Зусім невялікая вёска, дзе мы праводзім лета, адметная некалькімі крыжамі. Адзін з іх на развілцы, якая вядзе на нашу вуліцу, стаяў заўсёды. Так гавораць старэйшыя жыхары. Цяперашні, жалезны, паставілі гадоў з дзясятак таму. А ранейшы, дубовы, што крыху падгніў унізе, абсеклі, пачысцілі і паставілі ў другім месцы, не навідавоку, але пры дарозе, якая вядзе з поля.
Крыжам тут, у Камянецкім раёне, надаюць асаблівае значэнне. У рэдкай вёсцы сустрэнеш адзін. Звычайна іх стаіць некалькі. На скрыжаваннні пасярод вёскі Вугляны стаіць аж восем крыжоў. Шмат гадоў таму пра іх расказваў мне 98-гадовы Павел Чыліевіч. Казаў, што паставілі іх даўным-даўно, больш за сто гадоў таму. Здарылася нейкая эпідэмія, паміраць сталі цэлымі сем’ямі. Тады па нечай падказцы сяляне прыехалі ў пушчу, высеклі малады, але даволі высокі дуб, за адну ноч зрабілі з дрэва крыж. Тры разы абнеслі вакол вёскі і ўкапалі на самым высокім месцы. І навала адступіла. Потым з’яўляліся новыя крыжы, людзі верылі, што яны — своеасаблівы абярэг ад хвароб. Састарэлыя крыжы мяняліся на новыя, вяскоўцы шанавалі гэтае месца. Кожную вясну прыбіралі крыжы. Калі ў бязбожныя часы іх хацелі знесці, людзі адстойвалі іх. Дзяжурылі па начах, кідаліся камянямі ў вандалаў. Крыжы пілавалі, а іх ставілі зноў. У рэшце рэшт ваяўнічыя атэісты махнулі рукой на непакорных жыхароў. Так і сёння стаяць вуглянскія крыжы. Каля іх спыняюцца пахавальныя працэсіі, тут развітваюцца з кожным, хто пакідае свет. Раней і вясельныя картэжы спыняліся, аддаваў пашану крыжам кожны прызыўнік, які накіроўваўся ў войска. Цяпер жменька людзей засталася ў Вуглянах, а крыжы стаяць як галоўная славутасць і сведкі доўгай гісторыі.
А каля вёскі Бушмічы гэтага ж раёна ёсць Святая Грушка. Пра гэтую сакральную мясціну я пісала ў самым канцы мінулага года («Грушка, што пакідае надзею» — «Звязда» за 27 снежня 2023 года). Тут стаіць адразу некалькі соцень крыжоў. На кожным — каляровая стужка. Святая Грушка — месца паломніцтва людзей розных канфесій. Вернікі нясуць сюды крыжы і моляцца за здароўе. Крыжы знішчалі і руйнавалі некалькі разоў, а яны зноў паяўляліся на ранейшым месцы. А Грушка дачакалася свайго часу. Гадоў пяць таму «Традыцыя паломніцтва і пакланення «Грушка» была ўключана ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Прыведзеныя вышэй гісторыі маюць станоўчы, нават жыццесцвярджальны сэнс. На жаль, бывалі выпадкі, калі крыжы выкарыстоўвалі, можна сказаць, у адмоўным кірунку. Былы старшыня аднаго з калгасаў Пружаншчыны расказаў пра падзеі, што нечым нагадваюць дэтэктыў, але ж не надта вясёлы. Адзін чалавек у той вёсцы аднойчы моцна пакрыўдзіўся на ўладу. А вось крыўду сваю ўзяўся выражаць зусім недарэчным чынам. Той вясковец меў нейкае захворванне, а групу інваліднасці, на якую разлічваў, яму не далі. Помсту-пратэст прыдумаў дзіўны: на кожнае савецкае свята пасярод вёскі ставіў некалькі аграмадных драўляных крыжоў. Уставалі людзі ранкам 1 мая альбо 7 лістапада, глядзелі — крыжы стаяць. Бабулькі задаволена хрысціліся, гаспадыні ўпотай рыхтавалі стужачкі вешаць... Крыжы заўсёды хутка прыбіралі, але ж нехта паспяваў сфатаграфаваць, другі напісаць пісьмо ў якую-небудзь інстанцыю. Старшыні калгаса кожны раз ляпілі вымовы па партыйнай лініі, выклікалі нават у абкам партыі, лаялі і бэсцілі, нібы ён сам гэтую «ідэалагічную дыверсію» ладзіў. Адным словам, выматалі нерваў калгаснаму кіраўніку столькі, што і праз сорак гадоў памятае. «Гаварыў яму тады: «Які ж ты хворы, на табе араць можна, калі такія дрэвы валіш, такія крыжы збіваеш!?» А ён кожны раз выглядаў радасным, смяяўся, што насаліў таму, хто ніякім бокам нават не спрычыніўся да яго праблемы. Вось такі быў мой старшынёўскі крыж», — расказваў Мікалай Іванавіч.
Сапраўды, пра цяжкасці, выпрабаванні кажуць — «несці свой крыж». Гэты выраз адсылае нас да Евангелля. Яшчэ кажуць — цяжкі крыж, гэта пра цяжкі лёс, пакуты, якія выпадаюць на долю чалавека. І варты пашаны той, хто спраўляецца са сваёй ношай, нясе крыж годна.
Назаўсёды запомнілася сказанае некалі патрыярхам Алексіем ІІ: «Крыжа не бывае вышэй за чалавечыя сілы... На крыж не просяцца, але і з крыжа не бегаюць». Такім чынам ён і заклікаў, і падаваў прыклад таго, як спраўляцца з жыццёвымі выпрабаваннямі. Справішся, тады абавязкова ўбачыш святло ў акенцы, а крыж падасца не такой ужо і цяжкай ношай. І калі гаворка зайшла пра мудрыя выказванні іерархаў Царквы, то варта, думаю, прывесці яшчэ адно. «Святыні вяртаюцца, калі мы становімся дастойнымі іх вяртання,» — сказаў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Сказаў у канцы 90-х гадоў, калі асвячаў адноўлены Крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай. Цяпер, наколькі мне вядома, адраджаецца яшчэ адна святыня зямлі беларускай — Купяціцкі крыж. І вельмі ж хочацца, каб мы былі дастойныя крыжоў нашых продкаў. Ну хоць бы імкнуліся да гэтага.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама — пра сям'ю, любоў да Радзімы і бацькоўскія ўрокі.
Пазыковыя сродкі зноў у пашане, бо рубель стабілізаваўся і заробкі растуць.