Вы тут

Змітрок Марозаў: Ніводная прэстыжная прэмія не робіць з вершапісца Паэта


Таленавіты паэт Змітрок Марозаў праславіў родную краіну, калі першым у еўрапейскай літаратуры напісаў вянок вянкоў санетаў «Апакаліпсіс душы». Выдатны тонкі лірык нарадзіўся ў вёсцы Язбы Крупскага раёна на Мінскай зямлі, але паэтам яго зрабіла зямля Магілёўская, дзе родны кут маці, дзе ён правёў юнацкія гады, дзе прайшло яго станаўленне як агранома і паэта. 


Фота Кастуся Дробава.

— Дзмітрый Дзмітрыевіч, што вызначыла вашу патрэбнасць пісаць вершы?

— У 1977 годзе мяне нечакана «павысілі» з пасады агранома па насенневодстве калгаса «Рэвалюцыя» Быхаўскага раёна, дзе я працаваў з 1975-га, да пасады старшага агранома Упраўлення сельскай гаспадаркі Магілёўскага аблвыканкама. Працуючы ў калгасе «Рэвалюцыя», я дасылаў у раённую газету нарысы і замалёўкі пра вясковых працаўнікоў. Там жа напісаў першыя вершы. Адарваўшыся ад зямлі, на новай пасадзе цалкам пераключыўся на стварэнне вершаў, бо не было пад рукамі жывога чалавечага матэрыялу. Пісаў больш пра прыроду і родных мне людзей, землякоў, пра перажытае за першыя два гады ў калгасе «Рэвалюцыя».

— Вашым настаўнікам у паэзіі быў Аляксей Васільевіч Пысін. Раскажыце пра першае знаёмства.

— Яно адбылося зімой 1976 года. Паэт наведаўся ў раённую газету «Маяк Прыдняпроўя» на сустрэчу з членамі літаратурнага аб’яднання, якое тады ўзначальваў сёння вядомы магілёўскі паэт і публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікола Леўчанка. Ён і запрасіў мяне на сустрэчу з Аляксеем Пысіным.

Мы, пачаткоўцы, з хваляваннем чыталі паэту свае вершы. Той засяроджана слухаў, рабіў кароткія заўвагі і слушныя парады. Выслухаўшы мае рускамоўныя «опусы», паэт параіў пісаць на роднай мове.

Праз нейкі час першыя мае спробы вершаскладання зноў трапілі да Аляксея Пысіна. З вялікага агульнага сшытка ён выбраў толькі тры для літаратурнай старонкі «Прыдняпроўе» і вынес вердыкт: «Цьмяна, абмежавана... Працуй».

А ўжо падчас маёй працы ў калгасе імя Энгельса ў Бялыніцкім раёне Пысін патэлефанаваў рэдактару газеты «Зара Камунізму» Міколу Падабеду: «У вас працуе аграномам здольны паэт. Не дайце засохнуць маладому таленту». 

— Ваш першы надрукаваны верш і першыя два зборнікі твораў былі створаны на зямлі Магілёўскай. Як гэта было?

— Першы верш «Студзень» быў надрукаваны ў Быхаўскай раённай газеце ў 1977 годзе. Працу над першым зборнікам «Пад небам бусліным» пачаў у 1979-м. Былі цяжкасці з яго выданнем. У выдавецтве «Мастацкая літаратура» на рукапіс рыхтавалася «разгромная» рэцэнзія. Мяне аб гэтым папярэдзіў сам Аляксей Васільевіч і параіў, каб я паспяшаўся ў Мінск «ратаваць кнігу». Але тады нарадзілася дачка Алеся, і мне было не да зборніка. Праз нейкі час дапрацаваў рукапіс, станоўчую рэцэнзію на які зрабіў Пятро Прыходзька. 

У выніку першая мая кніга пабачыла свет у 1982 годзе.

Другі зборнік «Огонь и жито» ў перакладзе паэта з Краснаярска Анатоля Вяршынскага быў рэкамендаваны выдавецтву «Молодая гвардия» па выніках працы ХІ Усесаюзнага фестывалю маладых паэтаў СССР у Туве. 

З беларусаў на ім прысутнічалі Мікола Мятліцкі, Галіна Каржанеўская і я. Другі паэтычны зборнік убачыў свет у 1983-м. І толькі праз пяць гадоў выдавецтва «Мастацкая літаратура» выдае мой новы зборнік «Хлеб і памяць», пераважную большасць якога склалі вершы, змешчаныя ў зборніку «Огонь и жито». Амаль адначасова ў выдвецтве «Юнацтва» пабачыла свет кніга паэзіі «Хлебны верасень», адзначаная прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі.

— У вас быў вельмі пакручасты шлях у Саюз пісьменнікаў. Гэтая акалічнасць перашкодзіла ці паспрыяла паэтычнай творчасці? 

— Падаў заяву для ўступлення. Паспяхова прайшоў папярэднія старты абмеркавання. Але на пасяджэнні камісіі па прыёме мая кандыдатура не прайшла.

