Яўген — электрамеханік лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх прылад Асіповіцкага занальнага вузла электрасувязі Магілёўскага філіяла «Белтэлекам». Ён «лечыць» оптавалаконныя лініі ад парываў і іншых пашкоджанняў, займаецца падключэннем мадэмаў, тэлебачання ZALA, паслугі «Відэакантроль».
А вось вольны час цалкам аддае свайму галоўнаму ў жыцці захапленню: вяртае дамоў загінулых падчас вайны чырвонаармейцаў і час ад часу пераапранаецца ў ваенную форму 40-х гадоў, каб яшчэ глыбей прасякнуцца атмасферай той эпохі.
Пошукам Яўген займаецца, лічы, з дзяцінства. Праўда, першыя раскопкі датычыліся іншых перыядаў гісторыі. З усмешкай расказвае, як маці ў 15 гадоў прымусова адправіла яго ў археалагічны лагер, які арганізаваў раённы цэнтр па турызме і краязнаўстве. Хлопцу хацелася адпачыць з сябрамі ў вёсцы, але паслухаўся. Паехаў і захапіўся.
— Працавалі ў Свіслачы на замчышчы, кіраваў намі гісторык з Акадэміі навук Вадзім Кошман. Дагэтуль з ім на сувязі, — расказвае Яўген. — Чаго толькі там ні знаходзілі — манеткі, жаночыя ўпрыгажэнні перыяду Сярэднявечча, луску рыбную, косці жывёл — усё перабіралі. Ямы выкопвалі глыбінёй да чатырох метраў. Так спадабалася, што налета ўжо сам папрасіўся ў лагер, а праз год ізноў. Пасля 18 гадоў ездзіў туды ўжо як памочнік. Вадзім Іванавіч тэлефанаваў: «Жэня, у нас лагер», і я адпраўляўся на месца раскопак.
Цяга да пошукавай работы была моцная, але чамусьці вучыцца на археолага Яўген не пайшоў. Затое скончыў Віцебскі вышэйшы каледж сувязі, дзякуючы якому атрымаў прэстыжную работу. Цяпер гэта ўжо акадэмія. Вельмі спатрэбіліся ў жыцці і тыя рабочыя спецыяльнасці, якія набыў у мясцовым прафесійна-тэхнічным ліцэі № 8 (цяпер каледж) — трактарыст, вадзіцель катэгорый В, С, слесар-механік па рамонце аўтамабіляў. Бачылі б вы, які пазадарожнік сабраў ён амаль з нічога. Прызнаецца, што год таму зрабіў сабе падарунак на Дзень нараджэння — купіў за дзве тысячы долараў цалкам зламаны аўтамабіль Hyundaі Galloper і цэлы год разам са стрыечным братам займаўся яго рэанімацыяй. З ламачча атрымалася лялька. У сённяшняй пошукавай рабоце карэйскі ўазік, як яго яшчэ называюць, незаменны. Любая лясная дарога для яго не страшная. Не тое што для яшчэ аднаго жалезнага сябра Яўгена — «Опеля», які, дарэчы, ён таксама сабраў сваімі рукамі. Для экстрэмальных паездак ён зусім не падыходзіць.
У Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны клуб «Віккру» Яўген уступіў у 2020 годзе. А на наступны год па яго прапанове ў раёне прайшла першая «Вахта памяці». Пошукавыя работы праходзілі ў лесе каля вёскі Прудок. Было знойдзена месца аднаго з найбольш жорсткіх баёў, у якім загінулі падчас пачатку вайны кавалерысты 153-га кавалерыйскага палка 32-й кавалерыйскай дывізіі. Па выніках экспедыцыі былі паднятыя астанкі 26 байцоў і камандзіраў, некалькі медальёнаў і асабістыя рэчы загінулых. Адзін медальён атрымалася прачытаць. Ён належаў старшыне 153-га кавалерыйскага палка Мікіце Курупецкаму з Украіны. Атрымалася знайсці дачку героя, якая апошняя з сям’і дачакалася бацьку. Чырвонаармейца перапахавалі на радзіме.
— Нагодай для пошукавых работ сталі расказы мясцовых жыхароў з Асіповіч, вёсак Караны, Прудок. Нешта ўзялі з кнігі «Памяць», — удакладняе Яўген. — Большасць людзей не хоча размаўляць на тэму вайны. Некаторыя кажуць: не чапайце вы іх, хай ляжаць. Але іншыя расказвалі, што ў дзяцінстве бачылі ў лесе магілкі. Сёлета 8 мая мне патэлефанавалі з ваенкамата і паведамілі, што нейкі дзядуля хоча расказаць пра пахаванне кавалерыстаў. І дадалі, што вельмі нагадвае тое месца, якое мы ўжо знайшлі. З’ездзілі з дзядулем на тое самае месца, і я яму сам яго паказаў. Стары стаяў і ўспамінаў, як у дзяцінстве з сябрамі заўсёды клаў на магілку кветкі. Там тады стаяў самаробны крыж і ляжала каска.
