Уборачную кампанію ў Брэсцкай вобласці плануюць завяршыць да 5 жніўня. Аб гэтым сказаў намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Мурын, паведамляе БелТА.
«Мы паставілі сабе задачу да 5 жніўня скончыць уборку. Ці паспеем, пакажа час, асабліва ўлічваючы надвор’е. Калі ў добрае надвор’е ў нас атрымлівалася ўбіраць 5-6 працэнтаў у дзень — гэта 18-20 тыс. га, то ў непагадзь 2-2,5% і 7-8 тыс. га. Надвор’е непрадказальнае, і ўжо не ведаем, чаго ад яе чакаць: ліўні, град, палегліца. Калі казаць пра палегліцу, то яна склала ў вобласці каля 14 тыс. га. Мы ўжо яе падымаем, прыбіраем, гэта не згуба. Загінула мала — найбольш пацярпелі Лунінецкі, Пінскі раёны», — распавёў Сяргей Мурын.
У Пінскім раёне загінула 626 га збожжавых і 1 тыс. га кукурузы. У маштабах вобласці гэта мала, на фоне рэспублікі ўвогуле незаўважна, сказаў намеснік старшыні. «А вось калі ўзяць на фоне гаспадаркі: губляем 10 тыс. т збожжа. Гэта шмат для Пінскага раёна», — заўважыў ён.
«Можам выйсці ў вобласці на 1,3 млн т, плюс 2-3 працэнты да ўзроўню мінулага года, — дадаў Сяргей Мурын. — Засталіся насенныя пасевы, галоўнае, каб надвор’е не паднесла сюрпрызаў». Па зернесушыльных комплексах у рэгіёне пытанняў няма — іх налічваецца 349, і ўсе працуюць спраўна.
Вобласць ужо справілася з дзяржзаказам па масланасенні рапсу і нават перасягнула сябе. «У мінулым годзе мы паставілі рэкорд па вытворчасці рапсу, і ў гэтым годзе ў нас зноў рэкордны намалот рапсу, — падкрэсліў ён. — Гэта ўлічваючы, што плошчы мы не павялічвалі, а з наступнага года пачнем. Не дарма рапс называюць чорным золатам, гэта выгадная культура, бялок для жывёлагадоўлі і гэтак далей».
«Можна працаваць механізатарамі і зарабляць нядрэнныя грошы, — адзначыў таксама Сяргей Мурын. — Вось, напрыклад, у нас ёсць два героі гэтай уборачнай кампаніі — вадзіцель Вячаслаў Трус і старшы камбайнер Ігар Гаўрык, абодва з ААТ „Крошын“ Баранавіцкага раёна. Іх віншавалі як трох- і чатырохтысячнікаў. Уявіце, гэта ж грошы, прэміяльныя, на іх глядзіць моладзь і спрабуе раўняцца, пераняць гэтую стараннасць».
Ёсць падзел паказчыкаў у залежнасці ад маркі камбайна і гэтак далей. Паводле слоў Сяргея Мурына, лідэрам летняй уборкі даводзіцца нялёгка, і каб заставацца наперадзе, ім даводзіцца вельмі шмат працаваць. Ён прывёў у прыклад экіпаж сям’і Кухта з гаспадаркі ААТ «Белавежскі» Камянецкага раёна, дзе раней працаваў. «Не скажу, каб яны працавалі на суперсучасным камбайне, але яны ў ім ледзь не начавалі. І паказчыкі былі нядрэнныя», — сказаў Сяргей Мурын.
Прэв’ю: БелТА
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.