Днямі Беларускаму таварыству абароны спажыўцоў споўнілася 35 гадоў. Толькі за апошнія 10 гадоў гэтым грамадскім аб’яднаннем і яго рэгіянальнымі структурамі была аказана дапамога 176 тысячам беларускіх спажыўцоў, расказала яго старшыня Ганна Суша.
Практычныя аспекты работы таварыства — экспертная дапамога спажыўцам. Спецыялісты гэтай грамадскай арганізацыі таксама абараняюць у судзе іх правы і законныя інтарэсы. Прычым усе гэтыя дзеянні праводзяцца на аснове бязвыплатнай дамовы аказання паслуг. «За апошнія 10 гадоў было заяўлена 2080 іскаў, спажыўцам кампенсаваныя ўрон і маральная шкода больш чым на восем мільёнаў рублёў, — паведаміла Ганна Суша. — Акрамя таго што наша арганізацыя дапамагае аднаўляць парушаныя правы спажыўцоў, яна яшчэ і прыўносіць у бюджэт грашовыя сродкі. Так, за апошняе дзесяцігоддзе мясцовыя бюджэты папоўнены больш чым на 3,2 млн рублёў, уключаючы Мінск. А спагнанне дзяржпошліны — гэта яшчэ каля 160 тысяч рублёў».
Няякасны тавар або паслуга могуць аказаць сур’ёзны негатыўны ўплыў на жыццё канкрэтнага чалавека і яго акружэння, падкрэсліваюць спецыялісты таварыства абароны спажыўцоў. Ёсць у іх шматгадовай практыцы такія прыклады. Юрыст грамадскага аб’яднання Тамара Бельская распавяла, наколькі, здавалася б, простыя і бяскрыўдныя тавары могуць уяўляць небяспеку для здароўя людзей.
Так, у 1994 годзе прафесійны музыкант страціла магчымасць займацца справай свайго жыцця з-за... складнога крэсла, канструкцыя якога была распрацавана няправільна. Пры яго раскладванні палец выпадкова трапіў у зачэп і быў адсечаны.
Адбыўся і такі выпадак: 16-гадовая дзяўчына набыла туфлі на абцасах, і ў адным з абцасаў зламаўся супінатар, якраз калі яна спускалася па прыступках. Вынік — сур’ёзная траўма локцевага сустава, якая пазбавіла дзяўчыну працаздольнасці на працяглы час.
Можна прывесці і яшчэ адзін прыклад, адзначыла юрыст: старэйшае пакаленне яшчэ памятае часы, калі ў бюстгальтар «на костачках» замест сучасных бяспечных матэрыялаў устаўляліся металічныя спіцы. І ў перапоўненым транспарце ў гадзіну пік такая бялізна станавілася ў прамым сэнсе небяспечнай. Менавіта ў падобнай сітуацыі ў 1990-х спіца, пракалоўшы тканіну, траўміравала малочную залозу жанчыны, выклікаўшы сур’ёзную страту крыві.
Няма бяскрыўдных прадметаў побыту, якія не патрабавалі б высокай якасці і захавання норм і правіл бяспекі для спажыўца пры распрацоўцы і вытворчасці, падкрэслілі прадстаўнікі таварыства абароны правоў спажыўцоў. Таму па ініцыятыве Беларускага таварыства абароны спажыўцоў за апошнія тры дзесяцігоддзі ў заканадаўства нашай краіны ўнесены шэраг паправак. У прыватнасці, яны звязаны з абавязковым давядзеннем да пакупніка інфармацыі па генна-мадыфікаваных прадуктах і кампанентах, а таксама — з энергаэфектыўнасцю бытавых прыбораў.
Спецыялісты канстатавалі, што некаторае паслабленне для сферы бізнесу, звязанае з неабавязковым прымяненнем стандартаў і ўстаноўленых патрабаванняў да якасці для імпартных тавараў (перавядзенне іх у разрад добраахвотных), зніжае якасць тавараў замежнай вытворчасці, што прапануюцца беларускаму спажыўцу. Для беларускіх вытворцаў усе гэтыя жорсткія нормы якасці па-ранейшаму застаюцца абавязковымі.
— Папраўка ў Закон аб абароне правоў спажыўца (артыкул 12, пункт 5) дазволіла запусціць механізм адклікання небяспечнай прадукцыі, — адзначыла Ганна Суша.
У лік такой прадукцыі трапілі, напрыклад, абцужкі для мадэлявання прычоскі пэўнага вытворцы (імпартнай вытворчасці). Такі прыбор традыцыйна — хіт продажаў, ён ёсць практычна ў кожным доме. Пасля выпрабаванняў высветлілася, што прыборы пэўнай мадыфікацыі і камплектацыі ўяўляюць пагрозу для здароўя. Пастаўшчыка абавязалі зняць тавар з продажу і адклікаць ужо прададзеныя экзэмпляры ў пакупнікоў. Прадавец атрыманага прадпісання не выканаў, усяго толькі размясціў інфармацыю аб небяспецы свайго тавару на ўласным сайце. Прыйшлося ўключаць механізм звароту ў кантралюючыя органы, у прыватнасці, у МАРГ, распавялі прадстаўнікі таварыства абароны спажыўцоў. Тавар быў адкліканы: на тэрыторыі нашай краіны ён больш не прадаецца. Але вяртаць ці не вяртаць ужо набыты прыбор, для кожнага з пакупнікоў — пытанне яго спажывецкай дасведчанасці і добрай волі. З 18 прададзеных адзінак вярнулі толькі дзве, канстатавала Ганна Суша.
Таму важныя аспекты дзейнасці таварыства — спажывецкая адукацыя, асветніцкая дзейнасць і інфармаванне спажыўцоў аб якасці (або небяспецы) тых ці іншых тавараў (паслуг).
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.