Вы тут

У Мсціславе будуюць устойлівае заўтра


Добрая экалогія, здаровае насельніцтва, квітнеючая эканоміка, наплыў турыстаў — гэта, па сутнасці, і ёсць тое, што хаваецца за сціплай абрэвіятурай МУР — мэты ўстойлівага развіцця. Каб ажыццявіць гэтыя планы на практыцы, краіны, гарады, раёны ствараюць адмысловую стратэгію. Такая была распрацаваная Мсціслаўскім раёнам у 2021 годзе. У адпаведнасці з ёй тут укараняюцца ў жыццё ініцыятывы з прыцэлам на будучыню. Наколькі актыўна ідзе гэты працэс, можна было даведацца падчас другога па ўліку рэгіянальнага фестывалю ўстойлівага развіцця «Разам ва ўстойлівае заўтра». Форум быў прымеркаваны да 100-годдзя ўтварэння раёна.


Добрая экалогія, здаровае насельніцтва, квітнеючая эканоміка, наплыў турыстаў — гэта, па сутнасці, і ёсць тое, што хаваецца за сціплай абрэвіятурай МУР — мэты ўстойлівага развіцця. Каб ажыццявіць гэтыя планы на практыцы, краіны, гарады, раёны ствараюць адмысловую стратэгію. Такая была распрацаваная Мсціслаўскім раёнам у 2021 годзе. У адпаведнасці з ёй тут укараняюцца ў жыццё ініцыятывы з прыцэлам на будучыню. Наколькі актыўна ідзе гэты працэс, можна было даведацца падчас другога па ўліку рэгіянальнага фестывалю ўстойлівага развіцця «Разам ва ўстойлівае заўтра». Форум быў прымеркаваны да 100-годдзя ўтварэння раёна.

Так называецца Мсціслаўская гімназія — мозг і рухавік распрацаванай стратэгіі. Тут адбылася выстаўка-прэзентацыя тых ініцыятыў, якія ўжо рэалізаваныя, і прайшло пашыранае пасяджэнне Савета па ўстойлівым развіцці Мсціслаўскага раёна. Цэнтр устойлівага развіцця, які тут працуе, з’яўляецца абласным рэсурсным інавацыйным для рэалізацыі МУР. Як вядома, мэт існуе 17, і ўсе яны ўзаемазвязаныя паміж сабой. Ліквідацыя голаду, забеспячэнне здаровага ладу жыцця, усёахопная і справядлівая якасная адукацыя, рацыянальнае выкарыстанне водных рэсурсаў і санітарыя, доступ да недарагіх, надзейных, устойлівых і сучасных крыніц энергіі... Больш дэталёва з імі можна азнаёміцца на сайце гімназіі ў раздзеле «Акадэмія МУР».

— Наша мэта — давядзенне пэўнай інфармацыі да як можна большай колькасці людзей, — паведаміў настаўнік інфарматыкі Сяргей Кальцоў. — Чым болей грамадзян падумае пра ўстойлівае развіццё, тым больш верагоднасць таго, што мы будзем устойліва развівацца. 17 мэт МУР — гэта ўсё наша жыццё. Мы найбольшую ўвагу аддаём энергазберажэнню. Нашымі інавацыйнымі рэсурсамі карыстаецца ўся вобласць, але больш актыўна раён. Бо ў развіцці стратэгіі зацікаўлены наш райвыканкам і, у прыватнасці, аддзел па адукацыі. Ён нас падтрымлівае, таму ўсе школы ўцягнутыя ў працэс.

На сённяшні дзень Акадэміяй МУР падрыхтаваны матэрыял для дзевяці мэт устойлівага развіцця. Гэтыя матэрыялы выкладзены на сайце і з імі можна азнаёміцца больш дэталёва. Магчыма, і дадаць нешта сваё.

