Вы тут

У Мінскім заапарку новае папаўненне


Амурскі тыгр, якога выратавалі ў Расіі і даставілі ў Беларусь, ужо цалкам асвоіўся ў Мінскім заапарку. 31 ліпеня адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы новага гадаванца, падчас якой жывёле далі новае імя. Ва ўрачыстым мерапрыемстве ўзялі ўдзел старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў, намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Хаменка, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк, міністр юстыцыі Расійскай Федэрацыі — старшыня назіральнага савета аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі «Цэнтр «Амурскі тыгр» Канстанцін Чуйчэнка. Карэспандэнты «Звязды» таксама наведалі сталічны заапарк і даведаліся пра незвычайную гісторыю паласатага вандроўніка.


Знікаючы від

Лёс амурскага тыгра драматычны. У сярэдзіне XІX стагоддзя ён быў шматлікім. У трыццатых гадах мінулага стагоддзя дзікая кошка зрэдку сустракалася толькі ў самых глухіх кутках Усурыйскай тайгі, цяжка даступных для чалавека. Амурскі, або Усурыйскі, тыгр аказаўся на мяжы знікнення з прычыны нерэгуляванага адстрэлу дарослых асобін, інтэнсіўнага адлову тыгранят і памяншэння пагалоўя дзікіх парнакапытных жывёл, выкліканага моцным прэсам палявання і іншымі прычынамі.

Неспрыяльна адбіліся і маласнежныя зімы. У 1935 годзе ў Прыморскім краі быў арганізаваны вялікі і адзіны ў сваім родзе Сіхатэ-Алінскі дзяржаўны запаведнік. Некалькі пазней — Лазоўскі і Усурыйскі запаведнікі. З 1947-га паляванне на тыгра было строга забаронена, нават адлоў тыгранят для заапаркаў дапускаўся адзінкава, па спецыяльных дазволах. Гэтыя меры аказаліся своечасовымі. Ужо ў 1957 годзе колькасць папуляцыі ў параўнанні з трыццатымі гадамі амаль падвоілася, а да пачатку шасцідзясятых пераваліла за сотню. Сёння ўсурыйскі тыгр ахоўваецца дзяржавай — ён занесены ў Чырвоную кнігу Расійскай Федэрацыі, здабыванне і адлоў — забароненыя.

Дзіўнае падарожжа

7 лістапада 2023 года жыхар Хабараўскага краю падабраў на дарозе тыграня з траўміраванай лапай. Чалавек вельмі рызыкаваў, бо побач магла апынуцца маці звера. Мужчына патлумачыў свой учынак тым, што сам з’яўляецца ветэрынарам і ўсведамляў усе рызыкі, а тыграняці патрабавалася тэрміновая медыцынская дапамога.

Перадача амурскага тыгра Мінскаму заапарку

Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў і міністр юстыцыі РФ Канстанцін Чуйчэнка з сертыфікатам аб перадачы амурскага тыгра Сіндбада Мінскаму заапарку

Малому прыйшлося перажыць некалькі аперацый, перш, чым ён змог паўнавартасна ўстаць на лапы. Але нават пасля рэабілітацыі спецыялісты прыйшлі да высновы, што выжыць на волі з-за атрыманых траўм ён наўрад ці зможа і выпускаць яго было б безадказна.

Пад пільным наглядам ветэрынарных урачоў тыграня паспяхова паправілася — прыйшоў час шукаць яму новы дом. Было прынята рашэнне, што ім стане Мінскі заапарк. Расійскі «Цэнтр «Амурскі тыгр» дапамог пераправіць яго на самалёце «Аэрафлота» ў Беларусь. Зараз тыграняці ўжо каля васьмі месяцаў, і яно ўжо лічыцца падлеткам. Цяпер носіцца па вальеры, у яго ёсць любімая чырвоная цацка — пластыкавая булава. Як і ўсе кошкі, любіць паказваць кончык языка. Кульгавасці пасля перанесенай аперацыі не відаць.

Суседзямі тыграняці па вальеры з’яўляюцца чырвоныя ваўкі. Калі тыграня гарэзіць на сваёй тэрыторыі, то яны з цікавасцю за ім назіраюць — падскокваюць, каб разглядзець новага суседа.

Перад прыездам новага насельніка Мінскі заапарк старанна падрыхтаваў вальер, каб адпавядаў усім патрабаванням утрымання прадстаўніка гэтага рэдкага і цудоўнага віду. 13 чэрвеня ў Мінскім заапарку з’явіўся навасёл з Амура. Ён даволі хутка адаптаваўся. Цяпер тыграня знаходзіцца пад пільным наглядам заатэхнікаў і ветэрынараў. У яго вальеры ўстаноўлена камера, якая дазваляе ажыццяўляць кругласутачнае назіранне за ім.

Тыграня абжылося, асвоіла новую тэрыторыю і праяўляе характар. Яно актыўнае і гуллівае, больш за ўсё любіць вялікія косткі і новыя цацкі, з якімі ахвотна забаўляецца. Каб тыграняці жылося цікавей, спецыялісты заапарка перамяшчаюць цацкі па вальеры. Тут упэўненыя, што любоў і клопат работнікаў дапамогуць паласатаму малому цалкам аднавіцца і весці паўнавартаснае жыццё.