У Саюз пісьменнікаў мяне прынялі без папярэдняга абмеркавання пасля таго, як у 1991 годзе я выдаў вянок вянкоў санетаў «Апакаліпсіс душы», які быў створаны падчас распаду СССР.

У 2006-м вянок вянкоў санетаў, дзякуючы таленту і працавітасці паэта і перакладчыка Андрэя Цяўлоўскага, выдадзены на рускай мове. Зазначу, што пад вокладкай кнігі знаходзяцца тэкст арыгінала і яго пераклад. Прадмову да фаліянта напісаў вядомы майстра-літаратуразнавец, доктар філалагічных навук, прафесар Вячаслаў Пятровіч Рагойша. Дарэчы, гэтае выданне захоўваецца ў бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане, аб чым сведчаць радкі з тэлеграмы, атрыманай мной у жніўні 2007 года. Цытую: «Шаноўны спадар Марозаў! Учора прыйшоў пакет з вашымі кнігамі. Гэта вельмі каштоўны здабытак для нашай бібліятэкі. Я ўпэўнены, што нашы чытачы (а сярод іх ёсць нямала небеларусаў) належна ацэняць вашу паэзію, асабліва ўнікальны вянок вянкоў санетаў «Апакаліпсіс душы». Прыміце шчырую падзяку і заставайцеся з Богам. З павагаю — Аляксандр Надсан, дырэктар бібліятэкі імя Ф. Скарыны»...

А што, калі б я стаў членам Саюза пісьменнікаў адразу, калі б лёгка выдаваліся першыя кніжкі? Я не празорца, але мяркую, што верагоднасць стварэння вянка вянкоў санетаў была б куды меншай. 

Здавалася, можна было б толькі радавацца, што ў нашай літаратуры зроблены першы пераклад вянка вянкоў санетаў з арыгінала. Але і тут знайшліся «добразычліўцы», якія заўважылі ў двух радках з 3375-ці крамольную думку і паведамілі аб гэтым у адпаведныя інстанцыі. Давялося нашаму пісьменніцкаму кіраўніцтву праводзіць пашыранае пасяджэнне і выступіць з лістом у абарону твора. У якасці галоўнага аргумента быў прыведзены той факт, што выдадзены «Апакаліпсіс душы» быў падчас развалу Савецкага Саюза. Цытую: «Усе тыя праблемы, трагедыя народаў СССР ляглі ў аснову таленавіта напісанага твора. Упершыню ён выйшаў асобнай кнігай ў 1991 годзе тыражом 5 тысяч асобнікаў, што пацвярджаецца прадстаўленым Змітраком Марозавым экзэмплярам гэтай кнігі... Мастацкія вартасці вянка вянкоў адзначаны вядомымі крытыкамі і пісьменнікамі...

Можна было б, канечне, тыя радкі зняць у наступных перавыданнях вянка вянкоў (2013, 2015), але я гэтага не зрабіў і ніколі не зраблю. Бо, як пісаў у адным са сваіх вершаў Мікалай Забалоцкі, «нет на свете печальней измены, чем измена себе самому».

— Чаму вянок вянкоў санетаў прысвяцілі менавіта паэту Анатолю Сербантовічу?

— Прысвяціў я гэты маштабны твор паэту Анатолю Сербантовічу, які марыў напісаць вянок вянкоў санетаў, але стварыў толькі чатыры вянкі вянкоў санетаў і заўчасна памёр. Я падумаў: не паспеў зрабіць ён — зраблю я. 

— Як пазнаёміліся з жонкай Таццянай? І якой была роля ў вашай паэтычнай творчасці?

— На канцэрце ў калгасным клубе ўбачыў прыгожую дзяўчыну. Мне памаглі, каб яна запрасіла мяне на белы вальс. Станцавалі. Так вось і пазнаёміліся, пражылі разам амаль 45 гадоў. Не адзін пуд солі з’елі. Пагадавалі і выправілі ў свет дзяцей, выпесцілі малых унукаў. На шэсцьдзясят трэцім годзе дактары вынеслі ёй няўмольны прысуд — анкалогія. Ніхто не ўзяўся рабіць аперацыю...

Пад вокнамі буяе бэз,

Квітнее без цябе ён. Без

Тваіх пралескавых вачэй

З адбіткам полымных начэй,

Дзе мы з табой, як бэз, цвілі...

Кахалі. Верылі. Жылі...

Пад вокнамі буяе бэз,

Квітнее без цябе ён, без... 

— Вы напісалі 36 кніг паэзіі і прозы для дарослых і дзяцей. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў, двойчы лаўрэат Рэспубліканскіх конкурсаў на найлепшую кнігу года, «Залаты купідон», Міжнароднага конкурсу «Семья. Единство. Отечество». Ці ўскружыла слава вам галаву? Гэта дапамагло або адмоўна паўплывала на літаратурную творчасць? 

