Вы тут

Што новага прыўнясе закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі»


Сёлета ў лютым у другім чытанні быў прыняты праект закона «Аб адказным абыходжанні з жывёламі». 1 красавіка дакумент быў афіцыйна падпісаны, а 1 студзеня 2025 года ён афіцыйна ўступіць у сілу (асобныя пункты — з 1 студзеня 2026 года).


Фота pexels.com

Кампетэнтныя спікеры абмеркавалі прававыя асновы адказнага абыходжання з хатнімі жывёламі, а таксама адказалі на шэраг хвалюючых грамадзян пытанняў. 

Як правільна ўтрымліваць гадаванца з пункту гледжання новага закону і ці ёсць якія-небудзь абмежаванні?

Па словах Надзеі Сяўрук, намесніка начальніка ўпраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, у краіне былі зацверджаны асноўныя правілы ўтрымання хатніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 4 чэрвэня 2001 года № 834. А таксама дзейнічае пастанова Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ад 29 снежня 2001 № 23 аб парадку дзейнасці арганізацыі па адлове, адстрэле, утрыманні і эўтаназіі безнаглядных жывёл. 

Тым не менш, з цягам часу заканадаўства патрабуе яшчэ большай актуалізацыі і выпрацоўкі адказнасці па абыходжанні з хатнімі жывёламі.

Адно з новаўвядзенняў, якое чакае ўладальнікаў, — у шматкватэрных жылых дамах не дапускаецца ўтрымліванне больш за два сабакі, але гэта не тычыцца аднакватэрных і блакіраваных жылых дамоў. 

Яшчэ адзін абавязковы пункт — рэгістрацыя хатніх жывёл. Маецца на ўвазе, што ўсе гадаванцы, якія пражываюць у жылым памяшканні, павінны быць зарэгістраваныя: і каты, і сабакі. Пра чарапах, напрыклад, гаворка не ідзе.

Акрамя таго, у рамках рэгістрацыі сабаку раз у квартал спаганяецца падатак, памер якога залежыць ад пароды. Больш падрабязна даведацца, якія з іх адносяцца да патэнцыйна небяспечных (з-за гэтага памер можа крыху ўзрасці), ёсць магчымасць на сайце Мінсельгасхарча. Падатак пры рэгістрацыі катоў не ўстаноўлены.

— Ёсць таксама правілы пражывання хатніх жывёл у жылых памяшканнях, а менавіта абмежаванні па шуме, — адзначыла спікер. — Гэта значыць жыццядзейнасць сабак і катоў рэгламентуецца па часе: з 11 гадзін вечара і да 7 раніцы ўладальнікі павінны прымаць меры па недапушчэнні некамфортнага пражывання ўсіх астатніх грамадзян, якія пражываюць побач.

Пра прытулкі і гасцініцы 

Ірына Протас, кансультант Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі адзначыла, што ў кампетэнцыю Мінсельгасхарча ўваходзіць кантроль за ветэрынарна-санітарнымі правіламі часовага ўтрымання непрадуктыўных жывёл, а менавіта сабак і катоў, у прытулках:

— У цяперашні час у план унесена актуалізаваць гэты дакумент у адпаведнасці з патрабаваннямі прынятага закона і ён будзе змяшчаць не толькі патрабаванні да ўтрымання ў прытулках, але і ў гадавальніках, і ў гасцініцах для жывёл, — дадала спікер.

Валанцёрская дзейнасць 

— На грамадскім абмеркаванні праекта закону людзі задавалі пытанні накшталт: «Чаму валанцёрскую дзейнасць зараз будзе рэгуляваць закон?». Спачатку неабходна нагадаць, які грамадзянін сапраўды знаходзіцца ў статусе валанцёра — да іх насамрэч не адносяцца ўсе нераўнадушныя да катоў ці сабак людзі,— паведаміла Аксана Давыдзенка, старшыня Асацыяцыі зоаабарончых арганізацый. — Статусам валанцёра валодае чалавек, які мае дачыненне менавіта да арганізацыі, якая дапамагае рэгуляваць жыццядзейнасць хатніх жывёл. Напрыклад, пункты часовага ўтрымання ці зоаабарончыя арганізацыі. Менавіта дзеля гэтага ўзаемадзеяння — паміж асобай і арганізацыяй — у законе створаны пэўныя патрабаванні. Любое дзяржаўнае прадпрыемства мае адладжаныя ўнутраныя працэсы, у якія не варта ўмешвацца, каб не разбурыць сістэму. Таму не ўсялякая дапамога вітаецца, якая выходзіць за пэўныя правілы. І гэта будзе рэгулявацца ў адпаведнасці с законам.

Браты нашы меншыя

Асаблівую ўвагу Аксана Давыдзенка звярнула на паняцце «жорсткія адносіны да жывёлы», фармуліроўка якога цяпер дакладна вызначана ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях, а з 1 студзеня 2025 года — у новым законе.

— Сёння адказнасць надыходзіць менавіта за дзеянні або бяздзейнасць, якія прыводзілі да прычынення шкоды здароўю жывёлы, — адзначыла спікер. — У новым законе адказнасць будзе наступаць за тое, што можа выклікаць прычыненне шкоды. Упор зроблены на «апярэдзіць», а не «разбірацца па факце калецтва або хваробы». Ніякія адгаворкі ужо не спрацуюць. І калі мы гаворым «браты нашы меншыя», няхай гэта будуць не проста прыгожыя словы, а рэальныя дзеянні.

Спікер таксама нагадала, што ў цяперашні час праводзіцца вельмі вялікая сур’ёзная работа. Усе дэталі, якія хвалююць грамадзян у адносінах да існавання хатніх жывёл, вынесеныя ў падзаконныя акты: 

— Цяпер наша задача заключаецца ў тым, каб актыўна удзельнічаць у гэтым працэсе, абагульняць усе запыты, якія паступаюць ад людзей, уключаючы зоаабаронцаў, дапрацоўваць іх з улікам тых прабелаў, якія мы ўжо ведаем, — адзначыла спікер. — Калі ў грамадзян ёсць канкрэтныя прапановы па паляпшэнні ўтрымання ці вырашэнні нейкіх супярэчлівых пытанняў у адносінах да хатніх жывёл, іх можна накіроўваць у Мінсельгасхарч у парадку звароту грамадзян.

Яна ВАЛАСАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага

Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама — пра сям'ю, любоў да Радзімы і бацькоўскія ўрокі.

Эканоміка

Час прыглядацца да крэдытаў

Час прыглядацца да крэдытаў

Пазыковыя сродкі зноў у пашане, бо рубель стабілізаваўся і заробкі растуць.