З мінулага года Яўген узначальвае сваю групу — «Рэйд». Кіраўнік клуба «Віккру» Мікалай Барысенка ацаніў арганізатарскія здольнасці маладога пошукавіка і прызначыў яго галоўным. Група пакуль невялікая, усяго чатыры чалавекі. Акрамя Яўгена ў яе ўваходзяць бабруйчане Дзмітрый Піскуноў і Уладзімір Пракоф’еў, а таксама жыхар рабочага пасёлка Татарка Міхаіл Кедыч.
— У інтэрнэце наконт 32-й кавалерыйскай дывізіі вельмі мала інфармацыі. Купляем журналы баявых дзеянняў, іншыя матэрыялы, — расказвае Яўген. — Усе аэрафотаздымкі, якія рабілі немцы, лятаючы над Беларуссю з 1941 да 1944 года, знаходзяцца ў Амерыцы. У інтэрнэце ёсць групы, якія спецыялізуюцца на продажы іх копій. Гэта як кот у мяшку. Можа павезці, а можа і не. Але трэба рызыкаваць, бо гэта рэальная магчымасць пра нешта даведацца. Па гэтых здымках шмат праводзіцца работы, выяўляюцца новыя месцы. У сярэднім адзін здымак каштуе 50 рублёў. Могуць прыслаць «сляпы» здымак. Аднойчы мы атрымалі фота, якое было падпісана чэрвенем 1944-га, а на самай справе зробленае зімой. Прыйшлося яго выкінуць, грошы ніхто не вяртае. Могуць замяніць толькі тады, калі здымак не таго раёна, які запрашвалі.
Актыўны сезон раскопак у пошукавікаў з сакавіка да лістапада. Яўген, як і іншыя яго сябры па «Віккру», цалкам прысвячае ім выхадныя і водпускі. І вельмі ўдзячны кіраўніцтву свайго прадпрыемства, якое з разуменнем ставіцца да яго захаплення. Бо тыя лісты, якія рассылае па арганізацыях, дзе працуюць пошукавікі, кіраўнік клуба «Віккру» Мікалай Барысенка, не з’яўляюцца падставай для вызвалення ад работы. Вахта ў сярэднім працягваецца каля дзесяці дзён, і Яўген прапусціў толькі адну. Акрамя Асіповіч выязджае ў Магілёў, Шклоў, Слаўгарад, Чавусы, Быхаў. Што датычыцца адпачынку, то выбірае той месяц, калі 52-і батальён Узброеных Сіл у адпаведнасці са сваім планам прыязджае працаваць у Магілёўскую вобласць. Без гэтага батальёна пошукавікі самастойна не маюць права падымаць знойдзеных імі байцоў. У вольны ад раскопак час пошукавікі напрацоўваюць месцы, правяраюць інфармацыю наконт месцаў бою, апытваюць жыхароў. Калі ёсць перакананасць, што трэба капаць, інфармацыя перадаецца ў раённы ваенкамат. А там ужо складаюць інфармацыйны ліст і адпраўляюць яго на адрас 52-га пошукавага батальёна.
Яўген не сумняваецца, што байцы, якіх яны шукаюць, заўсёды з імі на сувязі. Інакш, як патлумачыць тыя незразумелыя рэчы, якія часам адбываюцца? Аднойчы пасля вахты Яўгену прысніўся дзіўны сон. Нейкая доўгая бібліятэка, салдат, які кудысьці спяшаецца. Яўген кажа яму: «Пачакай, мне трэба аддаць твае рэчы». Перадае яму нейкі кашалёк, ён забірае яго і кажа: «Дзякуй, мне трэба ісці, мяне чакае маці». І зыходзіць у нейкае белае святло.
— Я доўга думаў, што мог значыць гэты сон, — кажа Яўген. — Мы неаднаразова знаходзілі байцоў і з кашалькамі, і з іншымі асабістымі рэчамі. Сон быў вельмі яркі, выразны.
Было і такое, што месца не адпускала. Ходзіш, і здаецца, што тут нешта ёсць. Аднойчы Яўген з сябрамі знайшоў месца бою, дзе цяжка было вызначыцца, калі канкрэтна ён там адбыўся.
— Мы вельмі доўга туды хадзілі. Барысенка здзіўляўся: «Хлопцы, як вы сюды наогул трапілі?» — расказвае пошукавік. — Дрэвамі ўсё было так завалена, што не прайсці. А мы знайшлі там 6 байцоў. Хутчэй за ўсё яны загінулі пры прарыве Бабруйскага катла ў 1944 годзе. Мы доўга гэта месца прапрацоўвалі. У ход ішлі прыборы, шчупы — нічога не дапамагала. Пра тое, што тут нешта адбывалася, казалі гільзы ад патронаў; адчувалася, што вайна там была. Выездаў пад 50 туды зрабілі, але не памыліліся. Аднойчы знайшлі там запчасткі ад старой вінтоўкі і гільзы вакол. Я сказаў, што сто працэнтаў гаспадар дзесьці побач. З Мішам Кедычам шукалі яго, але безвынікова. Я паехаў, а ён мне тэлефануе: знайшоў.
