Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную пытанням удасканалення парадку вытворчасці і рэалізацыі тытунёвых вырабаў у краіне. Гэта адна з самых даходных для бюджэта галін. Але сітуацыя на рынку змянілася, таму неабходна вырашыць, як захаваць аб’ёмы вытворчасці і экспарту.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ўжо 30 гадоў на вытворчасць і рэалізацыю такіх тавараў як тытунь, алкаголь уведзена дзяржаўная манаполія. «Мы вымушаныя кантраляваць гэтыя тавары і будзем іх кантраляваць, нягледзячы ні на што», — заўважыў ён. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў пачатку 2000-х гэта тэма стаяла надзвычай востра. Тады быў прыняты шэраг рашэнняў па падтрымцы тытунёвай галіны, якія дазволілі загрузіць вытворчыя магутнасці і атрымаць дадатковыя даходы ў бюджэт. «У развіццё гэтага 6 гадоў таму быў рэалізаваны інвестыцыйны праект па стварэнню спецыялізаванай недзяржаўнай збытавай сеткі тытунёвых вырабаў і развіццю экспартных паставак», — нагадаў беларускі лідар. Больш за тое, падкрэсліў Прэзідэнт, былі знойдзены магчымасці нівеліраваць наступствы санкцый і поўнасцю забяспечыць айчынную вытворчасць сыравінай і матэрыяламі. Як вынік, тытунёвая галіна па-ранейшаму застаецца адной са значных крыніц папаўнення бюджэту. Чысты эфект па выніках 2023 года склаў 2,5 мільярда рублёў.
«Але так было ўчора. Сённяшнія тэндэнцыі не могуць не насцярожваць. — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Прычыны могуць быць розныя, але неабходна выпрацаваць меры, каб зыходзячы з інтарэсаў дзяржавы і працоўных калектываў па максімуме захаваць аб’ёмы вытворчасці і экспарту».
Прэзідэнт паставіў перад адказнымі за гэту сферу канкрэтныя пытанні — як у існуючых умовах працуе гродзенская фабрыка, якія ёсць магчымасці для эфектыўнай работы і развіцця? Ён спытаў, як працуюць іншыя прадпрыемствы. Пацікавіўся кіраўнік дзяржавы і сітуацыяй з экспартам. «Ці ўсе рэзервы задзейнічаны для забеспячэння эфектыўнай дзейнасці тытунёвай галіны ў цэлым? Што з ўнутраным рынкам? Якія прапановы па ўдасканаленні парадку вытворчасці і рэалізацыі тытунёвых вырабаў ёсць ва ўрада?», — спытаў ён.
На нараду былі запрошаны кіраўнікі розных тытунёвых прадпрыемстваў. Прэзідэнт запатрабаваў ад іх, нягледзячы на прысутнасць канкурэнтаў, казаць шчыра і адкрыта пра свае праблемы. «Гаварыце праўду», — запатрабаваў ён. Акрамя таго, па словах Прэзідэнта, не трэба «рыдаць, што рынак звузіўся» і наракаць на іншыя прычыны.
Генеральны дырэктар ААТ «Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» Юрый Чарнышоў далажыў аб мерах, якія прымаюцца для забяспечання эфектыўнай дзейнасці прадпрыемства. Па яго словах, у 2024 годзе фабрыка выпусціць 23 мільярды цыгарэт. Мяркуецца, што сёлета фабрыка атрымае 69 мільёнаў прыбытку. Прадпрыемства загружана на 72 працэнты. Пасля нарады, у размове з журналістамі Юрый Чарнышоў асобна падкрэсліў, што прадпрыемства адаптавалася да працы ва ўмовах санкцыйнага ціску. Таксама па яго словах, у хуткім часу будзе значна пашыраны асартымент прадукцыі фабрыкі.
Алег Жыдкоў, старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» у размове з журалістамі заўважыў, што тытунёвая галіна заўсёды знаходзілася пад пільнай увагай дзяржавы. «Гэта зразумела, таму што дастаткова спецыфічны бізнес і тут немагчыма без спецыяльнага кантролю дзейнасці. Даходы ў бюджэце таксама моцна залежаць ад працы нашых прадпрыемстваў», — падкрэсліў ён. Сёння ў Беларусі працуюць тры дзяржаўныя прадпрыемствы, якія забяспечваюць максімальную загрузку прадукцыяй. Але нюанс заключаецца ў тым, што ўсе нашыя фабрыкі знаходзяцца пад моцным санкцыйным ціскам. «Зыходзячы з гэтага, патрэбна вырашэнне шэрага пытанняў, якія дадуць магчымасць перабудаваць прынцыпы работы прадпрыемства для таго, каб забяспечыць прадпрыемствы сыравінай, заказамі і забяспечыць запланаваныя паступленні ў бюджэт. І што самае галоўнае — забяспечыць далейшы кантроль за тытунёвым рынкам, што дасць магчымасць апярэджваць негатыўныя моманты, якія магчымыя з боку нашых недружалюбных партнёраў», — растлумачыў Алег Жыдкоў. Ён расказаў, што на нарадзе былі прынятыя рашэнні, адносна таго, як тытунёвая галіна будзе развівацца з 2025 года, расстаўлены акцэнты, якія даюць магчымасць планаваць работу па вытворчасці і выкананні заказаў нашымі прадпрыемствамі. «Гэта ўсё патрабуе далейшай дэталізацыі для таго, каб кожны разумеў сваю зону адказнасці. Вырашаліся пытанні арганізацыйнага характару, дадатковых фінансавых укладанняў у падтрыманне галіны з боку дзяржавы не патрабуецца. Нашы прадпрыемствы самастойныя і маюць напрацаваны вопыт, які дазваляе ім планаваць самастойнае развіццё. Таму дапамогі як такой мы не прасілі, наадварот, выклалі падыходы ў арганізацыі работы, якія патрабуюць узгаднення з Кіраўніком дзяржавы», — адзначыў Алег Жыдкоў.
Валерыя СЦЯЦКО
Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама — пра сям'ю, любоў да Радзімы і бацькоўскія ўрокі.
Пазыковыя сродкі зноў у пашане, бо рубель стабілізаваўся і заробкі растуць.