Вы тут

Прыстанішча? Музей!


Нацыянальны мастацкі музей, які валодае каштоўнай калекцыяй твораў старажытнабеларускага мастацтва, перыядычна прадстаўляе свае скарбы на часовых выстаўках. Нядаўна ў галоўным корпусе публіцы прапанавалі чарговую тэматычную экспазіцыю «Сімвалы, атрыбуты і алегорыі ў мастацтве Беларусі XVII–XIX стст.». Каля 100 твораў жывапісу, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, старадрукаваных кніг, створаных на працягу гэтага перыяду, прэзентуе не толькі Мастацкі, але і Музей старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. 


«Се чалавек», XIX ст.

У экспазіцыі прадстаўлены і вядомыя шэдэўры, і творы, малазнаёмыя шырокаму гледачу. 

Выстаўку «Сімвалы, атрыбуты і алегорыі ў мастацтве Беларусі XVII–XIX стст.» складаюць іконы, алтарны жывапіс, партрэты свецкіх і духоўных асоб, драўляныя скульптуры, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, мастацкі метал (экспануюцца чашы для прычасця, алтарныя крыжы, манстранцыі). Прадстаўленыя творы, безумоўна, даволі складаныя для ўспрымання сучаснікамі, аднак з гэтага вынікае і мэта выстаўкі — расказаць у тым ліку пра сімволіку адлюстраваных прадметаў. Кожны з іх, вядома, невыпадковы і змяшчае шмат інфармацыі, нясе важны падтэкст. Гэта датычыцца і сюжэтаў на хрысціянкую тэматыку, якія вернікі ў свой час маглі без вялікіх намаганняў расшыфраваць (веды акумуляваліся ў багаслоўскім асяроддзі і перадаваліся хрысціянам, у тым ліку ў выявах святых з атрыбутамі), і, напрыклад, свецкіх партрэтаў (пра герояў красамоўна распавядалі розныя прадметы на карціне). 

Экспазіцыя, над якой працавала куратар Алена Карпенка, загадчык аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея, складаецца з чатырох тэматычных раздзелаў: сімвалы, атрыбуты і алегорыі, звязаныя з вобразамі Маці Божай, Ісусам Хрыстом, яго вучнямі і паслядоўнікамі; чацвёртая частка, размешчаная ў апошняй зале, прысвечана партрэтнаму жывапісу — перад гледачом паўстаюць духоўныя асобы, дзяржаўныя дзеячы, сямейныя пары, прадстаўнікі шляхты. Арганізатары выстаўкі на прыкладзе іх вобразаў паказваюць бесперапынную традыцыю выкарыстання сімвалічных дэталяў, якія нясуць у сабе патаемны сэнс твора. 

Між тым і ў каталіцкіх, і ў праваслаўных творах адзін і той жа атрыбут ці сімвал, пэўныя сюжэты і герояў можна прасачыць праз стагоддзі. Так, белая лілія здаўна сімвалізуе чысціню і часцей, чым іншыя кветкі, суправаджае на карцінах Дзеву Марыю. На яе плашчы нярэдка малюецца зорка. Гэта тлумачыцца тым, што Марыя — гэта «Марская зорка». Тым часам карона, ці вянец, — сімвал вярхоўнай улады — і боскай, і зямной (прадмет, дарэчы, размяшчаўся на карцінах з хрысціянскімі пакутнікамі). А жазло, якое сімвалізуе дзяржаўную ўладу, у адлюстраванні Багародзіцы іграе асаблівую ролю — Матка боская паўстае як Царыца Нябесная. Меч, вядома, — і зброя воіна, і вобраз улады і справядлівасці. Між тым Багародзіца з сямю мячамі азначае здзяйсненне прароцтва праведнага старца Сімяона Багапрыімца Багародзіцы: «Табе і самой душу пройдзе зброя». А калі прысутнасць пелікана ў кампазіцыі сімвалізуе ахвярнасць, бацькоўскую любоў, то голуб, згодна з царкоўнай традыцыяй, увасабляе Святы Дух. Гэта вястун нябеснага заступніцтва і, вядома, мір. 

