Вы тут

«Выпадковы вальс» — не выпадковасць...


Усё, што ні ёсць у жыцці, шматстайнае. Пры гэтым нярэдка назіраюцца і супрацьлегласці, якія ў нечым быццам адмаўляюць папярэдняе сведчанае. Гэта тычыцца і песень. Адны з іх нясуць у сабе трагічны пачатак. Іншыя напоўнены лірычнасцю. Але ёсць і такія, у якіх лірычнасць не адмаўляе і патрыятычнай узнёсласці. Здавалася б, несумяшчальнае ў асобных выпадках тым самым быццам паядноўваецца. Калі мець на ўвазе звязаныя з адлюстраваннем падзей Вялікай Айчыннай вайны, то ў якасці прыкладу дастаткова прывесці дзве з іх, на якіх ужо выхоўваецца не адно пакаленне. Гэта «Священная война». Калі слухаеш яе, аж холад працінае, насколькі ўзнёсла-патрыятычны пафас яе. І быццам пэўная супрацьлегласць «Казаки в Берлине», больш вядомая па назве «Едут, едут по Берлину наши казаки...», у якой па сутнасці знітаваны паміж сабой радасць ад чаканай Перамогі над фашызмам ды іншая радасць, звязаная з усведамленнем, што жыццё працягваецца. Увасабленне яго — дзяўчына-рэгуліроўшчыца на вуліцах зрынутага гітлераўскага логава, якая паказвае шлях, куды ісці калоне пераможцаў.


Марк Фрадкін.

Можна прывесці і іншыя прыклады спалучэння гэтай, здавалася б, несумяшчальнасці. У многіх яны будуць свае. Мне ж у такіх выпадках абавязкова прыгадваецца «Случайный вальс». Як, бадай, і ў многіх, хто не сумняваецца, наколькі цудоўныя савецкія песні, у тым ліку і гэтая. Як не захапіцца ёю, спавядальнай па сваім змесце. З адлегласці, дакладней, з вечнасці чуеш голас таго, які ў перапынках паміж баямі выпадкова на танцах сустрэўся з дзяўчынай: 

Ночь коротка,

Спят облака,

И лежит у меня на ладони

Незнакомая ваша рука.

После тревог

Спит городок.

Я услышал мелодию вальса

И сюда заглянул на часок.

Хоть я с вами совсем не знаком

И далёко отсюда мой дом,

Я как будто бы снова

Возле дома родного...

В этом зале пустом

Мы танцуем вдвоём,

Так скажите хоть слово,

Сам не знаю, о чём.

Так і хочацца падпяваць. Нават калі голасам пахваліцца не можаш. Настолькі ўсё проста і ў той жа час вельмі паэтычна. У гэтым заслуга двух творчых пабрацімаў. Вядомага паэта, аўтара многіх папулярных песень Яўгена Далматоўскага і не менш вядомага, а ў нечым і больш, бо паклаў на музыку не толькі яго творы, кампазітара Марка Фрадкіна. Яўген Аронавіч — ураджэнец Масквы, а Марк Рыгоравіч — наш зямляк.

Нарадзіўся Марк Фрадкін 4 мая 1914 года ў Віцебску. Бацькі па прафесіі з’яўляліся ўрачамі, але не сказаць, што маленства яго прайшло ў раскошы. Асабліва цяжка стала, калі бацька ў грамадзянскую вайну, змагаючыся з белымі, загінуў. З пяцігадовага ўзросту маці выхоўвала яго адна. З-за пастаянных клопатаў аб хлебе надзённым не ставала часу ўдзяляць яму належную ўвагу. Хоць прырода хлопчыка задаткамі не абдзяліла. Аднак дзе няма належнага нагляду, там не да вучобы. 

Марк Рыгоравіч успамінаў: «Мать много работала, и я в свободное от школы время вместе с такими же мальчишками, как я, наводил страх на всю округу. Начиная с четвёртого класса учителя каждый год грозили за неуспеваемость оставить меня на второй год, и, чтобы этого не произошло, мать переводила меня в другую школу. К седьмому классу не осталось уже почти ни одной школы, в которой бы я не учился. Тогда мой друг, который был председателем учкома, взял с меня слово, что я, наконец, начну заниматься, и уже в середине года меня зачислили в одну из лучших школ города. Слово своё я сдержал и школу закончил одним из первых».

Хоць рана палюбіў музыку, мастацтва, быў сынам свайго часу. Той жа час — не адны рэвалюцыйныя пераўтварэнні, а і захапленне моладзі тэхнічным прагрэсам. Скончыўшы механіка-будаўнічы тэхнікум, два гады працаваў інжынерам па тэхніцы бяспекі на швейнай фабрыцы «Сцяг індустрыялізацыі». Але хутка зразумеў, што не тым займаецца, да чаго ляжыць душа. Паступіў акцёрам у З-ці Беларускі драматычны тэатр на чале з Уладзіславам Галубком. База яго была ў Гомелі, але ў асноўным з’яўляўся перасоўным. Выступаў са спектаклямі ў аддаленых раёнах Беларусі, адначасова вёў асветную і агітацыйную работу. Спачатку трупа складалася з сям’і і блізкіх людзей Уладзіслава Іосіфавіча. Потым ён стаў запрашаць да сябе маладых акцёраў. Адным з іх і стаў Марк Фрадкін.

