Вы тут

Як адвесці ўдар ад печані?


Вірусныя гепатыты штогод забіраюць жыцці больш чым мільёна чалавек па ўсім свеце. І, на жаль, захваральнасць застаецца высокай. Для інфіцыравання небяспечным і вельмі заразным вірусам гепатыту В (у 100 разоў больш прыліпчывым, чым ВІЧ) дастаткова ўсяго кроплі крыві ці іншай біялагічнай вадкасці, якая кантактуе з крывёй. З-за сваёй устойлівасці гэты вірус можа доўгі час захоўвацца ў навакольным асяроддзі. У замарожаным выглядзе ён захоўваецца ажно 20 гадоў! Пры пакаёвай тэмпературы жыве на працягу трох месяцаў, пры апрацоўцы фармалінам — тыдзень, хларыраванне можа вытрымліваць цэлыя дзве гадзіны, а кіпячэнне — гадзіну. І толькі 80-працэнтны этылавы спірт абясшкоджвае вірус на працягу дзвюх хвілін.


Непрыкметны забойца

Гепатыт — небяспечны вірус, які выклікае запаленчыя працэсы ў печані і можа прыводзіць да яе цырозу і раку. Існуе пяць відаў віруса гепатыту, але найбольш распаўсюджаныя два — В і С. Небяспека віруснага гепатыту ў тым, што ён доўгі час можа праходзіць непрыкметна, а сімптомы з’яўляюцца толькі на позніх стадыях.

— На жаль, нягледзячы на паляпшэнне інструментаў дыягностыкі і лячэння, а таксама зніжэнне цэн на вакцыны, узровень ахопу вакцынацыяй і лячэннем замарудзіўся і смяротнасць ад віруснага гепатыту расце ва ўсім свеце, — адзначае прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Сяргей Дзіордзіца. — У 2022 годзе ва ўсім свеце ад прычын, звязаных з вірусным гепатытам, памерла каля 1 мільёна 300 тысяч чалавек у параўнанні з 1 мільёнам 100 тысячамі ў 2019 годзе. З іх 83% выпадкаў выклікана гепатытам В, а 17% — гепатытам С. Такім чынам штодзённа ў свеце ад інфекцыі гепатыту В і С памірае 3,5 тысячы чалавек.

У Еўропе захворванне на вірусны гепатыт нераўнамернае: ёсць краіны з нізкай эндэмічнасцю, а ёсць — з высокім узроўнем захваральнасці. У рэгіёне больш за 10,5 мільёна чалавек інфіцыравана гепатытам В. Але пра свой статус ведае толькі 16% з іх, а атрымлівае лячэнне — усяго 12%. Больш за 8,5 мільёна інфіцыравана гепатытам С, з іх ведае пра свой статус 29%, атрымлівае лячэнне — 9%.

Аднак ёсць і станоўчыя моманты: 50 з 53 еўрапейскіх краін паспяхова рэалізавалі праграму ўсеагульнай вакцынацыі дзяцей ад гепатыту В, у тым ліку дзевяць краін дасягнулі рэгіянальных мэт па барацьбе з гепатытам В да 2023 года, сярод іх і Беларусь.

— У нашай краіне здзейснена значная работа па імунізацыі насельніцтва ад усіх асноўных хвароб, якія можна папярэдзіць з дапамогай вакцынацыі. І гепатыт В паддаецца прафілактыцы з дапамогай бяспечных і эфектыўных вакцын, якія забяспечваюць амаль 100-пра-
цэнтную абарону ад захворвання, — падкрэсліў прадстаўнік СААЗ.

Ён расказаў, што ўжо 30 гадоў СААЗ падтрымлівае намаганні Міністэрства аховы здароўя Беларусі па вакцынацыі супраць гепатыту В. І Еўрапейскі рэгіянальны офіс СААЗ даў Нацыянальнаму экспертнаму савету па імунізацыі рэкамендацыі, павучанні, а таксама садзейнічаў наладжванню абмену вопытам з кансультатыўнымі групамі па імунізацыі з іншых краін.

У 2022 годзе СААЗ даў Беларусі неабходную падтрымку для правядзення нацыянальнага даследавання па ацэнцы праграмы вакцынацыі супраць гепатыту В. Яно паказала, што імунізацыя прывяла да фактычнай ліквідацыі гепатыту В сярод дзяцей, якія нарадзіліся ў поствакцынальны перыяд. Вынікам гэтай сумеснай работы стала ўручэнне ў 2023 годзе Міністэрству аховы здароўя афіцыйнага сертыфікату СААЗ аб дасягненні рэгіянальных мэтавых паказчыкаў барацьбы з гепатытам В шляхам імунізацыі.

Дзе бясплатна праверыцца?

