Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Галоўнае — айчынная навука павінна рухаць эканоміку краіны


«Краіна знаходзіцца на такім этапе развіцця, калі без навукі немагчыма зрабіць ніякага руху наперад. Таму навука і яшчэ раз навука», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы нараду з рабочай групай па аналізе дзейнасці Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі. У склад гэтай групы ўвайшлі прадстаўнікі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў. У Палацы Незалежансці члены рабочай групы разам з членамі ўрада, прадстаўнікамі Адміністрацыі Прэзідэнта і навукоўцамі сабраліся, каб актуалізаваць праблемы, абмяняцца меркаваннямі па іх вырашэнні і выказаць свае погляды на сітуацыю ў цэлым. 


Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чым была выклікана неабходнасць стварэння рабочай групы. «Сказаць, што мы не займаемся навуковымі даследаваннямі, як фундаментальнага характару, так і прыкладнога, не займаемся навукай у адукацыйных установах, было б няправільна. Займаемся. — сказаў ён. — Навуцы мы аддаём усе прыярытэты, без яе развіццё немагчымае. Але апошнім часам я бачу, што Акадэмія навука дапускала сур’ёзныя пралікі». Па словах Прэзідэнта, у такой сферы як навука, дзе прыходзіцца ісці непратаптанымі шляхамі, асвойваць сур’ёзныя праблемы, браць вяршыні, натуральна, памылкі магчымыя. Але, прызнаўся кіраўнік краіны, яго насцярожыла тое, што Акадэмія навук дапускала памылкі там, дзе іх бюыць не павінна, дзе ёсць добрая база ведаў і кампетэнцый. У прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў жывёлагадоўлю і раслінаводства. «Навукова-практычныя цэнтры створаны ў Акадэміі навук. Яны працуюць не лепш за іншыя адпаведныя цэнтры, якія працуюць па-за Акадэміяй навук, а павінны быць лепшымі», — заўважыў ён.

Па словах кіраўніка дзяржавы, звароты навукоўцаў, спецыялістаў і членаў урада пераконваюць у тым, што на трэба сур’ёзна паглядзець на развіццё акадэмічнай навукі і прыняць адпаведныя рашэнні па ўсіх кірунках, у тым ліку і кадравыя. «Я не хачу, каб прысутныя тут члены Акадэміі навук і навукоўцы падумалі, што мы тут рыхтуем нейкую акцыю супраць Акадэміі навук. Не. Нам трэба вельмі сур’ёзна падысці да вывучэння праблем Акадэміі навук і прыняць адпаведныя рашэнні. Бо без навукі далей нікуды», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. 

Гэта стратэгічна правільны падыход 

Прэзідэнт падкрэсліў, што мы жывём у эпоху беспрэцэдэнтных магчымасцей развіцця нашай краіны. «Магчымасці каласальныя ўпусціць нельга. Ёсць устойлівая база і пэўныя вынікі як у традыцыйных галінах, так і ў новых напрамках эканомікі. Але без рэальнага прарыву ў навуцы падняцца на наступную прыступку будзе не проста складана — немагчыма. Навука павінна апярэджваць час, а не плесціся ў хвасце», — заявіў ён. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што з першых дзён прэзідэнцтва ён ставіў працу навукоўцаў у аснову ўсіх пераўтварэнняў жыцця.

«Развіццё айчыннай навукі — найважнейшы прыярытэт дзяржаўнай палітыкі. У свой час мы не далі знішчыць навуковыя школы і шматгадовыя напрацоўкі. Зрабілі ўсё магчымае для іх захавання. Мы зрабілі ўсё, як хацелі нашы вучоныя, акадэмікі, члены-карэспандэнты, дактары і кандыдаты навук. — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Мяркую, надышоў час спытаць навукоўцаў за пэўны вынік. З якімі фундаментальнымі, стратэгічнымі распрацоўкамі мы ўвойдзем у новыя сярэдне-і доўгатэрміновую праграмы развіцця рэспублікі? Ці гатовы забяспечыць свой тэхналагічны суверэнітэт у цяперашніх рэаліях?».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што размова не толькі і не столькі аб санкцыях. Па яго словах, мы да гэтага ўжо прывыклі, тым больш, яны пройдуць. «Размова пра шалёнае развіццё свету. Асабліва Азіі. Але і Захад не спіць у шапку. На апошнім Саміце НАТА заяўлены чацвёрты прыярытэт (аж да стварэння цэнтральных органаў на ўзроўні Альянсу) — «тэхналагічны рывок». А гэта — квантавыя тэхналогіі, штучны інтэлект, біялогія і лічбавая трансфармацыя. Мы не павінны і проста не маем права адстаць», — сказаў ён.

Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што гэта нават не пытанні — гэта задачы, у вызначэнні якіх, паводле нядаўніх сацыялагічных даследаванняў, улада і грамадства адзіныя. Ён нагадаў, што ў прыярытэтах развіцця краіны беларусы на першае месца паставілі навукаёмістыя галіны прамысловасці, якія забяспечваюць тэхналагічны прарыў і выхад на знешнія рынкі, а таксама высокатэхналагічныя галіны аграпрамысловага комплексу. І ў сувязі з гэтым ні ў якім разе нельга забываць пра жалезнае патрабаванне: забяспечыць самую высокую якасць. 

«Гэта стратэгічна правільны падыход. — заўважыў беларускі лідар. — Дарогі, жыллё, адукацыя, культура, спартыўныя аб’екты — усё гэта будзе развівацца, калі забяспечым у краіне навукаёмістую канкурэнтаздольную вытворчасць. Адсюль — экспарт, годныя зарплаты, падаткі і бюджэт. Поспех на новых рынках залежыць ад таго, з якім прадуктам мы туды зойдзем і наколькі ён будзе запатрабаваны». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што і ўніверсітэцкі, і галіновы, і акадэмічны сектары навукі павінны працаваць на гэтую мэту ў цесным узаемадзеянні. Па яго словах, трэба прааналізаваць, наколькі адладжана гэтае ўзаемадзеянне і ці няма распылення з улікам кампактнасці Беларусі. 

«Галоўнае — айчынная навука павінна рухаць эканоміку краіны. Гэта значыць, павінен быць канкрэтны вынік, адчувальны для дзяржавы і людзей. Асабліва зараз», — канстатаваў Прэзідэнт. Пры гэтым, ён падкрэсліў, што ні ў якім разе не адмаўляе развіццё фундаментальнай навукі. Яна дазваляе зазірнуць за гарызонт, гэта важна. І яна, як запэўніў кіраўнік дзяржавы, будзе ў нас развівацца. «Але сённяшні дзень робяць вынікі прыкладных даследванняў. Менавіта яны ўзнімаюць краіну на новы ўзровень», — заўважыў ён. 

Калі няма пераемнасці — і вучонага няма

Беларускі лідар звярнуў увагу, што зараз ідзе працэс выбараў членаў Акадэміі навук. «Значнасць іх навуковых распрацовак для дзяржавы — краевугольны камень крытэрыяў адбору», — заўважыў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што таксама важна наяўнасць уласнай школы, якая прываблівае ў навуку моладзь. «Калі няма прадаўжальнікаў ідэй, няма пераемнасці — і вучонага няма», — адзначыў ён.

Прэзідэнт падтрымаў прапанову саміх вучоных аб тым, што неабходна ўстанавіць дакладныя крытэрыі адбору кандыдатаў у акадэмікі і члены-карэспандэнты. «Ніякіх кумаўства і кругавой парукі, чым часта грашыць гэтая сфера, — папярэдзіў ён. — А потым правесці выбары ў адпаведнасці з абноўленымі Статутам НАН Беларусі і Палажэннем аб выбарах. Узмацняючы пул акадэмікаў і членкораў, варта сыходзіць з таго, ці дастатковы іх рэальны ўклад у айчынную эканоміку. Ці стаяць нашы вучоныя ў авангардзе вырашэння стратэгічных эканамічных і сацыяльных задач?».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на яшчэ адзін важны аспект. Ён узгадаў тэзіс аб тым, што навука не мае айчыны. «Але навукоўцы нараджаюцца, вучацца і дасягаюць пэўных вышынь, будучы грамадзянамі сваёй краіны. Большасць вялікіх навукоўцаў — сапраўдныя патрыёты. Скажу больш: грамадзянін з высокім званнем вучонага павінен быць самым актыўным правадніком дзяржаўнай пазіцыі,» — сказаў беларускі лідар.

