Першы ў сваім родзе перасоўны выставачны праект «Беларускі народны: код нацыянальнай якасці. Шэдэўры народных мастакоў са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь» прадставілі ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.
Гэта звыш 40 твораў жывапісу, графікі, скульптуры аўтарства мастакоў, творчасць якіх — прызнаны залаты фонд выяўленчага мастацтва краіны. Перасоўны выставачны праект Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі экспануе работы творцаў, якія маюць ганаровае званне «Народны мастак БССР» і «Народны мастак Беларусі». Сярод іх — Заір Азгур, Іван Ахрэмчык, Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Гаўрыіл Вашчанка, Валянцін Волкаў, Віктар Грамыка, Мая Данцыг, Яўген Зайцаў, Аляксандр Кішчанка, Раіса Кудрэвіч, Павел Масленікаў, Іван Міско, Георгій Паплаўскі, Міхаіл Савіцкі, Віталь Цвірка і іншыя.
Прэм’ерная прэзентацыя праекта ўжо адбылася ў Мастацкім музеі імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі ў культурнай сталіцы 2024 года — Бялынічах. Выстава таксама была прадстаўлена ў філіяле «Мастацкі музей» Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.
Як адзначыла на прэзентацыі выставы ў Гомелі генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Ганна Конанава, Гомель з асаблівым натхненнем прыняў гэты праект.
— Ён увабраў у сябе некалькі канцэптуальных, вельмі магутных кірункаў. Перш за ўсё — гэта прысвячэнне Году якасці ў Рэспубліцы Беларусь. Якасць нам бачыцца як эквівалент у творах народных мастакоў, якія прадстаўляюць сваёй творчасцю залаты фонд краіны. Для нашых гледачоў у гэтым праекце — увесь цвет нацыянальнай беларускай спадчыны ў вобласці жывапісу, графікі, скульптуры. Варта адзначыць, што ў праекце прадстаўлены шэдэўры першага раду. Яшчэ адна адметная асаблівасць праекта — тое, што ён перасоўны. Для Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі — гэта не з’яўляецца правілам. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што ў 2024 годзе жыхары ўсіх абласных гарадоў нашай краіны змогуць ацаніць шэдэўры. Не прыехаць ў Мінск для таго, каб пабачыць іх на пастаянных экспазіцыях, часовых выставах з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, а шэдэўры прыязджаюць у кожны горад да вас. Гэта такі цудоўны падарунак не толькі для жыхароў абласнога горада, але і рэгіёна, — звярнула ўвагу Ганна Конанава.
Так, у Год якасці па-за межамі галоўнай арт-пляцоўкі краіны творы, якіх па праве лічацца класікай і эталонам беларускага выяўленчага мастацтва ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя, будуць прадстаўлены ва ўсіх абласных цэнтрах. Да канца года праект змогуць ацаніць жыхары Віцебска, Гродна, Магілёва.
Акрамя таго маштабны перасоўны праект — знакавы ў год святкавання 85-гадовага юбілею Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Выстава, прысвечаная народным мастакам Беларусі, сярод якіх ёсць удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, — таксама важны падарунак беларусам з нагоды 80-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Як адзначыла на прэзентацыі выставы загадчыца мастацкім аддзелам Гомельскага палаваца-паркавага ансамблю Таццяна Літвінава, гэты выставачны праект, сапраўды, знакавы для культурнага жыцця Гомельшчыны. Таццяна Літвінава нагадала, што Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь і Гомельскі палацава-паркавы ансамбль звязвае плённае шматгадовае супрацоўніцтва. Першы сумесны праект Мінска і Гомеля экспанаваўся, калі яшчэ працягвала рэстаўрацыя Гомельскага палацава-паркавага ансамблю ў 1999 годзе.
Між тым куратарамі выставачнага праекта выступаюць супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь — загадчыца аддзела беларускага мастацтва ХХ—ХХI стст. Святлана Кот і старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ—ХХI стст. Анастасія Карнейка.
У Гомелі экспанаванне выставы працягнецца да 29 верасня ўключна.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.