Вы тут

Як у сталіцы адсвяткавалі Дзень пажарнай службы


Пажарная служба Беларусі адзначыла 171 год з дня свайго заснавання. Маштабнае свята ў гонар гэтай даты прайшло ў Цэнтральным дзіцячым парку імя Горкага ў суботу. Воднае шоу, парад плавальных сродкаў і дэманстрацыя тэхнікі, якая значыцца на ўзбраенні МНС, знаёмства з работай кінолагаў, вадалазаў-ратавальнікаў і іншых службаў — для мінчан і гасцей сталіцы падрыхтавалі цікавую і пазнавальную праграму.


Шырока святкаваць Дзень пажарнай службы стала добрай традыцыяй. Для саміх ратавальнікаў гэта нагода правесці час з калегамі, сем’ямі, для жыхароў і гасцей сталіцы — унікальная магчымасць даведацца больш аб такой важнай і патрэбнай прафесіі, як пажарны.

Ды і дата была абраная не выпадкова — 25 ліпеня 1853 года Мінскае губернскае праўленне і Мінская гарадская дума, разгледзеўшы пытанне «Аб стварэнні пажарнай часці ў Мінску», зацвердзіла каштарыс расходаў на ўтрыманне пажарнай часці ў складзе 51 чалавека. З тых часоў ратавальнікі-пажарныя прафесійна і зладжана ліквідуюць пажары і іншыя надзвычайныя сітуацыі, небяспечныя для людзей, вытворчасці і навакольнага асяроддзя.

Старт святкаванню дала цырымонія ўскладання кветак да манумента на плошчы Перамогі. Ратавальнікі на чале з міністрам па надзвычайных сітуацыях Вадзімам Сіняўскім, а таксама старшынёй Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімірам Кухаравым, ганаровымі гасцямі, ветэранамі і моладдзю ўшанавалі памяць воінаў Савецкай Арміі, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Краіна бяспекі, чатырохногія памочнікі і шашлыкі

Затым свята перайшло ў Цэнтральны дзіцячы парк імя Горкага. Там, у акваторыі ракі Свіслач, адбыліся парад плавальных сродкаў і воднае шоу. Ратавальнікі паказалі элементы баявой работы, гледачы ўбачылі на практыцы, як і пры дапамозе якой тэхнікі дапамагаюць тым, хто тоне.

Тут жа разгарнуўся канцэрт, у якім узялі ўдзел зоркі беларускай эстрады, афіцэры, курсанты МНС, юныя ратавальнікі. Артысты падарылі незабыўныя эмоцыі і павіншавалі работнікаў і ветэранаў ратавальнага ведамства. Таксама адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу інавацыйных ідэй «ПРАбяспеку». Удзельнікі конкурсу прадстаўлялі свае інавацыйныя распрацоўкі па дзвюх намінацыях: «Папярэджанне пажараў і іншых надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, а таксама гібелі людзей ад іх» і «Ліквідацыя надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару».

Усе жадаючыя маглі бліжэй пазнаёміцца з рарытэтнай і сучаснай пажарнай аварыйна-ратавальнай тэхнікай, пасядзеўшы ў кабіне аўтацыстэрны 1960-х гадоў выпуску або падняўшыся на вышыню на аўталесвіцы, сфатаграфавацца, навучыцца праводзіць рэанімацыйныя мерапрыемствы на спецыяльным манекене.

Побач з набярэжнай размясціўся скаладром, дзе жадаючыя маглі паспрабаваць сябе ў якасці альпіністаў. Працавалі і гандлёвыя кропкі, таксама тут частавалі найсмачнейшым шашлыком і салдацкай кашай.

На свята прыйшло шмат сем’яў з дзецьмі. Юныя мінчане з задавальненнем вывучалі прадстаўленую тэхніку, у тым ліку рэтрааўтамабілі, прымяралі рыштунак, адгадвалі заданні ў віктарынах, якія падрыхтавала Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства.
Таксама гасцям паказалі адзенне і абсталяванне ратавальнікаў-вадалазаў, у тым ліку цяжкія свінцовыя чаравікі, якія выкарыстоўваюцца пры апусканні. Кожны з іх важыць шэсць кілаграмаў. Як растлумачылі прадстаўнікі вадалазна-ратавальнай службы рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння «Зубр», экіпіроўка яшчэ ўключае акваланг, спецыяльныя касцюмы мокрага і сухога тыпу.