Тыграня Сіндбад весяліцца з новай цацкай

«Ахова амурскага тыгра — асабісты праект нашага Прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. 11 гадоў таму было прынята рашэнне аб стварэнні аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі «Цэнтр «Амурскі тыгр», прадметам дзейнасці якога з’яўляецца ахова, абарона гэтага віду на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, а таксама папулярызацыя звера ва ўсім свеце, — распавёў журналістам міністр юстыцыі Расійскай Федэрацыі — старшыня назіральнага савета АНА «Цэнтр „Амурскі тыгр“ Канстанцін Чуйчэнка. — Даныя суцэльнага ўліку, які быў зроблены ў 2022 годзе, паказваюць, што колькасць амурскага тыгра за перыяд дзейнасці нашага цэнтра ўзрасла больш чым на 30 працэнтаў і склала больш за 750 асобін, уключаючы кацянят. Гэта наш асноўны вынік. За гэты час мы таксама стварылі паўнавартасную інфраструктуру аховы гэтага цудоўнага звера, многае было зроблена ў плане прававога рэгулявання. У Крымінальны кодэкс Расійскай Федэрацыі ўведзеныя адпаведныя артыкулы, якія дазваляюць даволі строга караць людзей, якія паднялі руку на гэтага цудоўнага звера».

Канстанцін Чуйчэнка адзначыў, што тыграня было канфіскавана на тэрыторыі Хабараўскага краю: «У яго была зламаная левая лапа. Былі праведзены ветэрынарныя мерапрыемствы, якія паспрыялі яго выздараўленню. Сёння мы бачым, што ў яго добры настрой, ён паўнавартасна гуляе. Думаю, што ў бліжэйшы час мы падбяром яму сяброўку, каб папуляцыя амурскага тыгра на тэрыторыі брацкай Беларусі расла і квітнела».

Перадача амурскага тыгра ад адной дзяржавы другой — справа няпростая. «Існуюць пэўныя працэдуры, якія мы выконваем у гэтым выпадку. Гэта і спецыяльны дазвол, і каранцінныя працэдуры, і ветэрынарныя мерапрыемствы. Усё гэта выконваецца ў поўным аб’ёме ў поўнай адпаведнасці з міжнародным правам, а таксама ў адпаведнасці з унутраным правам Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь», — падагульніў міністр юстыцыі РФ.

У тыгра — новае імя

Цікава, што паласаты звер прыехаў да нас з некалькімі імёнамі. Яшчэ ў «Цэнтры «Амурскі тыгр» ён атрымаў мянушку Сімба, а па выніках галасавання ў сацыяльных сетках, якое запусціў губернатар Хабараўскага краю Міхаіл Дзегцяроў, паўгадовы паласаты драпежнік стаў Бархатам. Калі ён прыехаў у Мінскі заапарк, мясцовы заатэхнік вырашыла даць яму поўнае імя Сіндбад, бо хутка ён ператворыцца ў дарослага магутнага амурскага тыгра. Такім чынам да сённяшняга дня тыгр меў тры імені. Магчымасць выбраць канчатковы варыянт далі самым юным і перспектыўным артыстам узорнага ансамбля народнай песні «Святкі» Палаца дзяцей і моладзі «Золак» горада Мінска. Каб выбраць імя паласатаму прыгажуну, правялі латарэю. Юныя артысты выцягнулі паперу, на якой было напісана імя Сіндбад — выдатная мянушка для паласатага джэнтльмена-вандроўніка.

«У Мінскім заапарку да цяперашняга часу ўтрымліваліся тры асобіны тыграў: двое бенгальскіх (белых) тыграў і амурская тыгрыца Яраслава. Вопыт утрымання гэтых жывёл у нас ёсць. Я думаю, што гэта было адным з асноўных фактараў прыняцця пастановы аб перадачы Сіндбада Мінскаму заапарку, — распавёў дырэктар Мінскага заапарка Аляксандр Сафронаў. — Гэта вельмі важнае і значнае для нас мерапрыемства, паколькі далёка не кожны заапарк можа пахваліцца сапраўдным тыграм, народжаным у прыродзе з генетычна чыстай крывёю».

Магчыма, што ў будучыні Сіндбад і Яраслава змогуць сысціся. «Але трэба разумець, што гэта жывыя жывёлы, ніхто не можа ведаць дакладна, як у іх складуцца адносіны. Аднак усё магчыма. Пакуль яны жывуць у розных вальерах. Наогул тыгры — гэта тэрытарыяльныя жывёлы, у прыродзе сем’ямі яны не жывуць. У далейшых планах — уладкаванне новага вальера для блізкага ўтрымання тыграў адзін да аднаго», — сказаў дырэктар Мінскага заапарка.

Сёння Сіндбад жыве не ў новым вальеры. «Да яго ў ім пражывала іншая жывёла. Паколькі па сваіх параметрах тыграня падыходзіла для пражывання ў гэтым месцы, яго сюды і засялілі. Адаптацыя Сіндбада прайшла даволі добра, асабліва з улікам яго паходжання з жывой прыроды. Яно ўжо добра пазнаёмілася з абслуговым персаналам, пачало рэагаваць на іх. Вядома, аб выкананні якіх-небудзь каманд пакуль гаворка не ідзе, але штодня з ім праводзяцца розныя трэнінгі, спрабуем яго прывучыць да жыцця ў заапарку. Сёння ўсе неабходныя ўмовы для яго пражывання створаныя», — падагульніў Аляксандр Сафронаў.

Умовы сапраўды камфортныя: вялікі вальер, штучная скала з пляцоўкай для адпачынку, убудаваны вадаспад, сховішча. Маленькі драпежнік паводзіць сябе актыўна, асабліва ноччу.

Кульмінацыйным момантам учарашняй цырымоніі стала падпісанне сертыфіката перадачы амурскага тыгра старшынёй Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімірам Кухаравым і Канстанцінам Чуйчэнкам. Цяпер паласаты джэнтльмен — афіцыйны жыхар Мінскага заапарка.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Кацярыны УРБАН

Загаловак у газеце: Паласаты джэнтльмен-падарожнік

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Культура

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.