Уключэнне насельніцтва ў вырашэнне пытанняў жыццядзейнасці ў населеных пунктах, канструктыўны дыялог органаў мясцовай улады і людзей, папулярнасць грамадзянскіх ініцыятыў на Гомельшчыне — аб гэтым і не толькі гутарым з членам Савета Рэспублікі, старшынёй Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярынай Зенкевіч.
— Кацярына Анатольеўна, першы конкурс грамадзянскіх ініцыятыў прайшоў на Гомельшчыне ў 2022 годзе. Арганізатарам конкурснага адбору стала Гомельская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў пры падтрымцы Гомельскага аблсавета. Як лідар дэпутацкага корпуса рэгіёна вы каардынавалі працэс і ацэньвалі, які рэальны эфект для развіцця тэрыторый нясуць прапанаваныя людзьмі ініцыятывы.
— Так, важнай падзеяй у дзейнасці дэпутацкага корпуса Гомельшчыны стала стварэнне ў 2021 годзе абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Гэта дазволіла ў 2022 годзе ў рэгіёне ўпершыню правесці конкурс грамадзянскіх ініцыятыў. Перамаглі 16 праектаў з 14 раёнаў, кошт рэалізацыі якіх склаў звыш 170 тысяч рублёў. Праведзены тады конкурс грамадзянскіх ініцыятыў паказаў, што жыхары нашай вобласці прапануюць цікавыя ідэі для развіцця сваіх мясцовых тэрыторый. Галоўнай мэтай конкурснага адбору стала падтрымка актыўнасці грамадзян у вырашэнні сацыяльна значных пытанняў, актуальных для іх населеных пунктаў. Безумоўна, дэпутацкі корпус Гомельшчыны вельмі актыўна падтрымлівае ўсе грамадзянскія ініцыятывы, накіраваныя на паляпшэнне якасці жыцця людзей, добраўпарадкаванне населеных пунктаў і ўвогуле развіццё патэнцыялу той ці іншай тэрыторыі. Прэзідэнт Беларусі заўсёды ў сваіх выступленнях зазначае, што наспеў час развіваць мясцовыя ініцыятывы, у тым ліку з прыцягненнем грашовых сродкаў, людзей, па сацыяльна-эканамічным развіцці як тэрыторый сельсавета, раёна, так і ў цэлым нашай краіны. Прэзідэнт падкрэслівае, што на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіравання неабходна выбудоўваць эфектыўнае ўзаемадзеянне з грамадзянскімі актывістамі. Дэпутаты даўно навучыліся эфектыўна працаваць са зваротамі грамадзян, індывідуальна падыходзіць да кожнага звароту. Але цяпер мы таксама павінны і накіроўваць свае намаганні на работу з насельніцтвам па рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў. Так чалавек не проста акрэслівае пытанне, якое неабходна вырашыць, але таксама, звяртаючыся ў органы мясцовай улады, бачыць спосабы яго вырашэння, якім чынам ён можа прыкласці свае намаганні або намаганні іншых грамадзян, што пражываюць на гэтай тэрыторыі, для вырашэння дадзенага пытання.
Многія людзі сёння разумеюць, што настаў час самім праяўляць ініцыятыву ва ўсіх сферах і станавіцца рэальнымі партнёрамі мясцовай улады. Так, у кожным горадзе, раёне, сельсавеце, вёсцы ёсць ініцыятыўныя жыхары. Менавіта дэпутаты на сваіх тэрыторыях вызначаюць гэтых людзей, дапамагаюць ім праявіцца ў ажыццяўленні агульнай карыснай справы.
— На Гомельшчыне бягучы год паказаў, наколькі практыка вылучэння грамадзянскіх ініцыятыў папулярна сярод жыхароў рэгіёна.
— Нагадаю, што ў мінулым годзе ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» быў уключаны прававы інстытут грамадзянскіх ініцыятыў. Летась у рэгіёне быў аб’яўлены першы конкурсны адбор ідэй і ініцыятыў ад грамадзян ужо з улікам акрэсленага на заканадаўчым узроўні механізма ажыццяўлення праектаў грамадзянскіх ініцыятыў. Каардынацыю дзейнасці ў гэтым кірунку ў рэгіёне працягвае ажыццяўляць Гомельская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. Гомельскім абласным Саветам дэпутатаў было накіравана ў асацыяцыю 111 заявак. У выніку конкурснага адбору прызнана пераможцамі 25 праектаў грамадзянскіх ініцыятыў з 22 раёнаў Гомельскай вобласці. На 1 жніўня рэалізавана ўжо дзевяць праектаў грамадзянскіх ініцыятыў.