У дзесяці метрах пад заваламі дрэў наткнуўся на невялікую ямку. Нахіліўся туды са шчупам, і баец адгукнуўся. Па гуку было зразумела, што там косці. З вопытам пачынаеш гэты гук адрозніваць ад іншых. Ён больш глухі.
Быў яшчэ такі выпадак. Непадалёк ад месца, дзе былі паднятыя кавалерысты, на вочы пошукавікам трапіў нож з напісаным на ім прозвішчам Рабухін і значок ГТА. Не выключана, што ён належаў аднаму з безыменных байцоў, якіх паднялі. Па базе даных баец з прозвішчам Рабухін лічыцца прапаўшым без вестак у 1941 годзе. Яўген выйшаў на расійскіх пошукавікаў, каб тыя знайшлі родных салдата. На жаль, не атрымалася. Імянны нож вырашана перадаць у музей, адкуль родам салдат. Няхай хоць так ён вернецца на радзіму.
Кавалерысты, партызаны, байцы 214-й паветрана-дэсантнай брыгады — гэта тыя, хто змагаўся з ворагам падчас вайны на тэрыторыі Асіповіцкага раёна. Калі немцы акупавалі Асіповічы, кавалерысты паспрабавалі адбіць горад, але загінулі. Тое ж самае адбылося з дэсантнікамі ў ліпені 1941-га, якіх гітлераўцы акружылі на Чучанскім тракце.
— Расказваюць, што кавалерысты з шашкамі імчаліся на танкі, а іх расстрэльвалі з бронецягніка, які падагналі да месца падзей, накрывалі артылерыяй, — расказвае Яўген. — Мы знайшлі канкрэтных пяць кулямётных кропак, якія ўжо былі на момант прыходу кавалерыстаў і іх з усіх бакоў абстрэльвалі.
У коннікаў акрамя шашак былі пушкі і вінтоўкі, але з канямі манеўрыраваць цяжэй. Схавацца тым больш.
І яны гінулі сотнямі. Іх брацкай магілай сталі асіповіцкія лясы. У лясных прыямках мы яшчэ здольныя іх знайсці, а ў балотах — як?
Кавалерыйскі полк быў сфарміраваны напачатку вайны, у яго ўвайшлі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў. Базы даных па іх не захавалася, уся інфармацыя са слоў мясцовых жыхароў. У якасці арыенціра для пошукавікаў служаць пахаванні коней, якія раскіданы па ўсім лесе на глыбіні метр-паўтара. Калі знаходзіш такое пахаванне, разумееш, што побач дзесьці павінны быць і байцы. Яны ляжаць у магілах групамі па чатыры і болей чалавек. Тыя месцы, дзе яны былі знойдзены, Яўген пазначае на спецыяльнай карце Асіповіцкага раёна. Гэта дазваляе планаваць работу і пакрысе рухацца наперад — да тых, хто іх чакае вось ужо болей за 80 гадоў. Тыя рэчы, якія знойдзены падчас раскопак, пошукавік перадае ў школьны музей СШ № 1. Кажа, што ён быў вельмі сціплы, а цяпер там назбіралася шмат экспанатаў. Моладзь праз іх вывучае гісторыю вайны.
У Яўгена вельмі добра атрымліваецца знаходзіць мову з падлеткамі. Магчыма, таму што сам малады і можа даходліва даносіць інфармацыю да юнакоў і дзяўчат. На сцяне яго кабінета Падзяка аблвыканкама — «За актыўны ўдзел у рэалізацыі міжнароднага маладзёжнага патрыятычнага праекта «Дарогамі памяці і славы». Гэты праект нарадзіўся ў вобласці і ўжо выйшаў на міжнародны ўзровень. Працоўная моладзь напярэдадні Дня Незалежнасці здзяйсняе падарожжа па невялічкіх гарадах, знаёміцца з іх ваенным мінулым, сустракаецца з маладымі жыхарамі раёнаў. Праект суправаджае перасовачны музей — два аўтобусы, запоўненыя экспанатамі, знойдзенымі на месцы былых баёў пошукавікамі клуба «Віккру». Летась Яўген суправаджаў музейную экспазіцыю і праводзіў экскурсіі для наведвальнікаў.
— Расказваў пра клуб, экспанаты, — кажа ён. — У Бранскай вобласці нас наведала некалькі сотняў дзяцей, якія адпачывалі ў лагерах. Адначасова заходзіла па 10 чалавек, і так цэлы дзень. Цікавасць да ваеннай тэмы сёння вялікая. Наша задача — не даць вайне паўтарыцца.
Нэлі ЗІГУЛЯ
г. Асіповічы
Фота з архіва Яўгена ГРЫШАНОВІЧА
Аб усіх тонкасцях працаўладкавання моладзі расказалі спецыялісты.
Сімвал яднання і незвычайны падарунак для Прэзідэнта.
«Калі людзі кажуць: „У мяне няма часу, каб займацца любімай справай“, мне хочацца запярэчыць, што хутчэй няма жадання».