Вы тут

Новы нумар «Нёмана»: пра прыгажосць і спакой летніх дзянькоў


Лета — асабліва цяжкая пара для ўсіх тых, хто любіць спёку, кароткія ночы, спевы птушак за вокнамі і яркі пах кветак. Здаецца, наперадзе яшчэ шмат часу, аднак многія з трывогай і лёгкім сумам закрэсліваюць дні ў календары. Дзень за днём — і вось прайшоў тыдзень. Хочацца спыніць час, адпачнуць і захаваць маленькую частку гэтай цудоўнай, але кароткай пары. У гэтым можа дапамагчы шосты нумар «Нёмана», дзе на шурпатых старонках беларускія аўтары ўвасобілі прыгажосць і спакой летніх дзянькоў.


Пачынаецца часопіс з працягу рамана Уладзіміра Цануніна «Пушча» (пачатак у № 5 за 2024 г.). Нават калі чытаць толькі гэтую частку, агульны сэнс не губляецца. Спакойны тэмп апавядання, без рэзкіх сюжэтных паваротаў перадае чытачу цішыню і размеранасць «пушчанскага» жыцця. Асабліва раман спадабаецца руплівым работнікам, што вымушаны сядзець у душных офісах замест адпачынку з вудай на беразе ракі. Апісанне беларускай прыроды, блізкае сэрцу кожнага, прыўносіць у гарадскую мітусню і забруджанасць пах кветак, свежы подых вясковага ветрыку і вячэрні спеў конікаў, пад які так добра спіцца. Разам з настаўнікам вясковай школы Змітраком і мясцовымі жыхарамі чытач трапіць у самыя нетры Белавежскай пушчы, сходіць на рыбалку і паназірае за жыццём запаведных жывёл. Стыль апавядання Уладзіміра Цануніна нагадвае пра класіка рускай літаратуры Івана Тургенева і яго твор «Запіскі паляўнічага», дзе прыгажосць і загадкавасць прыроды выходзяць на першы план.

Летні настрой уласцівы мініяцюрам Валерыя Квілорыя «Птушкі нашага лета». У аднайменным апавяданні аўтар расказвае замілавальныя гісторыі пра птушак, што пасяліліся ў яго двары. Асабліва кранае эпізод пра ластавак, чые гнёзды бясконца падалі з даху, а птушаняты гінулі. Аднак галоўны герой (ці сам аўтар) вырашыў любой цаной выратаваць неразумных ластавак ад трагічнага лёсу. Некаторыя мініяцюры Валерыя Квілорыя можна аднесці да іранічных замалёвак. Добрая назіральнасць аўтара дае магчымасць звярнуць увагу на цікавыя выпадкі з жыцця, што так часта здараюцца, але застаюцца незаўважанымі ў хуткім тэмпе паўсядзённасці.

А якое лета без паэзіі? Вершы Людмілы Кебіч расказваюць пра рамантычны і ўзвышаны шлях паэта. 

Пісьменніца дзеліцца з чытачом сакрэтамі сваёй паэзіі: як пішуцца вершы, што рабіць без натхнення... Аўтар піша пра ўласныя перажыванні, якія хоць раз у жыцці закраналі кожнага пісьменніка:

Вдруг потянуло на стихи 

Среди недели,

И, словно листики с ольхи, 

Они летели

Из глаз, из снов, из-под небес, 

Из ниоткуда...

И все хотели лучших мест, 

Ложась, как чудо,

На бархат чистого листа, 

Но было страшно

Его испачкать, как пустяк, 

Стихом напрасным.

Як любая творчая натура, Людміла Кебіч звяртаецца да філасофскіх разважанняў пра сэнс жыцця, каханне і самакаштоўнасць асобы: «Но есть смысл в деле многотрудном — не потерять себя — найти». Вершы паэтэсы адрозніваюцца лёгкасцю ўспрымання і глыбінёй сэнсу.

