Вы тут

Чым віцебскія дэсантнікі здзівілі ў сваё прафесійнае свята


Штогод 2 жніўня ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь адзначаюць Дзень дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый. Рыхтавацца да яго дэсантнікі пачалі загадзя. На працягу некалькіх дзён да самой урачыстасці ваеннаслужачыя славутага злучэння ўдзельнічалі ў розных акцыях, ускладалі кветкі да памятных пахаванняў, праводзілі канцэрты, выставы ўзбраення, дарылі кветкі дзяўчатам. Яшчэ больш насычаную праграму яны падрыхтавалі непасрэдна да свята. Карэспандэнт «Звязды» наведаў горад Віцебск — дэсантную сталіцу — і даведаўся, чым сёлета ўразілі блакітныя берэты.


Пераемнікі пакалення пераможцаў

Асноўнае святкаванне адбылося на базе 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады. Ваеннаслужачыя злучэння зладзілі паветранае шоу з дронамі і вальсавалі з дамамі пад гукі ваеннага аркестра. Камандзір 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады гвардыі палкоўнік Уладзімір Сафонаў павіншаваў ваеннаслужачых і ветэранаў злучэння з Днём дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый: «Мы па праве з’яўляемся пераемнікамі паветрана-дэсантных войскаў. І хоць сілы спецыяльных аперацый — досыць малады род войскаў, але вялікія традыцыі, якія закладзены нашымі продкамі, мы памятаем і пастаянна прымнажаем. Улічваючы вопыт вядзення сучасных узброеных канфліктаў, мы выкарыстоўваем усе формы і спосабы вядзення баявых дзеянняў у ходзе баявой падрыхтоўкі».

Ён адзначыў, што нават у прафесійнае свята не ўсе падраздзяленні брыгады знаходзяцца ў пункце пастаяннай дыслакацыі, паколькі працягваюць выконваць задачы па прызначэнні, каб забяспечыць стабільнасць у краіне і яе абарону з улікам існай знешняй абстаноўкі.

Паводле яго слоў, сёння мяняюцца формы і спосабы вядзення войнаў, і гэта ўлічваецца пры правядзенні мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі, але воінскія якасці асабістага складу — адвага, гонар, патрыятызм — застаюцца нязменнымі. «Гэта спадчына, якая дасталася нам ад доблесных продкаў», — падкрэсліў Уладзімір Сафонаў.

Паказальныя выступленні 103-й брыгады сабралі шмат гледачоў. Ад самых маленькіх, якіх бацькі-ваеннаслужачыя паднялі да сябе на плечы, да ветэранаў злучэння, для іх гэтае свята — выдатная нагода зноў сабрацца разам, успомніць гады службы, паказаць унукам, дзе і як яна праходзіла.

Павіншаваў дэсантнікаў і намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў. Ён адзначыў, што ваеннаслужачыя 103-й гвардзейскай стралковай дывізіі праславілі сябе на палях баёў Вялікай Айчыннай вайны, а іх пераемнікі праявілі сябе ў Афганістане. Без мінулага — няма будучыні, гісторыю трэба ведаць і памятаць. У тым ліку гісторыю бітваў і войнаў, каб яшчэ мацней берагчы мір. «Паветрана-дэсантныя войскі за час свайго існавання пакрылі сябе неўвядальнай славай. Сёння вы надзейна абараняеце наша мірнае беларускае неба, з’яўляючыся галоўнай, асноўнай баявой адзінкай Узброеных Сіл. Дазвольце пажадаць усім моцнага дэсантнага здароўя, поспехаў у баявой падрыхтоўцы, і, вядома ж, вяртайцеся дадому, дзе вас заўсёды чакаюць родныя і блізкія», — падкрэсліў ён.

