Вы тут

У дванаццаты раз на Віцебшчыне прайшло міжнароднае свята «Вішнёвы фестываль»


У дванаццаты раз на Віцебшчыне прайшло міжнароднае свята «Вішнёвы фестываль», якое сабрала сотні гасцей і ўдзельнікаў з розных куткоў свету. Традыцыйна горад Глыбокае на два дні пераўтварыўся ў творчую прастору з адметным вішнёвым смакам.


Стартаваў фестываль 26 ліпеня з тэматычнай рэгістрацыі нараджэння маленькай глыбачанкі Ксеніі Рагавой, якая нарадзілася 11 ліпеня. Першы і галоўны дакумент дачкі маладыя бацькі Ігар і Анастасія атрымалі ў раённым аддзеле ЗАГС з удзелам ганаровых гасцей.

Арганізатары свята «Вішнёвы фестываль» аддаюць вялікую ўвагу развіццю фізічнай культуры і спорту, прапагандзе здаровага ладу жыцця, таму ў праграме мерапрыемства заўсёды значыцца нямала займальных спартыўных спаборніцтваў. Адным з першых тэматычных турніраў стала адкрытае першынства Глыбоцкай ДЮСШ па пляжным валейболе сярод дзяўчынак і хлопчыкаў 2013–2014 гадоў нараджэння «Вішня над сеткай».

Глыбоцкі цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці ў першы дзень фестывалю запрашаў усіх ахвотных на выставу кітайскіх веераў. На ёй прэзентавалі больш як 60 веераў, што дазволіла глыбачанам і гасцям горада пазнаёміцца з модай і культурай, традыцыямі і звычаямі кітайскага народа. Па словах куратара выставы Цынь Лінліня, для яе гэта не першае знаёмства з горадам Глыбокае, прадстаўніца КНР была на фестывалі ў 2022 годзе. Сёлета з сябрамі Цынь прывезла на Віцебшчыну адзін з галоўных сімвалаў кітайскай культуры, выстава прыемна ўразіла глыбачан і гасцей.

Традыцыйна гасцей у сваёй рэзідэнцыі сустракала вішнёвая каралева — галоўная гераіня міжнароднага свята. Пазнаёміцца з ёй прыйшло шмат гасцей: мясцовыя жыхары, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый горада, палачане, віцябчане, мінчане, жыхары Санкт-Пецярбурга, горада Тарапец Цвярской вобласці, расіяне, якія адпачываюць у санаторна-курортным комплексе «Пліса». Іх усіх каралева вітала з памочніцамі-вішанькамі і казачнымі вартавымі парадку. У рэзідэнцыі прайшлі майстар-класы, канцэрт, а яшчэ ўсе змаглі паспрабаваць прысмакі з сімвалам фестывалю.

Яркую музычную сустрэчу каля скульптуры глыбоцкай вішні на вуліцы Леніна арганізавалі супрацоўнікі Глыбоцкай дзіцячай школы мастацтваў. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства, якое прайшло сёлета ўпершыню, былі маладыя пары — Антона і Ульяны Жукоў, Аляксандра і Таццяны Вышадкаў, якія заключылі шлюбы падчас правядзення «Вішнёвага фестывалю» ў Глыбокім. Антон і Ульяна сталі мужам і жонкай у мінулым годзе, а на сёлетнюю сустрэчу каля скульптуры прыйшлі не ўдваіх, а ўтраіх з маленькай «вішанькай», дачушкай Ганнай. На сямейным рахунку Аляксандра і Таццяны пяць сумесна пражытых гадоў. Маладыя бацькі выхоўваюць дачку Дарыну.

Глыбоцкая «вішня» стала і месцам творчых сустрэч: тут віталі калектывы з Полацка і расійскага горада Востраў, ансамбль рускай песні «Забавушка» са Смаленска, студыю танцаў «Каўказ» і ансамбль азербайджанскага танца «Сары Гялін», творчыя калектывы «Суседзі» і «Талачынскія закаблукі». Як прызналіся госці, яны ў захапленні ад Глыбокага, ад душэўных, гасцінных сустрэч, ад новых знаёмстваў і яркіх уражанняў.

Па традыцыі ў першы фестывальны вечар на цэнтральнай плошчы ў Глыбокім прайшла этнавечарына з удзелам творчых калектываў з розных краін, а на захадзе сонца ўсіх удзельнікаў запрасілі на вогненнае шоу.

Другі фестывальны дзень быў насычаны яркімі падзеямі. Па традыцыі вішнёвую каралеву ўдзельнікі і госці міжнароднага свята сустракалі каля скульптурнай кампазіцыі «Глыбоцкая вішня». У першыя гады правядзення мерапрыемства галоўная гераіня прыязджала на карэце, запрэжанай чацвёркай коней. Ужо на мінулым фестывалі каралеву на свята прывёз лімузін, сёлета — кабрыялет.

27 ліпеня адбылася прэзентацыя конкурсу «Вішапка», які праводзіўся ўпершыню. Яго ўдзельнікі павінны былі прыдумаць тэматычныя галаўныя ўборы, і гэта, дарэчы, у іх здорава атрымалася. Асабліва ўразіў публіку какошнік неверагодных памераў, які з двух бакоў трымалі на палках.

Цэнтральнай падзеяй фестывалю з году ў год з’яўляецца ўрачыстае шэсце ўдзельнікаў і гасцей ад скульптурнай кампазіцыі да канцэртнай пляцоўкі на беразе возера Кагальнае. Сёлета ў Глыбокае завіталі ганаровыя госці, якія таксама далучыліся да шэсця: першы намеснік Генеральнага сакратара СНД Леанід Анфімаў; намеснік Генеральнага сакратара СНД Нурлан Сейцімаў; саветнік Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Аляксей Галузін; Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сербіі ў Рэспубліцы Беларусь Іліна Вукайловіч; намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, а таксама госці з суседніх раёнаў і многія іншыя.

Упрыгажэннем дванаццатага міжнароднага свята «Вішнёвы фестываль» стала тэматычнае вяселле. У такі яркі летні маляўнічы дзень пажадалі зарэгістраваць свой шлюб жыхарка Докшыцкага раёна Анжаліка Навуменка і палачанін Уладзіслаў Марушчак. Са стварэннем новай сям’і маладых віталі кіраўніцтва горада, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый.

Не абышлося без традыцыйнага конкурсу гарманістаў і баяністаў «Вішнёвыя найгрышы», пасля яго ўсім прысутным прапанавалі паспрабаваць на смак дзясяткі відаў вішнёвага варэння і паўдзельнічаць у аўкцыёне «Вішнёвы ПІРог». Упершыню на фестывалі правялі забег вінаградных слімакоў, у якім узялі ўдзел каля трох дзясяткаў малюскаў. Святочным акордам дванаццатага фестывалю на Глыбоччыне стаў яркі феерверк.

Аляксандра Гвоздзева

Фота ТК «Глыбоцкі раён. Афіцыйна»

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Культура

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.