Што тычыцца свецкіх партрэтаў, то часта на карцінах выяўлялася гетманская булава. Гэты прадмет суправаджаў военачальніка, дзяржаўнага дзеяча. А, напрыклад, флёрдаранж — буйная беласнежная кветка з тонкім малюнкам і стойкім цытрусавым водарам — сімвал чысціні і бязгрэшнасці. Флёрдаранж і сёння выкарыстоўваецца як традыцыйная кветка нявесты. Убачыць яе можна ў вянку ці букеце ў вясельнай цырымоніі. 

Для гледачоў і асабліва для даследчыкаў надзвычай важна выявіць адметнасці выкарыстання, а яшчэ трактоўкі аднаго і таго ж прадмета. Выстаўка дае магчымасць для своеасаблівай мастацтвазнаўчай працы, надзвычай складанай і карпатлівай. Здатны для яе далёка не кожны. Тым больш, што сімвалічным значэннем валодае і каляровая палітра свецкіх і сакральных твораў. 

«Анёл з лютняй», першая палова XVIII ст.

Вядома, царкоўныя творы амаль заўсёды былі ананімныя — даследчыкі ведаюць імёны іканапісцаў толькі з кантрактаў, якія заключаліся паміж імі і заказчыкамі. Тым цікавей, што на выстаўцы экспануецца некалькі асобных падпісаных і нават датаваных работ. Сярод іх — абраз Нікадзіма Прачыцкага «Цуд Георгія пра змея» са збору Музея старажытнабеларускай культуры. Ён датуецца 1751 годам, знаходзіўся ў Георгіеўскай царкве Жыровіцкага манастыра. Партрэт Крысціны Яфіміі Радзівіл — абатысы бенедыктынскага манастыра ў Нясвіжы — належыць аўтарству Іагана Шрэтэра. Карціна выканана ў 1640-х гадах. Пэндзлю Вікенція Сляндзінскага, між іншым, удзельніка паўстання 1863–1864 гг., належыць партрэт Тадэвуша Багдановіча. Дата стварэння арыгінала (а ў экспазіцыі змешчана копія) — 1891 год. Дарэчы, карціна з Канстанцыяй Чудоўскай, створаная Янам Дамелем пасля 1825 года, доўга вісела ў касцёле Божага цела ў Нясвіжы над яе надмагіллем. І доўгі час партрэт лічыўся выявай Святой Алены, аднак пазней супрацоўнікі музея правільна атрыбутавалі яго. 

«Трыумф святой Алены  (Знаходжанне святога Крыжа)», XVIII ст.

Выстаўка мае даволі выразны краязнаўчы аспект, многія работы, асабліва што тычыцца выключна сакральнага мастацтва, суправаджаюцца звесткамі аб паходжанні. Так, выклікае цікавасць «Маці Божая Снежная» (другая палова XVIII ст.), якая знаходзілася ў капліцы вёскі Балгары (Пінскі раён, Брэсцкая вобл.), загадкавая пабудова, як мяркуецца, XIX стагоддзя. Не меней адметны экспанат — «Успенне» (сяр. XVII ст.); у Нацыянальны мастацкі музей ён паступіў ў парадку рэстытуцыі — да 1941 года знаходзіўся ў Беларускім дзяржаўным музеі, паходзіць з Мікалаеўскай царквы горада Крычава (Магілёўская вобл.). Пабудавана яна ў 1838 годзе з дрэва на месцы старажытнага касцёла Святога Еліяша, узведзенага пры каралю Казіміру І, паводле падання, на месцы язычніцкага капішча. Капітальна перабудавана ў 1950-я. Працягвае гэты шэраг «Сашэсце Святога Духа» (XVI ст.), паходжанне якога, ёсць здагадкі, — Заходняя Украіна. Паступіла ж гэтая работа таксама ў парадку рэстытуцыі з Наўгародскага музея-запаведніка. Так, ледзь не кожны твор з вядомай гісторыяй схіляе да разважанняў аб лёсе яго былога прыстанку... 

Фрагмент экспазіцыі, прысвечаны свецкім партрэтам.

Выстаўка «Сімвалы, атрыбуты і алегорыі ў мастацтве Беларусі XVII–XIX стст.» будзе працаваць да 13 кастрычніка. 

«Нясенне крыжа», XVIII— XIX стст.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым парадуе «Наш дом»?

Чым парадуе «Наш дом»?

Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.