Вы тут

Бясконцая гісторыя шчаслівага кахання


Пад канец сто чацвёртага сезона ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася яскравая прэм’ера: купалаўцы на чале з рэжысёрам Сяргеем Кулікоўскім прадставілі гледачам спектакль «Бясконцая гісторыя» па матывах п’есы Міхаіла Хейфеца «Rock’n’roll на захадзе».


Дарэчы, у спектаклі задзейнічана два склады акцёраў: на мінулым тыдні галоўныя ролі выканалі Аляксандр Пашкевіч і Святлана Гусарава, а ў верасні герояў будуць увасабляць Уладзімір Рагаўцоў і Тамара Нікалаева-Апіёк. Ён і Яна ў нашай гісторыі — сталыя людзі, якія ходзяць на танцы і танцуюць у пары, бо абодва робяць гэта дрэнна. І калі нечакана галоўны герой перастае хадзіць на заняткі, то яго пакрыўджаная і незадаволеная партнёрка вырашае пайсці да Яго і даведацца, што здарылася.

«Выпадковая сустрэча галоўных герояў у чарговым танцавальным клубе становіцца знакавай для абодвух лёсаў. І такое можа адбыцца ў жыцці любога чалавека! Галоўныя героі пастаноўкі, хоць і звычайныя людзі са сваімі праблемамі і цяжкасцямі, нягледзячы ні на што, пераадольваюць унутраныя бар’еры і не баяцца зрабіць крокі «не па правілах», — дзеліцца сваімі ўражаннямі мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Вольга Няфёдава.

Цягам спектакля яго героі знаёмяцца бліжэй, распавядаюць адно аднаму пра сваіх занятых дзяцей, унукаў... Становіцца зразумела, што перад намі — вельмі адзінокія людзі. Але менавіта гэтая адзінота іх аб’ядноўвае. Хоць стыль пастаноўкі — меладраматычная камедыя, але ў ёй назіраецца сур’ёзная драматычная праблема. Аб гэтым распавяла заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Нікалаева-Апіёк:

— «Бясконцая гісторыя» насамрэч складаная і даволі-такі сумная. Мы з Валодзем Рагаўцовым, выдатным маім партнёрам, трошкі па-іншаму да яе падыходзім: сур’ёзна, хоць яна і лічыцца камедыяй, але ўсё ж... Гэта трагікамедыя. Смешна, так, але мы гаворым пра адзіноту. Гаворачы аб гэтым, хочацца ўзгадаць словы з песні Вахтанга Кікабідзэ: «...Просто встретились два одиночества // Развели у дороги костер // А костру разгораться не хочется // Вот и весь, вот и весь разговор». Я стаўлюся да сваёй гераіні стрымана, сур’ёзна. Працаваць над роллю было вельмі цікава.

Пастаноўка купалаўцаў прываблівае гледача сваёй прастатой жыцця: звыклая абстаноўка кватэр, распаўсюджаныя праблемы герояў, душа і цяпло чалавечых зносін. Персанажы даказваюць і паказваюць, што ўсё ж такі жыццё працягваецца ў любым узросце і што ніколі не позна адкрываць новае ў сабе.

Як адзначыў Аляксандр Пашкевіч, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, такая сустрэча двух самотнасцяў невыпадковая: «Гэта адзіная магчымасць змяніць іх жыццё. Хоць Ён і Яна абсалютна розныя, з-за чаго ўзнікае сутычка характараў, аднак яна і дапамагае нашым героям у нейкай ступені зблізіцца».

У спектаклі задзейнічаны кожны сантыметр сцэны, што служыць для поўнага пагружэння гледачоў у гісторыю гэтага нечаканага, але шчаслівага кахання…

Напрыканцы сто чацвёртага сезона да гледачоў і работнікаў тэатра звярнуўся генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Аляксандр Шастакоў:

— Ведаеце, хоць нас наперадзе і чакае юбілейны сезон, у якім мы запланавалі прадставіць шэраг пастановак у досыць незвычайнай інтэрпрэтацыі і іншыя цікавасці, але самае галоўнае, нават традыцыйнае, што дакладна захаваем, — працягнем дарыць яркія эмоцыі гледачам. Хачу падзякаваць камандзе нашага тэатра: ад паважаных бутафораў, швейнага і сталярнага цэхаў, артыстычнага персаналу пад кіраўніцтвам Вольгі Няфёдавай, а таксама ўсім, хто працуе па-за сцэнай, ствараючы сапраўды якасны прадукт. Чакаем гледачоў у новым сезоне, які адкрыецца 29 жніўня нашай візітнай карткай — пастаноўкай «Паўлінкі».

Яна ВАЛАСАЧ

Выбар рэдакцыі

Парламент

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.

Адукацыя

Мікалай Раманюк: Нашы студэнты — мэтанакіраваныя і ўпэўненыя ў сваім выбары

Мікалай Раманюк: Нашы студэнты — мэтанакіраваныя і ўпэўненыя ў сваім выбары

Рэктар БДАТУ — пра тое, якія метады і тэхналогіі навучання зробяць выпускнікоў ВНУ запатрабаванымі на вытворчасці?

Рэлігія

«Перазагрузка» ўласнага жыцця

«Перазагрузка» ўласнага жыцця

Настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага — пра тое, што здольная даць споведзь кожнаму з нас.