Вы тут

Пытанні працаўладкавання маладых спецыялістаў на кантролі прафсаюзаў


Пытанні працаўладкавання, гарантыі і бонусы маладым спецыялістам напярэдадні прыбыцця іх на першыя працоўныя месцы знаходзяцца на кантролі ў Федэрацыі прафсаюзаў.


Фота з адкрытых крыніц

Як падкрэслілі ў нацыянальным прафцэнтры, пры працаўладкаванні маладых спецыялістаў неабходна ўлічваць не толькі працоўнае, але і заканадаўства ў сферы адукацыі.

Тэрміны прыбыцця на працоўнае месца, кампенсацыя за пераезд у іншую мясцовасць, вырашэнне жыллёвага пытання, афармленне працоўных адносін, прадастаўленне належных гарантый, у тым ліку так званых «пад’ёмных» — кожны з гэтых пунктаў мае шэраг сваіх асаблівасцей.

Напрыклад, пры афармленні працоўных адносін з маладым спецыялістам можа быць заключаны кантракт або бестэрміновы працоўны дагавор — гэта вызначаецца па пагадненню наймальніка і работніка. Пры гэтым у дагаворы не можа быць устаноўлены выпрабавальны тэрмiн. Што да выплат, то тым, хто размеркаваны не па месцы жыхарства прадастаўляецца аднаразовая дапамога ў памеры месячнай тарыфнай стаўкі (акладу). Акрамя таго, на працягу месяца пасля афармлення працоўных адносін наймальнік павінен выплаціць і грашовую дапамогу ў памеры апошняй стыпендыі. Прадугледжаны і шэраг іншых дадатковых выплат у залежнасці ад галіны. Яшчэ адзін немалаважны момант: у перыяд работы па размеркаванні маладыя спецыялісты не могуць быць звольнены па неадпаведнасці займаемай пасадзе або недастатковай кваліфікацыі.

— Як правіла, сёння вострых пытанняў, звязаных менавіта з працаўладкаваннем маладых спецыялістаў, не ўзнікае. Найчасцей маладым людзям патрабуецца кансультацыя. Напрыклад, у які тэрмін неабходна прыбыць на працу, якія дакументы пры сабе трэба мець, на якую працягласць водпуску можна разлічваць і іншыя. Пытанні ўзнікаюць, калі маладыя спецыялісты пачалі сваю працоўную дзейнасць. Гэта сітуацыі з магчымым пераразмеркаваннем, пераход да іншага наймальніка, скасаванне або падаўжэнне кантрактаў, пытанні магчымасці пераводу на іншую пасаду. Па ўсіх гэтых пытаннях прафсаюзы даюць падрабязныя кансультацыі, — расказалі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў. 

Акрамя таго, падтрымку маладым спецыялістам з першых дзён працы аказваюць прадстаўнікі прафсаюза ў арганізацыі, расказваюць аб дадатковых гарантыях і льготах, якія замацоўвае калектыўны дагавор. Дарэчы, больш за 87% такіх дагавораў прадугледжваюць вялікі пералік бонусаў менавіта для маладых работнікаў. Гэта, напрыклад, розныя стымулюючыя выплаты, надбаўкі і даплаты, дапамога ў вырашэнні жыллёвага пытання і многае іншае.

Яшчэ адзін напрамак работы прафсаюзаў па падтрымцы маладых людзей — дапамога ў адаптацыі на першым працоўным месцы. Практыка інстытута настаўніцтва дзейнічае практычна ва ўсіх арганізацыях розных галін эканомікі. Адмысловую ролю адыгрывае настаўніцтва на прамысловых прадпрыемствах, бо кожная вытворчасць мае сваю спецыфіку. І ў многіх выпадках агульнай падрыхтоўкі ва ўстанове адукацыі недастаткова. Таму з першага працоўнага дня за маладымі людзьмі замацоўваюцца вопытныя работнікі, якія дапамагаюць хутка ўліцца моладзі ў працоўны працэс.

— Сёння многія прадпрыемствы рыхтуюць сабе кадры літаральна са школьнай лавы. Практыка супрацоўніцтва навучальных устаноў і арганізацый, у прыватнасці, падпісанне трохбаковых дагавораў на мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў, паказваюць сваю эфектыўнасць. Плюсаў ад такой практыкі больш чым дастаткова для кожнага з бакоў. Для школьнікаў бясспрэчнай перавагай з’яўляецца асобны конкурс пры паступленні, перспектыва атрымання запатрабаванай прафесіі, праходжанне ў перыяд навучання практыкі на прадпрыемстве і што немалаважна — гарантыя працаўладкавання. У сваю чаргу прадпрыемствы бачаць свой кадравы рэзерв, на які могуць разлічваць у далейшым. Плюс за час практыкі навучаюць маладых людзей, улічваючы сваю спецыфіку вытворчасці, што ў далейшым не толькі закрывае кадравыя пытанні, але і дазваляе прымаць на працу добра падрыхтаваных спецыялістаў, — дадалі ў прэс-службе ФПБ.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».