Вальс дронаў і «так» ад Ксеніі

У гэты святочны дзень на пляцы брыгады на вачах ва ўсіх ваеннаслужачы 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады Уладзіслаў Рыбчанка папрасіў мікрафон і зрабіў прапанову рукі і сэрца сваёй дзяўчыне Ксеніі. На квадракоптары яму даставілі бардовы футарал, у якім хаваўся залаты пярсцёнак. Уладзіслаў паднёс яго расчуленай каханай разам з букетам чырвоных руж. Яна пагадзілася стаць жонкай дэсантніка, чакаць Уладзіслава з усіх вучэнняў і палявых выхадаў. Малады чалавек таксама павіншаваў усіх прысутных з прафесійным святам.

Загучалі гукі вальса, але танцавалі не толькі пары на пляцы. У паветра манеўрана падняліся дроны, якія таксама выконвалі паветраны танец! Іх рухам дыстанцыйна кіраваў ваеннаслужачы 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады, аператар беспілотнага лятальнага апарата Мікіта Нупрэйчык. У будучыні баец плануе стаць афіцэрам і працягнуць службу ў шэрагах славутага злучэння. У гутарцы з журналістамі ён расказаў, чаму навучыўся за час службы: «Родам я з Клецкага раёна Мінскай вобласці. У легендарную 103-ю брыгаду трапіў па прызыве на тэрміновую службу вясной 2022 года. Адслужыўшы паўгода, заключыў кантракт у шэрагах Узброеных Сіл. Мяне вельмі радуе, што ўсе чаканні ад службы апраўдаліся. Кіраваць беспілотнымі лятальнымі апаратамі навучаўся ў Мар’інай Горцы, прайшоў тыднёвыя курсы падрыхтоўкі, атрымаў свой першы дрон і прыступіў да выканання задач. Кіруючы беспілотнікамі, навучыўся выконваць задачы па разведцы на мясцовасці, паражэнні ўмоўнай жывой сілы праціўніка, карэкціроўцы ўдараў ракетных і артылерыйскіх сістэм. Я сапраўды ганаруся тым, што мая служба праходзіць у 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгадзе, якая з’яўляецца найлепшым падраздзяленнем сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Беларусі».

Сіла, хуткасць, адвага, націск!

Авацыі гледачоў выклікалі многія паказальныя нумары. «Сонейка» на турніку ў машыне, якая рухаецца, і выкананне іншых акрабатычных прыёмаў, армейскі рукапашны бой з элементамі з арсенала сусветных відаў адзінаборстваў. Дарэчы, гэтай дысцыпліне ў брыгадзе аддаюць асаблівую ўвагу. Штогод ваеннаслужачыя славутага злучэння займаюць прызавыя месцы па рукапашным баі на чэмпіянатах сіл спецыяльных аперацый і чэмпіянатах краін СНД.

«Да прафесійнага свята рыхтаваліся сур’ёзна, па-дэсантнаму, — адзначыў начальнік інфармацыйнага цэнтра 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады гвардыі маёр Эрнэст Юпатаў. — Пры гэтым не выключалі і правядзенне заняткаў па баявой падрыхтоўцы і розных вучэнняў. Усе пытанні адпрацоўваліся паралельна. На працягу некалькіх дзён праводзілі трэніроўкі да свята. Упэўнены, што, нягледзячы на невялікую колькасць трэніровак, якія праходзілі ў сціснутым рэжыме, нашы ваеннаслужачыя змаглі паспяхова справіцца з пастаўленымі задачамі».

Эрнэст Юпатаў расказаў, што святочныя мерапрыемствы з году ў год мяняюцца: «Кожным разам мы дадаём нешта новае на аснове нашага найноўшага ўзбраення. Састарэлыя моманты прыбіраем, стараемся зрабіць так, каб людзям, якія прыходзяць да нас з году ў год, заўсёды было цікава. Адметнай асаблівасцю гэтага года стаў вальс беспілотных лятальных апаратаў. У паказальным выступленні таксама ўзялі ўдзел новыя, мадэрнізаваныя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі».