Калектыў развіваў далей народныя традыцыі Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, і гэта стала для яго прафесіянальнай школай. Адначасова пераканаў, што гэта той шлях, па якім трэба развівацца і далей. Каб атрымаць лепшую падрыхтоўку, у 1934 годзе паступіў ў Тэхнікум сцэнічных мастацтваў, які праз два гады быў ператвораны ў Цэнтральнае тэатральнае вучылішча. Цяпер — Расійскі дзяржаўны інстытут сцэнічных мастацтваў. Там авалодаў не толькі сакрэтамі сцэнічнага мастацтва. Надаваў немалую ўвагу і музычна-тэатральным прадметам. 

Пасля заканчэння вучобы, праўда, некаторы час яшчэ знаходзіўся на творчых ростанях, але нядоўга. Папрацаваўшы ў Мінскім тэатры юнага гледача акцёрам, рэжысёрам, згадзіўся ўзначаліць музычную частку гэтага калектыву. Адчасова ў 1938 і 1939 гадах вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па класе кампазіцыі. Выкладчыкам быў адзін са стваральнікаў сімфанічнага, камерна-інструментальнага і камерна-вакальнага, кантактнага і харавога жанраў беларускай музыкі Мікалай Аладаў. Вучыцца ў яго за гонар лічылі многія. Шанцавала не ўсім. Ды толькі самыя таленавітыя ў сваёй далейшай творчаці засталіся дастойнымі свайго настаўніка. Марк Фрадкін — ці не самы знакаміты з іх.

Аднак у 1939 годзе годзе быў прызваны ў армію, служыў у стралковым палку, які кватараваўся ў Вінніцы. Там арганізаваў самадзейны ансамбль, які і ўзначаліў. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, займаў пасаду кампазітара франтавога Дома Чырвонай Арміі Данскога фронту, дзе напісаў шэраг песень аб лётчыках. Вядомасць прынесла «Песня о Днепре» на вершы Яўгена Далматоўскага, якая з’явілася ў лістападзе 1941-га.

Яна і паспрыяла іх творчаму супрацоўніцтву, якое працягвалася не адзін дзясятак гадоў, а падмацаваў яго «Случайный вальс». Праўда, шырокую аўдыторыю ён займеў не адразу. Пачалося з таго, што ў лютым 1942 года ў газеце Паўднёва-Заходняга фронту «Красная Армия» быў змешчаны верш Яўгена Далматоўскага «Танцы до утра». Тэкст яго быў крыху іншы, чым у цяперашнім варыянце «Случайного вальса». Прынамсі, былі і такія радкі: «Танца вечная погоня // Удивительно легка, // И лежит в моей ладони // Незнакомая рука...» 

У тым жа сорак другім годзе, толькі ў снежні, Яўген Аронавіч зноў сустрэўся з Маркам Фрадкіным, цяпер у раёне Сталінграда, і пазнаёміў яго з вершам «Танцы до утра». Той, захапіўшыся ім, адразу на трафейным акардэоне выканаў «вальсовую мелодию, навеянную, как он говорил, этим стихотворением». Здавалася б, пачатак песні ёсць. Аднак ваенныя абставіны патрабавалі іншых твораў. Завяршылася Сталінградская аперацыя, і сябры напісалі песні «У нас в Сталинграде», «Колечко» і іншыя. Толькі пра «Танцы до утра» не забыліся.

Да гэтага верша звярнуліся, запрошаныя пасля завяршэння Сталінградскай бітвы на пасяджэнне Ваеннага савета Данскога фронту. На ім, дарэчы, кожны з іх атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі. Камандуючы фронтам Канстанцін Ракасоўскі пацікавіўся творчымі планамі. Яўген Далматоўскі прызнаўся, што хочуць пакласці на музыку верш «Танцы до утра». Ідэю падтрымаў і начальнік палітычнага ўпраўлення фронту Сяргей Галаджаеў, заўважыўшы, што можа атрымацца «Офицерский вальс». Напісалі яго за тыдзень.

Здавалася б, для такіх вопытных творцаў гэта шмат. Ды ўсё адбывалася ў цягніку, які столькі часу з прыпынкамі ішоў ад Сталінграда да Яльца, а ў ім быў выдзелены вагон для палітупраўлення фронту. Затое поспех не прымусіў чакаць. Як успамінаў Яўген Далматоўскі, Марк Рыгоравіч з новай песняй на станцыях і паўстанцыях знаёміў байцоў, якія рухаліся на іншых цягніках, і «под Ельцом мы уже слышали свою песню, опередившую нас с проскочившим раньше эшелоном». 