Пра цяжкі выпрабавальны шлях пісьменніка расказвае ў цыкле апавяданняў пад адной назвай «Пасярэдзіне лета» Максім Іваноў. Цыкл аб’яднаны адным галоўным героем — спачатку студэнтам філалагічнага факультэта, а потым намеснікам дырэктара гандлёвай фірмы Антонам N. Па гэтых радках здаецца, што шлях быў ужо і не такі цяжкі. Аднак студэнт Антон марыў пра кар’еру пісьменніка, моцнае і шчаслівае каханне з прыгожай дзяўчынай. Не атрымалася. Пісаў кароткія апавяданні ў стол, але праз пэўны час крытыкаваў і гэтыя спробы пяра. Моцнае каханне пражыло два гады, а потым толькі пустэча і расчараванне. Ці дасць Максім Іваноў Антону шанц знайсці сваё прызначэнне? Усе адказы ў цыкле.

Акрамя яркага сонейка і пахучых траў лета нагадвае нам пра трагічныя падзеі мінулага. 22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая пакінула глыбокі след у душы кожнага. Вершы Фёдара Гурыновіча, аб’яднаныя назвай «Франтавы матылёк», кранаюць сэрца натуралістычным апісаннем падзей і яркімі параўнаннямі. У творах аўтара прасочваецца храналагічны парадак — ад першых крывавых баёў да радасных слёз перамогі. 

Фёдар Гурыновіч раскрывае розныя аспекты Вялікай Айчыннай вайны. Паэт згадвае і партызанскую барацьбу, і танкавыя бітвы. Не забывае і пра жанчын на вайне, якія нараўне з мужчынамі абаранялі Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

И женщины суровых ратных дней

С мужчинами сражались наравне,

Да вот в стихах остались 

не воспеты:

В боях за честь погибли 

все поэты —

За честь печальной Родины своей.

Тэма кахання прасочваецца амаль у кожным матэрыяле часопіса. Таццяна Цвірка пачынае сваю серыю апавяданняў з трагічнай гісторыі «Доля», у якой чытач знаёміцца з Іванам, на першы погляд, звычайным вясковым п’яніцам. Аднак далей пісьменніца расказвае пра цяжкі лёс героя: памерла ад каранавіруса любімая жонка, якая была цяжарная. Здаецца, у гэты момант і жыццё Івана абарвалася, ён ужо дзесьці там... разам са сваёй Марынай. Таццяна Цвірка таленавіта апісвае пакуты галоўнага героя. Гора адчуваецца нават праз апісанне мэблі і быту ўдаўца. Цяжкія падзеі прыводзяць Івана да думкі аб самагубстве, аднак у жыцця свае планы на мужчыну.

У апавяданні «Тапаліны пух» адлюстравана тыповая гісторыя пра няправільны выбар, калі з-за яркіх юнацкіх эмоцый нельга ўбачыць сапраўдную глыбіню пачуццяў, а потым ужо вельмі позна... Галоўная гераіня Марына (напэўна, аўтару падабаецца гэтае імя) гуляла з пачуццямі закаханага ў яе хлопца Ігара, сумнявалася, жартавала. 

Не да смеху было дзяўчыне, калі каханы ажаніўся на яе аднакласніцы. «Марина почувствовала, как по щекам тихонько сплывали тёплые слезинки. Прильнула к подушке. Ресницы целовало забытьё. В плен забирал сон. <...> Плясала, гудела свадьба».

Аб’ядноўвае згаданыя вышэй тэмы паэзія Андрэя Скарынкіна. Аўтар піша пра моцнае і ахвярнае каханне, аддае даніну памяці свайму дзеду Максіму Скарынкіну, які загінуў 16 красавіка 1945 года пры штурме Зяелаўскіх вышынь на заходнім беразе Одэра.

Как ни молись — судьба жестока! 

Ведь ты увял в разгар весны —

В пучине бурного потока,

Вдали от вод родной Двины...

Раскрывае гэтыя тэмы пісьменнік на фоне гарачага спякотнага лета, дзе «...земля разродилась цветами, легко выдыхая парок».

З агульнай карціны крыху выбіваецца творчасць Нежданы Окрык (Святлана Ластачкіна). У апавяданні «Паплач, палын-трава...» вачыма маленькай вясковай дзяўчынкі чытач глядзіць на адну з жудасных тэхнагенных катастроф ХХ стагоддзя — аварыю на Чарнобыльскай АЭС. Ціхае, мірнае жыццё вёскі скончылася ў адзін дзень. Галоўная гераіня з сям’ёй была вымушана пакінуць родную зямлю, аднак трагедыя гналася за імі па пятах. Ад гора памерла бабуля, хутка за ёй загінуў і бацька, які ўвесь гэты час працаваў ліквідатарам. Праз шмат гадоў яны вярнуліся ў вёску дзяцінства, каб выканаць апошнюю волю маці — пахаваць яе на роднай зямлі. І, напэўна, упершыню за доўгі перыяд галоўная гераіня адчула спакой у душы. Вяртанне на малую радзіму дало ёй веру ў заўтрашні дзень, бо роспач і боль засталіся там, у мінулым...