— Глыбока перакананы, што ніводная, нават самая прэстыжная, прэмія не робіць з вершапісца Паэта з вялікай літары. Паэт альбо ёсць, альбо яго няма незалежна ад колькасці прэмій. Заўсёды лічыў і лічу сябе летапісцам свайго часу. Пра гэта пісаў у дзённіках «Светлацені».

— У адным з вершаў катэгарычна заявілі: «Хто вершы піша — не паэт. Паэт, хто сэрцам іх спявае». Вы не філолаг, але Паэт з вялікай літары. Раскрыйце, калі ласка, сакрэт, як вам гэта ўдалося?

— Ды няма сакрэту: упартая да сёмага поту праца і зноў праца. А яшчэ ўвесь час вучоба ў класікаў і не толькі. І самакрытычнае стаўленне да напісанага...

Санеты, трыялеты, паэмы... Вянкі санетаў, нарэшце вянок вянкоў санетаў... Вершы нараджаюцца ў душы. Асновам вершаскладання я вучыўся ў Аляксея Пысіна, Адама Міцкевіча, Юліуша Славацкага, Валерыя Брусава, Максіма Багдановіча, Яўгеніі Янішчыц...

Навучыцца правілам рыфмавання, прытрымлівацца рытму — не самае складанае для вершатворцы (паэта). Цяжэй перадаць словамі пачуцці. Гэта амаль немагчыма, пакуль іх не выспеліш у сваёй душы, не адолееш пэўны жыццёвы перыяд. Калі душа настроена на лірычны лад, то працаваць можна практычна ўсё свядомае жыццё. І пісаць годныя вершы.

Горш, калі часам людзі губляюць высокую нябесную ноту і выбіраюць механічнае рыфмаванне. Тады адразу адчуваецца, што верш страчвае мелодыку, пластычнасць, вобразнасць, жыццёвы стрыжань. Адным словам, не гучыць.

Канечне, можна ў такі перыяд яшчэ пэўны час трымацца на паэтычнай хвалі за кошт ранейшых дасягненняў (што нярэдка робяць некаторыя вершатворцы), але гэта не характарызуе іх са станоўчага боку. Лепш не псаваць аб сабе ўражанне, а памаўчаць і дачакацца, калі, гаворачы словамі класіка, душы надыйдзе абуджэнне. 

— Пасля выхаду ў свет вянка вянкоў санетаў «Апакаліпсіс душы» лавінай хлынулі санеты. Іх толькі лянівы не піша. Як ставіцеся да гэтага?

— Сапраўды, сёння шмат маладых і не толькі маладых вершатворцаў захапіліся напісаннем санетаў. Сусветна вядомы паэт-санетыст Нікала Буало зазначыў: «Добра напісаны санет варты цэлай паэмы». А у нас жа пішуцца гэтак званыя «санеты» метадам халоднай штампоўкі, без жыцця і глыбокай думкі, без перажытага і набалелага, з парушэннямі класічнай формы напісання санета. Часам чытаеш нібыта сталага ў гадах аўтара, а ў яго санеце нічога вартага няма.

Трэба вучыцца ў напісанні санетаў у Адама Міцкевіча (цыкл «Крымскія санеты»), Валерыя Брусава, Максіма Багдановіча. А яшчэ не засмечваць так званымі «санетамі» старонкі перыядычных выданняў і сапраўдную літаратуру, створаную тым жа Багдановічам і Купалам.

Усё нябеснае ад Бога,

Шкада, што ў наш бязбожны час

Хтось не стварыў радка жывога, 

А ўжо дзярэцца на Парнас.

Не капітальнымі тамамі

Сапраўдны цэніцца Паэт,

А залацінкамі-радкамі,

У якіх пульсуе Божы свет...

— Вядома, што жыццё цікавей за кнігу. Таму вядомы беларускі празаік Віктар Карамазаў раіў маладым назапашваць жыццёвы вопыт, бо без яго немагчыма напісаць паўнацэнны твор. А што параіце вы паэтам-пачаткоўцам? 

— Цалкам падтрымліваю параду Віктара Філімонавіча маладым пісьменнікам. А яшчэ раю ім вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца ў Купалы і Коласа, Максіма Багдановіча, у класікаў сусветнай літаратуры, у вядомых беларускіх пісьменнікаў.

Падробкамі паэзію не знішчыць,

І не купіць за лаўры панібрацтва,

Пакуль нас вучаць Пысін і Янішчыц

Паэзіі высокага мастацтва.

— Вы актыўна працуеце. Якой кнігай парадуеце сваіх чытачоў?

— Раблю «Каласы матчынага поля». Гэта дзённікі маладога агранома, успаміны з маёй маладосці аб працы на зямлі Магілёўскай, развагі пра сучаснасць і месца літаратуры ў нашым вірлівым 
і трывожным жыцці.

Віктар АРЦЁМ’ЕЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Універсальная мова якасці

Універсальная мова якасці

Аб развіцці стандартызацыі ў Беларусі расказалі эксперты.

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Сельская гаспадарка

Увосень работ восем

Увосень работ восем

Якія задачы стаяць перад аграрыямі восенню?

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.