Вы тут

Дэсантнік са знакам якасці


Гвардыі старшы лейтэнант Мікалай САМЕЦ — пра шлях да афіцэрскіх пагон, дэсантнае братэрства і ўмацаванне характару 


Сілы спецыяльных аперацый — эліта беларускай арміі. Шлях сюды — справа не з лёгкіх. Маладыя людзі мараць аб службе ў сілах спецыяльных аперацый, але толькі нямногія здольныя прайсці праз усе выпрабаванні і падняцца над стандартамі штодзённага вайсковага жыцця. Насіць блакітны бярэт — значыць не проста прылічваць сябе да эліты, а адпавядаць высокаму статусу дэсантніка. Асабліва калі ты афіцэр, бо на тваіх плячах — адказнасць за кожнага байца і за гатоўнасць падраздзялення выконваць любыя задачы, у любы час і ў любым месцы.

Ад сувораўца да курсанта

Адзін з такіх дастойных афіцэраў-дэсантнікаў — гвардыі старшы лейтэнант Мікалай Самец. Малады, але вельмі перспектыўны афіцэр служыць у 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе. Мікалай заўсёды сабраны, падцягнуты і, здаецца, гатовы хоць зараз уступіць у бой. Яго армейскі шлях пачаўся ў Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы.

— Я вырашыў паступіць сюды, бо хацеў стаць абаронцам сваёй Айчыны, — падзяліўся мой суразмоўца. — Мне заўсёды падабаліся ваенныя фільмы, я цікавіўся гісторыяй. Гэта першы крок на шляху да маёй мары — афіцэрскім зоркам. Заўсёды хацеў апрануць сувораўскі кіцель і фуражку. Ужо ў вучылішчы пачаў больш налягаць на вучобу, актыўна займаўся спортам.

Яшчэ падчас вучобы ў сувораўскім Мікалай і яго таварышы не раз наведвалі злучэнні і воінскія часці сіл спецыяльных аперацый. І ўжо тады, хлапчуком, ён зразумеў, што служба ў ССА — не проста праца, гэта пакліканне. Гады ў вучылішчы праляцелі незаўважна, і пасля выпуску кожны з сувораўцаў адправіўся на пошукі свайго шчасця. 

Скончыўшы вучылішча ў 2018 годзе, віцэ-сяржант Мікалай Самец працягнуў рухацца па намечаным маршруце і падаў дакументы ў Разанскае гвардзейскае вышэйшае паветрана-дэсантнае каманднае вучылішча імя генерала арміі Маргелава. Годная вучоба ў МСВУ, выдатная фізічная падрыхтоўка і першая група здароўя дазволілі хлопцу папоўніць стройныя курсанцкія шэрагі «разанцаў».

— У Разані ў нас была выдатная падрыхтоўка і вельмі вялікая нагрузка, — узгадвае Мікалай. — Мы, беларусы, вучыліся ў адным курсанцкім батальёне разам з курсантамі Расійскай Федэрацыі. Таму ніякіх патуранняў, асабліва гэта датычылася фізічнай падрыхтоўкі. На ўсіх этапах — на маршах, палявых занятках і скачках — нас яшчэ рыхтавалі і маральна. Вось там сапраўды разумееш, што сілы чалавечага арганізма сапраўды бязмежныя. Гэта барацьба не толькі фізічнага арганізма, але і барацьба ўнутры сябе, барацьба ў галаве. Вучоба з самага пачатку мяне захапіла. Столькі ўсяго новага!.. Скачкі з парашутам (іх, дарэчы, на маім рахунку ўжо 37), інтэнсіўны навучальны працэс, асваенне ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Увесь час хацелася даведацца нечага новага, грунтоўна авалодваць ваеннай навукай.

Пастаянныя марш-кідкі, бясконцыя стрэльбы, асваенне ваеннай і спецыяльнай тэхнікі — вучоба Мікалаю давалася не проста. Тым больш, пачалася спецыяльная ваенная аперацыя на Украіне, і многія падыходы да выканання задач змяніліся.

— Нашы выкладчыкі з ліку афіцэраў адразу пачалі ездзіць у камандзіроўкі ў зону правядзення СВА, — кажа малады чалавек. — Там яны атрымлівалі каласальны досвед, распрацоўвалі свае метадычныя матэрыялы і прывозілі іх у вучылішча. Мы ўвесь гэты матэрыял актыўна вывучалі. СВА паказала, што нельга недаацэньваць суперніка, ты павінен ісці заўсёды на крок наперадзе, думаць, прымаць правільныя рашэнні ў складаных умовах абстаноўкі. Гэтаму нас і вучылі ў Разані.

Калі ўзвод — баявая сям’я 

Дыплом з адзнакай і залаты медаль — гэты вынік навучальнай дыстанцыі даў магчымасць Мікалаю самому выбраць месца размеркавання. Здавалася б, можна абраць службу ў вайсковай часці «дзе прасцей». Але, лейтэнант Мікалай Самец выбірае адно з самых баяздольных злучэнняў Узброеных Сіл Беларусі — 103-ю Віцебскую асобную гвардзейскую паветрана-дэсантную брыгаду сіл спецыяльных аперацый.