Апавяданне «Семдзесят гадоў вайны» цудоўна спалучае мастацкі сюжэт і дакументальныя звесткі. Галоўны герой Максім Нікіфаравіч — дзіця вайны. Разам з матуляй яны хаваліся пад печкай ад фашысцкіх снарадаў, збіралі гнілую бульбу, выратоўвалі раненага савецкага лётчыка. Праз гады Максім Нікіфаравіч, ужо сталы чалавек, вяртаецца на месца былой вёскі на магілу маці. Мужчына ўспамінае той цяжкі перыяд ваенных падзей, сваё дзяцінства, дзе было так шмат болю і смерці... Ён развітваецца з самым дарагім чалавекам, бо наступнай сустрэчы можа не адбыцца. Падчас вяртання дадому Максім Нікіфаравіч, гледзячы на сучасных дзяцей, разважае на тэму вайны: «Война — это всепожирающий монстр, который может возродиться из пепла с жаждой крови. Она существовала всегда: между соседями, родами, в семьях, между братьями... Для того, чтобы искоренить её дух, нужно вытравить зависть и ненависть сначала в своей душе, а это мало кому по силам. Мне уже ничего не страшно, и я счастлив, что могу поделиться опытом со своими детьми и внуками. Главное, чтобы они меня услышали».

У раздзеле «Час. Жыццё. Літаратура» Ірына Князева прадставіла незвычайнае эсэ «Аўтамабіль, час і Васіль Быкаў», дзе апавяданне вядзецца ад імя нейкага Олека, як потым даведваемся, — аўтамабіля «Волга», ГАЗ-24. Сама аўтар характарызуе твор як «импровизационно-технологическое эссе о жизни и творчестве». Сапраўды цікава прачытаць «меркаванне» аўтамабіля пра найбуйнейшага беларускага празаіка. Ірына Князева таленавіта спалучае бытавыя сцэны з літаратурнымі памкненнямі Васіля Быкава. Незвычайная форма апавядання выклікае здзіўленне і лёгкае непаразуменне, бо ў некаторых момантах пачуцці Олека здаюцца занадта штучнымі (у той ступені, наколькі гэта магчыма для аўтамабіля). Эсэ змяшчае фота і малюнкі Васіля Быкава з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Пра сучасныя праблемы і будучыню аварскай літаратуры пагутарылі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч і літаратуразнаўца, аварскі пісьменнік Магамед Магамедаў. Закранулі важныя пытанні развіцця літаратуры, падтрымку маладых аўтараў і фармат развіцця беларуска-аварскіх літаратурных стасункаў. 

Таццяна Сідарава ў артыкуле «У памяць пра шчаслівае імя» нагадала пра юбілей рускага пісьменніка Мікалая Гогаля і прысвечаныя гэтай падзеі мерапрыемствы ў Мінску. Таксама пра міжнародныя сувязі піша Вадзім Салееў. У аглядзе «Тэатральны тэлемост праз паўпланеты» на фестываль «УMOЎNO» аўтар робіць акцэнт на супрацоўніцтве паміж Полацкам і кітайскім горадам Муданьцзян.

У «Кнігасферы» Анатоль Зэкаў разглядае кнігу Таццяны Дашкевіч «Вока». Пісьменніца ўмее затрымаць ўвагу чытача, таленавіта раскручваючы звычайную гісторыю ў захапляльны сюжэт. Вось што піша Анатоль Зэкаў пра твор «Вока»: «Повесть вполне может претендовать на самостоятельную иллюстрированную книгу для подростков и даже, осмелюсь сказать, на экранизацию. Кстати, забегая вперёд, добавлю, что многие рассказы Татьяны Дашкевич могли бы лечь в основу короткометражных, а при дальнейшей разработке и полнометражных художественных фильмов, настолько динамично развиваются в них события — поистине как в кино».

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Выбар рэдакцыі

Медыя

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.

Гандаль

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.