— Асобны праект «Задачы МУР у задачах, прыкладах і турнірах», — кажа суразмоўнік. — Праводзім інтэрактыўныя турніры. Апошні датычыўся сёмай мэты — гэта недарагая,чыстая энергія. Правялі аж чатыры турніры. Усе навучэнцы гімназіі праходзяць такі турнір. Потым рабілі вялікі турнір для 5–11 класаў усіх навучальных устаноў Мсціслаўскага раёна. І супертурнір, калі ў наш кабінет інфарматыкі запрасілі каманды з усіх школ, і тыя дзве гадзіны спаборнічалі. Мы паспрабавалі інтэрактыўным спосабам апытаць падлеткаў, як яны разумеюць інфармацыю, што мы ім далі.

Летась гімназія выйграла першы ў вобласці прыз пад мэту «Экалогія». А сёлета ў шостым абласным рэгіянальным форуме па ўстойлівым развіцці атрымала першае месца. Стымул вялікі, бо перамогі ў конкурсах прыносяць яшчэ і фінансы на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы.

— За другі наш выйгрыш памянялі вокны ў класах, зрабілі вулічнае асвятленне, — расказвае дырэктар школы Андрэй Казакоў. — За апошнія 100 тысяч рублёў, якія мы выйгралі, абнаўляем на харчблоку абсталяванне: закупілі дзве індукцыйныя пліты, два паравектаматы, дзве маразільныя скрыні, будзе яшчэ кацёл варачны, цалкам замянілі асвятляльнае абсталяванне ў кабінетах на энергазберагальныя лямпы. У планах замяніць асвятленне яшчэ і ў калідорах.

Мэты ва ўсіх аднолькавыя

Актыўна ўдзельнічаюць у стратэгіі ўстойлівага развіцця дэпутаты. На выстаўцы яны паказалі вынікі сваёй дзейнасці.

— Мы разумеем свае праблемы і, сыходзячы з іх, будуем сваё будучае, — кажа старшыня Падсолтаўскага сельсавета Аксана Лісоўская.

— Асноўная наша праблема была — землі і дамы, што пустуюць. Тыя будынкі, якія ні на што не годныя, мы выкарыстоўваем на рамонт дарог. Робім яго сваімі сіламі, выкарыстоўваючы бут ад разбураных дамоў. Разабраць іх дапамагае спецыялізаваная арганізацыя. Такім чынам у нас зроблены дарогі ў Рубанаўцы, Сакалоўцы. Гэта малыя населеныя пункты, дзе ўсяго каля 20 дамоў і жывуць у асноўным пенсіянеры. Мы вырашаем справы, не выкарыстоўваючы бюджэтныя грошы. Мы разумеем, што стратэгію ўстойлівага развіцця зможам рэалізаваць толькі тады, калі будзе сумесная работа, калі зацікавім моладзь. Сёлета праводзілі акцыю «Дэпутат побач», дзе расказвалі маленькім дзеткам, што такое мясцовае самакіраванне; паказвалі, як праводзяцца выбары знутры. Мы праводзім сумесныя суботнікі — Дзень вёскі Шамава і Дзень вёскі Светлава. Спыталіся ў людзей, што яны хацелі б змяніць у сваіх населеных пунктах. Нехта казаў пра калодзеж, нехта пра могілкі, прапаноўвалі паставіць памятны знак, прыбраць звалку, прагрэйдзіраваць дарогі, абрэзаць дрэвы, адрамантаваць прыпынак грамадскага транспарту, паставіць лаўку. А мы вырашалі, што зможам зрабіць самі, а што — з дапамогай арганізацый.