У цэлым, па словах Прэзідэнта, пытанняў да навуковага асяроддзя шмат. Ёсць пэўныя поспехі, але і нездаволенасць вынікамі таксама сур’ёзная. Таму кіраўніком дзяржавы і было прынята рашэнне аб стварэнні пастаянна дзейнай камісіі на чале са старшынёй Камітэта дзяржкантролю. Да гэтай работы было даручана прыцягнуць самых адказных спецыялістаў, палітыкаў, для таго, каб адказаць на злабадзённыя пытанні развіцця Акадэміі навук. Рабочая група працуе нядоўга, таму на дадзеным этапе неабходна вызначыць асноўныя падыходы, акрэсліць мэты гэтай работы, пазначыць кола пытанняў, якія патрабуюць разгледжання. Група будзе працаваць да 1 лістапада і па выніках сваё дзейнасці прадставіць даклад, па выніках якога будуць прымацца адпаведныя рашэнні, накіраваныя на ўдасканаленне дзейнасці беларускай навукі на карысць краіны.

У тэму

Васіль Герасімаў: «Галоўнае пытанне — як дапамагчы Акадэміі навук»

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў падчас нарады далажыў, што за час сваёй працы рабочая група вылучыла шэраг праблем. Распаўсюджаная праблема звязаная з тым, што многія навукова-даследчыя работы не пераходзяць на стадыю ўкаранення ў вытворчасць. Гэта значыць, што пэўныя этапы сістэмы навуковай дзейнасці не спрацоўваюць. Таксама сярод праблем ён назваў адсутнасць адзінай стратэгіі ў фарміраванні навуковых дзяржаўных праграм, неканкрэтныя мэты і задачы гэтых праграм. Васіль Герасімаў таксама адзначыў, што супрацоўніцтва Акадэміі навук з рэальным сектарам эканомікі патрабуе пастаяннага кантролю — вынікі асобных распрацовак выкарыстоўваюцца толькі на працягу тэрмінаў укаранення іх у вытворчасць на адным прадпрыемстве, а не ў маштабах галіны. Асобныя навуковыя арганізацыі, па словах кіраўніка рабочай групы, працуюць на тым, што створана папярэднікамі, не імкнуцца да інавацыйнай дзейнасці, працуючы выключна ў сваіх інтарэсах. 

У размове з журналістамі Васіль Герасімаў растлумачыў, што зараз гаворка не ідзе аб глабальных праблемах і перабудове ў дзейнасці

Акадэміі навук. «Асноўнае пытанне, якое зараз стаіць, — як дапамагчы Акадэміі навук. Гэта першае. Другое — мы не разглядаем Акадэмію навук у адрыве ад галіновай і ўніверсітэцкай навукі. І таксама ёсць пытанні, якія трэба вырашаць. І яшчэ адно важнае пытанне — гэта практыкаарыентаванасць, гэта значыць, тыя напрацоўкі, якія ёсць у Акадэміі навук павінны актыўна ўкараняцца ў вытворчасць.

Пакуль гэта не заўжды спрацоўвае. Таму асноўная мэта дзейнасці рабочай групы — максімальна павысіць ККД дзейнасці Акадэміі навук», — растлумачыў ён.

Васіль Герасімаў адзначыў, што навуковае асяроддзе па-рознаму паставілася да дзейнасці рабочай групы. «Я б хацеў, забягаючы наперад, данесці да нашай навуковай супольнасці тое, што гэта ў дапамогу. Мы не збіраемся нешта разбураць, мы павінны з іх дапамогай выбудаваць сістэму, якая будзе эфектыўна працаваць. І нават тое, што сёння ў рамках нарады былі розныя меркаванні, і розныя меркаванні выказваліся сярод рабочай групы — гэта добра. Гэта значыць, што мы ў выніку прыйдзем да аптымальнага варыянта», — сказаў старшыня КДК. Па ягоных словах, гэта быў прамежкавы даклад і пакуль рана казаць пра канчатковыя высновы. Яны будуць разглядацца на нарадзе ў канцы года.

Раман Галоўчанка: «Трэба забяспечыць ператок распрацовак у вытворчасць»

Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка адзначыў, што галоўная мэта рабочай групы — не выявіць недахопы і кагосьці за іх пакараць, а знайсці рэзервы, якія дапамогуць зрабіць дзейнасць Акадэміі навук яшчэ лепшай, закласці асновы, якія дадуць вынікі ў бліжэйшай і сярэднетэрміновай перспектыве. Кіраўнік урада заўважыў, што ва ўсіх свае погляды на гэтыя пытанні, і важна знайсці кампраміс, які дасць магчымасць узмацніць пазіцыі беларускай навукі. «Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу не спыняцца, быць максімальна канкрэтнымі, максімальна прадметнымі, ісці ад жыцця», — сказаў Раман Галоўчанка. Ён звярнуў увагу, што гаворка не ідзе пра глабальную рэформу Акадэміі навук, хутчэй пра данастройку сістэмы: «Настройка зроблена, але трэба рэгуляваць, таму што час ідзе, мяняюцца прыярытэты, нейкія задачы становяцца больш вострымі, больш актуальнымі, таму што сусветныя працэсы бурныя. І для таго, каб не апынуцца на абочыне, трэба своечасова мяняць прыярытэты і розныя працэсы», — адзначыў прэм’ер-міністр.

