Вы тут

З чым прыйшлі людзі на асабісты прыём да Старшыні Палаты прадстаўнікоў


Кола пытанняў, з якімі звярталіся грамадзяне і прадстаўнікі юрыдычных асоб да Ігара Сергяенкі, было надзвычай шырокім: ад абароны праў спажыўцоў да прапаноў карэкціровак дзейнага заканадаўства. Геаграфію зваротаў таксама не назавеш вузкай: ад Брэстчыны да Магілёўшчыны. Дарэчы, пры разглядзе пытанняў з рэгіёнаў выкарыстоўвалася новая форма работы — відэа-канферэнц-сувязь, падчас якой прадстаўнікі мясцовых улад давалі пры неабходнасці свае тлумачэнні ў анлайн-рэжыме.


Што цікава, у абодвух выпадках выкарыстання сучасных тэхналогій пытанні былі падобнымі. Прадстаўнік Бабруйскага гарвыканкама тлумачыў становішча з капітальнымі рамонтамі жыллёвага фонду і дарог у горадзе. У прыватнасці ён адзначыў, што капрамонт дома, аб якім хадайнічала заяўніца, перспектыўнай праграмай адпаведных работ на 2023–2027 гады не плануецца. Старшыня Палаты прадстаўнікоў даручыў мясцовай уладзе разабрацца ў існуючай сітуацыі. «Я абяцаю ўзяць на кантроль ваша пытанне», — падкрэсліў ён.

Зварот жа з Баранавічаў закранаў якасць будаўнічых работ. Жыхар горада паскардзіўся на сапраўдныя будаўнічыя дэфекты ў доме. Як высветлілася, у ліпені 2020 года праводзілася абследаванне будынка з мэтай устанаўлення адпаведнасці апорных канструкцый палажэнням ТНПА. Па яго выніках зроблена выснова, што выяўленыя візуальныя дэфекты не змяншаюць апорнай здольнасці канструкцый, і рэкамендавана правесці рамонтныя работы. Пытанне ўзята на кантроль.

Прадстаўнікі таварыства ўласнікаў з Магілёва ў якасці вырашэння іх праблемы, сутнасць якой у захаванні права ўласнасці на паркоўку, пабудаваную за іх грошы, прапанавалі ўнесці змяненні ў адзін з артыкулаў Кодэкса аб зямлі. Ігар Сергяенка адзначыў, што пытанне сур’ёзнае і ўзяў яго на асабісты кантроль.

Таксама падчас асабістага прыёму прагучалі прапановы па ўнясенні змяненняў у дзейнае заканадаўства і ў частцы павелічэння памеру грашовага забеспячэння ваеннаслужачых тэрміновай службы, выплаты імі транспартнага падатку, магчымасці прадастаўлення ім крэдытных канікул.

Яшчэ адна заяўніца была не згодная з заключэннем медыка-сацыяльнай экспертызы аб зняцці статусу «інвалід дзяцінства» ва ўнучкі 2002 года нараджэння. Свае тлумачэнні па гэтым пытанні даў старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Валерый Малашка: «Праблемы, якую ставіць грамадзянка, на самай справе не існуе. Дзяржава на ўсіх этапах сталення рабіла ўсё для таго, каб дзіця было ў першую чаргу адаптавана да жыцця і атрымала прафесію, што і адбылося. Сёння дзяўчына паспяхова працуе ва ўстанове аховы здароўя. У той самай, дзе назіралася, дзе яе лячылі, дапамагалі з сацыяльнай адаптацыяй. І па вялікім рахунку сама дзяўчына не агучвае вялікіх праблем. Разам з тым яны будуць узяты пад асобны кантроль, і мы паглядзім на гэтую сітуацыю з усіх бакоў».

Сярод іншых зваротаў — скарга на дзеянні банкаўскіх супрацоўнікаў пры выдзяленні крэдыту.

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маршрут па крынічным краі

Маршрут па крынічным краі

Пер­шы­мі яго па­ча­лі асвой­ваць гро­дзен­скія твор­цы.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.