— Мне вельмі запомніўся мой першы дзень у 103-й брыгадзе, — расказвае ваеннаслужачы. — Я, камандзір узвода, з’яўляюся ў параднай форме, а ўжо ноччу еду на граніцу, дзе ў той момант знаходзілася падраздзяленне, якім у хуткім часе мне трэба было камандаваць. 

Мікалай ганарыцца тым, што праходзіць службу ў гэтым праслаўленым злучэнні. «Тут выдатны калектыў, адданыя таварышы, якія заўсёды падставяць моцнае плячо, — кажа ён. — Вучу сваіх падначаленых таму, што неабходна ў баі. Падчас вучэнняў і трэніровак камандзір узвода і днём і ноччу са сваімі байцамі. Салдата трэба навучаць, выхоўваць, распытваць аб праблемах, дапамагаць яму, раіць. Ёсць такія хлопцы, якія самі аб узніклых цяжкасцях табе не раскажуць. Да кожнага важна знайсці патрэбныя словы. Воінскі калектыў павінен быць адной сям’ёй. Скажу шчыра, мой узвод — гэта мая баявая сям’я. Кожны салдат гэта — мой брат!»

Шлях да доблесці і майстэрства 

Кожны дзень станавіцца на працэнт лепш — такі прынцып службы афіцэра Мікалая Самца. Асвоіўшыся ў брыгадзе, хлопец паставіў для сябе чарговую мэту — заваяваць права нашэння аднаго з галоўных сімвалаў ваеннаслужачых сіл спецыяльных аперацый, нагруднага знака «Доблесць і майстэрства». Характэрна, што «знак якасці» скарыўся маладому афіцэру з першага разу.

— Кожны год дзясяткі «блакітных берэтаў» імкнуцца ўзяць гэтую вышыню, але пакараецца яна адзінкам — самым стойкім, — заўважае Мікалай. — Як зараз памятаю крайняе выпрабаванне — рукапашны бой. Здавалася б, усяго тры раўнды, але іспыт прымаюць уладальнікі нагруднага знака «Доблесць і майстэрства» мінулых гадоў. Ногі сцёрты ў кроў, сіл практычна няма. Вельмі запомніліся падбадзёрлівыя словы нашага камандуючага генерал-маёра Вадзіма Іванавіча Дзенісенкі. Ён па-бацькоўску паляпаў мяне па плячы і сказаў: «Сынок, трымайся». Мусіць, гэтыя словы вельмі моцна запомніліся і надалі яшчэ больш упэўненасці і сіл. А яшчэ прыемна было назіраць, як дружна мяне падтрымлівалі салдаты і афіцэры нашай брыгады. Галоўнае для ўдзельнікаў гэтых выпрабаванняў — сіла волі. Калі дзесьці засумняваўся ў сабе — стаў крыж на поспеху, далей не пройдзеш.

У Мікалая ўсё атрымалася, сёння, запаветны «Грыфон» упрыгожвае баявую форму гвардзейца. А падначаленыя, гледзячы на свайго камандзіра, самі імкнуцца да няспыннага ўдасканалення.

— Думаю, што паспяховая здача ўсіх выпрабаванняў — пэўны паказчык і ацэнка прафесійнага майстэрства, — лічыць Мікалай. — Але гэта толькі першыя крокі ў маім афіцэрскім жыцці. Так, будзе нялёгка, бо ў будучыні давядзецца яшчэ больш працаваць, спасцігаючы няпростую прафесію дэсантніка. Бо воін-дэсантнік гэта — перш за ўсё чалавек-гонар, далучаны да слаўных традыцый.

Выдатнік у вучобе і баявой падрыхтоўцы, лідар па натуры, гвардыі старшы лейтэнант Мікалай Самец, прызнаецца: кожны крок, які ён робіць у сваім жыцці, — усвядомленая прыступка ў жаданні павысіць сваю кампетэнцыю і ўмацаваць характар. Сёння камандзір парашутна-дэсантнага ўзвода па такім жа прынцыпе кіруе і сваім падраздзяленнем. Жадаем маладому афіцэру новых поспехаў і дасягненняў.

Алег НЯКАЛА.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Парламент

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Якія на сёння існуюць праблемы ў будаўнічай сферы?

Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.

Адукацыя

Мікалай Раманюк: Нашы студэнты — мэтанакіраваныя і ўпэўненыя ў сваім выбары

Мікалай Раманюк: Нашы студэнты — мэтанакіраваныя і ўпэўненыя ў сваім выбары

Рэктар БДАТУ — пра тое, якія метады і тэхналогіі навучання зробяць выпускнікоў ВНУ запатрабаванымі на вытворчасці?

Рэлігія

«Перазагрузка» ўласнага жыцця

«Перазагрузка» ўласнага жыцця

Настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага — пра тое, што здольная даць споведзь кожнаму з нас.