Адзначу, што яны павінны быць рэалізаваны да канца бягучага года. Таксама нагадаю, што фінансаванне расходаў, звязаных з рэалізацыяй грамадзянскіх ініцыятыў, ажыццяўляецца на аснове раўнадолевага ўдзелу за кошт рэспубліканскага (150 тысяч рублёў) і бюджэтаў абласнога (150 тысяч рублёў) узроўняў. Самі ініцыятары праекта бяруць удзел у фінансаванні расходаў — не менш 10 працэнтаў кошту грамадзянскай ініцыятывы. Сёлета ў Гомельскай вобласці на правядзенне дадзенага конкурснага адбору грамадзянскіх ініцыятыў прафінансавана 300 тысяч рублёў. Сярод рэалізаваных праектаў — адкрыты да Дня Незалежнасці мемарыяльны знак у памяць аб мясцовых жыхарах, якія не вярнуліся з Вялікай Айчыннай вайны, у вёсцы Вішанькі Ельскага раёна. Таксама ва Улукаўскім сельсавеце Гомельскага раёна адкрыты памятны знак землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Рэалізаваны праект «Пакуль жывём — мы памятаем» у аграгарадку Нісімкавічы Чачэрскага раёна, дзе адкрыты абноўлены мемарыяльны комплекс воінам-інтэрнацыяналістам. Працягваецца рэалізацыя праектаў па добраўпарадкаванні ўрочышча П’явачнік у Тураве Жыткавіцкага раёна і праекта грамадзянскай ініцыятывы «100 крокаў да Івана Мележа» ў Хойніцкім раёне і іншых.
— Кацярына Анатольеўна, праведзены ў рэгіёне адкрыты конкурсны адбор грамадзянскіх ініцыятыў паказаў, як важна ўзаемадзейнічаць актыўным грамадзянам, дэпутацкаму корпусу, органам мясцовага кіравання і самакіравання, сельскім выканаўчым камітэтам.
— Безумоўна, сёння відавочна, што рухацца наперад у паляпшэнні якасці жыцця ў населеных пунктах складана без зацікаўленага ўдзелу мясцовых жыхароў. Заахвочванне людзей да ўвасаблення грамадзянскіх ініцыятыў, як паказвае жыццё, спрыяе ўмацаванню сацыяльнага партнёрства органаў мясцовага самакіравання і грамадства, павышае інфармаванасць грамадзян аб фінансаванні важных для канкрэтнага населенага пункта мерапрыемстваў. Сёння дэпутацкі корпус Гомельшчыны прапануе актыўным грамадзянам вучыцца разам папулярызаваць практыку грамадзянскіх ініцыятыў. Так, у бягучым годзе Гомельская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў арганізавала практычнае навучанне па асновах праектнага менеджменту для актывістаў з розных раёнаў вобласці. Выязны семінар правялі на тэрыторыі Мазырскага раёна, Гомеля і Веткаўскага раёна. Яго ўдзельнікамі сталі супрацоўнікі сельвыканкамаў, устаноў культуры, адукацыі, сацыяльнай службы, прадстаўнікі органаў і камітэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Акрамя таго, у рэгіёне Гомельскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па напісанні праектаў грамадзянскіх ініцыятыў. Для зручнасці актывістаў дэталёва прапісана, якія кірункі праекты могуць мець, як фарміруецца ініцыятыўная група, якім чынам увогуле пачынаць работу над стварэннем праекта, якія дакументы неабходна падаваць на конкурс. Нагадаю, што мэта конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў на Гомельшчыне — выявіць праекты, якія сапраўды заслугоўваюць увагі. Улічваюцца актуальнасць прапанаванай ініцыятывы, прадуманасць і паслядоўнасць дзеянняў па яе рэалізацыі, чаканы патрыятычны, сацыяльны, эканамічны і экалагічны эфект, устойлівасць і развіццё атрыманых вынікаў. Радуе, што праекты, прызнаныя найлепшымі па выніках адкрытага конкурснага адбору, — усе вельмі разнастайныя, цікавыя і прадстаўляюць практычна ўсе раёны Гомельскай вобласці.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара і Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў
Заменена абсталяванне і падрыхтавана паліва.
Падраздзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў органаў унутраных спраў адзначаюць 40-годдзе з дня ўтварэння.
Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.