У самых цяжкіх умовах у гады Вялікай Айчыннай вайны і ў сучасных лакальных канфліктах дэсантнікі заўсёды выконвалі складаныя задачы, якія цяжка вырашаюцца для іншых родаў войск, выяўляючы пры гэтым найвышэйшую баявую вывучку, неверагодную сілу духу, бясстрашнасць і адвагу. Не падводзіць і цяперашняе пакаленне дэсантнікаў. Так, ваеннаслужачы 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады гвардыі радавы Ілья Бабанькоў пастаянна ўдасканальвае сваю баявую вывучку. Малады чалавек стаў пераможцам у спаборніцтвах па стральбе са снайперскай вінтоўкі, якія праводзяцца паміж паветрана-дэсантнымі злучэннямі. «Паўтара месяца ўпарта трэніраваўся на палігоне Лосвіда. Калі шчыра, не вельмі верыў у перамогу, — прызнаўся Ілья. — Аднак па прыбыцці ў Мар’іну Горку (там праводзіліся спаборніцтвы) у першы ж дзень паказаў найлепшы вынік. Па выніку чатырох дзён спаборніцтваў я заняў ганаровае першае месца, прынёсшы ў родную брыгаду чарговую перамогу».

Дарэчы, акрамя ганаровай граматы, падпісанай камандуючым сіламі спецыяльных аперацый, Ілья Бабанькоў атрымаў заахвочванне ад кіраўніцтва брыгады — плюс дзесяць дзён да адпачынку! «Я ганаруся службай у сілах спецыяльных аперацый, сваёй прыналежнасцю да слаўнага дэсантнага братэрства. Карыстаючыся выпадкам, хацеў бы перадаць прывітанне сваім родным і блізкім і павіншаваць з прафесійным святам свайго дзядулю, які ў свой час служыў у шэрагах паветрана-дэсантных войск Расійскай Федэрацыі», — дадаў ён.

Беражліва захоўваючы і з гонарам працягваючы традыцыі старэйшых пакаленняў, пастаянна ўдасканальваючы баявое майстэрства, віцебскія дэсантнікі надзейна абараняюць інтарэсы дзяржавы, забяспечваюць бяспеку і спакой грамадзян. Ваеннаслужачы 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады гвардыі малодшы сяржант Аляксей Грынь распавёў, чаму навучыўся за час службы. Сам малады чалавек родам са сталічнага мікрараёна Сокал, больш як паўгода ён праходзіць тэрміновую службу ў шэрагах славутага злучэння. Аднак вярнуўся ў брыгаду адносна нядаўна — на працягу чатырох месяцаў праходзіў курс падрыхтоўкі сяржантаў у 72-м аб’яднаным навучальным цэнтры. «Сёння я камандзір машыны ў новым рэактыўным падраздзяленні. Мы па праве з’яўляемся незаменнай часткай сіл спецыяльных аперацый. У гэты святочны дзень я таксама браў удзел у паказальных выступленнях».

Гвардыі малодшы сяржант Грынь прызнаўся, што па праве ганарыцца службай у шэрагах сіл спецыяльных аперацый: «Сапраўды рады, што трапіў на службу менавіта ў 103-ю брыгаду. Я вельмі хацеў бы, каб усе мае знаёмыя і сябры адправіліся праходзіць службу ў наша праслаўленае злучэнне. Толькі тут яны даведаюцца, што значыць належаць да слаўнага дэсантнага братэрства — правапераемнікаў паветрана-дэсантных войск Савецкага Саюза».

Паводле яго слоў, служба ў праслаўленым злучэнні загартоўвае характар, выхоўвае ў ваеннаслужачых такія якасці, як патрыятызм, мужнасць, адказнасць і пунктуальнасць. «Я стараюся выхоўваць гэтыя важныя якасці ў сваіх падначаленых, разам з імі радуюся агульным поспехам і падтрымліваю пры няўдачах. Нашы байцы заўсёды прыйдуць на дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу», — падагульніў ён.

У Дзень дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый ваеннаслужачым брыгады былі ўручаны граматы за подпісам міністра абароны Рэспублікі Беларусь і камандуючага сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага

Жыццёвае крэда Сяргея Савіцкага

Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама — пра сям'ю, любоў да Радзімы і бацькоўскія ўрокі.

Эканоміка

Час прыглядацца да крэдытаў

Час прыглядацца да крэдытаў

Пазыковыя сродкі зноў у пашане, бо рубель стабілізаваўся і заробкі растуць.