Як пацвердзіла ўрач-эпідэміёлаг аддзела прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і парэнтэральных вірусных гепатытаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана Сергяенка, у Беларусі адзначаецца выражаная тэндэнцыя да зніжэння захваральнасці вірусным гепатытам В і С. За апошнія 10 гадоў захваральнасць на востры гепатыт В знізілася ў пяць разоў — за кошт вакцынацыі. Гэта надзейная абарона ад інфекцыі. У краіне ў адпаведнасці з Нацыянальным календаром прафілактычных прышчэпак усе нованароджаныя дзеці атрымліваюць першую прышчэпку ад гепатыту В у першыя 12 гадзін жыцця, а наступныя — у два, тры і чатыры месяцы. Таксама па эпідэміялагічных паказаннях прышчэпкі робяць медыцынскім работнікам, якія маюць кантакт з крывёй і біялагічнымі вадкасцямі; кантактным асобам у ачагах гепатыту В; асобам, якія заняты ў вытворчасці імуналагічных лекавых прэпаратаў; студэнтам і навучэнцам медыцынскіх ВНУ і каледжаў.

— Вакцыны, якія прымяняюцца ў Беларусі, характарызуюцца высокай дапушчальнасцю і эфектыўнасцю. З 2021 года ў краіне рэалізуецца сістэма мерапрыемстваў па элімінацыі віруснага гепатыту С. Адно з асноўных мерапрыемстваў — лячэнне пацыентаў з гепатытам С. Лячэнне бясплатнае, прэпараты закупляюцца за кошт дзяржаўнага бюджэту, — адзначыла Святлана Сергяенка.

У рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да Сусветнага дня барацьбы з віруснымі гепатытамі (адзначаецца 28 ліпеня), у Мінску да 16 жніўня можна прайсці дабравольнае ананімнае бясплатнае экспрэс-тэсціраванне на гепатыт В і С у кансультатыўным кабінеце Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя па адрасе: Клары Цэткін, 4. Падчас чакання выніку, які будзе гатовы праз 10-15 хвілін, можна прайсці кансультацыю па пытаннях прафілактыкі гепатыту В і С.

Абследавацца на гепатыт В і С можна ў кожнай паліклініцы па месцы жыхарства. Прышчапіцца ад гэтай інфекцыі спецыялісты рэкамендуюць усім дарослым, якія не атрымалі прышчэпку ў дзяцінстве, а тым, хто хварэў на гепатыт С, — у абавязковым парадку.

Гепатыт С: лячэнне для ўсіх

Вакцыны ад гепатыту С не існуе, але гэта інфекцыя паспяхова лечыцца. У Гарадской інфекцыйнай бальніцы г. Мінска працуе адзінае ў краіне аддзяленне вірус-асацыіраваных цырозаў печані. Сюды могуць трапіць пацыенты па накіраванні інфекцыяністаў сталічных паліклінік. Акрамя таго, на базе бальніцы функцыянуе рэспубліканскі гепаталагічны цэнтр, куды могуць звяртацца пацыенты з іншых рэгіёнаў і пры неабходнасці прайсці абследаванне ў стацыянары.

— На сёння лячэнне ад гепатыту С атрымліваюць абсалютна ўсе пацыенты, але, безумоўна, ёсць прыярытэтныя групы — тыя, каму лячэнне прызначаецца неадкладна. У першую чаргу гэта пацыенты з цырозам печані і тыя, хто рыхтуецца да трансплантацыі печані.

Асаблівасцю сучаснага этапу з’яўляецца і той факт, што абсалютна ўсе пацыенты, што паступаюць у нашу бальніцу, у абавязковым парадку абследуюцца на маркёры гепатыту В і С. Такім чынам мы стараемся максімальна пашырыць выяўленне тых людзей, якія маюць хранічную інфекцыю, — расказала загадчык аддзялення вірус-асацыіраваных цырозаў печані гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Людміла Жмуроўская.

Яна адзначыла, што эфектыўнасць супрацьвірусных прэпаратаў вельмі высокая — 98-99%.

— Крайне рэдка сустракаюцца пацыенты, чый арганізм не адрэагаваў на першы курс тэрапіі, і на сёння дзяржава закупіла шэраг прэпаратаў, якімі праводзіцца пералечванне і далечванне. Сродкі эфектыўныя, вынікі вельмі добрыя. Мы працуем гэтак жа, як і ўвесь свет. Кошт лячэння на сёння значна знізіўся ў параўнанні з тым, якім ён быў напачатку, — дадала ўрач.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Як трапіць у студатрад і атрымаць там новую спецыяльнасць?

Як трапіць у студатрад і атрымаць там новую спецыяльнасць?

Аб усіх тонкасцях працаўладкавання моладзі расказалі спецыялісты.

Грамадства

Чым захапіў патрыятычны форум «Калі мы адзіныя»

Чым захапіў патрыятычны форум «Калі мы адзіныя»

Сімвал яднання і незвычайны падарунак для Прэзідэнта.

Сям'я і дэмаграфія

Алеся Кузняцова: Любыя падзеі — гэта вынік выбару

Алеся Кузняцова: Любыя падзеі — гэта вынік выбару

«Калі людзі кажуць: „У мяне няма часу, каб займацца любімай справай“, мне хочацца запярэчыць, што хутчэй няма жадання».