Не засталіся без увагі і чатырохногія памочнікі. Штодня кінолагі гатовыя прыйсці на дапамогу. З імі службу нясуць дзесяць гадаванцаў. Яны выязджаюць на пошук людзей пад заваламі і ў лясных масівах. Сабакі працуюць самастойна, маршрут спецыялісты адсочваюць з дапамогай GPS-трэкера.

Яшчэ адна папулярная лакацыя — спецыяльны дымавы пакой. «Мы паказваем, як працуем у непрыдатным для дыхання асяроддзі. Для гэтага апранаем спецыяльны апарат і маскі. Поўны камплект важыць каля 20 кілаграмаў. Тут важна глыбока дыхаць і не панікаваць», — распавялі ратавальнікі.

Асабліва шматлюдна было ў краіне бяспекі «МНС-Лэнд». Кожны мог паспрабаваць свае сілы на 25 разнастайных інтэрактыўных пляцоўках. «Бяспечны пляж», «Каманда 112», «Небяспечны-бяспечны», «Апошні герой», «Маленькі наймацнейшы пажарны», «Паляна бяспекі», «Патушы правільна» і іншыя лакацыі са зразумелымі назвамі парадавалі мінчан і гасцей сталіцы — усё для таго, каб і дзеці, і іх бацькі маглі ўспомніць правілы бяспечнай жыццядзейнасці, весела правесці час, а таксама атрымаць падарункі, карысную літаратуру, размалёўкі і налепкі ад ратавальнага ведамства.

Карыстаўся папулярнасцю і спецыяльны аўтамабіль, які імітуе перакульванне транспартнага сродку падчас аварыі. Ён у чарговы раз даказвае неабходнасць прышпільвацца рамянямі бяспекі, нават на заднім сядзенні.

Перамагла дружба

Таксама тут адбыўся таварыскі футбольны матч паміж камандамі МНС Беларусі і Расіі. Летась гульня прайшла ўпершыню і сабрала цэлы стадыён балельшчыкаў. Такія матчы праводзяцца для ўмацавання дружалюбных сувязяў паміж двума ратавальнымі ведамствамі, павышэння іміджу прафесіі «ратавальнік», прапаганды здаровага ладу жыцця. У складзе каманд не прафесійныя спартсмены, а работнікі МНС, для якіх футбол — любімы занятак у вольны ад службы час.

Сапраўдным сюрпрызам для балельшчыкаў стаў эфектны пачатак гульні, калі на футбольнае поле прызямліліся парашутысты авіяцыі МНС з дзяржаўнымі сцягамі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, сцягам МНС Беларусі і футбольным мячом, які яны перадалі суддзі спаборніцтваў.

Матч атрымаўся дынамічным, цікавым і насычаным. Футбалісты кожнай каманды былі настроены на перамогу: яны актыўна перамяшчаліся па полі, імкнучыся адвесці мяч у саперніка, не зважаючы на падзенні і ўдары. Барацьба, якая тут разгарнулася, прымусіла балельшчыкаў не на жарт пахвалявацца. У таварыскай сустрэчы ўсе футбалісты паказалі выдатную тэхніку валодання мячом і ўменне працаваць у камандзе, і кожны футбаліст прадэманстраваў волю да перамогі. Вядома, перамагла дружба, але спартыўная ўдача была на баку футбалістаў са зборнай МНС Расіі: лік 4:1 на іх карысць.

Па заканчэнні футбольнага матчу адбылася цырымонія ўзнагароджання, якую правёў намеснік міністра Расійскай Федэрацыі па справах грамадзянскай абароны, надзвычайных сітуацыях і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў Антон Герасімаў. Медалём МНС Расіі «За супрацоўніцтва ў імя ратавання» ўзнагароджаны шэраг работнікаў МНС Беларусі.

Данііл Хмяльніцкі 

Фота Віктара Іванчыкава

Выбар рэдакцыі

Сельская гаспадарка

Манга і маракуя на ўласных сотках

Манга і маракуя на ўласных сотках

Навошта навукоўцы вывучаюць трапічныя культуры?

Медыя

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.

Гандаль

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.