Старшыня Ракшынскага сельсавета Алена Селязнёва пахвалілася, што сёлета атрымалася рэалізаваць праект «Чыстая вада»: пачысцілі калодзежы ў некалькіх вёсках. Насельніцтву вельмі дапамагае мясцовая гаспадарка ААТ «Сцяг працы», дзе задзейнічана каля 200 чалавек. Напрыклад, разам добраўпарадкоўваюць тэрыторыю. Дапамагаюць дасягнуць мэт устойлівага развіцця і выхадцы з гэтых мясцін. Ураджэнец вёскі Андраны Юрый Шамалаў, які працуе і жыве цяпер у Санкт-Пецярбургу, пабудаваў на малой радзіме капліцу за свой кошт, а летась падарыў сельсавету дзве электракасы «Штыль». Яшчэ адзін прадпрымальнік дапамог зарыбіць возера.

Самы маленькі сельсавет на тэрыторыі раёна — Мушынскі. Там жыве ўсяго 487 жыхароў. Пры гэтым у тым ліку дзевяць шматдзетных сем’яў! Пяць жанчын узнагароджаны Ордэнамі маці.

— У 2019 годзе адкрылі дзіцячую гульнявую пляцоўку і працягваем яе напаўняць і добраўпарадкоўваць, — расказала старшыня сельсавета Алена Міхневіч. — Клопат пра будучае пакалення — наш унёсак ва ўстойлівае развіццё. Разам з моладдзю прывялі ў парадак крынічку, з дапамогай насельніцтва зрабілі калодзежы ў вёскі Дубна.

Старшыня Краснагорскага сельсавета Людміла Кавалёва лічыць прыярытэтным кірункам ва ўстойлівым развіцці тэрыторый адкрыццё аграсядзіб. Адна з такіх пад назвай «Духмяны сад» у Кароўчыне славіцца на ўсю краіну. Яе заснавальнікі выйгралі ў праекце, прысвечаным аграэкатурызму. На грошы, якія ім выдзелілі, купілі цяпліцу 240 квадратных метраў і вырошчваюць там агародніну. На тэрыторыі сядзібы шмат пладовых дрэў і кустоў.

— Гэта першая аграсядзіба на сяле, дзе ёсць дамашняя піцэрыя, — кажа Людміла Кавалёва. — Тут і адпачынак, і апрацоўка агародніны і ягад. Гаспадары і пасцілу самі робяць, і зефір, тарты на заказ пякуць. Да іх ездзяць аўтобусамі. Яны для дзяцей і дарослых розныя майстар-класы арганізуюць. Аграсядзіба «Духмяны сад» уключана ў турыстычны маршрут.

Старшыня Мсціслаўскага райсавета Алена Клеянкова адзначае, што стратэгія ўстойлівага развіцця Мсціслаўскага раёна з самага пачатку праводзіцца дэпутатамі сумесна з выканаўчай уладай.

— У нас у раёне гэтай стратэгіяй ахоплены ўсе, пачынаючы ад выхаванцаў дзіцячых садкоў і заканчваючы арганізацыямі і прадпрыемствамі, — кажа дэпутат. — Наша задача — зрабіць жыццё ў малых населеных пунктах больш прывабным. Для народнага выбранніка асноўны кірунак — работа з насельніцтвам па рэалізацыі розных грамадскіх ініцыятыў, прыцягненне жыхароў да сумесных работ па павышэнні якасці жыцця на сяле.

І ніякага ўтрыманства

Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Мікалаеўна Судзілоўская, якая распрацавала Стратэгію ўстойлівага развіцця раёна, звяртае ўвагу на тое, што Мсціслаўшчына мае вялікі патэнцыял для развіцця. Тут паспяхова развіваецца сельскагаспадарчы кірунак, працуе 10 сельскагаспадарчых арганізацый, 20 сялянска-фермерскіх гаспадарак. У 2021 годзе пры падтрымцы Магілёўскага аблвыканкама рэалізаваны інвестпраект па мадэрнізацыі свінакомплексу на 30 тысяч пагалоўя. Развіваецца перапрацоўка сельгаспрадукцыі, у рамках выканання даручэння «Адзін раён — адзін праект» рэалізуецца праект па пашыве адзення. Мсціслаў лічыцца ў Беларусі другім Суздалем. На тэрыторыі раёна знаходзіцца 22 помнікі архітэктуры, 54 — археалогіі і па адным — гісторыі і нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека. З улікам усяго гэтага і стваралася Канцэпцыя па напісанні стратэгіі ўстойлівага развіцця Мсціслаўскага раёна да 2035 года, выдзяляліся праблемныя моманты і ствараўся вобраз пажаданага будучага. Жыхары бачаць Мсціслаўскі раён у будучым экалагічна чыстым, турыстычна прывабным, інавацыйна развітым, інклюзіўным.

