Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з ходам рэканструкцыі аднаго з сімвалаў нашай краіны — мемарыяльнага комплекса «Курган Славы». Гэтымі днямі па ўсёй краіне праходзяць маштабныя мерапрыемствы да 80-годдзя вызвалення Беларусі і 80-годдзя аперацыі «Баграціён». Наведваючы мемарыяльны комплекс, Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу ўсклаў кветкі да падножжа Кургана Славы.
За 2023 — першае паўгоддзе 2024 года на Кургане Славы аднавілі цэнтральную лесвіцу, месца ўскладання кветак, інжынерныя сеткі, паркоўкі і тэрыторыю, папоўнена экспазіцыя ваеннай тэхнікі, усталяваны мультымедыйныя экраны. На сёння ключавое пытанне — устаноўка парэнчаў уздоўж лесвіцы, якая вядзе да вяршыні кургана. Гэта важна з пункту гледжання бяспекі. Але пры гэтым, звярнуў увагу Прэзідэнт, важна, каб новы элемент не сапсаваў знешні выгляд Кургана. Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын падкрэсліў, што гэта пытанне будзе дэталёва адпрацоўвацца, паколькі задача складаная, а пытанне важнае.
«Справа нават не ў грашах. Трэба не сапсаваць першапачатковы выгляд,. — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Лішняга тут дакладна не патрэбна». Аляксандр Турчын адзначыў, што з кожным годам людзей у мемарыяльным комплексе збіраецца ўсё больш і больш. Мемарыяльны комплекс «Курган Славы» за 2023 год наведалі 104 тысячы чалавек, за першае паўгоддзе 2024 — 27 тысяч чалавек. Але наведвальнасць мае сезонны характар — больш за ўсё людзей прыязджае ў цёплую пару года. Таму сёння стаіць задача зрабіць так, каб народная сцежка сюды не зарастала круглы год. Адна з прапаноў — стварыць на тэрыторыі мемарыяльнага комплекса Музей гісторыі Узброеных сіл Беларусі. Падобная экспазіцыя размяшчаецца ў сталічным Доме афіцэраў, але там ужо ёй мала месца.
«Трэба падумаць. Музеяў у нас хапае, дай бог, каб людзі хадзілі. Трэба падумаць», — заўважыў на гэта кіраўнік дзяржавы. Таксама плануецца зрабіць комплекс больш «зялёным» і высадзіць на тэрыторыі больш дрэў. Прэзідэнт гэтую ідэю падтрымаў і прапанаваў узяць саджанцы з розных запаведнікаў краіны і зрабіць своеасаблівую алею беларускіх насаджэнняў.
Зараз актыўна праходзяць не толькі маштабныя памятныя мерапрыемствы, але і ўборачная кампанія. Таму лагічнае пытанне ад кіраўніка дзяржавы кіраўніку вобласці — «як справы?». Аляксандр Турчын далажыў, што масавую ўборку ў рэгіёне скончаць на працягу тыдня. Чакаецца намалот 2,1 млн тон збожжа з улікам рапсу. Яшчэ разлічваюць атрымаць каля 600 тысячы тон зерня кукурузы. «На сёння 80 працэнтаў убралі збожжавых — 1,408 млн тон — гэта без рапсу. Плюс 315 тысяч тон на раніцу рапсу намалацілі. Усяго ў нас ёсць 1,7 млн тон. Недзе 1,8 млн т збожжавых і 320 тысяч тон рапсу. З кукурузай таксама, дай бог, пакуль усё выдатна. Думаю, тысяч 600 тон зерня кукурузы мы сёлета атрымаем», — расказаў губернатар Мінскай вобласці. Ён адзначыў, што сталічны рэгіён нават гатовы пры неабходнасці на ўмовах аплаты камусьці падставіць плячо ў здачы збожжа ў лік дзяржзаказу. Рэгіён у тым ліку выконвае дзяржзаказ па піваварным ячмені. Гэта разам з рапсам дае выдатны фінансавы вынік для гаспадарак. Аляксандр Турчын асабліва падкрэсліў, што сёлета вобласць атрымала больш 315 тысячы тон рапсу ў валавым намалоце.
Асобна Прэзідэнт пацікавіўся, калі ў Мінскай вобласці скончыцца будаўніцтва малочнатаварных комплексаў і туды будзе пераведзена жывёла. У рэгіёне разлічваюць зрабіць гэта за тры гады. «Дай бог, каб за тры», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён зрабіў акцэнт на тым, што ва ўсім павінен быць парадак і дысцыпліна. У якасці прыкладу прывёў сельгаспрадпрыемства «Палессе-Аграінвест» у Петрыкаўскім раёне, якое наведваў у суботу. Па словах кіраўніка дзяржавы, там няма праблем, бо ёсць жалезная дысцыпліна і парадак. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што на палях Мінскай вобласці павінна быць так жа ўсё акуратна, як і на тэрыторыі мемарыяльнага комплекса Курган Славы. «Пакуль у Мінскай вобласці церазпалосіца», — заўважыў ён. Па словах Прэзідэнта, ёсць добрыя гаспадаркі — люба-дорага паглядзець, а ёсць і праблемныя. «Без дысцыпліны і парадку нічога не будзе. І ніякая эканоміка не выратуе», — заўважыў беларускі лідар.
