталіся без медалёў і іншыя беларускія спартсменкі — у кампазіцыі з абручом Анастасія Салас і Дар’я Грахотава заваявалі «серабро» і «бронзу» адпаведна, а ў практыкаванні з булавамі другі і трэці вынікі паказалі беларускі Аліна Рэчкіна і Лізавета Зоркіна.
«Вельмі задаволена сваімі выступленнямі на турніры. Доўга чакала гэтыя спаборніцтвы, паколькі засумавала па выступленнях дома. У гэтым сезоне была ў многіх краінах, але зусім адна, мне не хапала падтрымкі дамашніх трыбун і канкурэнцыі ўнутры каманды. Я вельмі старалася і спадзяюся, што не падвяла трэнераў і балельшчыкаў», — падзялілася сваімі ўражаннямі з журналістамі Аліна Гарнасько.
Няўдачы тыдня. Беларуская плыўчыха Анастасія Шкурдай няўдала пачала выступленні на XXXІІІ летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы. У папярэдніх заплывах на дыстанцыі 100 метраў на спіне яна паказала вынік 1 хвіліна 00,94 секунды і заняла сёмае месца. У агульнай табліцы час Шкурдай аказаўся 20-м сярод 36 дзяўчат, у паўфінал прайшлі найлепшыя шаснаццаць. Сваё выступленне на Алімпійскіх гульнях у Парыжы скончыў і Ілья Шымановіч. Ён прабіўся ў паўфінал на стометроўцы брасам, дзе паказаў час у 59,45 секунды, што прынесла яму 10-е месца ў табліцы. А ў фінал прайшла найлепшая васьмёрка плыўцоў.
Каманда тыдня. Зборная Беларусі U-17 стала бронзавым прызёрам міжнароднага турніру «Кубак Сірыуса», які прайшоў у Сочы. Удзел у спаборніцтвах прынялі юнацкія зборныя Беларусі і Расіі, а таксама каманды пяці расійскіх рэгіёнаў. У заключным матчы турніру нашы хлопцы сустракаліся з аднагодкамі з Масквы. Зыход паядынку вырашыўся ў авертайме. Вынік матча — 3:2. Такім чынам, зборная Беларусі-U17 набрала восем ачкоў у шасці матчах і заняла трэцяе месца на Кубку Сірыуса — гэты вынік стаў для нашых хакеістаў найлепшым за ўвесь час выступлення на турніры.
Лічба тыдня. 13 медалёў заваявалі беларускія спартсмены на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы сярод інвалідаў па слыху. Двухразовым чэмпіёнам стаў Аляксандр Майстрэнка, які выйграў спаборніцтвы ў скачках у даўжыню і трайным скачку. Таксама два медалі вышэйшай пробы заваяваў Аляксандр Чарняк, які быў найлепшым на дыстанцыях 800 і 1500 м. Кацярына Журабенкава заняла першае месца па выніках стометроўкі і другое месца на 200 метраў. Дзіяна Барсукова заняла другое месца ў скачках у вышыню і трэцяе ў трайным скачку. Алена Цярэнцьева заваявала сярэбраны медаль на 800 метрах і трэцяе на 400 метрах. У скачках у вышыню перамог Раман Гралько, Дзіяна Пруднікава ў сяміборстве паказала трэці вынік.
Аб’ява тыдня. Міністэрства спорту і турызму будзе штогод забяспечваць правядзенне рэспубліканскага конкурсу на найлепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы сярод адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, клубаў па фізічнай культуры і спорце, фізкультурна-аздараўленчых, спартыўных цэнтраў (камбінатаў, комплексаў, цэнтраў фізкультурна-аздараўленчай работы), фізкультурна-спартыўных клубаў. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 25 ліпеня 2024 года № 519, якая афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Фінансаванне расходаў на выплату грашовай узнагароды пераможцам і прызёрам конкурсу на агульную суму 2300 базавых велічынь (цяпер 1 БВ складае Br40) ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных Міністэрству спорту і турызму на іншыя пытанні ў галіне фізічнай культуры і спорту.
Надзеі тыдня. На пляцоўках маскоўскага Цэнтра сучаснага пяціборства «Паўночны» і Маскоўскай акадэміі сучаснага пяціборства прайшоў Кубак Дружбы з удзелам найлепшых маладых спартсменаў з Беларусі і Расіі. Медалі турніру былі разыграны ў дзвюх узроставых катэгорыях: сярод юнакоў і дзяўчат да 17 гадоў і сярод юніёраў і юніёрак да 19 гадоў. Пераможцам у асабістым першынстве ў хлопцаў стаў чэмпіён Еўропы-U17 беларус Акім Гнедчык, а ў камандным заліку зборная Беларусь-1 у складзе Гнедчыка, Філіпа Мякіша, Яраслава Кулікоўскага і Мікіты Лысенкі заняла трэцяе месца. У спаборніцтвах юніёрак у індывідуальным турніры перамагла Міра Бурая, а ў камандным першынстве на вышэйшую прыступку п’едэстала ўзняліся Бурая, Вера Хадкевіч, Аляксандра Ляшэнка і Мілана Спявак. У спаборніцтвах спартсменаў да 17 гадоў беларуская каманда ў складзе Кірыла Конанава, Цімафея Пракопчыка, Арцёма Хадаровіча і Ільі Герцэна заняла трэцяе месца. Такі ж вынік паказала і жаночая каманда: Паліна Бубнава, Паліна Слепчанкава, Паліна Мурашка і Аліса Данілава.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з адкрытых крыніц
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.