Раман Галоўчанка расказаў, што на яго погляд, зараз трэба зрабіць акцэнт на ўдасканаленні працэсу трансферу тэхналогій, ператоку распрацовак у серыйную вытворчасць. Паводле яго слоў, праблемы ў гэтай галіне звязаны ў тым ліку з недастатковай колькасцю інжынірынгавых кампаній, якія выконваюць функцыю ператоку распрацовак у серыйную вытворчасць. У Беларусі ёсць нядрэнныя таму прыклады — некалькі кампаній, у тым ліку і ў прыватным сектары, якія з’яўляюцца рэзідэнтамі навукова-тэхнічных паркаў і забяспечваюць зручны пераход ад распрацоўкі да ўкаранення ў вытворчасці. «Трэба знайсці фінансавыя інструменты, і мы над гэтым працуем, каб аказаць падтрымку прадпрыемствам у задзейнічанні вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці, якая здзяйсняецца не ў рамках іх падраздзяленняў, а, напрыклад, у структуры Акадэміі навук. Гэта таксама вельмi важна. Таму што працэс укаранення распрацовак дастаткова дарагі: для гэтага неабходна правесці цыкл падрыхтоўчых работ, набыць новае абсталяванне, наладзіць вытворчыя працэсы.

Пад гэта патрэбны фінансавыя інструменты. Для нас гэтая тэма зараз актуальная», — адзначыў Раман Галоўчанка.

Вадзім Богуш: «Навуковая дзейнасць — абавязковая частка адукацыйнага працэсу»

Вадзім Богуш, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, член рабочай групы, размаўляючы з журналістамі, зрабіў акцэнт на ўніверсітэцкай навуцы. Па яго словах, сёння ўніверсітэцкая навука не з’яўляецца фундаментальнай, яна мае практычныя распрацоўкі. «Вядома, гэта не масавая вытворчасць, гэта адзінкавыя і дастаткова навукаёмістыя рэчы. Але навука ў ВНУ паказала, што рэчы высокага ўзроўню могуць вырабляцца ў нашай краіне», — сказаў ён. Вадзім Богуш расказаў, што Прэзідэнт паставіў яшчэ адну важную задачу перад ўніверсітэцкай навукай — прыцягненне моладзі да навуковай дзейнасці. «Гэта абавязковая частка адукацыйнага працэсу. Але вельмі важна, каб маладыя людзі, пачынаючы з першых курсаў, узаемадзейнічалі з навукоўцамі, каб яны для сябе маглі зразумець, ісці далей у навуку ці не ці не, — сказаў рэктар. — Мы зацікаўлены ў прыцягненні вопыту Акадэміі навук, мы зацікаўлены ў выкарыстанні вопыту практыкаў з розных галін. Таму што рашэнне практычных задач — гэта важны элемент у адукацыйнай дзейнасці. І калі студэнты маюць магчымасць паўдзельнічаць у распрацоўцы — гэта для іх дадатковы стымул развівацца». 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Як трапіць у студатрад і атрымаць там новую спецыяльнасць?

Як трапіць у студатрад і атрымаць там новую спецыяльнасць?

Аб усіх тонкасцях працаўладкавання моладзі расказалі спецыялісты.

Грамадства

Чым захапіў патрыятычны форум «Калі мы адзіныя»

Чым захапіў патрыятычны форум «Калі мы адзіныя»

Сімвал яднання і незвычайны падарунак для Прэзідэнта.

Сям'я і дэмаграфія

Алеся Кузняцова: Любыя падзеі — гэта вынік выбару

Алеся Кузняцова: Любыя падзеі — гэта вынік выбару

«Калі людзі кажуць: „У мяне няма часу, каб займацца любімай справай“, мне хочацца запярэчыць, што хутчэй няма жадання».