— Наш праект аб’ядноўвае самых прагрэсіўных і ініцыятыўных маладых людзей, — адзначае старшыня Мсціслаўскага райвыканкама Дзмітрый Пімашэнка. — Дзякуючы сумеснай рабоце, намаганням мясцовых органаў улады, дэпутацкага корпуса, грамадскасці мы робім усё магчымае для развіцця раёна. Гэта сумесныя намаганні ўсіх жыхароў, прадпрыемстваў, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў. Некалькі гадоў таму мы разам вызначалі тыя самыя асноўныя кірункі, якія сёння запатрабаваныя жыхарамі і апошнія прапаноўваюць свае ініцыятывы. Гэта кірункі, якія блізкія кожнаму з нас. Таму што яны звязаныя з умовамі пражывання, чыстым асяроддзем, экалогіяй, развіццём раёна. Адзін з кірункаў — развіццё турыстычнага патэнцыялу. Людзі ствараюць аграсядзібы, плануецца адкрыццё прыватнай гасцініцы. Прывіваем дзецям з ранняга ўзросту звычку да здаровага ладу жыцця, развіваць сваё асяроддзе, займацца самападрыхтоўкай. Сёння мы працуем па забеспячэнні жыхароў раёна якаснай пітной вадой. Адна станцыя абезжалезвання сёлета пабудавана, будуецца яшчэ тры. Летась з дапамогай Магілёўводаканала і аблвыканкама зроблены новыя ачышчальныя збудаванні, вырашана экалагічная праблема. Вялікая работа праводзіцца па навучэнні нашых дзяцей асновам устойлівага развіцця, самаразвіцця, пошуку шляхоў сваёй рэалізацыі. Самая галоўная каштоўнасць кожнага раёна — людзі, якія там жывуць і працуюць. Асабліва людзі, якія гараць ідэяй.

Старшыня Магілёўскага аблсавета Аляксандр Гарошкін, які ўзяў удзел у мерапрыемстве і ў гэты ж дзень правёў прыём грамадзян у аграгарадку Ходасы Мсціслаўскага раёна, адзначыў, што апошнім часам жыхары прыходзяць не са скаргамі, а з прапановамі палепшыць жыццё ў населеным пункце. І гэта таксама прыкмета таго, што Стратэгія ўстойлівага развіцця працуе.

— Нічога без нас для нас — вось вынік гэтай работы, — адзначыў ён. — І калі ў гарадах людзі яшчэ лічаць, што ім нехта нешта павінен, то ў малых населеных пунктах адбыўся пералом. Людзі тут больш актыўна ўдзельнічаюць у паляпшэнні ўласнага месца пражывання. І гэта ідзе на карысць іх мясцовасці.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Мсціслаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Энергетычны комплекс краіны гатовы да ацяпляльнага сезона

Энергетычны комплекс краіны гатовы да ацяпляльнага сезона

Заменена абсталяванне і падрыхтавана паліва.

Сілавыя структуры

Наталля Сахарчук: «Міліцыя цяпер адкрытая як ніколі»

Наталля Сахарчук: «Міліцыя цяпер адкрытая як ніколі»

Падраздзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў органаў унутраных спраў адзначаюць 40-годдзе з дня ўтварэння.

Парламент

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.