Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Крутой азнаёміўся з працэсам ліквідацыі наступстваў непагадзі ў Зэльвенскім раёне, паведаміла БелТА. Ён наведаў населены пункт Беражкі, на які ў сярэдзіне ліпеня абрынулася стыхія, а таксама школу ў вёсцы Галынка.
— Мы ацанілі рэагаванне службаў — і Зэльвенскага райвыканкама, і на ўзроўні канкрэтных сельсаветаў. Маштабы тут меншыя, чым у Гомельскай і Магілёўскай абласцях, але, тым не менш, важная работа сістэмы ў цэлым. У Зэльвенскім раёне ўсё зроблена было на добрым узроўні. Фактычна адразу на ўзроўні старшыні райвыканкама і адпаведных спецыялістаў у найбольш пацярпелых населеных пунктах быў ажыццёўлены фактычна падамавы абход, складзены спіс каля 100 найбольш пацярпелых жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў, — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Мяне цікавіла, наколькі аператыўна выдзяляліся рэсурсы з нашых так званых надзвычайных фондаў (шыфер, дошкі, цвікі). Вылучаліся яны аператыўна, усё было ў наяўнасці, у запасах. У цэлым усяго хапіла. Людзі былі задаволены, бачылі работу ўлады з першых хвілін. Была аператыўна наладжана сувязь. Усе службы, нават няпрофільныя, як ДАІ, узброіўшыся бензапіламі, заняліся расчысткай найбольш пацярпелых участкаў ад дрэў, што ўпалі.
Дзмітрый Крутой дадаў: «На сённяшні дзень асаблівую ўвагу ў Зэльвенскім раёне, вядома, аддаём сацыяльным аб’ектам, каб да пачатку навучальнага года мы паспелі прывесці ў парадак школы, і дзеці не адчулі ніякіх наступстваў. Работа будаўнікоў вядзецца нават з апярэджаннем на тых аб’ектах, якія мы сёння наведваем, усяго хапае. Не толькі дах, перакрыцці, але і ўнутры ліквідуюцца наступствы залівання асобных памяшканняў. Як даручыў Прэзідэнт, з дырэктарамі школ мы дамовіліся, што паралельна зробім і дадатковыя віды работ. Рэсурсы на гэта ёсць. Усе працэдурныя пытанні — узгадненне, экспертызы ўсяго будзем рабіць паралельна. І тут таксама ніякіх праблем не будзе. Я думаю, вучні і іх бацькі будуць толькі ўдзячныя, калі будзе зроблена больш комплексная работа».
Дзмітрый Крутой адзначыў, што падыход да ліквідацыі наступстваў непагадзі ў Зэльвенскім раёне можна ахарактарызаваць станоўча: «Падыход абсалютна гаспадарчы, мне падабаецца па-здароваму такая зараджанасць усіх нашых службаў, не толькі будаўнікоў, якія натуральна ўсведамляюць адказнасць і працуюць, апярэджваючы графік, але і тых арганізацый, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна і гатовы аказаць любую спонсарскую дапамогу (грашыма і матэрыяламі), толькі б хутчэй ліквідаваць наступствы стыхіі. Гэта лішні раз паказвае нашу згуртаванасць і нашу ўзаемавыручку».
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік расказаў аб тым, як ідзе ліквідацыя наступстваў непагадзі ў Гродзенскай вобласці.
— Зэльвенскі раён быў першым, хто сёлета трапіў пад удар стыхіі. Як пазней высветлілася, на жаль, не адзіным. І ўжо ў Зэльвенскім раёне аператыўныя службы прадэманстравалі адэкватную хуткую рэакцыю, — адзначыў Уладзімір Каранік. — Яшчэ шмат чаго ўстараняць, гэта датычыцца лесфонду, будынкаў і збудаванняў сферы АПК, прамысловых будынкаў. Але мы дабіліся асноўнага — аднавілі ўсе сістэмы жыццядзейнасці і гарантавалі бяспечныя ўмовы для пражывання нашых грамадзян. Былі зроблены высновы. Недзе будуць створаны дадатковыя рэзервы, недзе будуць дадзены рэкамендацыі па больш аператыўным рэагаванні, больш шырокае задзейнічанне не толькі будаўнікоў, але і сіл мясцовых гаспадарак, якія паказалі сябе вельмі добра. Мы вучымся.
І самае галоўнае, што ў адрозненне ад першага ўдару стыхіі, мы не страцілі ніводнага чалавечага жыцця. Мы максімальна аператыўна забяспечылі камфортныя ўмовы жыцця людзей. Па нашых разліках, наяўныя рэшткі рэзервовага фонду вобласці крыху перакрываюць патрэбнасці аднаўлення, таму галоўнае цяпер працаваць і спадзявацца, што больш такіх неспрыяльных умоў надвор’я не будзе хаця б сёлета.
Гаворачы аб сумах, якія патрабуюцца для аднаўлення, старшыня Гродзенскага аблвыканкама адзначыў: «Сума яшчэ поўнасцю не вызначана. Тое, што датычыцца дадзенай школы, — гэта 450 тысяч рублёў, якія ўжо выдзелены, знаходзяцца на рахунках. Ільвіную долю выдзяляў дзяржстрах на застрахаваныя дамы, там ідзе фіналізацыя сумы. Грошы выдзяляў таксама раённы бюджэт. Гаспадаркі дапамагалі сваім супрацоўнікам і не выстаўлялі рахунак».
«Асноўнае дасягненне — гэта тое, што людзі засталіся жывыя. А другое, мы яшчэ раз прадэманстравалі, што ў нас сацыяльная скіраванасць дзяржавы і што беларуская ідэя талакі, калі ўсе разам дапамагаюць таму, каму цяжка, жывая ў нашым народзе. І гэта дае падставу для аптымізму і ўпэўненасці ў далейшым развіцці рэгіёна і нашай краіны ў цэлым», — рэзюмаваў Уладзімір Каранік.
У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.
Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.