Не менш цікавае і іншае сведчанне Яўгена Аронавіча. Аказваецца, гісторыя, якая лягла ў аснову верша «Танцы до утра», яму была расказана Маркам Фрадкіным, а ён чуў яе ад лётчыка Васіля Васільева. Той, знаходзячыся ў прыфрантавой вёсцы, пачуў гукі музыкі. Пайшоў туды і ўбачыў моладзь, якая танцавала. На вальс запрасіў дзяўчыну, якая стаяла адзінока. Знаёмства было нядоўгім, яго перапыніў сігнал вадзіцеля машыны: трэба было ад’язджаць. Нібыта Васільеў папрасіў Марка Рыгоравіча: «У меня к вам просьба: напишите песню о том, что я рассказал. Если всё точно опишете, Зина поймёт, что это о нас с ней. Может, она услышит, откликнется вам». Пачуўшы гэтую мелодыю, яна напісала на радыё пісьмо, каб даведацца адрас лётчыка, з якім пазнаёмілася. Стваральнікі песні пайшлі ёй насустрач: «Мы связались с авиасоединением, где служил лейтенант. Но Василий Васильев уже не мог ответить Зине: в одном из воздушных боёв он погиб смертью героя...»

Першым выканаўцам песні «Офицерский вальс», якая неўзабаве стала «Случайным вальсом», быў Леанід Уцёсаў. Праўда, той тэкст крыху розніўся ад цяперашняга. Гучала «Ночь так легка», а не «Ночь коротка». У другім куплеце спявалася «Будем дружить, // Петь и кружить», а не «Будем кружить, // Петь и дружить». Замест «Оказалось, что снова // Я у дома родного» стала «Я как будто бы снова // Возле дома родного».

Хутка песню выконваў не толькі Леанід Уцёсаў, а і такі папулярны спявак, як Яфрэм Флакс, мелі яе ў сваім рэпертуары і артысты, якія выступалі перад салдатамі і афіцэрамі падчас Вялікай Айчыннай вайны, цэнзура не драмала. Заўвага была зроблена і Леаніду Уцёсаву. Падчас запісу на грампласцінку пакінулі толькі адзін куплет, другі прыбралі: «Откуда это такое? Офицер приходит в незнакомый дом, танцует там с незнакомой женщиной, говорит, не зная о чём, и чувствует себя, как у родного очага!»

Ды і «Офицерский вальс» ператварыўся ў «Случайный вальс» невыпадкова. Пярэчанне выклікаў адзін з радкоў, які гучаў: «И лежит у меня на погоне // Незнакомая ваша рука». Нібыта ён не спадабаўся самому Іосіфу Сталіну: «Как может хрупкая девушка достать до погона боевого офицера? Он же гигант. Вы хотите унизить нашу армию? И почему вы назвали вальс «Офицерский»? Офицер должен воевать, а не танцевать». Песню на пласцінкі не запісвалі 20 гадоў. З 1945-га да 1965-га, калі пачалася так званая хрушчоўская адліга. Толькі пасля гэтага ў біяграфіі песні настаў шчаслівы лёс. 

Гаворачы аб тым, які вялікі ўклад унёс Марк Рыгоравіч у развіццё савецкай песні, нельга не засведчыць, што «Случайный вальс» у яго творчасці зусім не выпадковасць. Народны артыст СССР Марк Фрадкін быў па-сапраўднаму народным. Пераважная большасць яго песень, а ўсяго іх напісаў больш за 200, вельмі запатрабавана. Толькі некаторыя з іх: «Мы жили по соседству», «За фабричной заставой», «Комсомольцы-добровольцы», «А годы летят», «Прощайте, голуби», «Морзянка», «Берёзы», «За того парня», «Красный конь», «Там, за облаками», «Баллада о спасённом хлебе», «У деревни Крюково», «Увезу тебя я в тундру».... Як шмат выканаўцаў было ў «Случайного вальса», так і ў песні «Течёт Волга» з аднайменнага кінафільма. Ды якіх! Уладзімір Трошын, Марк Бернес, Мая Крысталінская, Людміла Зыкіна. А ўвогуле музыку напісаў больш чым да 30 кінастужак.

Аўтараў тэкстаў не называю. Хто захоча пра іх даведацца, зрабіць гэта сёння лёгка. Падказаць можа і сайт Беларускага радыё. Безумоўна, у любой песні тры аўтары: той, хто напісаў словы, музыка, які паклаў іх на ноты, і, вядома, выканаўцы. Але паколькі гаворка пра Марка Фрадкіна, то і яму найпершая ўвага.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Універсальная мова якасці

Універсальная мова якасці

Аб развіцці стандартызацыі ў Беларусі расказалі эксперты.

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Сельская гаспадарка

Увосень работ восем

Увосень работ восем

Якія задачы стаяць перад аграрыямі восенню?

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.