Важнае пытанне апошніх тыдняў — ліквідацыя наступстваў урагану. Мінская вобласць пацярпела менш, чым паўднёвыя рэгіёны, але ўдар стыхіі адчула. Аляксандр Турчын далажыў, што парадак у цэлым наведзены, усё робіцца ва ўстаноўленыя тэрміны, аператыўна аказана дапамога людзям, у якіх на дамах былі пашкоджаны дахі.
Размаўляючы з журналістамі Аляксандр Турчын падкрэсліў, што гістарычны першапачатковы выгляд Кургана Славы застанецца нязменным. «Курган Славы — гэта адзін з сімвалаў нашай краіны, помнік, як сімвалізуе вызваленне Беларусі. Таму філасофія гэтага манумента, прысвечанага вызваленню Беларусю, змяніцца не можа. Пытанне ў тым, чым дапоўніць гэты манумент, каб прыцягваць сюды яшчэ больш людзей», — адзначыў ён. Па словах губернатара, ідэя рэканструкцыі прыйшла з практыкі. У час пандэміі тут праводзіліся шматлікія мерапрыемствы і трэба было зрабіць тэрыторыі, зручнай для людзей, якіх сюды прыязджала нямала. «Хатынь — гэта трагедыя беларускага народа. А Курган Славы — гэта сімвал вызвалення, ён мае радасны настрой, звязаны з заканчэннем вайны. І, на мой погляд, гэта філасофія сюды прыцягвае людзей. Вечарам, калі ўключаецца падсветка, працуюць фантаны, тут насамрэч шмат людзей», — сказаў Аляксандр Турчын. Па яго словах, вельмі важна, што такія месцы як Хатынь" і Курган Славы прыцягваюць шмат моладзі. Мяркуецца, што адным з пунктаў прыцягнення стане музей Узброеных сіл Беларусі. Пра тое, што людзям гэта цікава сведчыць вялікі інтарэс да выставы ваеннай тэхнікі, якая размешчана на тэрыторыі комплексу. І яна будзе пашырацца. Пры чым, як заўважыў Аляксандр Турчын, гэта будзе тэхніка выключна часоў Вялікай Айчыннай вайны, каб не паўтараць экспазіцыі комплексу «Лінія Сталіна», дзе прадстаўлена тэхніка розных перыядаў.
Губернатар Мінскай вобласці таксама запэўніў, што гістарычны выгляд Кургана Славы, вядомы многім, застанецца такім, якім быў створаны 55 гадоў таму. Галоўная мэта цяперашняй рэканструкцыі — зрабіць комплекс больш зручным і яшчэ цікавейшым для наведвальнікаў.
Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько нагадаў, што ў 2003 годзе кіраўнік дзяржавы падтрымаў ініцыятыву ФПБ узяць шэфства над Курганам Славы. Тады ж была праведзена першая маштабная рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу, якая фактычна стала агульнанароднай справай. Грашовыя сродкі на яе першы этап былі выдзелены з рэзервовага фонду Прэзідэнта, аплату часткі выдаткаў узяла на сябе Федэрацыя прафсаюзаў. У зборы сродкаў на рэканструкцыю ўдзельнічалі і нераўнадушныя грамадзяне і арганізацыі.
Наступная маштабная рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу «Курган Славы» праведзена Федэрацыяй прафсаюзаў у 2015 годзе. Тады былі адноўлены страчаныя фрагменты і манументальная мазаіка, праведзены рамонт канструктыўных элементаў, у тым ліку ўсіх прыступак, поўнасцю заменена травяное пакрыццё ўзгорка, устаноўлена новае дэкаратыўнае падсвятленне. У 2016 годзе для бесперабойнага асвятлення Кургана Славы на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу ўстаноўлена сонечная фотаэлектрычная станцыя. «Федэрацыя прафсаюза тут рэгулярна праводзіць суботнікі па падтрыманні парадку, і сёння кіраўнік дзяржавы даручыў прадоўжыць актыўна ўдзельнічаць у гэтым пытанні пры падтрымцы Мінаблвыканкама. Мы будзем прадаўжаць сумесную работу па падтрыманні гэтага помніка ў добрым стане. Сёння ма бачым, што колькасць людзей, якія сюды прыязджаюць, прычым не толькі беларусаў, але і замежных грамадзян, з кожным годам павялічваецца. Натуральна, мы павінны рабіць так, як ён заўжды быў вялікім», — адзначыў Юрый Сянько.
Валерыя СЦЯЦКО
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.