Мы прывыклі думаць, што стрэс выклікаюць толькі непрыемныя падзеі. Насамрэч стрэс — гэта рэакцыя арганізма на любыя змены ў жыцці, якімі б эмоцыямі яны ні суправаджаліся. Урачыстыя і радасныя моманты таксама могуць выклікаць стрэс. Ваша дзіця ідзе ў школу? Радасная і вельмі адказная падзея. Гэта першы крок у дарослае, самастойнае жыццё. І вельмі вялікая адказнасць бацькоў у тым, каб дзіця было гатова да маючых адбыцца перамен у сваім жыцці і псіхалагічна, і фізічна. Але тут важна не нервавацца самому і не трывожыць малога, а рабіць усё разважліва і без мітусні. Як дапамагчы дзіцяці падрыхтавацца да вучобы, расказвае ўрач-педыятр 3-га педыятрычнага аддзялення (загадчык аддзялення) 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Людміла Кіпцэвіч.
Насамрэч падрыхтоўка дзіцяці да паступлення ў школу ідзе на працягу ўсяго перыяду дашкольнага ўзросту — 3-6 гадоў.
— У гэтым актыўны ўдзел прымаюць як бацькі, так і дзіцячыя дашкольныя ўстановы, якія наведвае дзіця, і дзякуючы чаму адбываецца сацыялізацыя малога, пашыраецца кругагляд, развіваецца інтэлект, выхоўваюцца навыкі паводзін у грамадстве, а таксама прывіваюцца і замацоўваюцца асновы здаровага ладу жыцця: рэжым дня, фізічная актыўнасць, здаровае харчаванне. Не сакрэт, што асаблівасці навучальнага працэсу (сядзенне за партай, зрокавая нагрузка, зніжэнне рухальнай актыўнасці, неабходнасць запамінання навучальнага матэрыялу) спрыяюць узнікненню ў школьнікаў парушэнняў з боку апорна-рухальнай і зрокавай сістэмы, хуткага знясілення нервовай сістэмы. Вось чаму да шасці гадоў (да паступлення ў школу) дзіця павінна быць абследавана лабараторна (калі неабходна — інструментальна), агледжана ўрачом-педыятрам і вузкімі спецыялістамі (отарыналарынголагам, неўролагам, стаматолагам, хірургам, акулістам, лагапедам), а пры неабходнасці, у залежнасці ад наяўнасці тых ці іншых адхіленняў у стане здароўя і іншымі спецыялістамі: кардыёлагам, нефролагам, эндакрынолагам, — тлумачыць Людміла Кіпцэвіч.
Усе наяўныя адхіленні ў стане здароўя ў дзіцяці да школы павінны быць скарэкціраваны. У прыватнасці, упершыню малое павінна быць агледжана лагапедам не пазней трохгадовага ўзросту, і ў выпадку выяўлення адхіленняў у развіцці маўлення ёсць час да шасці гадоў многае выправіць.
Таксама варта звярнуць увагу на тое, каб дзіця было прывучана да рэжыму дня. Начны сон у дзіцяці дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту не можа быць меншым за 10 гадзін. Пажадана вячэрняя прагулка перад сном на свежым паветры. Абавязковая ранішняя зарадка, якая рыхтуе арганізм дзіцяці да пачатку «працоўнага» дня. Харчаванне павінна быць не менш за пяць разоў у дзень, паўнавартаснае, разнастайнае, скарэкціраванае як у адносінах каларыйнасці (2000-2100 ккал), так і наяўнасці асноўных інгрэдыентаў: бялкоў, тлушчаў і вугляводаў (1:1:4), узбагачанае мінераламі і вітамінамі.
— У рацыёне дзіцяці павінны прысутнічаць мясныя, малочныя, рыбныя стравы, кашы, гародніна і садавіна. Нельга забываць і пра пітны рэжым: у суткі яму неабходна выпіваць не менш за 1,0-1,5 літра вады. Першыя стравы, малако і сокі сюды не ўваходзяць, бо адносяцца да ежы. Варта абмяжоўваць прыём лёгказасваяльных вугляводаў: салодкіх, мучных вырабаў. Непрымальнае ўжыванне фаст-фуду (гамбургераў, чызбургераў, чыпсаў і інш.) і газаваных салодкіх напояў, што адмоўна ўплывае на страўнікава-кішачны тракт дзіцяці, — пералічвае ўрач.
Неабходна звярнуць увагу на рухальную актыўнасць і дастатковае знаходжанне дзіцяці на свежым паветры.
Пажадана яшчэ да паступлення ў школу адвесці малое ў тую ці іншую спартыўную секцыю або гурток, наведванне якіх дасць магчымасць прывыкнуць да фізічных нагрузак, а таксама будзе яго дысцыплінаваць.
— Перад школай дзіця павінна атрымаць усе прышчэпкі, згодна з Нацыянальным календаром прафілактычных прышчэпак, што дасць магчымасць засцерагчы яго ад многіх небяспечных інфекцый, распаўсюджванне якіх у арганізаваных калектывах значна вышэйшае. Не трэба забываць і пра прышчэпку супраць грыпу, якая з 2012 года таксама ўвайшла ў Нацыянальны каляндар. Яна праводзіцца штогод у верасні-кастрычніку і абараняе як ад цяжкіх формаў грыпу, так і ад яго грозных ускладненняў, — нагадвае Людміла Кіпцэвіч.
А медагляд для паступлення ў школу не трэба адкладваць на апошні тыдзень жніўня, яго можна прайсці загадзя, бо даведка прыдатная на працягу 12 месяцаў, што дасць магчымасць без спешкі і мітусні наведаць усе абследаванні і агляды ў спецыялістаў і педыятра.
Алена КРАВЕЦ
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.